Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
У залежнасці ад таго, як усё болей падрасталі яго браты, жыццё Куно рабілася ўсё менш і менш радасным. Братамі быў задаволены бацька: пры першай спробе паехаць конна яны не зваліліся, як Куно, з сядла. I таму бацька Цолерн-Навальнічная Хмара лічыў іх сапраўднымі хлопцамі, любіў іх і штодня выязджаў з імі конна і вучыў усяму, што ўмеў сам. Аднак пры ўсім пры гэтым нічому добраму яны не навучыліся. Чытаць і пісаць бацька не ўмеў і сам, і сынам яго — так лічыў ён — няма патрэбы глуміць час на пусты занятак. Затое да дзесяці гадоў яны ўжо выдатна спасціглі бацькаву лаянку і з кожным стрэчным усчынялі сварку, адзін з другім ладзілі, як сабака з катом, а аб’ядноўвала іх і рабіла сябрамі заўсёды адно памкненне: як найгорш напакасціць свайму брату Куно. Маці іх такія паводзіны сыноў зусім не абыходзілі: хлапчукі б’юцца, значыць, моцныя і здаровыя. Але аднойчы
слуга сказаў пра ўсё гэта графу. I хоць той, як і звычайна, агрызнуўся: “Глупства! Сам усё ведаю”, усё ж падумаў, які б тут выдумаць сродак, каб перашкодзіць мілым сынам перабіць аднаму аднаго. Пагроза Фельдгеймерыхі, якую ён лічыў сапраўднай ведзьмай, не-не, ды і гучала ў яго вушах: “Пабачым, што з вашай спадчыны будзе каштаваць гульдэн з аленем”.
Аднойчы, калі граф Цолерн-Навальнічная Хмара паляваў непадалёку ад свайго палаца, выпадкова кінуліся яму ў вочы дзве гары, нібыта самой прыродаю прызначаныя служыць падмуркамі для палацаў. Граф вырашыў будаваць іх неадкладна. На адной гары ён пабудаваў палац Шальксберг, названы так у гонар малодшага з блізнятаў, празванага так бацькам за яго заўсёдныя злыя жарты — “Маленькі Шальк”, гэта значыць “шэльма”... Другому палацу ён збіраўся даць назву “Хіршгульдэнберг” — ад імя гульдэна з аленем. На злосць старой ведзьме, якая прадказала яму, што ўся яго спадчына не будзе вартая і аднаго гульдэна з аленем. Аднак, адумаўшыся, задаволіўся карацейшай назвай — “Хіршберг” (гара-алень). Так абедзве гэтыя гары называюцца і сёння, і каму здарыцца ехаць па Альбу, няхай спытае, каб яму іх паказалі.
Спачатку граф меў намер старэйшаму сыну перадаць у спадчыну Цолерн, Маленькаму Шальку — Шальксберг, а трэцяму — Хіршберг. Але жонка піліла яго да таго часу, пакуль ён не перадумаў. “Дурны Куно,— так казала яна пра беднага пасынка толькі таму, што ён не быў такі задзірнік і ўрвіс, як яе сыночкі,— дурны Куно і без таго багацей, яму хіба малая перапала спадчына ад яго маці? Дык не — яму мо няхай яшчэ застанецца і багаты Цолерн? А мае сыны атрымаюць толькі па адным палацы без ніякіх надзелаў, апрача лесу?”
Дарэмна граф тлумачыў ёй, што па законе ды і па сумленні нельга пазбавіць Куно права першародства — яна галасіла і лямантавала да таго часу, покуль Цолерн-Навальнічная Хмара, які зроду нікому на свеце не саступіў бы, не здаўся, нарэшце (абы было ціха ў
доме) і не перапісаў тастамент: Маленькаму Шальку — Шальксберг, Вольфу — старэйшаму блізнюку — Цолерн, а Куно — Хіршберг разам з гарадком Балінгенам.
Неўзабаве пасля таго, як граф такім чынам выказаў сваю волю, ён цяжка захварэў. Доктару, які лячыў яго і сказаў, што смерць яго ўжо блізка, ён адрэзаў: “Я сам ведаю!” А капелану, які заклікаў яго падрыхтавацца да непазбежнага канца, як належыць хрысціяніну, граф Цолерн-Навальнічная Хмара крыкнуў проста ў твар: “Глупства!” Пасля чаго ён яшчэ працягваў бушаваць і лаяцца, і памёр гэтакім жа, як і жыў, грубіянам і непакаяным грэшнікам.
He паспелі, аднак, яшчэ пахаваць яго, як выступіла графіня з тастаментам і здзекліва звярнулася да свайго пасынка Куно, патрабуючы на ўласныя вочы ўпэўніцца ў тым, што напісана ў тастаменце, а менавіта: у Цолерне яму няма чаго рабіць! I графіня, і яе сыны страшэнна радаваліся свайму багаццю, адабранаму ў Куно.
Куно без супраціўлення выканаў волю нябожчыка бацькі, аднак са слязьмі пакідаў ён палац, дзе нарадзіўся, дзе была пахавана яго незабыўная маці, дзе жыў добры капелан, а непадалёк — яго адзіная блізкая душа, старая Фельдгеймерыха. Палац Хіршберг, хоць знадворку ён здаваўся і велічным і прыгожым, усярэдзіне ўяўляўся яму халоднай, дзікай пустэльняй. I ён там ледзь не захварэў па родным Цолерну.
Аднойчы вечарам графіня з сынамі-блізнятамі, якім было па васемнаццаць гадоў ужо, сядзелі на балконе і глядзелі ўніз, раптам яны заўважылі зграбнага конніка, які імчаў уверх, да палаца, а за ім паспявалі насілкі на двух мулах і мноства слуг. Доўга яны гадалі, хто б гэта мог быць, як раптам Маленькі Шальк усклікнуў:
— Эге! Ды гэта ж не хто іншы, як наш братка з Хіршберга!
— Дурны Куно? — здзівілася графіня,— а можа, ён надумаўся выказаць нам гонар і запрасіць нас да сябе ў госці?.. А на гэтых прыгожых насілках ён захоча ўрачыста даставіць мяне ў Хіршберг? He, я сапраў-
ды не чакала ад свайго пасынка, дурнога Куно, такой павагі і дабрыні... Аднак жа, павага — за павагу. Давайце сыдзем уніз і стрэнем яго ля варот. Да і вы, сыны, будзьце з ім прыхільней. Магчыма, ён у сваім Хіршбергу захоча нас узрадаваць падарункамі... Аднаму з вас, напрыклад, прапануе каня, другому — панцыр... Ну, а мне? Дык я даўно ўжо мару завалодаць выдатнымі каштоўнасцямі, што засталіся яму ад яго маці.
— Ніякіх падарункаў дурнога Куно мне не патрэбна! — азваўся Вольф,— і ласкава сустракаць яго я зусім не збіраюся. Па мне, дык няхай бы ён хутчэй прыбіраўся ўслед за нябожчыкам бацькам. Тады б і Хіршберг і ўсё астатняе засталося б нам у спадчыну. А што датычыць каштоўнасцяў, якіх гэтак хочацца вам, матухна, дык мы іх вам саступім за самы сходны кошт.
— Ах ты, мярзотнік! — ускіпела маці.— Гэта я мушу купляць у вас каштоўнасці? Гэта такая мне ўдзячнасць за тое, што я дабілася, каб Цолернам валодалі вы! Маленькі Шальк, адзавіся хоць ты, скажы, што каштоўнасці я атрымаю за т а к.
— За т а к, дарагая матухна, прыходзіць толькі смерць,— са смехам адказаў ёй любы сынок.— Калі і сапраўды гэтыя каштоўнасці вартыя не менш кошту добрага палаца, дык мы ўсё ж не такія дурні, каб вось так узяць іх і павесіць вам на шыю. Няхай толькі Куно развітаецца з гэтым светам, як мы, яго браты, тут жа падзелім яго багацце, і я асабіста сваю частку каштоўнасцяў адразу ж прадам. I калі вы мне, дарагая матухна, дасцё за іх болей за жыда-скупшчыка, тады яны будуць вашыя.
Гамонячы такім вось чынам, яны падыходзілі ўжо да варот, і графіня вымушана была стрымаць сваё абурэнне сынамі, бо граф Куно ў гэты час якраз уз’язджаў ужо на пад’ёмны мост. Убачыўшы мачыху і братоў, ён стрымаў каня, спешыўся і далікатна павітаў іх. Бо хоць яны і зрабілі яму нямала зла, яны — памятаў ён — былі ўсё ж яго братамі, а гэтая нядобрая жанчына была жонкаю, якую любіў яго бацька.
— Ах, як гэта міла, што наш сын завітаў да нас у
госці! — з салодкай усмешкаю, пяшчотным голасам усклікнула графіня.— Як нам жывецца ў Хіршбергу? Ці звыкліся мы ўжо на новым месцы?.. Мы ўжо набылі сабе нават насілкі... Ды такія ж шыкоўныя! Імператрыца і тая не адмовілася б сесці ў такія насілкі. Напэўна, цяпер ужо нядоўга засталося чакаць і новую гаспадыню ў Хіршбергу? Гэта ж, пэўна, яна будзе з’яўляцца па ўсёй акрузе ў гэтых насілках.
— Я пра гэта яшчэ не думаў, найпаважаная матухна,— адказаў Куно,— а пакуль, каб не адчуваць свае адзіноты, я вырашыў запрасіць да сябе гасцей, і таму захапіў з сабою і гэтыя насілкі.
— О, які вы клапатлівы і добры! — перабіла яго з паклонам і ўсмешкаю мачыха.
— Яму ўжо цяжка сядзець у сядле... Я кажу пра нашага старога капелана Ёзэфа,— спакойна працягваў Куно.— Я вырашыў забраць яго да сябе, ён мой добры настаўнік, і мы з ім так дамовіліся, калі я пакідаў Цолерн... А ўнізе, пад гарою, вазьму яшчэ і старэнькую нямоглую Фельдгеймерыху... Божа літасцівы! Гэта ж яна некалі выратавала мне жыццё, калі я ўпершыню выехаў конна разам з маім бацькам-нябожчыкам. У Хіршбергу ў мяне дастаткова месца — няхай і яна дажывае там свой век.
3 гэтымі словамі Куно накіраваўся ў глыбіню двара, туды, дзе жыў капелан Ёзэф.
Юнкер Вольф ад гневу да крыві закусіў губу. Графіня ажно зжаўцела ад прыкрасці. А Маленькі Шальк зарагатаў на ўсё горла.
— Ну, колькі вы мне дасцё за каня, падараванага Куно?.. Братка Вольф, аддай мне за яго свой панцыр — таксама падарунак брата Куно!
— Ха-ха-ха! Папа і старую ведзьму — вось каго ён забярэ сабе ў хеўру! Ранкам ён будзе вывучаць грэчаскую мову з капеланам, а вечарам — вучыцца чараўніцтву ў старое ведзьмы. Ну і жартачкі ў нашага брата Куно!
— Ён нікчэмны чалавек, не варты нават смеху,— з пагардай азвалася графіня.— Гэта будзе ганьба ўсёй
нашай сям’і, калі па ўсёй акрузе стане вядома, што граф фон Цолерн загадаў на раскошных насілках, ды яшчэ на мулах, прывезці старую ведзьму Фельдгеймерыху ў свой палац і пакінуць яе там жыць!.. Гэта ў яго ад маці, яна таксама заўсёды вадзіла хаўрус з рознай бяднотай ды шастала па кустках, дзе хто валяўся хворы... Каб даведаўся пра ўсё бацька, што вырабляе яго першанькі, ён не ўлежаў бы, перакруціўся б у труне!
— He, ужо! — не стрываў і Маленькі Шальк,— бацька і ў труне сказаў бы: “Глупства! Сам ведаю!”
— Зірніце! Зірніце... Вунь ён вядзе старога папа — і не саромеецца падтрымліваць яго пад руку,— яшчэ больш абурылася графіня,— хадзем у пакоі, я не жадаю бачыць гэтую ганьбу!
Яна гнеўна накіравалася ў палац, а Куно правёў свайго старога настаўніка да моста і дапамог яму сесці на насілкі. Пад гарою ўся працэсія спынілася каля жытла старое Фельдгеймерыхі, якая ўжо сабралася ў дарогу і чакала з букавым кіем у руцэ і кошыкам, напакаваным рознымі зёлкамі, гаршчэчкамі і бутэлечкамі з лекамі, якія яна ўмела варыць.
Ніхто не здзівіўся па суседству, ніхто не абурыўся ўчынкам графа фон Цолерна, як тое прадказвала, шалеючы ад злосці, графіня. Наадварот, усе лічылі высакародным і вартым павагі ўчынак маладога графа, які даў прытулак пад старасць нямоглай жанчыне і свайму старому настаўніку-капелану з палаца, які адабралі ў яго мачыха і яго браты.
Граф фон Цолерн-Хіршберг неаднойчы спрабаваў памірыцца з братамі. Яму было невыносна, што пры выпадковай стрэчы з ім яны не толькі не жадалі размаўляць, а нават на яго прывітанне адварочваліся і не адказвалі.
Аднойчы яму прыйшла ў галаву думка, якім чынам усё ж скарыць іх сэрцы. Яму добра была вядомая іх прагнасць і сквапнасць.