Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
У гэткім роздуме Лабакан прабыў цэлы дзень, з ім і заснуў на чарговым прывале; калі ж ён ранкам прачнуўся і позірк яго ўпаў на Амара, якому нічога не перашкаджала спакойна спаць і мроіць аб шчасці, у яго нарадзілася думка хітрыкамі або сілай дасягнуць таго, у чым яму адмаўляў нелітасцівы лёс; кінжал, гэтая вызначальная прыкмета прынца, які вяртаецца на радзіму, быў запіхнуты за пояс спячага. Лабакан ціхенька выцягнуў яго, каб ударыць у грудзі ўладальніка. Але думка аб забойстве абурыла міралюбную душу чалядніка; ён задаволіўся тым, што завалодаў кінжалам,
асядлаў больш жвавую канягу прынца, і калі Амар прачнуўся і ўбачыў, што ў яго адабраны ўсе надзеі, вераломны спадарожнік паспеў апярэдзіць яго ўжо на шмат міль.
Абрабаванне прынца адбылося якраз у першы дзень свяшчэннага месяца Рамадана, так што Лабакану заставалася яшчэ чатыры дні, каб у прызначаны тэрмін з’явіцца да калоны Эль-Зеруйя, якая добра яму была вядома. Хоць да мясцовасці, дзе знаходзілася калона, было цяпер не болей двух дзён шляху, ён усё-ткі паспяшаўся туды, бо ўвесь час баяўся, што сапраўдны прынц яго дагоніць.
У канцы другога дня Лабакан здалёку пазнаў калону Эль-Зеруйя. Яна стаяла на невялікім узвышшы ў шырокай даліне і відаць была на адлегласці двух-трох гадзін шляху. Калі Лабакан яе ўбачыў, сэрца яго забілася мацней; хоць у апошнія два дні і было дастаткова часу абдумаць тую ролю, якую ён наважыўся іграць, аднак нячыстае сумленне бянтэжыла яго; але думка, што ён народжаны быў прынцам, падбадзёрыла, і нарэшце ён упэўнена накіраваўся да мэты.
Мясцовасць вакол калоны Эль-Зеруйя была неабжытая і пустынная, і новаму прынцу давялося б цяжка без харчавання, калі б ён не запасся ежай на некалькі дзён. У чаканні далейшага лёсу хлапец размясціўся на адпачынак пад пальмамі, каля свайго каня.
Назаўтра, апоўдні, ён убачыў, што ўверх па даліне да калоны Эль-Зеруйя рухаецца працэсія на конях і вярблюдах. Яна спынілася каля падножжа гары, на якой стаяла калона, і размясцілася ў шыкоўных шатрах, як звычайна ўладкоўваюцца на прывал караваны багатых пашаў або шэйхаў. Лабакан здагадаўся, што ўсе гэтыя людзі з’явіліся сюды дзеля яго, і ахвотна прадставіў бы ім ужо сёння сябе ў якасці іх будучага ўладара; аднак ён утаймаваў сваё нецярпенне выступіць у ролі прынца, вырашыўшы чакаць да заўтрашняй раніцы, калі яго смелыя жаданні будуць задаволены.
Світальнае сонца заззяла над самым урачыстым
днём у жыцці шчасліўца-краўца і абудзіла яго да новай высокай долі гасударавага сына ўзамен гібення.
Праўда, калі ён цугляў каня, збіраючыся ехаць да калоны, яму стала ніякавата ад думкі аб несумленнасці такога ўчынка; яму яскрава ўявілася туга падманутага ў сваіх лепшых надзеях сапраўднага царскага сына, аднак жэрабя было кінута, што зроблена, таго не зменіш, а ганарлівасць яму шаптала, што з выгляду ён дастаткова велічны і смела можа з’яўляцца на вочы магутнага гасудара ў якасці яго сына. Падбадзёраны гэтай думкай, ён ускочыў на каня, сабраў усю сваю адвагу, каб пусціць яго сапраўдным галопам, і за чвэрць гадзіны дасягнуў падножжа гары. Саскочыўшы з каня, ён прывязаў яго да кустоўніка, які раскошна рос на схіле, пасля выцягнуў з-за пояса кінжал прынца Амара і стаў ускарасквацца на гару; ля падножжа стаялі шасцёра мужчын вакол важнага старца, які меў царскую паставу; пышны парчовы кафтан, апаясаны белым шалем, белы турбан, абсыпаны каштоўнымі камянямі,— усё сведчыла пра высокі сан і вялікае багацце гэтага старца.
Лабакан накіраваўся да яго, нізка схіліўся перад ім і сказаў, працягваючы яму кінжал:
— Я той, каго вы шукаеце.
— Хвала прароку, які збярог цябе! — адказаў стары са слязамі радасці.— Абдымі твайго старога бацьку, мой любы сын Амар!
Уразлівы кравец быў вельмі расчулены гэтымі ўрачыстымі словамі; ён кінуўся ў абдымкі старога гасудара ў парыве радасці, змешанай з сорамам.
Але яму было наканавана толькі адно імгненне асалоды ад нічым не азмрочанага шчасця свайго новага становішча; калі вызваліўся з абдымкаў старца, ён заўважыў, як па даліне да ўзгорка спяшаецца нейкі коннік. У ездака і ў каня выгляд быў вельмі дзіўны, не то ад стомы, не то з-за ўпартасці конь не хацеў ісці; штохвілінна спатыкаючыся, ён бег не то рыссю, не то крочыў, а коннік падганяў яго рукамі і нагамі. Лабакан адразу пазнаў свайго каня Мурфу і сапраўднага
прынца Амара, але ў ім моцна пасяліўся злы дух хлусні і падману, і ён вырашыў, што б там ні было, усімі сіламі адстойваць свае правы.
Ужо здалёку было відаць, што коннік робіць нейкія знакі. Вось ён, нягледзячы на павольны бег Мурфы, дасягнуў падножжа ўзгорка, саскочыў з каня і кінуўся ўверх па ўзгорку.
— Спыніцеся! — крычаў ён.— Хто б вы ні былі, спыніцеся і не паддавайцеся падману подлага ілгуна. Я Амар, і бяда таму, хто адважыцца злоўжываць маім імем!
Пры такім нечаканым павароце справы ўсе, хто стаяў каля калоны, былі вельмі здзіўлены, асабліва ўражаны быў старац, які паглядзеў то на аднаго, то на другога. Але Лабакан загаварыў з робленым спакоем:
— Літасцівы бацька і ўладар, хай не бянтэжаць вас прамовы гэтага чалавека. Гэта, наколькі мне вядома, звар’яцелы краўцоўскі чаляднік з Александрыі, Лабакан, ён хутчэй заслугоўвае суперажывання, чым абурэння.
Словы гэтыя кінулі прынца ў шаленства; адразу хацеў ён кінуцца на Лабакана, але прысутныя сталі паміж імі і ўтрымалі яго, а гасудар сказаў:
— Так, гэта правільна, любы мой сын, бядак сапраўды не ў сваім розуме! Звяжыце яго і пасадзіце на аднаго з нашых драмадзёраў. Можа, нам удасца чымнебудзь дапамагчы няшчаснаму.
Раз’юшанасць прынца ўлеглася; плачучы, звярнуўся ён да гасудара:
— Сэрца падказвае мне, што вы мой бацька; у імя маці маёй, заклінаю вас выслухаць мяне!
— He, барані Бог,— адказаў уладар,— ён зноў пачынае загаворвацца; і адкуль толькі чалавеку магло прыйсці ў галаву такое глупства!
3 гэтымі словамі ён узяў за руку Лабакана і, абапіраючыся на яго, спусціўся з гары; абодва яны селі на выдатных, накрытых дарагімі гунькамі коней і рушылі начале шэсця па даліне. А няшчаснаму прынцу звя-
залі рукі, прывязалі да вярблюда, і ехалі за ім два коннікі, якія пільна сачылі за кожным яго рухам.
Старац-уладар быў Саауд — султан вехабітаў. Ён доўга не меў дзяцей; нарэшце ў яго нарадзіўся сын, аб якім ён столькі марыў; тыя, у каго ён спытаў пра будучы лёс хлопчыка, выказаліся так: “Да самага дваццаць другога года яму пагражае небяспека, месца яго будзе занята ворагам”. Таму, для большага спакою, султан аддаў сына на выхаванне свайму старому выпрабаванаму сябру Эльфі-бею і дваццаць два пакутлівыя гады чакаў убачыць яго.
Усё гэта султан расказаў свайму ўяўнаму сыну і выказаў задавальненне яго выглядам і поўнай годнасці абыхо джаннем.
Калі яны прыйшлі ва ўладанні султана, жыхары паўсюль сустракалі іх радаснымі воклічамі; чуткі аб прыездзе прынца з хуткасцю маланкі распаўсюджваліся па вёсках і гарадах. На вуліцах, па якіх яны рухаліся, былі ўзведзены аркі з кветак і галінак, яркія шматколерныя дываны ўпрыгожвалі дамы, і натоўпы людзей гучна пасылалі хвалу Богу і яго прароку, які падараваў ім цудоўнага прынца. Усё гэта прывяло ў захапленне славалюбнае сэрца краўца,— тым больш няшчасным адчуваў сябе сапраўдны прынц Амар, які ў нямым адчаі, па-ранейшаму звязаны, крочыў за працэсіяй. Ніхто і не думаў пра яго пасярод усеагульнай радасці, якая ўласна павінна была адносіцца яму. Тысячы галасоў бясконца выгуквалі імя Амара, але на яго, які сапраўды меў гэтае імя, не звяртаў ніхто ўвагі,— хіба што час ад часу хто-небудзь пытаў, каго гэта вядуць гэтак моцна звязанага, і адказ суправаджаючых, што гэта звар’яцелы кравец,— пакутліва адбіваўся ў вушах прынца.
Нарэшце працэсія прыйшла ў сталіцу султана, дзе ўся падрыхтоўка да ўрачыстай сустрэчы была яшчэ больш пышнай, чым у іншых гарадах. Султанша, пажылая паважаная жанчына, чакала іх з усімі сваімі прыдворнымі ў самай параднай зале палаца. Падлога
гэтай залы была выслана гіганцкім дываном, сцены ўпрыгожаны полкамі блакітнага сукна, аблямаванымі залатым шнуром і кутасамі.
Было ўжо цёмна, калі падышла працэсія, а таму ў зале гарэла мноства каляровых ліхтароў, якія ператварылі ноч у дзень. Але ярчэй за ўсё расквечвалі яны глыбіню залы, дзе на троне ўсселася султанша. Да трона, спрэс пакрытага золатам і ўсыпанага буйнымі аметыстамі, вялі чатыры прыступкі. Чацвёра самых знатных эміраў трымалі над галавой султаншы чырвоны шоўкавы балдахін, а шэйх Медыны абвяваў яе веерам з пярынак паўліна.
Так чакала султанша мужа і сына; яна не бачыла Амара з самага дня яго нараджэння, але ён з’яўляўся ёй шмат разоў у прарочых снах, так што яна пазнала б яго, доўгачаканага, з тысячы.
Вось пачуўся гул шэсця, гукі труб і барабанаў зліваліся з радасцю натоўпа. Па двары праімчаліся коні. Усё бліжэй і бліжэй чуваць былі крокі, нарэшце дзверы залы расчыніліся, і, скрозь шарэнгі слуг, якія ўпалі ніцма, султан пад руку з сынам паспяшаўся да трона султаншы.
— Вось,— прамовіў ён,— я прывёў табе таго, па кім ты так даўно сумуеш.
Султанша перапыніла яго.
— Гэта не мой сын! — усклікнула яна.— Гэта не тыя рысы, якія ў сне мне паказаў прарок!
Ледзь толькі султан паспрабаваў абвінаваціць яе ў забабонах, як дзверы расчыніліся, і ў залу ўляцеў прынц Амар, якога праследавала ахова. Задыхаючыся, ён упаў да падножжа трона.
— Тут я хачу памерці! Загадайце мяне забіць, жорсткі бацька, бо далей я не маю моцы цярпець такі здзек!
Словы гэтыя насцярожылі ўсіх; няшчаснага абступілі, і ахова хацела ўжо схапіць яго і звязаць зноў, калі султанша ў бязмоўным здзіўленні ўскочыла з трона.
— Спыніцеся! — усклікнула яна.— Гэта і ёсць са-
праўдны прынц! Гэта ён, якога мае вочы не бачылі ніколі, але каго адчувала маё сэрца!
Ахова міжволі адступіла ад Амара, аднак султан, разлютаваны, загадаў ёй звязаць вар’ята.
— Тут вырашаю я,— прамовіў ён уладарным тонам,— і тут мяркуюць не на аснове жаночых сноў, a на аснове верных і бясспрэчных прыкмет. Вось гэта (ён паказаў на Лабакана) мой сын, бо ён прынёс мне ўмоўны знак майго сябра Эльфі — кінжал.
— Ён украў яго! — закрычаў Амар.— Ён скарыстаў маю прастадушную даверлівасць!
Але султан не паслухаў свайго сына, бо прывык ва ўсіх справах кіравацца толькі ўласным меркаваннем; а таму ён загадаў сілай выцягнуць няшчаснага Амара з залы, сам жа з Лабаканам прайшоў да сябе ў святліцу, поўны злосці на султаншу, сваю жонку, з якой, аднак, у міры і згодзе пражыў цэлых дваццаць пяць гадоў.