Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Тады хросная сказала Папялушцы:
— А цяпер ідзі ў сад, і там за калодзежам убачыш шэсць яшчарак. Прынясі іх мне.
Прынесла Папялушка яшчарак, і хросная адразу ператварыла іх у шэсць прыгожа апранутых лёкаеў, якія адразу сталі на запяткі, нібыта ўсё жыццё толькі гэтае і рабілі.
Тады чараўніца сказала Папялушцы:
— Ну вось, цяпер у цябе ёсць на чым ехаць на баль. Ты рада?
— Вядома, рада,— адказала Папялушка.— Але як жа я паеду ў такой брыдкай вопратцы?
Хросная толькі дакранулася да яе сваёй палачкай, і ў тую ж хвіліну Папялушчына сукенка ператварылася ў дзівоснае ўбранне, абсыпанае каштоўным каменнем. Потым хросная дала дзяўчыне пару найпрыгажэйшых у свеце крышталёвых пантофлікаў.
Калі Папялушка, багата прыбраная, ужо села ў карэту, хросная яе папярэдзіла, што як бы там ні было, але на балі яна не павінна заставацца пазней за поўнач, бо калі яна запозніцца хоць на хвіліну, яе KapaTa зноў зробіцца гарбузом, коні — мышамі, лёкаі — яшчаркамі, а адзенне набудзе свой ранейшы выгляд.
Дзяўчына паабяцала хроснай, што да поўначы абавязкова пакіне баль, і, не помнячы сябе ад радасці, ад’ехала.
Сын караля, якому паведамілі аб прыездзе нікому не вядомай важнай і багатай прынцэсы, сам выйшаў яе сустракаць. Каб дапамагчы ёй выйсці з карэты, ён падаў ёй руку і правёў у залу, дзе сабраліся госці.
Адразу ж запанавала поўная цішыня, усе кінулі танцаваць, скрыпкі змоўклі — так моцна ўсе былі ўражаныя незвычайнаю прыгажосцю незнаёмай прынцэсы. Чуўся толькі прыглушаны шэпт: “Ах! Якая яна прыгожая!” Нават кароль, хоць быў ужо вельмі стары, не мог звесці з яе вачэй і ціхутка прызнаўся каралеве, што даўно ўжо не бачыў такой прыгожай і прыемнай асобы. Усе паненкі ўважліва разглядалі яе прычоску і вопратку, каб заўтра зрабіць сабе такую самую, калі знойдуцца прыдатная тканіна і ўмелыя швачкі.
Сын караля пасадзіў прынцэсу на самае пачэснае месца, а потым запрасіў яе на танец. Яна танцавала так зграбна, што ўсе яшчэ больш замілаваліся ёю. Потым прынеслі самыя раскошныя стравы, але малады прынц амаль нічога не еў: ён увесь час толькі і пазіраў на Папялушку. А яна села побач са сваімі сястранкамі і пачала іх усяляк хваліць. Яна пачаставала сясцёр апельсінамі ды цытрынамі, якія падаў ёй прынц, і гэта іх вельмі здзівіла, бо яны зусім не пазнавалі Папялушкі.
Але тут, гамонячы з сёстрамі, Папялушка пачула, як гадзіннік прабіў без чвэрткі поўнач. Яна адразу раскланялася перад гасцямі і як мага хутчэй пабегла з палаца.
Калі яна вярнулася дадому, яна пайшла да хрос-
най і вельмі ёй падзякавала. А потым прызналася, што і заўтра таксама хацела б паехаць на баль, бо яе запрашаў каралевіч. I вось, калі яна сядзела і распавядала хроснай пра тое, як праходзіў баль, у дзверы пастукаліся сёстры. Папялушка пабегла ім адчыняць.
— Як доўга вас не было! — сказала яна, пазяхаючы, і пачала церці вочы і пацягвацца, быццам толькі што прачнулася. Між тым яна і не думала спаць з той хвіліны, як яны рассталіся.
— Каб ты была на балі,— сказала ёй адна сястра,— табе не давялося б так нудзіцца. Там была такая прыгожая прынцэса, найпрыгажэйшая ў свеце! Яна нагаварыла нам столькі прыемных словаў! I яшчэ пачаставала апельсінамі і цытрынамі!
Папялушка, не помнячы сябе ад радасці, спытала, як звалі тую прынцэсу? Але сёстры адказалі, што, на жаль, не ведаюць яе імя і што сын караля быў гэтым таксама вельмі засмучаны і аддаў бы ўсё на свеце, каб даведацца, хто яна і адкуль. Папялушка ўсміхнулася і сказала:
— Няўжо яна была такая прыгожая? Божа мой! Якія вы шчаслівыя! Як бы я хацела хоць раз зірнуць на яе. Ах! Мілая Жавота, пазычце мне ваш жоўты гарнітур, у якім вы ходзіце кожны дзень.
— Ага,— сказала Жавота,— так я і згадзілася! Аддаць ёй свой гарнітур, гэтай бруднай Папялдупцы! Трэба, каб я раней звар’яцела!
Папялушка чакала, што ёй адмовяць, і толькі парадавалася гэтаму, бо каб сястра згадзілася пазычыць ёй сваё адзенне, яна апынулася б у даволі цяжкім становішчы.
Назаўтра абедзве сястры зноў былі на балі, і Папялушка — таксама, але ў яшчэ прыгажэйшым убранні, чым мінулы раз. Сын караля ўвесь час завіхаўся вакол яе і безупынна абсыпаў рознымі пяшчотамі. Дзяўчыне зусім не было часу нудзіцца, і яна забылася на тое, пра што яе папярэджвала хросная. Ёй здавалася, што яшчэ толькі адзінаццаць, калі раптам гадзіннік выбіў першы ўдар, абвяшчаючы поўнач. Яна падскочыла і жва-
ва, як касуля, кінулася прэч. Прынц пабег быў за ёю, але дагнаць так і не здолеў. Па дарозе дзяўчына згубіла адзін крышталёвы пантофлік, і прынц пяшчотна падабраў яго. Без карэты, без лёкаяў, задыханая, Папялушка прыбегла дамоў. Яна зноў была ў сваім агідным адзенні, і з усяе пышнасці ў яе застаўся толькі адзін пантофлік — такі самы, як той, што яна згубіла.
У брамнікаў запыталіся, ці не бачылі яны, каб з палаца выходзіла прынцэса. Але яны адказалі, што бачылі толькі нейкую вельмі неахайную дзяўчыну, падобную больш да сялянкі, чым да паненкі.
Калі сёстры вярнуліся з балю, Папялушка спытала, ці добра яны прабавілі час і ці была на балі тая прыгожая пані? Сёстры адказалі, што была, але калі гадзіннік адбіў поўнач, яна так хутка пабегла, што нават згубіла адзін крышталёвы пантофлік, такі прыгожы, што ва ўсім свеце такіх ні ў кога няма. Сёстры сказалі, што сын караля падабраў той пантофлік і да канца балю ўжо толькі і глядзеў на яго, таму што, вядома ж, вельмі закахаўся ў чароўную ўладальніцу гэтага пантофліка.
Яны казалі праўду, бо праз некалькі дзён сын караля пры ўсім народзе абвясціў, што ажэніцца з той, каму гэты пантофлік будзе акурат па назе. Спачатку яго паперамервалі ўсе прынцэсы, потым графіні і ўся дворня, але ўсё дарма. Нікому ён не падыходзіў. Прынеслі яго і да дзвюх сясцёр. Як толькі яны не высільваліся, каб усунуць нагу ў пантофлік! Ды нічога ў іх не выйшла. Папялушка пазнала свой пантофлік і, з усмешкай гледзячы на сясцёр, сказала:
— Дайце, я памераю, ці не падыдзе ён мне?
Сёстры пачалі смяяцца і кпіць з дзяўчыны. Але прыдворны, які насіў пантофлік, зірнуўшы на Папялушку, заўважыў, што яна прыгожая, і сказаў, што яна мае рацыю, бо ён атрымаў загад даваць мерыць пантофлік усім дзяўчатам. Ён запрасіў Папялушку сесці і паднёс пантофлік да яе ножкі. I тут усе ўбачылі, што пантофлік лёгка надзеўся на нагу і аказаўся ў самы акурат, нібыта быў на яе зроблены. Здзіўленне ў сяс-
цёр яшчэ больш павялічылася, калі Папялушка дастала з кішэні другі такі самы пантофлік і надзела яго на другую нагу. У гэты момант у пакой увайшла хросная. Яна дакранулася да Папялушчынага адзення чарадзейнаю палачкай, і яно зрабілася яшчэ прыгажэйшым, чым ранейшыя два разы.
I тады нарэшце сёстры прызналі ў ёй тую прыгожую прынцэсу, якую бачылі на балі. Яны кінуліся Папялушцы ў ногі, пачалі перапрашаць за ўсё дрэннае, што ёй даводзілася ад іх цярпець. Але Папялушка папрасіла іх падняцца і сказала, што ўсё шчыра ім даравала і хоча, каб яны заўсёды яе любілі.
Ва ўсім гэтым прыгожым убранні Папялушку прывялі да маладога прынца. Прынцу яна здалася яшчэ прыгажэйшаю, чым раней, і праз некалькі дзён яны пажаніліся. Папялушка, у якой дабрыні было не меней, чым прыгажосці, запрасіла сясцёр жыць у палац і ў той самы дзень ажаніла іх з двума знатнымі панамі з каралеўскай дворні.
ЧУБАТЫ РЫКЭ
Жыла сабе адна каралева, і нарадзіла яна такога брыдкага і выродлівага сына, што многія засумняваліся нават, ці чалавек гэта ўвогуле? Але чараўніца, якая прыехала на радзіны, супакоіла ўсіх і запэўніла, што хлопчык вырасце і будзе прывабны, бо ў яго будзе вельмі вялікі розум. Апроч гэтага яна сказала, што дзякуючы яе дару, ён здолее сам даць столькі ж розуму той, каго моцна пакахае. Усё гэта трошкі суцешыла бедную каралеву, якая вельмі журылася, што ў яе нарадзілася такое агіднае дзіця.
I праўда, ледзьве малое навучылася гаварыць, як адразу пачало казаць вельмі слушныя рэчы, і ўсе яго ўчынкі былі такія разважныя, што можна было толькі дзівіцца. Я забыўся, дарэчы, сказаць, што хлопчык нарадзіўся з невялічкім чубком, і таму яму далі мя-
нушку — Чубаты Рыкэ, бо Рыкэ было прозвішча ў іх сям’і.
Праз сем ці восем гадоў у каралевы аднаго суседняга каралеўства нарадзіліся дзве дачкі. Першая была прыгажэйшая за сонейка, і каралева так гэтаму радавалася, што ўсе нават спалохаліся, каб ад вялікай радасці яна зусім не страціла розум. На радзіны да каралевы прыехала тая самая чараўніца, што была пры нараджэнні Рыкэ, і, каб трошкі паменшыць каралевіну радасць, сказала, што ў маленькай прынцэсы не будзе ані кропелькі розуму і што наколькі яна будзе прыгожая, настолькі ж і дурная. Гэтыя словы вельмі засмуцілі каралеву, але неўзабаве яна засмуцілася яшчэ больш, бо другая дачка, якую яна нарадзіла, была вельмі брыдкая.
— He бядуйце, Вашамосць,— сказала ёй чараўніца.— У вашай дачкі будуць іншыя перавагі: яна будзе такая разумная, што ніхто не заўважыць, што ёй нестае прыгажосці.
— Дай Божа,— адказала каралева.— Але ці няможна даць хоць бы крышачку розуму маёй старэйшай? Яна такая прыгожая!
— На жаль, Вашамосць, з розумам я ніяк не магу ёй дапамагчы,— сказала чараўніца,— але затое, што да яе прыгажосці, я здольная зрабіць усё. I каб вас задаволіць, я падару ёй здольнасць надзяляць прыгажосцю кожнага, хто ёй спадабаецца.
Час ішоў, прынцэсы раслі, і іх вартасці большалі разам з імі. Паўсюль ішла пагалоска пра хараство старэйшай ды розум малодшай. 3 часам, праўда, павялічваліся і заганы дзяўчат. Малодшая на вачах рабілася ўсё больш непрыгожая, а старэйшая ўсё болей дурнела. Калі ў яе што-небудзь пыталіся, яна ці маўчала ўвогуле, ці вярзла нейкую лухту. Апроч таго яна была такая няўклюда, што не магла расставіць на камінку нават чатыры статуэткі, каб адну не пабіць, а калі піла са шклянкі, дык заўсёды палавіну вылівала на сябе.
Хоць прыгажосць і вялікае шчасце для кожнай маладой дзяўчыны, але госці ўсё-такі больш любілі
быць побач з малодшай, чым са старэйшаю. Спачатку, праўда, усе кідаліся да прыгажэйшай: паглядзець на яе, палюбавацца яе прыгажосцю, але хутка вярталіся да разумнейшай, бо з ёю было прыемна гутарыць пра самыя розныя рэчы. I не дзіва, што не праходзіла і чвэрці гадзіны, як побач са старэйшай нікога ўжо не было, і ўсе збіраліся вакол малодшай. Старэйшая дачка хоць і была велычі дурная, але добра заўважала гэта і не пашкадавала б усёй сваёй прыгажосці, каб мець хоць бы палову розуму сваёй малодшай сястры. Мацікаралева была жанчына разважная, але і яна часам не магла ўтрымацца, каб не папракнуць дачку за яе бязглуздасць. А беднай прынцэсе рабілася ад гэтага так горка, што яна ўжо, здавалася, гатовая была лепей памерці.