Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Мары падняла юнака з калень і ціха сказала:
— Любы пан Дросельмейер! Вы лагодны, добрасардэчны чалавек, да таго ж яшчэ царуеце ў цудоўнай краіне, населенай вельмі зычлівым, вясёлым народцам,— ну хіба магу я не згадзіцца, каб вы былі маім жаніхом!
I Мары тут жа стала нявестай Дросельмейера. Расказваюць, што праз год ён павёз яе ў залатой карэце, запрэжанай сярэбранымі коньмі, што на вяселлі ў іх скакалі дваццаць дзве тысячы прыбраных лялек, ззяючы брыльянтамі і жэмчугам, а Мары, як кажуць, яшчэ і сёння каралева ў краіне, дзе, калі толькі ў цябе ёсць вочы, ты паўсюдна ўбачыш зіхоткія цукатныя гаі, празрыстыя марцыпанавыя замкі — словам, усялякія дзівосы і цуды.
Вось вам і казка пра Шчаўкунчыка і мышынага караля.
Ш. ПЕРО
ПАДАРУНКІ ФЕІ
Жыла калісьці на свеце ўдава, і былі ў яе дзве дачкі. Старэйшая — вылітая маці: і твар такі ж, і характар. Глядзіш на дачку, а здаецца, бачыш яе маці. Абедзве, і старэйшая дачка і маці, былі такія грубыя, ганарлівыя, злыя, што ўсе людзі, знаёмыя і незнаёмыя, стараліся трымацца ад іх як мага далей.
А малодшая дачка была ўся ў нябожчыка бацьку — добрая, прыветлівая, ціхая, ды яшчэ і прыгажуня, якіх пашукаць.
Звычайна людзі любяць тых, хто на іх падобны. Таму маці моцна любіла старэйшую дачку, а малодшую цярпець не магла. Яна прымушала яе працаваць з раніцы да ночы, карміла толькі на кухні.
Апрача ўсяго іншага малодшая дачка двойчы на дзень хадзіла да крыніцы. I кожны раз гадзіны дзве траціла на тое, каб прынесці дадому вялікі збан вады.
Аднаго дня, калі дзяўчына чэрпала ваду, да яе падышла нейкая бедная жанчына і папрасіла напіцца.
І Э. Т. А. Гофман. “Шчаўкунчык і мышыны кароль’
— Піце на здароўе, цётачка,— сказала добрая дзяўчына.
Яна хуценька спаласнула свой збан, зачэрпала вады ў самым чыстым і глыбокім месцы і падала жанчыне, прытрымліваючы збан так, каб зручна было піць.
Жанчына адпіла некалькі глыткоў і сказала дзяўчыне:
— Ты такая прыгожая, добрая і прыветлівая, што мне хочацца падарыць табе што-небудзь на памяць. A падару я табе вось што: з сённяшняга дня кожнае слова, якое ты вымавіш, упадзе з тваіх вуснаў або кветкай, або каштоўным камнем. Бывай!
Гэта была не простая вясковая жанчына, а фея. Яна знарок пераўвасобілася ў сялянку, каб паглядзець, ці сапраўды гэта дзяўчына такая мілая і пачцівая, як пра яе расказваюць.
Калі дачка прыйшла дадому, маці пачала сварыцца на яе за тое, што яна затрымалася каля крыніцы.
— Даруйце, мама,— павінілася дачка.— Я сёння і праўда апазнілася.
Ды толькі яна загаварыла, як з вуснаў яе ўпалі некалькі ружаў, дзве жамчужыны і два буйныя алмазы.
— Паглядзіце! — здзівілася маці.— Мне здаецца, заместа слоў у яе падаюць алмазы і жэмчуг... Што з табой здарылася, дачка?
Упершыню яна назвала сваю меншую так, дачкой. I дзяўчына нічога не ўтаіла: расказала маці пра ўсё, што здарылася з ёй каля крыніцы. А кветкі і алмазы так і сыпаліся пры гэтым з яе вуснаў.
— Ну, калі так,— сказала маці,— трэба мне паслаць да крыніцы і старэйшую дачку... Паглядзі, Фаншон, што сыплецца з вуснаў тваёй сястры, ледзь толькі яна загаворыць! Хіба табе не хочацца атрымаць такі ж дзівосны дар? Схадзі да крыніцы і, калі бедная жанчына папросіць у цябе вады, ветліва падай ёй напіцца.
— Вось яшчэ! — заўпарцілася злосніца.— Ахвота мне цягнуцца ў такую даль!
— А я хачу, каб ты пайшла! — прыкрыкнула маці.— I зараз жа, без лішніх слоў!
Дачка нехаця паслухалася і пайшла, але ўсю дарогу да крыніцы бурчала. На ўсякі выпадак яна захапіла з сабой срэбны збаночак, самы прыгожы, які быў у іх доме.
Толькі падышла яна да крыніцы, як насустрач ёй з лесу выйшла прыгожа адзетая жанчына і папрасіла глыток вады. Гэта была тая ж самая фея, але цяпер яна пераўтварылася ў прынцэсу, каб выпрабаваць, ці такая грубая і злая старэйшая сястра, як пра яе расказваюць.
— Ці не думаеце вы, што я прыцягнулася сюды, каб даць вам напіцца? — сказала дзяўчына дзёрзка.— Ну вядома ж, толькі дзеля гэтага! Я і срэбны збаночак знарок захапіла, каб паднесці вады вашай міласці!.. A зрэшты, мне ўсё адно. Піце, калі хочаце...
— Аднак вы не надта ветлівая,— сказала спакойна фея.— Ну што ж, якая паслуга, такая і ўзнагарода. 3 сённяшняга дня кожнае слова, што сарвецца з вашых вуснаў, ператворыцца ў гадзюку ці жабу. Бывайце!
Як толькі дзяўчына вярнулася дадому, маці кінулася ёй насустрач:
— Ну як, дачушка?
— А вось так, маці! — буркнула ў адказ дачка, і ў той жа міг дзве гадзюкі і дзве жабы плюхнуліся на парог.
— Божа мой! — ускрыкнула маці.— Ды што ж гэта такое? Адкуль?.. А-а, ведаю! Гэта твая сястра ва ўсім вінавата. Ну, паплаціцца яна за гэта!..— I кінулася на малодшую дачку з кулакамі.
Небарака моцна спалохалася, уцякла з дому і схавалася ў суседнім лесе. Там і сустрэў яе малады прынц, сын караля гэтай краіны. Ён вяртаўся з палявання, убачыў дзяўчыну і, уражаны яе прыгажосцю, спытаў, што яна робіць у лесе адна.
— Ах, і не пытайце! — адказала прыгажуня.— Маці прагнала мяне з дому.
Каралеўскі сын заўважыў, што ўслед за словамі з
дзявочых вуснаў падаюць то кветка, то жамчужына, то алмаз. Ён здзівіўся і папрасіў растлумачыць, што гэта за цуд. I дзяўчына расказала яму пра сваё жыццё, пра сустрэчу з феяй.
Каралеўскі сын закахаўся ў яе. Да таго ж ён разважыў, што дар, якім фея надзяліла прыгажуню, даражэйшы за любы пасаг іншай нявесты. Ён адвёз дзяўчыну ў палац, да свайго бацькі, і ажаніўся з ёй.
Ну а старэйшая сястра з кожным днём рабілася ўсё больш агіднай і нязноснай. Нарэшце нават родная маці не вытрымала і прагнала яе з дому. Няшчасная нідзе і ні ў кога не магла знайсці прытулку і памерла, забытая ўсімі.
АСЛІНАЯ ШКУРА
Жыў калісьці кароль. Яго любілі падданыя, паважалі суседзі і саюзнікі. Гэта быў, бадай, самы вялікі і шчаслівы кароль на свеце. He памыліўся ён і ў выбары жонкі — прынцэсы прыгожай і дабрадзейнай. Шчаслівая пара жыла ў згодзе. Ад іх цнатлівага шлюбу нарадзілася дачка, таксама шчодра адораная красой і чароўнай прывабнасцю. I бацькі не шкадавалі, што ў іх адна спадчыніца. Раскоша, густ і дастатак панавалі ў каралеўскім палацы. Міністры былі мудрыя і ўмелыя, прыдворныя — дабрадзейныя і адданыя, слугі — верныя і працавітыя. У канюшнях стаялі лепшыя ў свеце коні, пакрытыя багатымі гунькамі. Аднак чужаземцаў, якія прыходзілі палюбавацца на гэтыя канюшні, найбольш дзівіла тое, што асобна, прыкметны здалёку, як пан які, стаяў асёл, развесіўшы доўгія вушы. He з-за дзівацтва ці нейкага капрызу кароль адвёў аслу ганаровае месца. Гэта была рэдкая жывёліна: прырода спарадзіла яе такім цудоўным чынам, што падсцілка пад ёй, заместа нечыстотаў, кожную раніцу аж ззяла, усыпаная яркімі манетамі — экю і луідорамі. Слугі падбіралі іх, як толькі асёл прачынаўся.
Але і на блакітнае неба наплываюць хмары. Так і да жыццёвых даброт прымешваюцца розныя напасці. Лёс аднолькава выпрабоўвае і падданых, і каралёў. Па боскай волі раптам цяжка захварэла каралева. Сабраліся лепшыя ўрачы, але ніякія лекі не дапамагалі. Гаравалі ўсе, а найболей — кароль. Сваім каханнем да каралевы ён даўно ўжо абвергнуў старую прыказку аб тым, быццам шлюб — гэта магіла кахання. Ва ўсіх храмах кароль маліўся Богу, гатовы быў ахвяраваць сваім жыццём, каб толькі выратаваць дарагую жонку. Але дарэмна звяртаўся ён да Бога, урачоў і чараўніц. Каралева, адчуваючы, што памірае, сказала няўцешнаму мужу:
— Дазвольце мне перад смерцю папрасіць вас аб адным: калі вы зноў захочаце ажаніцца...
Пры гэтых словах кароль жаласна заплакаў, схапіў жончыны рукі, акрапіў іх слязамі і запэўніў:
— He, не, дарагая мая каралева, няма чаго і гаварыць пра жаніцьбу. Хутчэй ужо я пайду ўслед за вамі.
— Для дзяржавы,— запярэчыла каралева цвёрда,— трэба, каб у вас былі наследнікі. А паколькі я нарадзіла вам толькі дачку, дзяржава павінна патрабаваць ад вас, караля, сыноў, падобных на вас. Я адно прашу, заклінаю вас усім вашым каханнем да мяне: не ўступайце патрабаванням вашага народа да таго часу, пакуль не знойдзеце прынцэсы, якая зацьміць маю красу. Хачу, каб вы пакляліся ў гэтым, і тады я памру шчаслівая.
Думаецца, самалюбівая каралева патрабавала гэтай клятвы, не верачы, што знойдзецца жанчына, якая заменіць яе. I тады кароль ніколі не ажэніцца зноў. Калі яна памерла, кароль плакаў дзень і ноч, нічым болей не займаўся. Hi адзін муж, пэўна, так не гараваў, аўдавеўшы.
Моцнае гора не доўжыцца гадамі. А тут яшчэ ўсе саноўнікі каралеўства сабраліся разам і прыйшлі прасіць караля, каб ён ажаніўся. Просьба здалася каралю суровай, і ён заплакаў. Потым спаслаўся на клятву, што даў каралеве, бо ўпэўнены быў, што немагчы-
ма знайсці прынцэсу болей прыгожую і стройную, чым яго нябожчыца жонка. Але саноўнікі-дарадцы палічылі гэта абяцанне дробяззю, не вартай увагі. Краса не галоўнае, сказалі яны, абы каралева была дабрадзейная і не бясплодная. Для спакою дзяржавы і для падтрымання міру патрэбен наследнік. У дачкі караля, інфанты, ёсць і розум, і прыгажосць, неабходныя для вялікай каралевы, але ў мужы ёй прыйдзецца даць чужаземца. А чужаземец можа звезці яе ў сваю краіну. Нават калі ён застанецца тут, разам з ёю кіраваць дзяржавай, дзеці іх будуць лічыцца чужаземцамі. А значыць, і наследнікаў не будзе. Суседнія народы, магчыма, нападуць на каралеўства, і яно згіне. Кароль, уражаны такімі довадамі, абяцаў падумаць.
Ішоў час, і кароль сярод прынцэс на выданні пачаў шукаць нявесту. Кожны дзень яму прыносілі партрэты прыгажунь, але ні адна з іх не змагла зачараваць яго так, як некалі нябожчыца жонка. Кароль не ведаў, што рабіць. На няшчаце, ён адкрыў, што інфанта, дачка яго, не толькі прыгожая і стройная, але і разумная, і больш прывабная, чым яе маці-каралева. Яе маладосць, прыемная свежасць яе пяшчотнай скуры ўзбудзілі такую палкую страсць, што кароль не мог утаіць гэта ад прынцэсы і сказаў, што гатовы ажаніцца з ёй, бо толькі так, у шлюбе з ёю, ён не парушыць клятвы.
Юная прынцэса, дабрадзейная і сарамлівая, ледзь не абамлела. Яна кінулася ў ногі бацьку і, заплакаўшы, пачала ўмаляць, каб пашкадаваў яе, не рабіў такога злачынства.
Кароль не збіраўся адступацца ад свайго рашэння і, каб супакоіць сумленне прынцэсы, надумаў параіцца са старым жрацом. Гэты жрэц быў не столькі набожны, колькі прагны да славы. I ён, каб стаць любімцам магутнага караля, так умела паўплываў на яго розум, што пераканаў, быццам ажаніцца з уласнай дачкой гэта не грэх, а святая справа, благаславёная небам. Кароль, улешчаны і супакоены словамі жраца-ліхадзея, загадаў абвясціць прынцэсе, каб яна рыхтавалася да вяселля.