Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
— О прынц, дарагі прынц! Дарагі брацік!
Шчаўкунчык зусім расчуліўся: ён выціраў слёзы, якія часта набягалі на вочы, затым узяў Мары за руку і ўрачыста абвясціў:
— Вось мадэмуазель Мары Штальбаўм, дачка досыць паважанага саветніка медыцыны і мая выратавальніца. Калі б яна ў патрэбную хвіліну не кінула туфлік, калі б не здабыла мне шаблю палкоўніка, што выйшаў на пенсію, мяне загрыз бы агідны мышыны кароль, і я ляжаў бы ўжо ў магіле. О мадэмуазель Штальбаўм! Ці можа параўнацца з ёю па прыгажосці, годнасці і дабрачыннасці Пірліпат, нягледзячы на тое, што тая прыроджаная прынцэса? He, кажу я, не!
Усе дамы ўсклікнулі: “He!” — і, рыдаючы, пачалі абдымаць Мары.
— О высакародная выратавальніца нашага любімага вялікаснага брата! О непараўнальная мадэмуазель Штальбаўм!
Затым дамы адвялі Мары і Шчаўкунчыка ў пакоі замка, у залу, сцены якой цалкам былі зроблены з хрусталю, які пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі. Але што спадабалася Мары больш за ўсё, гэта расстаўленыя там зграбненькія крэсліцы, камодзікі, секрэтэры, вырабленыя з кедра і бразільскага дрэва, да таго ж інкруставаныя залатымі кветкамі.
Прынцэсы ўгаварылі Мары і Шчаўкунчыка прысесці і сказалі, што яны зараз жа асабіста прыгатуюць ім пачастунак. Яны тут жа дасталі розныя гаршчочкі і місачкі з танчэйшага японскага фарфору, лыжкі, нажы, відэльцы, талеркі, каструлькі і іншы залаты і сярэбраны кухонны посуд. Затым яны прынеслі такія дзівосныя фрукты і ласункі, якіх Мары і не бачыла, і вельмі грацыёзна пачалі выціскаць прыгожымі беласнежнымі ручкамі фруктовы сок, таўчы прыправы, церці салодкі міндаль — словам, узяліся так слаўна гаспадарыць, што Мары зразумела, якія яны ўмеліцы ў кулінарнай справе і які шыкоўны пачастунак чакае яе. Добра ўсведамляючы, што таксама сёе-тое ў гэтым разумее, Мары тайком жадала прыняць удзел у занятку прынцэс. Самая прыгожая з сясцёр Шчаўкунчыка, быццам угадаўшы тайнае жаданне Мары, працягнула ёй маленькую залатую ступку і сказала:
— Мілая мая сяброўка, бясцэнная выратавальніца брата, патаўчы трошкі карамелек.
Пакуль Мары весела стукала таўкачыкам, так што ступка звінела меладычна і прыемна, не горш за выдатную песеньку, Шчаўкунчык пачаў падрабязна расказваць аб страшнай бітве з полчышчамі мышынага караля, аб тым, як Шчаўкунчык займеў ганьбу з-за баязлівасці сваіх войск, як потым агідны мышыны кароль хацеў загрызці яго, як Мары давялося ахвяраваць многімі яго падданымі, якія былі ў яе на службе.
У час аповяду Мары здавалася, быццам словы Шчаўкунчыка і нават яе ўласныя ўдары таўкачыкам гучаць усё цішэй, усё невыразней, і неўзабаве вочы ёй заслала сярэбраная пялёнка — быццам падняліся лёгкія клубы туману, у якія пахаваліся прынцэсы... пажы... Шчаўкунчык... і яна сама... Дзесьці нешта шоргала, журчала і спявала; дзіўныя гукі прападалі ўдалечыні. Кіпучыя хвалі, уздымаючыся, неслі Мары ўсё вышэй і вышэй... вышэй і вышэй... вышэй і вышэй...
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Та-ра-ра-бух! — і Мары ўпала з неймавернай вышыні. Вось гэта быў штуршок! Але Мары тут жа расплюшчыла вочы. Яна ляжала ў сябе ў пасцельцы. Было зусім светла, а побач стаяла мама і казала:
— Ну, ці можна так доўга спаць? Снеданне даўно на стале.
Mae глыбокапаважаныя слухачы, вы, канечне, ужо зразумелі, што Мары, ашаломленая ўсімі бачанымі дзівосамі, у рэшце рэшт заснула ў зале Марцыпанавага замка і што арапчыкі альбо пажы, а можа быць, і самі прынцэсы аднеслі яе дамоў і паклалі ў пасцельку.
— Ах, мамачка, любая мая мамачка, дзе толькі я не пабывала гэтай ноччу з маладым панам Дросельмейерам! Якіх толькі дзівосаў не наглядзелася!
I яна расказала ўсё амаль гэтак жа падрабязна, як толькі што расказаў я, а мама слухала і здзіўлялася.
Калі Мары закончыла, маці сказала:
— Табе, мілая Мары, прысніўся доўгі цудоўны сон. Але выкінь усё гэта з галавы.
Мары ўпарта сцвярджала, што бачыла ўсё не ў сне, а наяву. Тады маці падвяла яе да шкляной шафы, выняла ПІчаўкунчыка, які, як заўсёды, стаяў на другой паліцы, і сказала:
— Ах ты, дурнічка, адкуль ты ўзяла, што драўляная нюрнбергская лялька можа размаўляць і рухацца?
— Але, мамачка,— перабіла яе Мары,— я ж ведаю, што маленькі Шчаўкунчык — малады пан Дросельмейер з Нюрнберга, пляменнік хроснага!
Тут абое — і тата і мама — моцна разрагаталіся.
— Ах,— амаль што з плачам працягвала Мары,— цяпер ты, татачка, смяешся з майго Шчаўкунчыка, a ён так добра адклікаўся аб табе! Калі мы прыйшлі ў Марцыпанавы замак, ён пазнаёміў мяне з прынцэсамі — сваімі сёстрамі — і сказаў, што ты досыць паважаны саветнік медыцыны.
Рогат толькі ўзмацніўся, і цяпер да бацькоў далу-
чыліся Луіза і нават Фрыц. Тады Мары пабегла ў другі пакой, хутка дастала са сваёй шкатулачкі сем карон мышынага караля і падала іх маці са словамі:
— Вось, мамка, паглядзі: вось сем карон мышынага караля, якія мінулай ноччу паднёс мне ў знак сваёй перамогі малады пан Дросельмейер.
Мама здзіўлена разглядвала малюсенькія кароны з нейкага незнаёмага, вельмі бліскучага металу і такой тонкай работы, што наўрад ці гэта магло быць справай рук чалавечых. Пан Штальбаўм таксама не мог наглядзецца на карону. Затым і бацька і маці строга патрабавалі, каб Мары прызналася, адкуль у яе каронкі, але яна стаяла на сваім.
Калі тата стаў яе журыць і нават абазваў ілгунняй, яна горка расплакалася і пачала жаласліва прыгаворваць:
— Ах, я няшчасная, бедная! Ну што мне рабіць?
Але тут раптам адчыніліся дзверы, і зайшоў хросны.
— Што здарылася? Што здарылася? — спытаў ён.— Мая хросніца Марыхэн плача і рыдае? Што здарылася? Што здарылася?
Тата расказаў яму, што здарылася, і паказаў малюсенькія кароны. Старшы саветнік суда, як толькі ўбачыў іх, засмяяўся і ўсклікнуў:
— Бязглуздыя выдумкі, бязглуздыя выдумкі! Ды гэта ж каронкі, якія я калісьці насіў на ланцужку ад гадзінніка, а потым падарыў Марыхэн у дзень яе нараджэння, калі ёй мінула два гады! Хіба вы забылі?
Hi бацька, ні маці не маглі гэтага прыпомніць...
Калі Мары пераканалася, што бацькі зноў сталі ласкавымі, яна падбегла да хроснага і ўсклікнула:
— Хросны, ты ж усё ведаеш! Скажы, што мой Шчаўкунчык — твой пляменнік, малады пан Дросельмейер з Нюрнберга, і што ён падарыў мне гэтыя малюсенькія кароны.
Хросны нахмурыўся і прамармытаў:
— Бязглуздыя выдумкі!
Тады бацька адвёў маленькую Мары ўбок і сказаў вельмі сурова:
— Паслухай, Мары, пакінь раз і назаўсёды выдумкі і дурныя жарты! I калі ты яшчэ раз скажаш, што вырадак Шчаўкунчык — пляменнік твайго хроснага, я выкіну за акно не толькі Шчаўкунчыка, але і ўсе астатнія лялькі, не выключаючы і мамзель Клерхэн.
Цяпер бедная Мары, канечне, не адважвалася і заікнуцца аб тым, што перапаўняла ёй сэрца; вы ж разумееце, што не так і лёгка было Мары забыць усе цудоўныя дзівосы, што адбыліся з ёю. Нават Фрыц зараз жа паварочваўся спінай да сястры, як толькі яна наважвалася расказаць аб дзівоснай краіне, дзе ёй было так добра. Кажуць, што іншы раз ён нават мармытаў праз зубы: “Неразумная дзяўчынка!” Але, здаўна ведаючы яго добры нораў, я ніяк не магу гэтаму паверыць; прынамсі, дакладна вядома, што, не верачы больш ні слову ў аповядах Мары, ён на публічным парадзе фармальна папрасіў прабачэння ў сваіх гусар за нядаўнюю крыўду, прышпіліў ім замест згубленых знакаў адрознення яшчэ больш высокія і пышныя султаны з гусіных пёраў і зноў дазволіў трубіць лейб-гусарскі марш. Ну, а мы дык ведаем, якая была адвага гусар, калі агідныя кулі панасаджвалі плямаў ім на чырвоныя мундзіры.
Гаварыць аб сваёй прыгодзе Мары больш не адважвалася, але чароўныя вобразы казачнай краіны не пакідалі яе. Яна чула пяшчотны шоргат, ласкавыя, жывыя гукі; яна бачыла ўсё зноў, як толькі пачынала аб гэтым думаць, і, замест таго каб гуляць, як бывала раней, магла гадзінамі сядзець моўчкі і ціха, паглыбіўшыся ў сябе,— вось чаму ўсе цяпер называлі яе маленькай летуценніцай.
Неяк здарылася, што хросны правіў гадзіннік у Штальбаўмаў. Мары сядзела каля шкляной шафы і, летуценячы наяву, глядзела на Шчаўкунчыка. I раптам у яе вырвалася:
— Ах, мілы пан Дросельмейер, калі б вы на самай справе жылі, я не адмовілася б ад вас, як прынцэса Пірліпат, за тое, што з-за мяне вы страцілі сваю прыгажосць!
Саветнік суда тут жа крыкнуў:
— Ну, ну, бязглуздыя выдумкі!
Але ў тое ж імгненне пачуўся такі грукат і трэск, што Мары без прытомнасці ўпала з крэсла. Калі яна ачнулася, маці завіхалася каля яе і казала:
— Ну ці можна падаць з крэсла? Такая вялікая дзяўчынка! 3 Нюрнберга зараз прыехаў пляменнік пана старшага саветніка суда, будзь разумніцай.
Яна падняла вочы: хросны зноў начапіў свой шкляны парык, надзеў жоўты сурдут і задаволена ўсміхаўся, а за руку ён трымаў, праўда, маленькага, але вельмі зграбнага маладога чалавека, белага і румянага, як кроў з малаком, у цудоўным чырвоным, шытым золатам каптане, у туфлях і белых шаўковых панчохах. Да яго жабо быў прышпілены прыгожанькі букецік, валасы былі старанна завіты і напудраны, а ўздоўж спіны спускалася незвычайная каса. Невялічкая шпага ў яго на баку так і зіхацела, быццам уся ўсыпаная каштоўнымі камянямі, пад пахай ён трымаў шаўковы капялюш.
Малады чалавек праявіў свой прыемны нораў і добрую выхаванасць, калі падарыў Мары цэлую кучу дзівосных цацак і перш за ўсё — смачны марцыпан і лялек узамен тых, што пагрыз мышыны кароль, a Фрыцу — выдатную шаблю. За сталом прывабны юнак лускаў усёй кампаніі арэшкі. Самыя цвёрдыя былі яму ніпачым; правай рукой ён соўгаў іх у рот, левай тузаў сябе за касу і — шчоўк! — шкарлупіна разляталася на дробныя кавалачкі.
Мары ўся зардзелася, калі ўбачыла пачцівага юнака, а калі пасля абеду малады Дросельмейер прапанаваў ёй пайсці ў гасцёўню, да шкляной шафы, яна стала пунсовай.
— Ідзіце, ідзіце гуляць, дзеці, толькі глядзіце не сварыцеся. Цяпер, калі ўсе гадзіннікі ў мяне ў парадку, я нічога не маю супраць! — сказаў ім услед старшы саветнік суда.
Як толькі малады Дросельмейер апынуўся сам-насам з Мары, ён апусціўся на адно калена і сказаў такую прамову:
— О бясцэнная мадэмуазель Штальбаўм, зірніце: каля вашых ног — шчаслівы Дросельмейер, якому на гэтым самым месцы вы выратавалі жыццё. Вы мелі ласку вымавіць, што не выракліся б мяне, як брыдкая прынцэса Пірліпат, калі б з-за вас я стаў вырадкам. У той жа час я перастаў быць нікчэмным Шчаўкунчыкам, забыў маю былую, не пазбаўленую прыемнасці знешнасць. 0 цудоўная мадэмуазель Штальбаўм, дайце шчасце мець вашу дастойную руку! Раздзяліце са мной карону і трон, будзем разам царстваваць у Марцыпанавым замку.