Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
— Дросельмейер і прыдворны астролаг ужо вандравалі пятнаццаць гадоў і ўсё яшчэ не напалі на след арэха Кракатук. Дзе яны пабывалі, якія дзівосныя прыгоды мелі, не пераказаць, дзеткі, за цэлы месяц. Гэтага я рабіць і не збіраюся, а шчыра скажу вам, што дужа замаркочаны Дросельмейер вельмі засумаваў па радзіме, па міламу свайму Нюрнбергу. Асабліва моцная журба напала на яго неяк раз у Азіі, у дрымучым лесе, дзе ён разам са сваім спадарожнікам прысеў выкурыць люльку тытуню:
— О Нюрнберг, слаўны горад мой, як незнаёмы хто з табой, хай нават жыў у дзіўнай Вене, альбо ў Парыжы, Петэрвардэйне, з дарог, замучаны журбою, памкнецца да цябе душою, о Нюрнберг слаўны, дзе дамы стаяць у рад, як церамы...
Жаласнае галашэнне Дросельмейера выклікала глыбокае спачуванне ў астролага, і ён таксама расплакаўся так горка, што яго чуваць было на ўсю Азію. Але ён узяў сябе ў рукі, выцер слёзы і спытаў:
— Высокашаноўны калега, чаго ж мы тут сядзім і плачам? Чаму не ідзём у Нюрнберг? Ці не ўсё адно, дзе і як шукаць арэх Кракатук?
— I то праўда,— адказаў, адразу суцешыўшыся, Дросельмейер.
Абодва тут жа падняліся, выбілі люлькі і з лесу ў глыбі Азіі праменька накіраваліся ў Нюрнберг.
Як толькі яны прыбылі, Дросельмейер зараз жа пабег да свайго стрыечнага брата — цацачнага майстра, токара па дрэву, лакіроўшчыка і пазалотчыка Крыстофа-Захарыуса Дросельмейера, з якім не бачыўся ўжо многа-многа гадоў. Яму ж і распавёў гадзіншчык усю гісторыю пра прынцэсу Пірліпат, пані Мышыльду і арэх Кракатук, а той сюд-туд пляскаў рукамі і некалькі разоў здзіўлена ўсклікнуў:
— Ах, брацік, брацік, ну і дзівосы!
Дросельмейер расказаў аб прыгодах на сваім доўгім шляху, расказаў, як правёў два гады ў Фінікавага караля, як пакрыўдзіў і выгнаў яго Міндальны прынц, як марна запытваў ён Таварыства натуралістаў у горадзе Бялок,— карацей кажучы, як яму нідзе не ўдалося натрапіць на след арэха Кракатук. У час расказа Крыстоф-Захарыус не раз пстрыкаў пальцамі, круціўся на адной ножцы, прыцмокваў губамі і прыгаворваў:
— Гм, гм... Эге! Вось дык штука!
Нарэшце ён падкінуў да столі каўпак разам з парыком, горача абняў стрыечнага брата і ўсклікнуў:
— Брацік, брацік, вы выратаваны, выратаваны, кажу я! Слухайце: альбо я жорстка памыляюся, альбо арэх Кракатук у мяне!
Ён зараз жа прынёс шкатулачку, адкуль выцягнуў пазалочаны арэх сярэдняй велічыні.
— Зірніце,— сказаў ён, паказваючы арэх стрыечнаму брату,— зірніце на гэты арэх. Гісторыя яго такая. Шмат гадоў назад, на куццю, прыйшоў сюды невядомы чалавек з поўным мяшком арэхаў, якія ён прынёс на продаж. Каля самых дзвярэй маёй крамы з цацкамі ён паставіў мяшок на зямлю, каб лягчэй было дзейнічаць, паколькі ў яго адбылася сутычка з мясцовым прадаўцом арэхаў, які не мог стрываць у нас чужога гандляра. У гэты момант мяшок пераехала цяжка нагружаная фура. Усе арэхі былі ператрушчаны, за
выключэннем аднаго, які чужаземец, дзіўна ўсьрхаючыся, і прапанаваў саступіць мне за цванцыгер 1920 года. Мне гэта падалося загадкавым, але я знайшоў у сябе ў кішэні якраз такі цванцыгер, які ён прасіў, купіў арэх і пазалаціў яго. Сам добранька не ведаю, чаму я так дорага заплаціў за арэх, а потым так зберагаў яго.
Усялякае сумненне ў тым, што арэх стрыечнага брата — гэта сапраўды арэх Кракатук, які яны так доўга шукалі, тут жа рассеялася, калі прыдворны астролаг, што падаспеў на покліч, акуратна саскроб з арэха пазалоту і адшукаў на шкарлупінах слова “Кракатук”, выразанае кітайскімі пісьмёнамі.
Радасць спадарожнікаў была велізарнай, а стрыечны брат Дросельмейера палічыў сябе самым шчаслівым чалавекам на свеце, калі Дросельмейер запэўніў яго, што шчасце яму забяспечана, бо з гэтага часу звыш значнай пенсіі ён будзе атрымліваць золата для пазалоты задарма.
I чарадзей і астролаг — абодва ўжо нацягнулі начныя каўпакі і збіраліся класціся спаць, як раптам апошні, гэта значыць астролаг, павёў такую размову:
— Дарагі калега, шчасце ніколі не прыходзіць адно. Паверце, мы знайшлі не толькі арэх Кракатук, але і маладога чалавека, які разгрызе яго і падасць прынцэсе зярнятка — залог прыгажосці. Я маю на ўвазе не каго іншага, як сына вашага стрыечнага брата. He, я не лягу спаць! — натхнёна ўсклікнуў ён.— Я яшчэ сёння ноччу складу гараскоп юнака! — 3 гэтымі словамі ён сарваў каўпак з галавы і тут жа пачаў назіраць за зоркамі.
Пляменнік Дросельмейера быў на самай справе прыгожы, зграбны юнак, які яшчэ ні разу не галіўся і не надзяваў ботаў. У ранняй маладосці ён, праўда, двое каляд запар ствараў вобраз блазна; але гэтага ніколькі не было заўважна: так добра быў ён выхаваны клопатамі бацькі. На Калядах ён быў у прыгожым чырво-
Цванцыгер — манета вартасцю ў дваццаць пфенігаў.
ным, шытым золатам каптане, пры шпазе, трымау пад пахай капялюш і насіў выдатны парык з касічкай. У такім бліскучым выглядзе стаяў ён у краме ў бацькі і з уласцівай яму галантнасцю лускаў паненкам арэшкі, за што і празвалі яго Красунчык Шчаўкунчык.
Назаўтра узрадаваны астролаг упаў у абдымкі Дросельмейера і ўсклікнуў:
— Гэта ён! Мы адшукалі яго, ён знойдзены! Толькі, ласкавы калега, не варта забываць пра дзве акалічнасці: па-першае, трэба сплесці вашаму цудоўнаму пляменніку салідную драўляную касу, якая была б злучана з ніжняй сківіцай такім чынам, каб яе можна было лёгка адцягнуць касой; затым пасля прыбыцця ў сталіцу трэба маўчаць аб тым, што мы прывезлі з сабой маладога чалавека, які разгрызе арэх Кракатук, лепей, каб ён з’явіўся намнога пазней. Я прачытаў у гараскопе, што пасля таго, як многія зламаюць сабе на арэху зубы без усялякага толку, кароль аддасць прынцэсу, а пасля смерці і каралеўства ва ўзнагароду таму, хто разгрызе арэх і верне Пірліпат страчаную красу.
Цацачны майстар быў вельмі суцешаны, што яго сыночку належала ажаніцца на прынцэсе і самому стаць прынцам, а затым і каралём, і таму ён ахвотна даверыў яго астролагу і гадзіншчыку. Каса, якую Дросельмейер прырабіў свайму юнаму перспектыўнаму пляменніку, удалася на славу, так што той бліскуча вытрымаў выпрабаванне, раскусіўшы самыя цвёрдыя персікавыя костачкі.
Дросельмейер і астролаг адразу далі ведаць у сталіцу, што арэх Кракатук знойдзены, а там зараз жа апублікавалі зварот, і калі прыбылі нашы вандроўнікі з талісманам, які ўзнаўляе прыгажосць, да двара ўжо з’явілася багата цудоўных юнакоў і нават прынцаў. Усе яны, спадзеючыся на свае здаровыя сківіцы, хацелі паспрабаваць зняць ліхія чары з прынцэсы.
Нашы вандроўнікі вельмі спалохаліся, калі ўбачылі прынцэсу. Маленькае тулава з худымі ручкамі і ножкамі ледзь трымала бясформенную галаву, твар зда-
ваўся яшчэ выродлівей з-за белай ніцяной барады, якою абраслі рот і падбародак.
Усё здарылася так, як прачытаў у гараскопе прыдворны астролаг. Блазнюкі ў чаравіках адзін за адным ламалі сабе зубы і крышылі сківіцы, а прынцэсе зусім не лепшала; калі ж затым іх, у напаўвобмарачным стане, забіралі запрошаныя на гэты выпадак зубныя ўрачы, яны стагналі:
— Паспрабуй раскусіць гэты арэх!
Нарэшце кароль у скрусе сардэчнай абяцаў дачку і каралеўства таму, хто здыме чары з прынцэсы. Вось тут і адгукнуўся наш пачцівы і сціплы малады Дросельмейер і папрасіў дазволу паспытаць шчасця.
Прынцэсе Пірліпат ніхто так не спадабаўся, як малады Дросельмейер: яна прыціснула ручкі да сэрца і ад глыбіні душы ўздыхнула: “Ах, калі б ён разгрыз арэх Кракатук і стаў маім мужам!”
Малады Дросельмейер ветліва пакланіўся каралю і каралеве, а затым прынцэсе Пірліпат, узяў з рук оберцырымоніймайстра арэх Кракатук, паклаў яго без доўгіх размоў у рот, моцна тузануў сябе за касу і — шчоўк, шчоўк! — разгрыз шкарлупку на кавалачкі. Спрытна ачысціў ён зярнятка ад лупінак і, зажмурыўшыся, паднёс, паважліва шаркнуўшы ножкай, прынцэсе, затым пачаў адступацца. Прынцэса тут жа праглынула зярнятка, і — о дзіва! — вырадак знік, на яго месцы стаяла цудоўная, як анёл, дзяўчына з тварам, што быў нібы вытканы з лілейна-белага і ружовага шоўку, з вачыма, што зіхацелі, быццам лазурак, з валасамі, якія завіваліся залатымі кудзеркамі.
Трубы і літаўры далучыліся да агульнай радасці народа. Кароль і ўвесь двор скакалі на адной ножцы, як пры нараджэнні прынцэсы Пірліпат, а каралеву давялося апырскваць адэкалонам, таму што ад радасці і захаплення яна страціла прытомнасць.
1 О б е р-ц ырымоніймайстар — галоўны назіральнік за парадкам у палацы.
Сумятня, што паднялася, даволі збянтэжыла маладога Дросельмейера, якому належала яшчэ адступаць патрэбныя сем крокаў. Усё ж ён трымаўся выдатна і ўжо занёс правую нагу для сёмага кроку, але тут з падполля з агідным піскам і віскатам вылезла Мышыльда. Малады Дросельмейер, які апусціў было нагу, наступіў на яе і так спатыкнуўся, што ледзь не ўпаў.
О горкі лёс! У адзін момант юнак стаў такі ж пачварны, як да таго прынцэса Пірліпат. Тулава скурчылася і ледзь трымала велізарную бясформенную галаву з вялікімі вытарашчанымі вачыма і шырокай, агідна разяўленай пашчай. Замест касы ззаду павіс вузкі драўляны плашч, пры дапамозе якога можна было кіраваць ніжняй сківіцай.
Гадзінпічык і астролаг былі не ў сабе ад страху, аднак яны заўважылі, што Мышыльда ўся ў крыві круціцца на падлозе. Яе зладзейства не засталося без пакарання: малады Дросельмейер моцна зачапіў яе па шыі вострым абцасам, і ёй прыйшоў канец.
Але Мышыльда, ахопленая перадсмяротнымі пакутамі, жаласна пішчала і стагнала:
— О цвёрды, цвёрды Кракатук, прынёс ты мне пакут і мук!.. Хі-хі... Пі-пі... Чуй, Шчаўкунчык, што хітрыць? I табе нядоўга жыць: мой сынок, наследнік трона, зажурыцца маім сконам — кіне кліч мышынай раці і адпомсціць ён за маці. Добрай я ў жыцці была — толькі вось і смерць прыйшла...
Мышыльда піснула ў апошні раз, скарчанела, і каралеўскі апальшчык панёс яе прэч.
На маладога Дросельмейера ніхто не звяртаў увагі. Аднак прынцэса нагадала бацьку пра яго абяцанні, і кароль зараз жа загадаў падвесці да Пірліпат юнага героя. Але калі бядак паўстаў перад ёю ва ўсёй сваёй пачварнасці, прынцэса затуліла твар абедзвюма рукамі і закрычала:
— Прэч, прэч адсюль, агідны Шчаўкунчык!
I тут жа гофмаршал схапіў яго за вузкія плечыкі і выштурхаў прэч.
Кароль загарэўся гневам, бо вырашыў, што яму
хацелі падсунуць у зяці Шчаўкунчыка, ва ўсім вінаваціў няўдачлівых гадзіншчыка і астролага і на вечныя часы прагнаў абодвух са сталіцы. Гэта не было прадугледжана гараскопам, які склаў астролаг у Нюрнбергу, але ён не адмовіўся зноў пачаць назіранне за зоркамі і прачытаў, што юны Дросельмейер выдатна будзе весці сябе ў сваім новым званні і, нягледзячы на ўсю сваю пачварнасць, стане прынцам і каралём. Але яго выродлівасць знікне толькі ў тым выпадку, калі сямігаловы сын Мышыльды, які нарадзіўся пасля смерці сваіх сямі старэйшых братоў і які стаў мышыным каралём, загіне ад рукі Шчаўкунчыка і калі, нягледзячы на выродлівую знешнасць, юнага Дросельмейера пакахае цудоўная дама.