Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
— Ах, ваша вялікасць каралева, сцеражыцеся Мышыльды і яе радні!
А Фрыц выхапіў шаблю і заявіў:
— Няхай толькі прыйдуць, ужо я ім задам!
Але і пад плітой і на пліце ўсё было спакойна. Калі старшы саветнік суда прывязаў шматок сала на тонкую нітачку і асцярожна паставіў мышалоўку ў-шкляной шафе, Фрыц усклікнуў:
— Сцеражыся, хросны-гадзіншчык, як бы мышыны кароль не сыграў з табою ліхога жарту!
Ах, як страшна было беднай Мары на наступную ноч. У яе па руцэ бегалі ледзяныя лапкі, і штосьці шурпатае і агіднае дакранулася да шчакі і запішчала і дыхнула прама ў вуха. На плячы ў яе сядзеў агідны мышыны кароль; з сямі яго разяўленых пашчаў цякла крывава-чырвоная сліна, і, скрыгічучы зубамі, ён прашыпеў на вуха анямелай ад жаху Мары:
— Я выслізну — я ў шчыліну шмыгну, пад падлогу юркну, не зачаплю сала, ты так і знай. Давай, давай малюнкі, сукеначкі сюды, інакш бяда, папярэджваю:
Шчаўкунчыка злаўлю і пакусаю... Хі-хі!.. Пі-пі... Кнікквік!..
Мары вельмі замаркоцілася, а калі назаўтра мама сказала: “А брыдотная мыш усё яшчэ не папалася!” — Мары збялела і затрывожылася, а мама падумала, што дзяўчынка сумуе аб ласунках і баіцца мышэй.
— Хопіць, супакойся, дзетка,— сказала яна,— мы прагонім брыдотную мыш! He дапамогуць мышалоўкі — няхай тады Фрыц прыносіць свайго шэрага саветніка пасольства.
Як толькі Мары засталася ў гасцёўні адна, яна падышла да шкляной шафы і, рыдаючы, загаварыла са Шчаўкунчыкам:
— Ах, любы, добры пан Дросельмейер! Што магу зрабіць для вас я, бедная, няшчасная дзяўчынка? Ну, аддам я на спажыву агіднаму мышынаму каралю ўсе свае кніжкі з малюнкамі, аддам нават прыгожую новую сукеначку, але ж ён будзе патрабаваць ад мяне яшчэ і яшчэ, так што пад канец у мяне нічога не застанецца, і ён, бадай, захоча загрызці і мяне замест вас. Ах, я няшчасная, бедная дзяўчынка! Ну што мне рабіць, што мне рабіць?!
Пакуль Мары так гаравала і плакала, яна заўважыла, што ў Шчаўкунчыка на шыі з мінулай ночы засталася вялікая крывавая пляма. 3 таго часу, як Мары даведалася, што Шчаўкунчык на самай справе малады Дросельмейер, пляменнік саветніка суда, яна перастала насіць яго і гушкаць, перастала лашчыць і цалаваць, і ёй нават было неяк няёмка надта часта да яго дакранацца, але на гэты раз яна беражна зняла Шчаўкунчыка з паліцы і пачала клапатліва выціраць насавой хусцінкай крывавую пляму на шыі. Але як атарапела яна, калі раптам адчула, што дружок Шчаўкунчык у яе руках пацяплеў і варухнуўся! Хутка паставіла яна яго назад на паліцу. Тут вусны ў яго прыадкрыліся, і Шчаўкунчык з цяжкасцю пралепятаў:
— О бясцэнная мадэмуазель Штальбаўм, верная мая сяброўка, многім я вам абавязаны! He, не прыносце ў
ахвяру дзеля мяне кніжкі з малюнкамі, святочную сукеначку, знайдзіце мне шаблю... Шаблю! Аб астатнім паклапачуся я сам, нават няхай ён...
Тут прамова Шчаўкунчыка перапынілася, і яго вочы, якія толькі што свяціліся глыбокай журбой, зноў спахмурнелі і пацямнелі. Мары ні кропелькі не спалохалася, наадварот — яна заскакала ад радасці. Цяпер яна ведала, як выратаваць Шчаўкунчыка, не прыносячы далейшых цяжкіх ахвяраў, але дзе здабыць для чалавека шаблю?
Мары вырашыла параіцца з Фрыцам, і вечарам, калі бацькі пайшлі ў госці і яны ўдвух сядзелі ў гасцёўні каля шкляной шафы, яна расказала брату ўсё, што здарылася з ёю з-за Шчаўкунчыка і мышынага караля і ад чаго зараз залежыць выратаванне Шчаўкунчыка.
Больш за ўсё засмуціла Фрыца, што яго гусары дрэнна вялі сябе ў час бою, як гэта атрымлівалася з аповяду Мары. Ён вельмі сур’ёзна перапытаў яе, ці так яно было на самай справе, і, калі Мары дала яму слова гонару, Фрыц хутка падышоў да шкляной шафы, звярнуўся да гусараў з грознай прамовай, а затым у пакаранне за сябелюбнасць і баязлівасць зрэзаў у іх усе кукарды з шапак і забараніў ім на працягу года граць лейб-гусарскі марш. Калі скончыў з пакараннем гусар, ён звярнуўся да Мары.
— Я дапамагу Шчаўкунчыку дастаць шаблю: толькі ўчора я звольніў у адстаўку з пенсіяй старога кірасірскага палкоўніка, і, значыць, цудоўная вострая шабля яму больш не патрэбна.
Названы палкоўнік на пенсію, якую яму выдаваў Фрыц, жыў у далёкім кутку на трэцяй паліцы. Фрыц зняў яго адтуль, адвязаў і сапраўды фарсістую сярэбраную шаблю і надзеў яе Шчаўкунчыку.
На наступную ноч Мары не магла змружыць вачэй ад трывогі і страху. У поўнач ёй пачулася ў гасцёўні нейкая дзіўная сумятня — бразганне і шоргат. Раптам пачулася: “Квік!”
— Мышыны кароль! Мышыны кароль! — крыкнула Мары і ад жаху саскочыла з ложка.
Усё было ціха, але неўзабаве хтосьці асцярожна пагрукаў у дзверы, і пачуўся тоненькі галасок:
— Бясцэнная мадэмуазель Штальбаўм, адчыніце дзверы і нічога не бойцеся! Добрыя, радасныя весткі.
Мары пазнала голас маладога Дросельмейера, накінула спаднічку і хутка адчыніла дзверы. На парозе стаяў Шчаўкунчык з акрываўленай шабляй у правай руцэ, з запаленай васковай свечкай — у левай. Ён убачыў Мары і тут жа апусціўся на адно калена, загаварыў так:
— О цудоўная дама! Вы адна ўдыхнулі ў мяне рыцарскую адвагу і надалі моц маёй руцэ, каб я пакараў дзёрзкага, які асмеліўся зняважыць вас. Каварны мышыны кароль пераможаны і купаецца ў сваёй уласнай крыві! Майце ласку літасціва прыняць трафеі з рук рыцара, адданага вам да магілы.
3 гэтымі словамі прыгожанькі Шчаўкунчык вельмі спрытна строс сем залатых карон мышынага караля, якія ён нанізаў на левую руку, і падаў Мары, а яна ўзяла іх з радасцю.
Шчаўкунчык падняўся і працягваў так:
— Ах, мая бясцэннейшая мадэмуазель Штальбаўм! Якія цуды мог бы я паказаць вам зараз, калі вораг разбіты. Прашу вас мець ласку ступіць за мною хоць некалькі крокаў! О, зрабіце, зрабіце гэта, дарагая мадэмуазель.
ЛЯЛЕЧНАЕ ЦАРСТВА
Я думаю, дзеці, кожны з вас, ні хвіліны не вагаючыся, пайшоў бы за сумленным, добрым Шчаўкунчыкам, у якога не магло быць нічога кепскага ў галаве. A ўжо Мары тым больш,— яна ж ведала, што мае права разлічваць на самую вялікую ўдзячнасць з боку Шчаўкунчыка. Яна была пераканана, што ён стрымае слова і пакажа ёй шмат цудаў. Вось таму яна і сказала:
— Я пайду з вамі, пан Дросельмейер, але толькі
недалёка і ненадоўга, паколькі я зусім яшчэ не выспалася.
— Тады,— адказаў Шчаўкунчык,— я выберу карацейшую, хоць і не вельмі зручную дарогу.
Ён пайшоў наперад. Мары — за ім. Спыніліся яны ў пярэдняй, каля старой велізарнай адзежнай шафы. Мары са здзіўленнем заўважыла, што дзверцы, звычайна замкнутыя на замок, расхінуты; ёй добра было відаць бацькавае дарожнае лісінае футра, што вісела каля самых дзверцаў. Шчаўкунчык вельмі спрытна ўскарабкаўся па выступе шафы і разьбе і схапіў вялікі кутас, які вісеў на тоўстым шнурку ззаду на футры. Ён з усёй сілы тузануў кутас, і тут жа з рукава футра спусцілася зграбная лесвічка кедравага дрэва.
— Ці не заўгодна вам падняцца, неацэнная мадэмуазель Мары? — спытаў Шчаўкунчык.
Мары так і зрабіла. I не паспела яна падняцца цераз рукаво, не паспела выглянуць з-за каўняра, як ёй насустрач заззяла сляпучае святло, і яна апынулася на цудоўным зіхоткім лузе, які ўвесь іскрыўся, быццам бліскучымі каштоўнымі камянямі.
— Мы на Ледзянцовым лузе,— сказаў Шчаўкунчык.— А зараз пройдзем у тую браму.
Толькі цяпер, падняўшы вочы, заўважыла Мары прыгожую браму, якая ўзвышалася за некалькі крокаў ад яе пасярод лугу; здавалася, што яна складзена з белага і карычневага, спярэшчанага крапінкамі мармуру. Калі ж Мары падышла бліжэй, яна ўбачыла, што гэта не мармур, а міндаль у цукры і разынкі, вось чаму і брама, пад якой яны прайшлі, называлася, як запэўніваў Шчаўкунчык, Міндальна-Разынкавай брамай. Просты народ вельмі непачціва называў яе брамай абжораў-студэнтаў. На бакавой галерэі гэтай брамы, відавочна складзенай з ячменнага цукру, шэсць малпачак у чырвоных куртках склалі цудоўны ваенны аркестр, які граў так хораша, што Мары, сама таго не заўважаючы, ішла ўсё далей і далей па мармуровых плітах, умела вырабленых з цукру, які быў звараны з прыправамі.
Неўзабаве яе абвеялі слодычныя водары, якія струменіліся з дзівоснага гаю, што раскінуўся па абодва бакі. Цёмная лістота блішчала і іскрылася так ярка, што ясна бачна былі залатыя і сярэбраныя плады, якія віселі на рознакаляровых сцяблінах, і банты, і букеты кветак, якія ўпрыгожвалі ствалы галін, быццам вясёлых жаніха і нявесту і вясельных гасцей. Пры кожным павеве зефіру, напоенага водарам апельсінаў, на галінах і лістоце падымаўся шэлест, а залатая мішура храбусцела і трашчала, быццам радасная музыка, якая прываблівала зіхоткія агеньчыкі, і яны танцавалі і скакалі.
— Ах, як тут цудоўна! — усклікнула ў захапленні Мары.
— Мы ў Калядным лесе, ласкавая мадэмуазель,— сказаў Шчаўкунчык.
— Ах, як бы мне хацелася пабыць тут! Тут так цудоўна! — зноў усклікнула ў захапленні Мары.
Шчаўкунчык пляснуў у далоні, і зараз жа з’явіліся маленькія пастухі і пастушкі, паляўнічыя і гаспадыні, такія пяшчотныя і белыя, што можна было падумаць, нібы яны з чыстага цукру. Хоць яны і гулялі па лесе, Мары іх раней чамусьці не заўважыла. Яны прынеслі дзіва якое прывабнае залатое крэсла, паклалі на яго белую падушку з пасцілы і вельмі шчыра запрасілі Мары сесці. I зараз жа пастухі і пастушкі паказалі выдатны балет, а паляўнічыя тым часам досыць адмыслова трубілі ў рогі. Затым усе схаваліся ў кустарніку.
— Даруйце, дарагая мадэмуазель Штальбаўм,— сказаў Шчаўкунчык,— даруйце за такія бедныя танцы. Але гэта танцоры з нашага лялечнага балета, яны толькі і ведаюць, што паўтараюць адно і тое ж, а тое, што паляўнічыя так сонна і ляніва трубілі ў трубы, таксама мае свае прычыны. Банбаньеркі на ёлках хоць і вісяць у іх перад самым носам, але занадта высока. A цяпер ці не заўгодна вам прайсці далей?
— Ды што вы, балет быў проста нейкі цуд і мне вельмі спадабаўся! — сказала Мары, паднялася і пайшла за Шчаўкунчыкам.
Яны ішлі ўздоўж ручая, які бег з пяшчотным журчаннем і лепетам і напаўняў сваімі дзівоснымі пахамі ўвесь лес.
— Гэта Апельсінавы ручай,— адказаў Шчаўкунчык на роспыты Мары,— але, калі не лічыць яго цудоўнага водару, ён не можа параўнацца ні па велічыні, ні па прыгажосці з Ліманаднай ракой, якая, як і ён, уліваецца ў Возера міндальнага малака.
I сапраўды, неўзабаве Мары пачула больш моцны ўсплёск і журчанне і ўбачыла шырокую ліманадную плынь, якая несла свае гордыя светла-жоўтыя хвалі сярод зіхатлівых, як ізумруды, кустоў. Незвычайнай прахалодай, якая падбадзёрвала, цешыла грудзі і cappa, павявала ад цудоўных водаў. Непадалёку марудна цякла цёмна-жоўтая рака і распаўсюджвала дзівосна салодкі пах, а на беразе сядзелі прыгожыя дзеткі, якія вудзілі маленькіх тоўстых рыбак і тут жа з’ядалі іх. Мары падышла бліжэй і заўважыла, што рыбкі былі падобныя на ламбардскія арэхі. Крыху далей на беразе раскінулася вельмі прыгожая вёсачка. Хаты, царква, дом пастара, свірны былі цёмна-карычневымі з залатымі дахамі, а многія сцены былі распісаны так страката, быццам на іх наляпілі міндаліны і лімонныя цукаты.