Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
— Надта мала сала.
Тады несуцешная каралева бухнулася яму ў ногі і прастагнала:
— О мой бедны, няшчасны царственны муж! О, якое гора вам давялося вынесці! Але зірніце: віноўніца ля вашых ног — пакарайце, строга пакарайце мяне! Ах, Мышыльда са сваімі кумамі, цёткамі і сямю сынамі з’ела сала, і...
3 гэтымі словамі каралева непрытомна ўпала ніцма. Але кароль падхапіўся, чырвоны ад гневу, і злосна крыкнуў:
— Обер-гофмайстарына, як гэта здарылася?
Обер-гофмайстарына расказала, што ведала, і кароль рашыў адпомсціць Мышыльдзе і яе роду за тое, што яны зжэрлі сала, прызначанае для яго кілбас.
Склікалі тайны дзяржаўны савет. Вырашылі пачаць працэс супраць Мышыльды і забраць у казну ўсе яе ўладанні. Але кароль меркаваў, што пакуль гэта не перашкаджае Мышыльдзе, калі ёй задумаецца, з’ядаць сала, і таму даручыў усю справу прыдворнаму гадзіннікаваму майстру і чарадзею. Гэты чалавек, якога на-
зывалі гэтак жа, як і мяне, а іменна Крысціян-Эліас Дросельмейер, абяцаў пры дапамозе абсалютна новых, поўных дзяржаўнай мудрасці мер на векі вечныя выгнаць Мышыльду з усёй сям’ёй з палаца. I на самай справе: ён вынайшаў вельмі адмысловыя машынкі, у якіх на нітачцы было прывязана падсмажанае сала, і расставіў іх навокал жылля пані салаежкі.
Сама Мышыльда мела надта багаты вопыт, каб не зразумець хітрасці Дросельмейера, але ні яе папярэджванні, ні яе ўгаворы не дапамаглі: усе сем сыноў і многа-многа Мышыльдзіных кумоў і цётак, прывабленых смачным пахам смажанага сала, залезлі ў дросельмейераўскія машынкі і толькі хацелі паласавацца салам, як іх нечакана прычынілі дзверцы, што апускаліся самі, а затым палоннікаў аддалі на кухні ганебнай кары.
Мышыльда з невялічкай купкай ацалелых сваякоў пакінула гэтыя мясціны смуткуючы і плачучы. Гора, прага помсты клекаталі ў яе грудзях.
Двор радаваўся, але каралева была ўстрывожана: яна ведала Мышыльдзін нораў і выдатна разумела, што тая не пакіне не адпомшчанай смерць сыноў і блізкіх.
I сапраўды Мышыльда з’явілася акурат тады, калі каралева гатавала для вялікаснага мужа паштэт з ліверу, які ён вельмі ахвотна еў, і сказала так:
— Mae сыны, кумы і цёткі забіты. Сцеражыся, каралева: як бы каралева мышэй не загрызла маленькую прынцэсу! Сцеражыся!
Затым яна зноў знікла і больш не паяўлялася. Але каралева з пярэпалаху ўпусціла паштэт у агонь, і ў другі раз Мышыльда сапсавала любімую ежу караля, на што ён вельмі разгневаўся...
— Ну, на сённяшні вечар хопіць. Астатняе раскажу ў наступны раз,— нечакана закончыў хросны.
Як ні прасіла Мары, на якую аповяд зрабіў асаблівае ўражанне, працягваць, хросны Дросельмейер быў няўмольны і са словамі: “Надта многа адразу шкодна для здароўя; працяг заўтра” — падхапіўся з крэсла.
У тую хвіліну, калі ён наважыўся ўжо выйсці за дзверы, Фрыц спытаў:
— Скажы, хросны, гэта на самай справе праўда, што ты выдумаў мышалоўку?
— Што за лухту ты вярзеш, Фрыц? — усклікнула маці.
Але старшы саветнік суда вельмі дзіўна ўсміхнуўся і ціха сказаў:
— А чаму б мне, адмысловаму гадзіншчыку, не выдумаць мышалоўку?
ПРАЦЯГ КАЗКІ АБ ЦВЁРДЫМ АРЭХУ
— Ну, дзеці, цяпер вы ведаеце,— так працягваў на наступны вечар Дросельмейер,— чаму каралева загадала так пільна сцерагчы прыгожанькую прынцэсу Пірліпат. Як жа было ёй не баяцца, што Мышыльда выканае сваю пагрозу — вернецца і загрызе малютку прынцэсу! Машынка Дросельмейера ніколькі не дапамагала супраць разумнай і прадбачлівай Мышыльды, а прыдворны астролаг, які быў адначасова і галоўным прадказальнікам, заявіў, што толькі род ката Мура можа не дапусціць Мышыльду да калысачкі. Вось чаму кожнай няньцы загадана было трымаць на каленях аднаго з сыноў гэтага роду, якіх, дарэчы сказаць, ушанавалі чынам тайнага саветніка пасольства, і аблегчыць ім цяжар дзяржаўнай службы далікатным пачухваннем за вухам.
Неяк, ужо апаўночы, адна з дзвюх нянечак, якія сядзелі каля самай калысачкі, раптам ачнулася быццам ад глыбокага сну. Усё вакол было ахоплена сном. Ніякага мурлыкання — глыбокая, мёртвая цішыня, толькі чуваць ціканне жучка-тачыльшчыка. Але што адчула нянька, калі проста перад сабой убачыла вялікую агідную мыш, якая паднялася на заднія лапкі і паклала сваю злавесную галаву прынцэсе на твар! Нянь-
ка падхапілася з крыкам жаху, усе прачнуліся, але ў той жа момант Мышыльда — вялікая мыш каля калыскі Пірліпат была яна — хутка шуснула ў кут пакоя. Саветнікі пасольства кінуліся наўздагон, але не тут было: яна шмыгнула ў шчыліну ў падлозе. Пірліпатхэн прачнулася ад сумятні і вельмі жаласна заплакала.
— Дзякуй Богу,— усклікнулі нянечкі,— яна жывая!
Але як жа яны перапалохаліся, калі зірнулі на Пірліпатхэн і ўбачылі, што сталася з прыгожанькім, пяшчотным немаўлём! На худым, скурчаным цельцы замест кучаравай галоўкі румянага херувіма тырчала велізарная бясформенная галава; блакітныя, як лазурак, вочкі ператварыліся ў зялёныя, дурнавата вытарашчаныя глядзелкі, а роцік расцягнуўся да вушэй.
Каралева заходзілася слязамі і рыданнямі, а кабінет караля давялося абабіць ватай, таму што кароль біўся галавой аб сцяну і жаласным голасам паўтараў:
— Ах, я няшчасны манарх!..
Цяпер кароль, здавалася, мог бы зразумець, што лепш было б з’есці кілбасу без сала і пакінуць у спакоі Мышыльду з усімі яе запечнымі родзічамі, але аб гэтым бацька прынцэсы Піліпат не падумаў — ён вельмі проста зваліў усю віну на прыдворнага гадзіннікавага майстра і чарадзея Крысціяна-Эліаса Дросельмейера з Нюрнберга і аддаў мудры загад: Дросельмейер павінен на працягу месяца вярнуць прынцэсе Пірліпат яе ранейшае аблічча або прынамсі знайсці лепшы для таго сродак. Інакш ён будзе аддадзены ганебнай смерці ад рукі ката.
Дросельмейер не на жарт перапалохаўся. Аднак ён паспадзяваўся на сваё ўмельства і шчасце і адразу ж прыступіў да першай аперацыі, якую палічыў неабходнай. Ён вельмі спрытна разабраў прынцэсу Пірліпат на часткі, вывінціў ручкі і ножкі і агледзеў унутраную будову, але, на жаль, ён пераканаўся, што з узростам прынцэса будзе ўсё выродлівей, і не ведаў, як дапамагчы бядзе. Ён зноў старанна сабраў прынцэсу і засу-
маваў каля яе калыскі, ад якой не адважваўся адлучацца.
Ішоў ужо чацвёрты тыдзень; надышла серада, і кароль, бліскаючы ў гневе вачамі і патрэсваючы скіпетрам, заглянуў у дзіцячы пакой да Пірліпат і ўсклікнуў:
— Крысціян-Эліас Дросельмейер, вылечы прынцэсу, інакш табе не здабраваць!
Дросельмейер пачаў жаласна плакаць, а прынцэса Пірліпат тым часам весела лускала арэшкі. Упершыню гадзіннікавых спраў майстра і чарадзея ўразіла яе незвычайная любоў да арэхаў і тая акалічнасць, што яна з’явілася на свет ужо з зубамі. На самай справе, пасля ператварэння яна крычала безупынку, пакуль ёй выпадкова не трапіўся арэшак; яна разгрызла яго, з’ела зярнятка і зараз жа ўгаманілася. 3 таго часу нянькі раз-пораз суцяшалі яе арэхамі.
— О святы інстынкт прыроды, нязведаная сімпатыя ўсяго існага! — усклікнуў Крысціян-Эліас Дросельмейер.— Ты паказваеш мне браму тайны. Я пастукаюся, і яна адчыніцца.
Ён зараз жа папрасіў дазволу пагаварыць з прыдворным астролагам і быў адведзены да яго пад вартай. Абодва, заліваючыся слязамі, упалі адзін аднаму ў абдымкі, паколькі былі неразлучнымі сябрамі, затым зайшлі ў патайны кабінет і пачалі капацца ў кнігах, дзе гаварылася аб інстынкце, сімпатыях і антыпатыях і іншых таямнічых з’явах.
Надышла ноч. Прыдворны астролаг паглядзеў на зоркі і з дапамогай Дросельмейера, вялікага ўмельца і ў гэтай справе, склаў гараскоп прынцэсы Пірліпат. Зрабіць гэта было вельмі цяжка, бо лініі заблытваліся ўсё болып і больш, але — о радасць! — нарэшце ўсё стала зразумелым: каб пазбавіцца ад чарадзейства, якое яе абязвечыла, і вярнуць сабе былую прыгажосць, прынцэсе Пірліпат дастаткова было з’есці ядро арэха Кракатук.
У арэха была такая цвёрдая шкарлупіна, што па ім магла праехацца саракавасьміфунтовая гармата і не раздушыць яго. Гэты цвёрды арэх павінен быў раз-
грызці і, зажмурыўшыся, паднесці прынцэсе чалавек, які ніколі яшчэ не галіўся і не насіў ботаў. Затым юнаку варта адступіць на сем крокаў не спатыкнуўшыся і тады расплюшчыць вочы.
Тры дні і тры ночы без стомы працавалі Дросельмейер з астролагам, і акурат у суботу, калі кароль палуднаваў, да яго ўварваўся радасны і вясёлы Дросельмейер, якому ў нядзелю раніцай павінны былі адсекчы галаву, і абвясціў, што знойдзены сродак вярнуць прынцэсе Пірліпат страчаную красу. Кароль абняў яго горача і зычліва і паабяцаў яму брыльянтавую шпагу, чатыры ордэны і два новыя святочныя каптаны.
— Пасля абеду мы зараз жа і пачнём,— ласкава дабавіў кароль.
— Паклапаціся, дарагі чарадзей, каб няголены малады чалавек у чаравіках быў пад рукой і, як патрэбна, з арэхам Кракатук. I не давайце яму віна, a то як бы ён не спатыкнуўся, калі, быццам рак, будзе адступаць сем крокаў. Затым няхай п’е ўдосталь!
Дросельмейера напалохала прамова караля, і, збянтэжаны і баязлівы, ён прызнаўся, што сродак, праўда, знойдзены, але што абодвух — і арэх і маладога чалавека, які павінен яго разгрызці,— трэба спачатку адшукаць, прычым пакуль яшчэ вельмі сумніўна, ці можна знайсці арэх і шчаўкунчыка. У моцным гневе патрос кароль скіпетрам над венчанай галавой і зарыкаў, як леў:
— Ну, дык табе адсякуць галаву!
На шчасце знямоглага ад страху і гора Дросельмейера, якраз сёння абед спадабаўся каралю, і таму ён схільны быў слухаць разумныя ўгаворы, на якія не паскупілася вялікадушная каралева, якая была ўражаная лёсам няшчаснага гадзіншчыка. Дросельмейер падбадзёрыўся і пачціва далажыў каралю, што, уласна, вырашыў задачу — знайшоў сродак для лячэння прынцэсы, і тым самым заслужыў памілаванне. Кароль назваў гэта дурной адгаворкай і пустой балбатнёй, але, у рэшце рэшт, выпіўшы шклянку страўнікавай настойкі, вырашыў, што абодва — гадзіншчык і
астролаг — рушаць у дарогу і не вернуцца да таго часу, пакуль у іх у кішэні не будзе арэха Кракатук. А чалавека, патрэбнага для таго, каб разгрызці арэх, вырашылі, як параіла каралева, адшукаць шляхам шматразовых аб’яў у мясцовых і замежных газетах і ведамасцях з запрашэннем з’явіцца ў палац...
На гэтым хросны Дросельмейер замоўк і паабяцаў закончыць казку ў наступны вечар.
КАНЕЦ КАЗКІ
АБ ЦВЁРДЫМ АРЭХУ
I сапраўды, на наступны дзень вечарам, як толькі запалілі свечкі, з’явіўся хросны Дросельмейер і так працягваў свой расказ: