Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Кажуць, што і сапраўды на Каляды бачылі маладога Дросельмейера ў Нюрнбергу ў краме яго бацькі,— хоць і ў вобліку Шчаўкунчыка, але ўсё ж у сане прынца.
Вось вам, дзеці, казка аб цвёрдым арэху. Цяпер вы зразумелі, чаму кажуць: “Паспрабуй раскусіць такі арэх!”, і чаму шчаўкунчыкі настолькі пачварныя...
Так закончыў старшы саветнік суда свой расказ.
Мары вырашыла, што Пірліпат — вельмі брыдкая і няўдзячная прынцэса, а Фрыц запэўніваў, што калі Шчаўкунчык і напраўду храбрэц, ён не будзе асабліва цырымоніцца з мышыным каралём і верне сабе былую красу.
ДЗЯДЗЬКА I ПЛЯМЕННІК
Каму з маіх высокапаважаных чытачоў альбо слухачоў здаралася парэзацца шклом, той ведае, як гэта балюча і што гэта за кепская штука, паколькі рана зажывае вельмі марудна. Мары давялося правесці ў пасцелі амаль цэлы тыдзень, таму што пры ўсякай спробе падняцца ў яе кружылася галава. Усё ж у рэшце рэшт яна зусім паправілася і зноў весела магла скакаць па пакоі.
У шкляной шафе ўсё блішчала навізной — і дрэвы, і кветкі, і дамы, і па-святочнаму расфуфыраныя лялькі, а галоўнае, Мары знайшла там свайго любага Шчаўкунчыка, які ўсміхаўся ёй з другой паліцы, вышчэрваючы два рады цэлых зубоў. Калі яна, радуючыся ад усёй душы, глядзела на свайго любімца, у яе раптам зашчымела сэрца: а калі ўсё, што расказаў хросны — гісторыя пра Шчаўкунчыка і пра яго сварку з Мышыльдай і яе сынам,— калі ўсё гэта праўда? Цяпер яна ведала, што яе Шчаўкунчык — малады Дросельмейер з Нюрнберга, прыгожы, але, на жаль, зачараваны Мышыльдай пляменнік хроснага Дросельмейера.
У тым, што адмысловы гадзіншчык пры двары бацькі прынцэсы Пірліпат быў ніхто іншы, як старшы саветнік суда Дросельмейер, Мары ні хвіліны не сумнявалася ўжо ў час аповяду. “Але чаму ж дзядзька не дапамог табе, чаму ён не дапамог табе?” — абуралася Мары, і ў ёй усё мацнела перакананне, што бой, пры якім яна прысутнічала, ішоў за Шчаўкунчыкава каралеўства і карону.
“Усе ж лялькі падпарадкоўваліся яму, і абсалютна ясна, што збылося прароцтва прыдворнага астролага і малады Дросельмейер стаў каралём у лялечным царстве”.
Разважаючы так, разумная Мары, якая надзяліла Шчаўкунчыка і яго васалаў жыццём і здольнасцю рухацца, была пераканана, што яны і на самай справе вось-вось ажывуць і заварушацца. Але не тут было: у шафе ўсё стаяла нерухома па сваіх месцах. Аднак Мары і не думала адмаўляцца ад свайго ўнутранага пераконвання — яна проста вырашыла, што ўсяму прычынай варажба Мышыльды і яе сямігаловага сына.
— Хоць вы і не ў стане паварушыцца ці вымавіць слоўца, любы пан Дросельмейер,— сказала яна Шчаўкунчыку,— усё ж я ўпэўнена, што вы мяне чуеце і ведаеце, як добра я да вас адношуся. Разлічвайце на маю дапамогу, калі яна вам спатрэбіцца. Прынамсі, я папрашу дзядзю, каб ён падсабіў вам, калі ў тым будзе патрэба, сваім умельствам!
Шчаўкунчык стаяў спакойна і не рухаўся з месца, але Мары падалося, быццам па шкляной шафе пранёсся лёгкі ўздых, ад чаго ледзь чутна, але дзіўна меладычна зазвінела шкло, і тоненькі, ценькі, як званочак, галасок праспяваў:
— Марыя, друг, ахоўнік мой! He трэба мук — я буду твой.
У Мары ад страху па спіне забегалі мурашкі, але, як ні дзіўна, ёй было чамусьці вельмі прыемна.
Надышоў прыцемак. У пакой зайшлі бацькі з хросным Дросельмейерам. Крыху спагадзя Луіза падала чай, і ўся сям’я, весела перамаўляючыся, села за стол. Мары ціхенька прынесла сваё крэселка і села каля ног хроснага. Улучыўшы хвілінку, калі ўсе замоўклі, Мары паглядзела вялікімі блакітнымі вачыма проста ў твар старшаму саветніку суда і сказала:
— Цяпер, дарагі хросны, я ведаю, што Шчаўкунчык — твой пляменнік, малады Дросельмейер з Нюрнберга. Ён стаў прынцам альбо, дакладней, каралём: усё так і здарылася, як прадказаў твой спадарожнік, астролаг. Але ж ты ведаеш, што ён аб’явіў вайну сыну пані Мышыльды, выродліваму мышынаму каралю. Чаму ты яму не дапаможаш?
I Мары зноў расказала ўвесь ход бітвы, пры якой прысутнічала, і часта яе перапыняў гучны смех маці і Луізы. Толькі Фрыц і Дросельмейер захоўвалі сур’ёзнасць.
— Адкуль толькі дзяўчынка набралася такога глупства? — спытаў саветнік медыцыны.
— Ну, у яе проста багатая фантазія,— адказала маці.— Па сутнасці, гэта трызненне, спароджанае моцнай гарачкай.
— Усё гэта няпраўда,— сказаў Фрыц.— Mae гусары — не такія баязліўцы, інакш я ім паказаў бы!
Але хросны, дзіўна ўсміхаючыся, пасадзіў малышку Мары на калені і загаварыў ласкавей, чым звычайна:
— Ах, мілая Мары, табе дадзена болей, чым мне і ўсім нам. Ты, як і Пірліпат,— прыроджаная прынцэ-
са: ты кіруеш цудоўным светлым царствам, але багата давядзецца табе сцярпець, калі ты возьмеш пад сваю ахову беднага вырадка Шчаўкунчыка! Мышыны ж кароль сцеражэ яго на ўсіх шляхах і дарогах. Ведай: не я, а ты, ты адна можаш выратаваць Шчаўкунчыка. Будзь стойкай і адданай.
Ніхто — ні Мары, ні астатнія не зразумелі, што меў на ўвазе Дросельмейер; а саветніку медыцыны словы хроснага падаліся такімі дзіўнымі, што ён памацаў у яго пульс і сказаў:
— У вас, дарагі сябар, моцны прыліў крыві да галавы; я вам прапішу лякарства.
Толькі жонка саветніка медыцыны задумліва пахітала галавой і заўважыла:
— Я здагадваюся, што мае на ўвазе пан Дросельмейер, але выказаць гэта словамі не магу.
ПЕРАМОГА
Мінула крыху часу, і неяк месячнай ноччу Мары разбудзіла дзіўнае пастукванне, якое, здавалася, ішло з кута, быццам там раскідвалі і перасыпалі каменьчыкі, а іншы раз чуўся агідны віскат і піск.
— Ай, мышы, мышы, зноў тут мышы! — ад страху закрычала Мары і хацела ўжо разбудзіць маці, але словы заселі ў яе ў горле.
Яна не магла нават паварушыцца, таму што ўбачыла, як з дзіркі ў сцяне з цяжкасцю вылез мышыны кароль і, бліскаючы вачыма і каронамі, пачаў шастаць па ўсім пакоі; раптам ён адным махам скочыў на столік, які стаяў каля самага ложачка Мары.
— Хі-хі-хі! Аддай мне ўсё дражэ, увесь марцыпан, дурнічка, інакш я загрызу твайго Шчаўкунчыка, загрызу Шчаўкунчыка! — пішчаў мышыны кароль і пры гэтым агідна скрыпеў і скрыгатаў зубамі, а потым хутка схаваўся ў дзірку ў сцяне.
Мары так напалохала паяўленне страшнага мышы-
нага караля, што назаўтра раніцай яна зусім асунулася і ад хвалявання не магла вымавіць ні слова. Сто разоў збіралася яна расказаць маці, Луізе, або хоць бы Фрыцу аб тым, што з ёю здарылася, але думала: “Хіба мне хто-небудзь паверыць? Мяне проста падымуць на смех”.
Аднак ёй было абсалютна зразумела, што дзеля выратавання Шчаўкунчыка яна павінна будзе аддаць дражэ і марцыпан. Таму вечарам яна паклала ўсе свае цукеркі на ніжні выступ шафы. Назаўтра маці сказала:
— He ведаю, адкуль узяліся мышы ў нас у гасцёўні. Зірні, Мары, яны ў цябе, небаракі, усе цукеркі з’елі.
Так яно і было. Марцыпан з начынкай не спадабаўся пражэрліваму мышынаму каралю, але ён так абгрыз яго вострымі зубкамі, што рэшткі давялося выкінуць.
Мары ніколькі не шкадавала аб ласунках: у глыбіні душы яна радавалася, паколькі думала, што выратавала Шчаўкунчыка. Але што яна адчула, калі на наступную ноч у яе над самым вухам пачуўся піск і віскат! Ах, мышыны кароль быў тут як тут, і яшчэ агідней, чым у мінулую ноч, зіхацелі ў яго вочы і яшчэ агідней прапішчаў ён праз зубы:
— Аддай мне тваіх цукровых лялек, дурнічка, інакш я загрызу твайго Шчаўкунчыка, загрызу Шчаўкунчыка!
3 гэтымі словамі страшны мышыны кароль знік.
Мары была вельмі засмучана. На наступную раніцу яна падышла да шафы і скрушна паглядзела на цукровых лялек. I гора яе было зразумелае. Бо ты не паверыш, уважлівая мая слухачка Мары, якія найдзівосныя цукровыя фігуркі былі ў Мары Штальбаўм: прывабныя пастушок з пастушкай пасвілі чараду беласнежных баранчыкаў, а побач гарэзнічаў іх сабачка; тут жа стаялі два паштальёны з пісьмамі ў руках і чатыры вельмі мілавідныя пары — фарсістыя юнакі і разадзетыя ў пух і прах дзяўчаты — гушкаліся на рускіх арэлях. Потым ішлі танцоры, а зусім у кутку
стаяў чырванашчокі дзяцюк — любімец Мары... Слёзы пырснулі ў яе з вачэй.
— Ах, любы пан Дросельмейер,— усклікнула яна, звяртаючыся да Шчаўкунчыка,— чаго я толькі не зраблю, абы выратаваць вам жыццё, але, ах, як гэта цяжка!
Аднак у Шчаўкунчыка быў такі жаласны выгляд, што Мары, якой і без таго здавалася, быццам мышыны кароль разявіў усе свае сем пашчаў і хоча праглынуць няшчаснага юнака, вырашыла ахвяраваць дзеля яго ўсім.
Дык вось, вечарам яна паставіла ўсіх цукровых лялек на ніжні выступ шафы, куды да таго клала ласункі. Пацалавала пастуха, пастушку, авечак; апошнім выцягнула яна з кутка свайго любімца — чырванашчокага дзецюка — і паставіла яго за ўсімі іншымі лялькамі.
— He, гэта ўжо занадта! — усклікнула на наступную раніцу пані Штальбаўм.— Відаць, у шкляной шафе гаспадарыць вялікая, пражэрлівая мыш: у небаракі Мары пагрызены і аб’едзены ўсе прыгожанькія цукровыя лялечкі!
Мары, праўда, не магла стрымацца і заплакала, але хутка ўсміхнулася праз слёзы, таму што падумала: “Што ж рабіць, затое Шчаўкунчык цэлы!”
Вечарам, калі маці расказвала пану Дросельмейеру пра тое, што натварыла мыш у шафе ў дзяцей, бацька ўсклікнуў:
— Што за брыдота! Ніяк не ўдаецца вывесці мярзотную мыш, якая гаспадарыць у шкляной шафе і з’ядае ў беднай Мары ўсе ласункі.
— Вось што,— весела сказаў Фрыц,— унізе, у булачніка, ёсць выдатны шэры саветнік пасольства. Я забяру яго да нас наверх: ён хутка скончыць з гэтай справай і адгрызе мышы галаву, няхай гэта хоць Мышыльда ці яе сын, мышыны кароль.
— А заадно будзе скакаць на сталы і крэслы і пераб’е шклянкі і кубкі, і наогул з ім бяды не абярэшся! — смеючыся, закончыла маці.
— Ды не ж! — запярэчыў Фрыц.— Гэты саветнік пасольства — надта спрытны. Мне б хацелася б так хадзіць па даху, як ён!
— He ўжо, калі ласка, не трэба ката на ноч,— прасіла Луіза, якая не любіла кошак.
— Уласна кажучы, Фрыц мае рацыю,— згадзіўся тата.— А пакуль можна паставіць мышалоўку. Ёсць у нас мышалоўка?
— Хросны зробіць нам выдатную мышалоўку: ён жа іх вынайшаў! — закрычаў Фрыц.
Усе засмяяліся, а калі пані Штальбаўм сказала, што ў доме няма ніводнай мышалоўкі, Дросельмейер заявіў, што ў яго іх некалькі, і сапраўды зараз жа загадаў прынесці з дому выдатную мышалоўку.
Казка хроснага аб цвёрдым арэху ажыла для Фрыца і Мары. Калі кухарка падсмажвала сала, Мары бялела і дрыжала. Усё яшчэ захопленая казкай з яе дзівосамі, яна неяк нават сказала кухарцы Доры, сваёй даўняй знаёмай: