Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
— Гэта сяло Пернікавае,— сказаў Шчаўкунчык.— Размешчана яно на беразе Мядовай ракі. Народ у ім жыве прыгожы, але вельмі сярдзіты, таму што ўсе там пакутуюць зубным болем. Лепей мы туды не пойдзем.
У той жа момант Мары заўважыла прыгожы гарадок, у якім усе дамы да аднаго былі квяцістыя і празрыстыя. Шчаўкунчык накіраваўся прама туды, і вось Мары пачула бесталковы вясёлы гоман і ўбачыла тысячу зграбных чалавечкаў, якія разбіралі і разгружалі з коптурам нагружаныя вазы, што цясніліся на базары. А тое, што яны даставалі, нагадвала стракатыя рознакаляровыя паперкі і пліткі шакаладу.
— Мы ў Цукеркенхаўзене,— сказаў Шчаўкунчык,— зараз акурат прыбылі пасланцы з Папяровага каралеўства і ад шакаладнага караля. He так даўно бедным
цукеркенхаўзенцам пагражала армія камарынага адмірала, таму яны накрываюць свае дамы дарамі Папяровай дзяржавы і ўзводзяць умацаванне з трывалых пліт, што прыслаў шакаладны кароль. Але, бясцэнная мадэмаузель Штальбаўм, мы не можам наведаць усе гарадкі і вёсачкі краіны — у сталіцу, у сталіцу!
Шчаўкунчык заспяшаўся далей, а Мары, згараючы ад нецярпення, не адставала ад яго. Неўзабаве павеяла дзіўным водарам ружаў, і ўсё быццам асвяцілася пяшчотным ружовым ззяннем. Мары заўважыла, што гэта быў водбліск ружова-пунсовых водаў, якія з прыемнамеладычным гукам пляскаліся і журчалі каля яе ног. Хвалі ўсё прыбывалі і прыбывалі і нарэшце ператварыліся ў вялікае прыгожае возера, а па ім плавалі дзівосныя серабрыста-белыя лебедзі з залатымі стужачкамі на шыі і спявалі цудоўныя песні. Брыльянтавыя рыбкі, быццам у вясёлых скоках, ныралі і перакульваліся ў ружовых хвалях.
— Ах,— у захапленні ўсклікнула Мары,— але ж гэта тое самае возера, што аднойчы паабяцаў мне зрабіць хросны! А я — тая самая дзяўчынка, што павінна была забаўляцца з маленькімі лебедзямі.
Шчаўкунчык усміхнуўся так насмешліва, як яшчэ ні разу не ўсміхаўся, а потым сказаў:
— Дзядзька ніколі не зможа змайстраваць штосьці падобнае. Хутчэй вы, мілая мадэмуазель Штальбаўм... Але ці варта над гэтым раздумваць! Лепей пераправімся па Ружаваму возеру на той бок, у сталіцу.
СТАЛІЦА
Шчаўкунчык зноў запляскаў у далоні. Ружовае возера зашумела мацней, вышэй захадзілі хвалі, і Мары заўважыла наводдаль двух дэльфінаў з залатою лускою, якія былі запрэжаны ў ракавіну, а яна ззяла яркімі, як сонца, каштоўнымі камянямі. Дванаццаць прывабных арапчыкаў у шапачках і фартушках, выт-
каных з радужных пярынак калібры, саскочылі на бераг і, лёгка слізгаючы па хвалях, перанеслі спярша Мары, а потым Шчаўкунчыка ў ракавіну, якая зараз жа памчалася па возеры.
Ах, як прыемна было плыць у ракавіне, якую абвявалі водары ружаў і абмывалі ружовыя хвалі! Дэльфіны з залатой лускою паднялі морды і пачалі выкідваць хрустальныя струмені высока ўгару, а калі гэтыя струмені спадалі з вышыні зіхоткімі і іскрыстымі дугамі, здавалася, што быццам спяваюць два цудоўныя, пяшчотна-серабрыстыя галаскі:
“Хто па возеры праплыў? Фея водаў — дзіва дзіў! Рыбкі плёскаюць ваду, а камарыкі: ду-ду! Цуда-птушачка: ла-ла! Феі, лебедзям — хвала! Ззяйце, хвалі, як агмень! Ліся, сонечны струмень!”
Але дванаццаці арапчыкам, якія заскочылі позаду ў ракавіну, відаць, зусім не спадабаліся спевы вадзяных струменяў. Яны так трэслі сваімі парасонікамі, што лісты фінікавых пальмаў, з якіх яны былі сплецены, мяліся і гнуліся, а арапчыкі адбівалі нагамі нейкі невядомы такт і спявалі:
“Топі-ціп і ціп-і-топ, хлоп-хлоп-хлоп! Мы па водах у карагодах! Птушкі, рыбкі — на прагулку, услед за ракавінай гулкай! Топ-і-ціп і ціп-і-топ, хлоп-хлоп-хлоп!”
— Арапчыкі — вельмі вясёлы народ,— сказаў трошкі збянтэжаны Шчаўкунчык,— але як бы яны не ўскаламуцілі мне ўсё возера!
I праўда, неўзабаве пачуўся гучны гул: дзіўныя галасы, здавалася, плылі над возерам. Але Мары не звяртала на іх увагі — яна глядзела ў духмяныя хвалі, адкуль ёй усміхаліся пяшчотныя дзявочыя тварыкі.
— Ах,— радасна закрычала яна, пляскаючы ў далоні,— паглядзіце ж, любы пан Дросельмейер: там прынцэса Пірліпат! Яна так ласкава мне ўсміхаецца... Ды паглядзіце ж, любы пан Дросельмейер!
Але Шчаўкунчык журботна ўздыхнуў і сказаў:
— О бясцэнная мадэмуазель Штальбаўм, гэта не прынцэса Пірліпат, гэта вы. Толькі вы самі, толькі ваш
уласны цудоўны тварык ласкава ўсміхаецца з кожнай хвалі.
Тады Мары хутка адвярнулася, моцна заплюшчыла вочы і зусім збянтэжылася. У тое ж імгненне дванаццаць арапчыкаў падхапілі яе і вынеслі з ракавіны на бераг. Яна апынулася ў невялікім ляску, які быў, бадай, яшчэ прыгажэйшы, чым Калядны лес — так усё тут зіхацела і іскрылася; асабліва цудоўныя былі дзівосныя фрукты, якія віселі на дрэвах, выключныя не толькі па афарбоўцы, але і па незвычайным паху.
— Мы ў Цукатным гаі,— сказаў Шчаўкунчык,— вунь там — сталіца.
Ах, што ж убачыла Мары! Як мне апісаць вам, дзеці, прыгажосць і пышнасць горада, які паўстаў перад вачыма Мары? Горад шырока раскінуўся на ўсыпанай кветкамі раскошнай паляне. Ён блішчаў не толькі вясёлкавымі фарбамі сцен і вежаў, але і мудрагелістай формай пабудоў, зусім не падобных на звычайныя дамы.
Замест дахаў іх ахіналі адмыслова сплеценыя вянкі, а вежы былі перавіты такімі прыгожымі стракатымі гірляндамі, што і ўявіць сабе нельга.
Калі Мары і Шчаўкунчык праходзілі праз вароты, якія, здавалася, былі збудаваны з міндальнага пячэння і цукатаў, сярэбраныя салдацікі ўзялі на каравул, a чалавечак у парчовым шлафроку абняў Шчаўкунчыка са словамі:
— Калі ласка, шаноўны прынц! Калі ласка ў Цукеркенбург.
Мары вельмі здзівілася, што такі знатны вяльможа называе пана Дросельмейера прынцам. Але тут да іх данёсся гоман тоненькіх галаскоў, якія шумна перабівалі адзін аднаго, даляцелі гукі радасці і смеху, спевы і музыка, і Мары забыла аб усім, зараз жа спытала Шчаўкунчыка, што гэта?
— О паважаная мадэмуазель Штальбаўм,— адказаў Шчаўкунчык,— здзіўляцца тут няма чаму: Цукер-
кенбург — мнагалюдны, вясёлы горад, тут кожны дзень гулянне і шум. Будзьце ласкавы, пойдзем далей.
Праз некалькі крокаў яны апынуліся на вялікай, здзіўляюча прыгожай базарнай плошчы. Усе дамы былі прыхарошаны цукровымі галерэямі ажурнай работы. Пасярэдзіне, як абеліск, узвышаўся глазіраваны салодкі пірог, абсыпаны цукрам, а вакол з чатырох адмыслова зробленых фантанаў білі ўгару струмені ліманаду, аршаду і іншых смачных прахаладжальных напояў. Басейн быў поўны збітай смятанкі, якую так і хацелася зачэрпнуць лыжкай. Але прывабней за ўсё былі чароўныя чалавечкі, што ў вялікім мностве стоўпіліся тут. Яны весяліліся, смяяліся, жартавалі і спявалі; гэта іх вясёлы гоман Мары чула яшчэ здалёк.
Тут былі святочна разадзетыя кавалеры і дамы, армяне і грэкі, габрэі і тырольцы, афіцэры і салдаты, і манахі, і пастухі, і блазны — словам, усякі люд, які толькі сустракаецца на белым свеце. У адным месцы на рагу падняўся страшэнны гвалт: народ кінуўся ўроссып, таму што акурат у гэты час праносілі ў паланкіне Вялікага Магола, і яго суправаджалі дзевяноста тры вяльможы і семсот нявольнікаў. Але ж трэба было здарыцца, што на другім рагу цэх рыбакоў, у колькасці пяцісот чалавек, наладзіў урачыстае шэсце, а, на бяду, турэцкаму султану якраз уздумалася праехацца ў суправаджэнні трох тысяч янычар па базары; да таго ж прама на салодкі пірог насоўвалася са звонкай музыкай і спевам “Слава магутнаму сонцу, слава!” працэсія “перапыненага ўрачыстага ахвярапрынашэння”. Ну і паднялася ж сумятня, таўкатня і віскат! Неўзабаве пачуліся енкі, таму што ў беганкі якісьці рыбак збіў галаву браміну, а Вялікага Магола ледзь было не задушыў блазан. Шум рабіўся ўсё шалёней і шалёней. Пачаліся ўжо таўкатня і бойка, але тут чалавечак у парчовым шлафроку, той самы, што каля варот вітаў Шчаўкунчыка ў якасці прынца, ускарабкаўся на пірог і, тройчы тузануўшы галасісты званочак, тройчы моцна крыкнуў: “Кандытар! Кандытар! Кандытар!” Штур-
ханіна мігам уляглася; кожны ратаваўся як мог, і пасля таго, як распаліся зблытаныя шэсці, калі вычысцілі перапэцканага Вялікага Магола і зноў насадзілі галаву браміну, зноў пайшло перапыненае шумнае гулянне.
— У чым тут справа з кандытарам, шаноўны пан Дросельмейер? — спытала Мары.
— Ах, бясцэнная мадэмуазель Штальбаўм, кандытарам тут называюць невядомую, але вельмі страшную сілу, якая, паводле мясцовага павер’я, можа зрабіць з чалавекам усё, што ёй уздумаецца,— адказаў Шчаўкунчык.— Гэта той рок, які валадарыць над гэтым вясёлым народам, і жыхары так яго баяцца, што адным напамінкам яго імя можна ўціхамірыць самую вялікую штурханіну, як гэта зараз даказаў пан бургамістр. Тады ніхто ўжо не думае аб зямным, аб кухталях і гузаках на лобе, кожны замыкаецца ў сабе і кажа: “Што ёсць чалавек і ўва што ён можа ператварыцца?”
Гучны крык здзіўлення — не, крык захаплення вырваўся ў Мары, калі яна раптам апынулася перад замкам з сотняй паветраных вежак, што свяціліся ружова-пунсовым ззяннем. Там і сям па сценах былі рассыпаны раскошныя букеты фіялак, нарцысаў, цюльпанаў, ляўкояў, якія адцянялі асляпляльную, з адлівам пунсовага святла белізну фона. Вялікі купал цэнтральнага будынка і востраканечныя дахі вежаў былі ўсыпаны тысячамі зорак, якія зіхацелі золатам і срэбрам.
— Вось мы і ў Марцыпанавым замку,— сказаў Шчаўкунчык.
Мары не адводзіла вачэй ад чароўнага палаца, але ўсё ж заўважыла, што на адной вялікай вежы не хапае даху, над узнаўленнем якога, мабыць, працавалі чалавечкі, што стаялі на памосце з карыцы. He паспела яна задаць пытанне Шчаўкунчыку, як ён сказаў:
— Зусім нядаўна замку пагражала вялікая бяда, a можа быць, і поўнае разбурэнне. Велікан Ласун праходзіў міма, хутка адкусіў ён дах вунь з той вежы і
ўзяўся ўжо за вялікі купал, але жыхары Цукеркенбурга ўлешчылі яго, паднёсшы ў выглядзе выкупу чвэрць горада і значную частку Цукатнага гаю. Ён закусіў імі і выправіўся далей.
Раптам ціха загучала вельмі прыемная, пяшчотная музыка. Вароты замка расчыніліся, і адтуль выйшлі дванаццаць маленькіх пажоў з запаленымі факеламі з сцяблін гваздзікоў у ручках. Галовы ў іх былі з жамчужын, тулавы — з рубінаў і ізумрудаў, а рухаліся яны на залатых ножках адмысловай работы. За імі ішлі чатыры дамы амаль такога ж росту, як Клерхен, у незвычайна шыкоўных і бліскучых уборах; Мары мігам пазнала ў іх прыроджаных прынцэс. Яны пяшчотна абнялі Шчаўкунчыка і пры гэтым усклікнулі са шчырай радасцю: