Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Некалькі дзён ёй давялося ляжаць у ложку і глытаць лекі, хоць, калі не лічыць болю ў локці, яна амаль не адчувала недамагання. Яна ведала, што мілы Шчаўкунчык выйшаў з бітвы цэлы і непашкоджаны, і часам ёй як праз сон здавалася, быццам ён вельмі рэальным, хоць і надзвычай журботным голасам кажа ёй: “Мары, цудоўная дама, многім я вам абавязаны, але вы можаце зрабіць для мяне яшчэ больш”.
Мары дарэмна раздумвала, што б гэта магло быць, але нічога не прыходзіла ёй у галаву. Гуляць па-сапраўднаму яна не магла з-за хворай рукі, а калі бралася за чытанне або пачынала перагортваць кніжку з малюнкамі, у яе вачах пярэсціла так, што даводзілася адмаўляцца ад гэтага занятку. Таму час цягнуўся для яе бясконца доўга, і Мары ледзь магла дачакацца надвячорка, калі маці садзілася каля яе ложка і чытала і расказвала ўсялякія дзівосныя гісторыі.
Вось і зараз якраз скончыла займальную казку пра прынца Факардзіна, як раптам прачыніліся дзверы і зайшоў хросны Дросельмейер.
— Ну, дайце мне паглядзець на нашу бедную параненую Мары,— сказаў ён.
Як толькі Мары ўбачыла хроснага ў звычайным жоўтым сурдуце, у яе перад вачыма з усёй маляўнічасцю ўсплыла тая ноч, калі Шчаўкунчык пацярпеў паражэнне ў бітве з мышамі, і яна міжволі крыкнула старшаму саветніку суда:
— О хросны, як ты брыдка зрабіў! Я выдатна бачыла, як ты сядзеў на гадзінніку і звесіў на яго свае крылы, каб гадзіннік біў цішэй і не спалохаў мышэй. Я выдатна чула, як ты паклікаў мышынага караля. Чаму
ты не паспяшаўся на дапамогу Шчаўкунчыку, чаму ты не паспяшаўся на дапамогу мне, брыдкі хросны? Ва ўсім ты адзін вінаваты. 3-за цябе я парэзала руку і цяпер павінна ляжаць хворая ў пасцелі!
Маці са страхам спытала:
— Што з табой, дарагая Мары?
Але хросны зрабіў дзіўную міну і загаварыў траскучым, манатонным голасам:
— Ходзіць маятнік са скрыпам. Меней стуку на дакуку! Трык-і-трак! Ды як глядзець — будзе маятнік скрыпець, песні пець. Бім-і-бом — праб’е званок. He палохайся, дружок. Б’е званок — мацней, цішэй. Мала радасці ў мышэй. А пасля зляціць сава. Раз-і-два і разі-два! Б’е гадзіннік — тэрмін выпаў. Ходзіць маятнік са скрыпам. Меней стуку на дакуку. Цік-і-так і трыкі-трак!
Мары шырока расплюшчанымі вачыма ўтаропілася на хроснага, таму што ён здаваўся зусім іншым і намного больш выродлівым, чым звычайна, а правай рукой ён махаў узад і ўперад, нібы блазан, якога тузаюць за вяровачку.
Яна б вельмі напалохалася, калі бы тут не было маці і калі б Фрыц, які прашмыгнуў у спальню, не перапыніў хроснага гучным смехам.
— Ах, хросны Дросельмейер,— усклікнуў Фрыц,— сёння ты зноў такі пацешны! Ты крыўляешся зусім як мой блазан, якога я даўно ўжо закінуў за печку.
Маці па-ранейшаму была вельмі сур’ёзная і сказала:
— Дарагі пан старшы саветнік, гэта ж сапраўды дзіўная штука. Што вы маеце на ўвазе?
— Божа мой, хіба вы забылі маю любімую песеньку гадзіннікавага майстра? — адказаў Дросельмейер, смеючыся. — Я заўсёды спяваю яе такім хворым, як Мары.— I ён хутка падсеў да ложка і сказаў:— He злуйся, што я не выдрапаў мышынаму каралю ўсе чатырнаццаць вачэй адразу, гэтага нельга было зрабіць. А затое я цябе зараз парадую.
3 гэтымі словамі старшы саветнік суда палез у кішэню і выцягнуў адтуль — як вы думаеце, дзеці, што? — Шчаўкунчыка, якому ён вельмі ўмела ўставіў зламаныя зубкі і выправіў хворую сківіцу.
Мары гучна ўскрыкнула ад радасці, а мама сказала, усміхаючыся:
— Вось бачыш, як клапоціцца хросны пра твайго Шчаўкунчыка...
— А ўсё-такі прызнайся, Мары,— перабіў хросны пані Штальбаум,— Шчаўкунчык жа не вельмі зграбны і непрыгожы сабой. Калі табе хочацца паслухаць, я ахвотна раскажу, як такая выродлівасць паявілася ў яго сям’і і стала там спадчыннай. А можа быць, ты ўжо ведаеш казку аб прынцэсе Пірліпат, ведзьме Мышыльдзе і адмысловым гадзіншчыку?
— Паслухай жа, хросны! — умяшаўся ў размову Фрыц.— Што праўда, то праўда: ты выдатна ўставіў зубы Шчаўкунчыку і сківіца таксама ўжо не хістаецца. Але чаму ў яго няма шаблі? Чаму ты не павязаў яму шаблю?
— Ну ты, неўгамонны,— прабурчаў старшы саветнік суда,— ніяк на цябе не дагадзіш! Шабля Шчаўкунчыка мяне не тычыцца. Я вылечыў яго — няхай сам раздабывае сабе шаблю дзе хоча.
— Правільна! — усклікнуў Фрыц.— Калі ён храбры дзяцюк, то раздабудзе сабе зброю.
— Такім чынам, Мары,— працягваў хросны,— скажы, ці ведаеш ты казку аб прынцэсе Пірліпат?
— Ах не! — адказала Мары.— Раскажы, любы хросны, раскажы!
— Спадзяюся, дарагі пан Дросельмейер,— сказала мама,— што на гэты раз вы раскажаце не такую страшную казку, як звычайна.
— Ну канечне, дарагая пані Штальбаўм,— адказаў Дросельмейер.— Наадварот, тое, што я буду мець гонар выкласці вам, вельмі займальнае.
— Ах, раскажы, раскажы, любы хросны! — закрычалі дзеці.
I стары саветнік суда пачаў так:
КАЗКА АБ ЦВЁРДЫМ АРЭХУ
Маці Пірліпат была жонкай караля, а значыць, каралевай, а Пірліпат як нарадзілася, дык у той жа момант і стала прыроджанай прынцэсай. Кароль налюбавацца не мог на прыгажуню дачушку, якая спачывала ў калысачцы. Ён гучна радаваўся, танцаваў, скакаў на адной ножцы і раз-пораз крычаў:
— Хейза! Ці бачыў хто-небудзь дзяўчынку, каб была цудоўней за маю Пірліпатхэн?
А ўсе міністры, генералы, саветнікі і штаб-афіцэры скакалі на адной ножцы, як іх бацька і валадар, і дружным хорам адказвалі:
— He, ніхто не бачыў!
Так, папраўдзе кажучы, і нельга было адмаўляць, што з таго часу, як стаіць свет, яшчэ не нараджалася немаўляці прыгажэй за прынцэсу Пірліпат. Тварык у яе быў нібы сатканы з лілейна-белага і пяшчотна-ружовага шоўку, вочкі — жывы зіхатлівы лазурак, a асабліва прыхарошвалі яе валосікі, што віліся залатымі кудзеркамі. Пры гэтым Пірліпатхэн нарадзілася з двума радамі беленькіх, як жэмчуг, зубак, якімі яна праз дзве гадзіны пасля нараджэння ўпілася ў палец рэйхсканцлера, калі ён пажадаў бліжэй разгледзець рысы яе твару, так што ён залямантаваў: “Ой-ой-ой!” Некаторыя, зрэшты, сцвярджаюць, быццам ён крыкнуў: “Ай-ай-ай!” Яшчэ і сёння думкі разыходзяцца. Карацей, Пірліпатхэн на самай справе ўкусіла рэйхсканцлера за палец, і тады ўзрадаваны народ упэўніўся ў тым, што ў чароўным, ангельскім цельцы прынцэсы Пірліпат жывуць і душа, і розум, і пачуццё.
Як сказана, усе былі ў захапленні; адна каралева невядома чаму трывожылася і турбавалася. Асабліва дзіўна было, што яна загадала пільна сцерагчы калысачку Пірліпат. Мала таго, што каля дзвярэй стаяла варта,— быў аддадзены загад, каб у дзіцячым пакоі, акрамя двух нянечак, якія пастаянна сядзелі каля самай калысачкі, кожную ноч дзяжурыла яшчэ шэсць
нянек, і — што здавалася зусім дзіўным і чаго ніхто не мог зразумець — кожнай няньцы загадана было трымаць на каленях ката і ўсю ноч гладзіць яго, каб ён не пераставаў мурлыкаць. Вам, мілыя дзеткі, ніколі не ўгадаць, навошта маці прынцэсы Пірліпат прымала ўсе гэтыя меры, але я ведаю навошта і зараз раскажу і вам.
Неяк адзін раз да двара караля, бацькі прынцэсы Пірліпат, з’ехалася многа слаўных каралёў і прыгожых прынцэс. Дзеля такога выпадку былі наладжаны розныя турніры, прадстаўленні і прыдворныя банкеты. Кароль, жадаючы паказаць, што ў яго шмат золата і срэбра, вырашыў як глыбей запусціць руку ў сваю казну і наладзіць гулярне, вартае яго. Таму, выведаўшы ад обер-гофкухара , што прыдворны астролаг аб’явіў час, спрыяльны для заколвання свіней, ён задумаў наладзіць кілбасны баль, заскочыў у карэту і асабіста запрасіў усіх навакольных каралёў і прынцаў усяго толькі на талерку супу, марачы затым здзівіць іх раскошай. Потым ён вельмі ласкава сказаў жонцыкаралеве:
— Мілачка, табе ж вядома, якая кілбаса мне да густу...
Каралева ўжо ведала, куды ён хіліць размову; гэта значыла, што яна павінна сама заняцца досыць карыснай справай — вырабам кілбас, якой не грэбавала і раней. Галоўнаму казначэю загадана было тут жа адправіць на кухню вялікі залаты кацёл і сярэбраныя каструлі; печ распалілі дрывамі з сандалавага дрэва; каралева падвязала свой адамашкавы кухонны пярэднік. I неўзабаве з катла шыбанула смачным духам кілбаснага навару. Прыемны пах прасачыўся нават у дзяржаўны савет. Кароль, увесь калоцячыся ад захаплення, не вытрымаў.
— Прашу прабачэння, паны! — усклікнуў ён, пабег на кухню, абняў каралеву, памяшаў крыху залатым
1	0 б е р-г офкухар — галоўны прыдворны кухар.
скіпетрам у катле і, супакоены, вярнуўся ў дзяржаўны савет.
Надышоў самы важны момант: час быў разразаць на скрылікі сала і падсмажваць яго на залатых патэльнях. Прыдворныя дамы адышліся ўбок, таму што каралева з адданасці, любові і павагі да вялікаснага мужа збіралася асабіста заняцца гэтай справай. Але як толькі сала пачало ружовіцца, пачуўся тоненькі, як шэпт, галасок:
— Дай і мне пакаштаваць сальца, сястрыца! I я хачу паласавацца — я ж таксама каралева. Дай і мне пакаштаваць сальца!
Каралева выдатна ведала, што гэта гаворыць пані Мышыльда. Мышыльда ўжо шмат гадоў жыла ў каралеўскім палацы. Яна сцвярджала, быццам знаходзіцца ў сваяцтве з каралеўскай сям’ёй і сама кіруе каралеўствам Мышляндыя, вось чаму яна і трымала пад печкай вялікі двор. Каралева была жанчына добрая і шчодрая. Хоць наогул яна не прызнавала Мышыльду асобай царскага роду і сваёй сястрой, але ў такі ўрачысты дзень ад усяго сэрца дапусціла яе на банкет і крыкнула:
— Вылазьце, пані Мышыльда! Паешце на здароўе сальца.
I Мышыльда хутка і весела выбегла з-пад печкі, заскочыла на пліту і пачала хапаць далікатнымі лапкамі адзін за другім кавалачкі сала, якія ёй працягвала каралева. Але тут нахлынулі ўсе кумы і цёткі Мышыльды, і нават яе сем сыноў, адчайныя свавольнікі. Яны накінуліся на сала, і каралева з пярэпалаху не ведала, ^ік быць. На шчасце, з’явілася обер-гофмайстарына і прагнала няпрошаных гасцей. Такім чынам, ацалела няшмат сала, якое, згодна з указаннем пакліканага з гэтага выпадку прыдворнага матэматыка, было досыць умела размеркавана па ўсіх кілбасах.
Забілі ў літаўры, затрубілі ў трубы. Усе каралі і
О б е р-г офмайстарына — галоўная прыдворная дама.
прынцы ў цудоўным святочным адзенні — адны на белых конях, другія ў хрустальных карэтах — пацягнуліся на кілбасны банкет. Кароль сустрэў іх з сардэчнай ветлівасцю і гонарам, а затым, у кароне і са скіпетрам, як і належыць каралю, сеў у галаве стала. Ужо калі падалі ліверныя кілбасы, госці заўважылі, як усё больш і болып бялеў кароль, як ён падымаў вочы да неба. Ціхія ўздыхі выляталі з яго грудзей; здавалася, яго душой завалодаў вялікі смутак. Але калі падалі крывяную кілбасу, ён з гучным рыданнем і стогнамі адкінуўся на спінку крэсла, абедзвюма рукамі засланяючы твар. Усе паўскоквалі з-за стала. Лейб-медык дарэмна спрабаваў намацаць пульс у няшчаснага караля, якога, здавалася, грызла глыбокая, незразумелая журба. Нарэшце пасля доўгіх угавораў, пасля прымянення моцных сродкаў, накшталт паленых гусіных пёраў і таму падобнага, кароль як быццам пачаў ачухвацца. Ён пралепятаў ледзь чутна: