Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Усё гэта стаяла ў куточку шафы, сценкі якой у гэтым месцы былі таксама абклеены каляровымі малюнкамі, і ты лёгка зразумееш, што новая лялька, якую, як у гэты вечар даведалася Мары, называлі Клерхэн, адчувала сябе тут выдатна.
Ужо быў позні вечар, набліжалася поўнач, і хросны Дросельмейер даўно пайшоў, а дзеці ўсё яшчэ не маглі, як мама ні ўгаворвала іх, класціся спаць.
— Праўда,— усклікнуў нарэшце Фрыц,— бедакам (ён меў на ўвазе сваіх гусар) таксама час адпачываць, а ў маёй прысутнасці ніхто з іх не адважыцца дзяўбаць носам, у гэтым ужо я ўпэўнены!
3 гэтымі словамі ён пайшоў. Але Мары лісліва прасіла:
— Мілая мамачка, дазволь мне пабыць тут яшчэ хвілінку, адну толькі хвілінку! У мяне так многа спраў, вось закончу і зараз жа лягу спаць...
Мары была вельмі паслухмяная, разумная дзяўчынка, і таму мама магла спакойна пакінуць яе яшчэ на паўгадзінкі адну з цацкамі. Але каб Мары, загуляўшыся з новай лялькай і іншымі дасціпнымі цацкамі, не забыла патушыць свечкі, якія гарэлі вакол шафы, мама ўсе іх задзьмула, так што ў пакоі засталася толькі лямпа, якая вісела пасярод столі і распаўсюджвала мяккае, утульнае святло.
— He заседжвайся доўга, мілая Мары. A то цябе заўтра не разбудзіш,— сказала мама і пайшла ў спальню.
Як толькі Мары засталася адна, яна зараз жа прыступіла да таго, што ўжо даўно ляжала ў яе на сэрцы, хоць яна, сама не ведаючы чаму, не рашылася прызнацца ў задуманым нават маці. Яна ўсё яшчэ гушкала захутанага ў насавую хусцінку Шчаўкунчыка. Цяпер яна беражліва паклала яго на стол, ціхенька разгарнула хусцінку і агледзела раны. Шчаўкунчык быў вельмі белы, але ўсміхаўся так жаласна і ласкава, што закрануў Мары да глыбіні душы.
— Ах, Шчаўкунчык, любенькі,— зашаптала яна,— калі ласка, не злуйся, што Фрыц зрабіў табе балюча: ён жа не наўмысна. Проста ён загрубеў ад суровага салдацкага жыцця, а так ён вельмі цудоўны хлопчык, павер ужо мне! А я буду берагчы цябе і клапатліва даглядаць, пакуль ты зусім не паправішся і не павесялееш. Уставіць жа табе моцныя зубкі, выправіць плечы — гэта ўжо справа хроснага Дросельмейера: ён на такія штукі майстар...
Аднак Мары не паспела дагаварыць. Калі яна згадала імя Дросельмейера, Шчаўкунчык раптам злосна скрывіўся, і ў вачах у яго бліснулі калючыя зялёныя агеньчыкі. Але ў тую хвіліну, калі Мары ўжо наважылася па-сапраўднаму напалохацца, на яе зноў глянуў Шчаўкунчык, і на твары ў яго зноў была добрая ўсмешка, і тады яна зразумела, што рысы твару ў яго змяніла святло лямпы, якая мігнула ад скразняку.
— Ах, якая я неразумная дзяўчынка, ну чаго я напалохалася і нават падумала, быццам драўляная лялька можа грымаснічаць і крывіцца! А ўсё-такі я вельмі люблю Шчаўкунчыка: ён жа такі пацешны і такі добранькі... Вось і буду яго даглядаць як трэба.
3 гэтымі словамі Мары ўзяла свайго Шчаўкунчыка на рукі, падышла да шкляной шафы, прысела на кукішкі і сказала новай ляльцы:
— Вельмі прашу цябе, мамзель Клерхэн, саступі сваю пасцельку беднаму хвораму Шчаўкунчыку, а сама пераначуй як-небудзь на канапе. Падумай, ты ж такая моцная, і зноў жа, ты зусім здаровая — бачыш, якая ты круглатварая і румяная. Ды і не ў кожнай, нават вельмі прыгожай лялькі, ёсць такая мяккая канапа!
Мамзель Клерхэн, апранутая па-святочнаму і важная, надзьмулася, не вымавіла ні слова.
— I чаго я важдаюся! — сказала Мары, зняла з паліцы ложак, беражна і клапатліва паклала туды Шчаўкунчыка, абвязала яму пакалечаныя плечыкі вельмі прыгожай стужачкай, якую насіла замест паяска, і накрыла яго коўдрай да самага носа.
“Толькі няма чаго яму заставацца ў нявыхаванай Клары”,— падумала яна і пераставіла ложачак разам з Шчаўкунчыкам на верхнюю паліцу, дзе ён апынуўся каля прыгожай вёскі, у якой былі раскватараваны гусары Фрыца. Яна зачыніла шафу і наважылася ўжо ісці ў спальню, як раптам — за крэсламі, за шафамі, пачалося ціхае-ціхае шастанне, перашэптванне і шамаценне. А гадзіннік на сцяне зашыпеў, захрыпеў усё гучней, але ніяк не мог прабіць дванаццаць. Мары гля-
нула туды: вялікая пазалочаная сава, якая сядзела на гадзінніку, звесіла крылы, зусім засланіла імі гадзіннік і выцягнула ўперад агідную кашэчую галаву з крывой дзюбай. А гадзіннік хрыпеў мацней і мацней, і Мары выразна пачула:
— Цік-і-так, цік-і-так! He хрыпіце гучна так! Чуе ўсё кароль мышыны. Трык-і-трак, бум-бум! Ну, гадзіннік, спеў твой дзіўны! Трык-і-трак, бум-бум! Ну, прабі, званок, для нас: каралю падходзіць час!
I.	.. бім-бом, бім-бом! — гадзіннік глуха і хрыпла прабіў дванаццаць удараў. Мары вельмі спалохалася і ледзь не ўцякла ад страху, але тут яна ўбачыла, што на гадзінніку замест савы сядзіць хросны Дросельмейер, звесіўшы фалды свайго жоўтага сурдута па абодвух баках, быццам крылы. Яна сабралася з духам і гучна крыкнула плаксівым голасам:
— Хросны, паслухай, хросны, навошта ты туды залез? Спускайся ўніз і не палохай мяне, брыдкі хросны!
Але тут адусюль пачулася дзіўнае хіхіканне і піск, і за сцяной пачаліся бегатня і тупат, быццам ад тысячы малюсенькіх лапак, і тысячы малюсенькіх агеньчыкаў зірнулі праз шчыліны ў падлозе. Але гэта былі не агеньчыкі, не, а маленькія бліскучыя вочкі, і Мары ўбачыла, што адусюль выглядваюць і вылазяць з-пад падлогі мышы. Хутка па ўсім пакоі пайшло: топ-топ, топ-топ! Усё ярчэй свяціліся вочы мышэй, усё большымі рабіліся іх полчышчы; нарэшце яны выстраіліся ў тым жа парадку, у якім Фрыц звычайна выстрайваў сваіх салдацікаў перад боем. Мары гэта вельмі насмяшыла; у яе не было прыроджанай агіды да мышэй, як у іншых дзяцей, і страх у яе зусім было ўлёгся, але раптам пачуўся такі жахлівы і пранізлівы піск, што ў яе па спіне забегалі мурашкі. Ах, што яна ўбачыла! He, сапраўды, паважаны чытач Фрыц, я выдатна ведаю, што ў цябе, як і ў мудрага, адважнага палкаводца Фрыца Штальбаўма, бясстрашнае сэрца, але калі б ты ўбачыў тое, што паўстала перад вачыма Мары, can-
раўды, ты б уцёк. Я нават думаю, ты б шмыгнуў у пасцель і без асаблівай патрэбы нацягнуў бы коўдру да самых вушэй. Ах, бедная Мары не магла гэтага зрабіць, таму што — вы толькі паслухайце, дзеці! — да самых ног яе, быццам ад падземнага штуршка, дажджом пасыпаўся пясок, вапна і асколкі цэглы, і з-пад падлогі з агідным шыпеннем і піскам вылезлі сем мышыных галоў у сямі каронах, якія ярка зіхацелі. Неўзабаве выбралася цалкам і ўсё тулава, на якім сядзелі сем галоў, і ўсё войска хорам тройчы павітала гучным піскам велізарную, увенчаную сямю каронамі мыш. Цяпер войска адразу прыйшло ў рух і — хоп-хоп, топтоп! — накіравалася прама да шафы, прама на Мары, якая ўсё яшчэ стаяла, прыціснуўшыся да шкляных дзверцаў.
Ад жаху ў Мары ўжо і раней так білася сэрца, што яна баялася, як бы яно тут жа не выскачыла з грудзей,— бо тады б яна памерла. Цяпер жа ёй падалося, быццам кроў застыла ў яе жылах. Яна захісталася, губляючы прытомнасць, але тут раптам пачулася: клікклак-хрр!..— і пасыпаліся асколкі шкла, якое Мары разбіла локцем. У тую ж хвіліну яна адчула пякучы боль у левай руцэ, але ў яеадразу адлягло ад сэрца: яна не чула болей віскату і піску. Усё ўмомант сціхла. I хоць яна не адважвалася расплюшчыць вочы, усё ж ёй падумалася, што звон шкла напалохаў мышэй і яны пахаваліся ў норах.
Але што ж гэта зноў такое? У Мары за спінай, у шафе, падняўся дзіўны шум і зазвінелі тоненькія галаскі:
— Стройся, узвод! Стройся, узвод! У бой наперад! Поўнач б’е! Стройся, узвод! У бой наперад!
I пачаўся стройны і прыемны перазвон меладычных званочкаў.
— Ах, ды гэта ж мая музычная скрынка! — зарадавалася Мары і хутка адскочыла ад шафы.
Тут яна ўбачыла, што шафа свеціцца і ў ёй ідзе нейкая валтузня і мітусня.
Лялькі апантана бегалі ўзад і ўперад і размахвалі ручкамі. Раптам падхапіўся Шчаўкунчык, скінуў коўдру і, адным скачком зляцеўшы з ложка, гучна крыкнуў:
— Шчоўк-шчоўк-шчоўк, дурны мышыны полк! Вось жа будзе толк, мышыны полк! Шчоўк-шчоўк, мышыны полк лезе з шчылін — выйдзе толк! — і пры гэтым ён выхапіў сваю маленькую шабельку, замахаў ёю ў паветры і закрычаў:
— Гэй вы, мае верныя васалы, сябры і браты! Ці пастаіце вы за мяне ў цяжкім баі?
I зараз жа адгукнуліся тры блазны, Панталоне, чатыры камінары, два бадзяжныя музыканты і барабаншчык.
— Так, наш валадар, мы верныя табе да магілы! Вядзі нас у бой — на смерць альбо на перамогу.
I яны кінуліся ўслед за Шчаўкунчыкам, які, узрушаны і натхнёны, адважыўся на адчайны скачок з верхняй паліцы. Усім ім скакаць было добра: яны не толькі былі прыбраны ў шоўк і аксаміт, але і тулава ў іх было набіта ватай і пілавіннем, вось яны і падалі ўніз быццам кулёчкі з воўнай. Але бедны Шчаўкунчык ужо напэўна пераламаў бы сабе рукі і ногі: падумайце толькі — ад паліцы, дзе ён стаяў, да ніжняй было амаль два футы, а сам ён быў крохкі, быццам вытачаны з ліпы. Так, Шчаўкунчык ужо напэўна пераламаў бы сабе рукі і ногі, калі б у той самы момант, калі ён скочыў, мамзель Клерхэн не зляцела з канапы і не прыняла ў свае пяшчотныя абдымкі героя, які патрэсваў мячом.
— О любая, добрая Клерхэн! — са слязамі ўсклікнула Мары.— Як я памылілася ў табе! Ужо, канечне, ты ад усяго сэрца саступіла ложачак сябру Шчаўкунчыку.
I вось мамзель Клерхэн загаварыла, пяшчотна прыціскаючы юнага героя да сваіх шаўковых грудзей:
— Хіба можна вам, гасудар, ісці ў бой, насустрач небяспецы, хвораму і з незалечанымі яшчэ ранамі! Зірніце, вось збіраюцца вашы храбрыя васалы, яны рвуцца ў бой і ўпэўнены ў перамозе. Блазан, Пантало-
не, камінары, музыканты і барабаншчык ужо ўнізе, a сярод лялек з сюрпрызамі ў мяне на паліцы заўважаецца моцнае ажыўленне і рух. Зрабіце ласку, о васпан, адпачніце ў мяне на грудзях або згадзіцеся аглядаць вашу перамогу з вышыні майго капелюша, упрыгожанага пёрамі.
Так гаварыла Клерхэн; але Шчаўкунчык вёў сябе зусім дзіўным чынам і так брыкаўся, што Клерхэн давялося хутчэй паставіць яго на паліцу. У тое ж імгненне ён досыць пачціва апусціўся на адно калена і пралепятаў:
— О цудоўная дама, і на полі бою не забуду я аказаныя мне вамі міласць і ласку!
Тады Клерхэн нагнулася так нізка, што схапіла яго за ручку, асцярожна прыўзняла, хутка развязала на сабе расшыты бліскаўкамі пояс і збіралася пачапіць яго на чалавечка, але ён адступіў на два крокі, прыціснуў руку да сэрца і вымавіў досыць урачыста: