Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Вартаўнік паслаў спытаць у дазорца, і дазорац дазволіў: сад жа быў абгароджаны высокай сцяной, і ўцячы з яго было немагчыма.
Выйшаўшы ў сад, карлік асцярожна паставіў Мімі на зямлю, і яна, чыкільгаючы, пабегла да каштанаў, якія раслі на беразе возера. Якаб, засумаваўшы, ішоў за ёю.
“Калі Мімі не знойдзе той траўкі,— думаў ён,— я ўтаплюся ў возеры. Гэта ўсё-такі лепш, чым даць адсеч сабе галаву”.
Мімі, паміж тым, пабыла пад кожным каштанам, перавярнула дзюбай кожную былінку, але дарэмна — траўкі “чхай на здароўе” нідзе не было відаць. Гусь ад гора нават заплакала. Набліжаўся вечар, цямнела, і было ўсё цяжэй распазнаваць сцяблінкі траў. Выпадкова карлік глянуў на другі бераг возера і радасна закрычаў:
— Паглядзі, Мімі, бачыш — на тым баку яшчэ адзін вялікі стары каштан! Ідзём туды і пашукаем, магчыма, пад ім расце маё шчасце.
Гусь цяжка залопала крыламі і паляцела, а карлік з усіх сіл пабег за ёй на сваіх маленькіх ножках. Перайшоўшы цераз мост, ён падышоў да каштана. KamTan быў густы і разложысты, пад ім у прыцемку амаль нічога не было відаць. I раптам Мімі замахала крыламі і нават падскочыла ад радасці. Яна хутка ўсунула дзюбу ў траву, сарвала нейкую кветачку і сказала, асцярожна працягваючы яе Якабу:
— Вось трава “чхай на здароўе”. Тут яе расце так шмат, што табе яе хопіць надоўга.
Карлік узяў кветачку і задуменна паглядзеў на яе.
Яна вельмі моцна і прыемна пахла, і Якаб чамусьці ўспомніў, як ён стаяў у бабулі ў кладоўцы, падбіраючы травы, каб начыніць імі курыцу, і знайшоў такую ж кветку — з зеленаватай сцяблінкай і ярка-чырвонай галоўкай, упрыгожанай жоўтай палоскай.
I раптам Якаб увесь задрыжаў ад хвалявання.
— Ведаеш, Мімі,— закрычаў ён,— гэта, здаецца, тая самая кветка, якая ператварыла мяне з вавёркі ў карліка! Паспрабую ж я яе панюхаць.
— Пачакай трошкі,— сказала Мімі.— Вазьмі з сабой пучок гэтай травы, і давай вернемся да цябе ў пакой. Забяры свае грошы і ўсё, што ты нажыў, пакуль служыў у герцага, а потым мы выпрабуем сілу гэтай дзівоснай траўкі.
Якаб паслухаўся Мімі, хоць сэрца ў яго моцна стукала ад нецярпення. Ён хутка прыбег да сябе ў пакой. Завязаўшы ў вузел сотню дукатаў і трохі адзежы, ён усунуў свой доўгі нос ў кветкі і панюхаў іх. I раптам яго суставы затрашчалі, шыя выцягнулася, галава адразу паднялася з плеч, нос пачаў рабіцца ўсё меншым і меншым, а ногі ўсё даўжэйшымі і даўжэйшымі, спіна і грудзі выраўняліся, і ён стаў такім жа, як усе людзі. Мімі з вялікім здзіўленнем глядзела на яго.
— Які ты прыгожы! — закрычала яна.— Ты цяпер зусім не падобны на выродлівага карліка!
Якаб вельмі абрадаваўся. Яму захацелася тут жа пабегчы да бацькоў і паказацца ім, але ён помніў пра сваю выратавальніцу.
— Калі б не ты, дарагая Мімі, я б на ўсё жыццё застаўся карлікам і, магчыма, памёр бы пад сякерай ката,— сказаў ён, пяшчотна гладзячы гусь па спіне і па крылах.— Я павінен табе аддзячыць. Я адвязу цябе да твайго бацькі, і ён цябе вызваліць ад чараў. Ён жа разумней за ўсіх чараўнікоў.
Мімі залілася слязьмі радасці, а Якаб узяў яе на рукі і прытуліў да грудзей. Ён непрыкметна выйшаў з палаца — ні адзін чалавек не пазнаў яго — і пайшоў з Мімі да мора, на востраў Гатланд, дзе жыў яе бацька, чарадзей Ветэрбок.
Яны доўга падарожнічалі і нарэшце дайшлі да гэтага вострава. Ветэрбок тут жа зняў чары з Мімі і даў Якабу шмат грошай і падарункаў. Якаб адразу вярнуўся ў свой родны горад. Бацька і маці з радасцю сустрэлі яго — ён жа стаў такім прыгожым і прывёз гэтулькі грошай!
Трэба яшчэ расказаць пра герцага.
Раніцай на другі дзень герцаг вырашыў выканаць сваю пагрозу і адсячы карліку галаву, калі ён не знайшоў той травы, пра якую гаварыў князь. Але Якаба нідзе не маглі знайсці.
Тады князь сказаў, што герцаг знарок схаваў карліка, каб не застацца без свайго лепшага кухара, і назваў яго падманшчыкам. Герцаг вельмі раззлаваўся і аб’явіў князю вайну. Пасля многіх бітваў і змаганняў яны нарэшце памірыліся, і князь, каб адсвяткаваць мір, загадаў свайму кухару спячы сапраўдны “пірог каралевы”. Гэты мір паміж імі так і назвалі — “Пірожны мір”.
Вось і ўся казка пра Карліка Носа.
Э. Т. А. ГОФМАН
КАВАЛЕР ГЛЮК
Позняй восенню ў Берліне звычайна выпадаюць асобныя ясныя дні. Сонца ласкава выглядвае з воблакаў, і сырасць мігам выпараецца з цёплым ветрыкам, абвяваючым вуліцы. I вось ужо на Унтэр-дэн-Ліндэн, святочна прыбраныя, стракатым гужам цягнуцца ўперамежку да Тыргартэна франты, быргеры ўсёй сям’ёй, духоўныя асобы, яўрэйкі, рэферэндарыі, гуляшчыя дзеўкі, вучоныя, мадысткі, танцоры, вайскоўцы... Столікі ў Клауса і Вебера нарасхват. Дыміцца маркоўная кава, франты закурваюць цыгары, сталыя наведвальнікі гутараць, спрачаюцца аб вайне і міры, аб тым, якія апошнім часам абувала мадам Бетман чаравічкі — шэрыя ці зялёныя, аб тым, як цяжка з грашыма, і гэтак далей, пакуль усё гэта не патоне ў арыі з “Фаншон”, Гэтай арыяй мучаць сябе і слухачоў разладжаная арфа, дзве ненастроеныя скрыпкі, сухотная флейта і астматычны фагот.
Каля балюстрады, што аддзяляе вебераўскія ўла-
данні ад праезнай дарогі, расстаўлены круглыя столікі і садовыя крэслы. Тут можна дыхаць свежым паветрам, бачыць, хто заходзіць і выходзіць, і тут не чуваць немілагучнага шуму акаяннага аркестра. Тут я і размясціўся і аддаўся лёгкай гульні фантазіі, якая склікае да мяне прыязныя цені, і я гутару з імі пра навуку, пра мастацтва — словам, пра ўсё, што павінна быць асабліва дарагім для чалавека. Паўз мяне коціцца стракаты людскі паток, але нішто не можа мне перашкодзіць, не можа спалохаць маіх уяўных субяседнікаў. Ды вось праклятае трыо пашлаватага вальса вырвала мяне са свету мрояў. Цяпер ужо я чую толькі вісклівыя верхнія галасы скрыпак і флейты ды хрыплы асноўны бас фагота. Яны павышаюцца і зніжаюцца, няўхільна трымаючыся паралельных актаў, што раздзіраюць слых, і ў мяне. міжволі вырываецца крык пякучага болю:
— Вось ужо дзікая музыка! Нясцерпныя актавы!
— Няшчасны мой лёс! Усюды ганіцелі актаў! — чую я побач ціхі голас.
Я ўзнімаю галаву і толькі цяпер бачу, што за маім столікам сядзіць незнаёмы чалавек і пільна глядзіць на мяне. I я, раз зірнуўшы на яго, ужо не магу адвесці ад яго вачэй.
На выгляд яму за пяцьдзесят. Ніколі ў жыцці нічый твар і ўвесь воблік не рабілі на мяне з першай хвіліны такога глыбокага ўражання. Трошкі выгнутая лінія носа плаўна пераходзіць у шырокі адкрыты лоб з прыкметнымі выпукласцямі над кусцістымі бровамі, з-пад якіх вочы бліскаюць нейкім буйным юнацкім агнём. Мяккія абрысы падбародка рэзка супярэчылі шчыльна сцятым губам, а яхідная ўсмешка — вынік дзіўнай ігры мускулаў на запалых шчоках,— здавалася, кідала выклік глыбокай тужлівай задуменнасці на чале. Рэдкія сівыя пасмы віліся за вялікімі адтапыранымі вушамі. Вельмі шырокі, моцна скроены рэдынгот прыкрываў высокую сухарлявую фігуру. Як толькі я сустрэўся позіркам з незнаёмцам, ён апусціў вочы і зноў заняўся тым, ад чаго, відаць, адарваў яго мой вык-
рык. Ён з яўным задавальненнем высыпаў тытунь з мелкіх папяровых фуньцікаў-кулькоў у вялікую табакерку, не забываючы пры гэтым частавацца чырвоным віном з невялікай бутэлькі. Калі музыка змоўкла, я адчуў, што мне трэба загаварыць з ім.
— Добра, што скончылі іграць,— сказаў я,— гэта было нясцерпна.
Незнаёмец акінуў мяне беглым позіркам і высыпаў апошні фунцік.
— Лепш бы і не пачыналі,— зноў загаварыў я.— Вы такой жа думкі?
— У мяне няма ніякай думкі,— адрэзаў ён.— A вы, пэўна, музыкант і, мяркую, знаток...
— Памыляецеся, я не музыкант і не знаток. Калісьці я вучыўся іграць на фартэпіяна і засвойваў генералбас — вучэнне аб гармоніі як прадмеце, неабходным для прыстойнага выхавання. Апрача ўсяго іншага мяне пераканалі, што горш за ўсё, калі бас і верхні голас ідуць у актаву. Тады я ўзяў гэта сцверджанне на веру і пазней не раз пераконваўся, што так яно і ёсць...
— Няўжо? — перабіў ён мяне, устаў і ў роздуме, няспешна пайшоў да музыкантаў, раз-пораз паглядваючы ўгору і стукаючы сябе далонню па лбе, быццам стараўся штосьці прыпомніць.
Я ўбачыў, як ён уладна, з пачуццём уласнай годнасці сказаў нешта музыкантам. Затым вярнуўся на сваё месца і не паспеў сесці, як аркестр зайграў уверцюру да “Іфігеніі ў Аўлідзе”.
Прыплюшчыўшы вочы і паклаўшы скрыжаваныя рукі на стол, слухаў ён андантэ і ледзь прыкметным рухам левай нагі адзначаў уступленне інструментаў. Але вось ён падняў галаву, агледзеўся па баках, левую руку з растапыранымі пальцамі апусціў на стол, быццам на клавіятуру фартэпіяна, правую падняў угору — перада мной быў капельмайстар, які ўказваў аркестру пераход у іншы тэмп,— правая рука падае, і пачынаецца алегра! Пякучы румянец успыхвае на яго бледных шчоках, лоб нахмурыўся, бровы ссунуліся, унутраная ўтрапёнасць прабілася ў вачах агнём, паступова
сціраючы ўсмеіпку, што ўсё яшчэ мільгае на прыадкрытых губах. Хвіліна — і ён адкідваецца назад; лоб разгладзіўся, зноў заігралі на шчоках мускулы, а вочы — ззяюць. Глыбока затоены смутак выліваецца радасцю, ад якой трымціць кожная жылка, грудзі часта ўздымаюцца, на лбе выступілі кропелькі поту. Ён указвае аркестру ўступленне туцці і іншыя самыя важныя месцы. Правая рука яго не стамляецца адбіваць такт, левай ён вымае насавую хусцінку і выцірае лоб. Так пачынаў дыхаць і набываў жывыя фарбы той касцяк уверцюры, які толькі і маглі даць дзве ўбогія скрыпкі. Я ж чуў, як узнялася хвалююча-пяшчотная жальба флейты, калі адшумела бура скрыпак і басоў і адзвінелі літаўры, чуў, як загучалі ціхія галасы віяланчэляў і фагота, кранаючы сэрца шчымлівай тугой. А вось зноў туцці, быццам волат, велічна і магутна ідзе ўнісон, заглушаючы сваім поступам няясную жальбу.
Уверцюра скончылася. Незнаёмец апусціў абедзве рукі і сядзеў, заплюшчыўшы вочы, знясілены, пэўна, вялікім напружаннем. Бутэлька яго апусцела. Я напоўніў яго шклянку бургундскім, якое мне толькі што прынеслі. Ён глыбока ўздыхнуў, быццам ачнуўся ад сну. Я прапанаваў яму падмацавацца, і ён без доўгіх цырымоній залпам асушыў шклянку і ўсклікнуў:
— Выкананне хоць куды! Аркестр трымаўся памаладзецку!
— Тым не менш гэта было толькі слабае падабенства на геніяльны твор, напісаны жывымі фарбамі,— сказаў я.
— Я правільна адгадаў? Вы не берлінец?