Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Толькі што дзеці, крыху супакоіўшыся, хацелі ўзяцца за кніжкі з малюнкамі, што ляжалі разгорнутымі на стале, каб можна было любавацца рознымі яркімі кветкамі, якія дзіўна расфарбавалі людзі і дзеткі, што згодна гулялі побач. Кветкі былі так натуральна намаляваны, быццам яны і сапраўды жывыя і вось-вось пачнуць размаўляць,— дык не, толькі што дзеці хацелі ўзяцца за дзівосныя кніжкі, як зноў пачуўся званочак. Дзеці ведалі: зараз чарга падарункам хроснага Дросельмейера і падбеглі да стала, што стаяў каля сцяны. Шырмы, за якімі да гэтага часу быў схаваны стол, хутка расхінулі. Ах, што ўбачылі дзеці! На зялёным, усыпаным кветкамі лужку стаяў незвычайны замак з мноствам люстраных вакон і залатых вежаў. Зайграла музыка. Дзверы і вокны расчыніліся, і ўсе ўбачылі, што ў залах праходжваюцца малюсенькія, але вельмі зграбна зробленыя кавалеры і дамы ў капялюшыках з пёрамі і ў сукенках з доўгімі шлейфамі. У цэнтральнай зале, якая так уся і зіхацела (столькі свечак гарэла ў сярэбраных люстрах!), пад музыку скакалі дзеці ў кароткіх камізэлечках і спаднічках. Пан у ізумрудназялёным плашчы выглядваў з акна, раскланьваўся і зноў хаваўся, а ўнізе, у дзвярах замка, з’яўляўся і зноў знікаў хросны Дросельмейер. Толькі ростам ён быў з татаў мезенец, не болей.
Фрыц паклаў локці на стол і доўга разглядваў дзівос-
ны замак, дзе танцавалі і праходжваліся чалавечкі. Затым ён папрасіў:
— Хросны, чуеш, хросны! Пусці мяне да сябе ў замак!
Старшы саветнік суда сказаў, што гэтага ніяк нельга. I ён меў рацыю: усё ж Фрыцу неразумна было прасіцца ў замак, які разам з усімі залатымі вежамі быў меншы за яго. Фрыц згадзіўся. Прайшла яшчэ хвілінка, у замку па-ранейшаму прагульваліся кавалеры і дамы, танцавалі дзеці, выглядваў усё з таго ж акна ізумрудны чалавечак, а хросны Дросельмейер падыходзіў усё да тых жа дзвярэй.
Фрыц з нецярпеннем усклікнуў:
— Хросны, а зараз выйдзі з тых, другіх, дзвярэй!
— Ніяк гэтага нельга, мілы Фрыцхэн,— запярэчыў старшы саветнік суда.
— Ну, тады,— працягваў Фрыц,— загадай зялёнаму чалавечку, што выглядвае з акна, пагуляць з іншымі па залах.
— Гэтага таксама ніяк нельга,— зноў запярэчыў старшы саветнік суда.
— Ну, тады няхай спусцяцца ўніз дзеці! — усклікнуў Фрыц.— Мне хочацца лепш іх разгледзець.
— Нічога гэтага нельга,— сказаў старшы саветнік суда абураным тонам.— Механізм зроблены раз назаўсёды, яго не пераробіш.
— Ах, та-ак! — зазлаваў Фрыц.— Нічога гэтага нельга... Паслухай, хросны, калі прыбраныя чалавечкі ў замку толькі і ведаюць, што паўтараць адно і тое ж, дык які ад іх толк? Мне яны не патрэбны. He, мае гусары намнога лепшыя! Яны маршыруюць уперад і назад, як мне захочацца, і не зачынены ў доме.
I з гэтымі словамі ён уцёк да каляднага стала, і па яго камандзе эскадрон на сярэбраных конях пачаў скакаць туды і сюды — па ўсіх напрамках, секчы шаблямі і страляць колькі душы заўгодна. Мары таксама ціхенька адышлася: і ёй таксама надакучылі танцы і гулянне лялек у замку. Толькі яна пастаралася зрабіць
гэта непрыкметна, не так, як брацік Фрыц, таму што яна была добрая і паслухмяная дзяўчынка. Старшы саветнік суда сказаў бацькам незадаволеным тонам:
— Такая хітрая цацка не для неразумных дзяцей. Я забяру замак.
Але тут маці папрасіла паказаць ёй унутраную будову і дзівосны, вельмі дасціпны механізм, які прымушаў рухацца чалавечкаў. Дросельмейер разабраў і зноў сабраў усю цацку. Цяпер ён павесялеў і падарыў дзецям некалькі прыгожых карычневых чалавечкаў, у якіх былі залатыя твары, рукі і ногі; усе яны былі з Торна і вельмі смачна пахлі пернікамі. Фрыц і Мары незвычайна ім зарадаваліся. Старэйшая сястра Луіза па просьбе маці апранула прыгожую сукенку, якую падарылі бацькі і якая ёй вельмі пасавала; а Мары папрасіла, каб ёй дазволілі, раней чым надзець новую сукенку, яшчэ трошкі палюбавацца на яе, што ёй ахвотна дазволілі.
ЛЮБІМЕЦ
А на самай справе Мары таму не адыходзіла ад стала з падарункамі, што толькі зараз заўважыла штосьці, чаго раней не бачыла: калі выступілі гусары Фрыца, навідавоку апынуўся незвычайны чалавечак, які да гэтага стаяў у страі каля самай ёлкі. Ён вёў сябе ціха і сціпла, нібы спакойна чакаў, калі дойдзе чарга і да яго. Праўда, ён быў не вельмі зграбны: занадта доўгае і грувасткае тулава на кароценькіх і тонкіх ножках, ды і галава таксама як быццам велікаватая. Затое па шчыгульным адзенні адразу было відаць, што гэты чалавек добра выхаваны і мае густ. На ім быў вельмі прыгожы бліскучы фіялетавы гусаркі даламан, увесь на гузічках і пазументах, такія ж рэйтузы і вельмі
Чалавечкі з Торна — мядовыя пернікі з польскага горада Торна, вырабленыя ў выглядзе чалавечкаў.
фарсістыя боцікі, што наўрад ці даводзілася насіць падобныя і афіцэрам, а тым больш студэнтам; яны сядзелі на субтыльных ножках так зграбна, быццам былі на іх намаляваны. Канечне, дзіўна было, што пры такім касцюме ён пачапіў на спіну вузкі няўклюдны плашч, быццам выкраены з дрэва, а на галаву насунуў шапачку рудакопа, але Мары падумала: “Аднак хросны Дросельмейер таксама ходзіць у вельмі брыдкім рэдынготу і ў смешным каўпаку, але гэта не перашкаджае яму быць мілым, дарагім хросным”. Акрамя таго, Мары прыйшла да высновы, што хросны, няхай ён будзе нават такім жа франтам, як чалавечак, усё ж ніколі не параўнаецца з ім па мілавіднасці. Уважліва прыглядаючыся да слаўнага чалавечка, які палюбіўся ёй з першага ж позірку, Мары заўважыла, якой дабрынёй свяціўся яго твар. Зеленаватыя лупаватыя вочы глядзелі ветліва і добразычліва. Чалавечку вельмі пасавала барада, старанна завітая з белых папяровых палосак, што аздабляла падбародак,— бо так заўважней выступала ласкавая ўсмешка на яго пунсовых вуснах.
— Ах! — усклікнула нарэшце Мары.— Ах, любы татачка, для каго гэты цудоўны чалавечак, што стаіць пад самай ёлкай?
— Ён, мілая дзетка,— адказаў тата,— будзе старанна працаваць для ўсіх вас: яго справа — акуратна разгрызаць цвёрдыя арэхі, і куплены ён і для цябе з Фрыцам і для Луізы.
3 гэтымі словамі тата беражліва ўзяў яго са стала, прыпадняў драўляны плашч, і тады чалавечак шырока-шырока разявіў рот і вышчарыў два рады вельмі белых вострых зубоў. Мары засунула яму ў рот арэх і — шчоўк! — чалавечак разгрыз яго, шкарлупка ўпала, і ў Мары на далоні апынулася смачнае зярнятка. Цяпер ужо ўсе — і Мары таксама — зразумелі, што шыкоўны чалавечак вёў свой род ад Шчаўкунчыкаў і
Рэдынгот — доўгі сурдут асаблівага крою.
працягваў прафесію продкаў. Мары гучна ўскрыкнула ад радасці, а тата сказаў:
— Калі табе, мілая Мары, Шчаўкунчык прыйшоўся да густу, дык ты ўжо сама і клапаціся пра яго, і беражы яго, хаця, як я ўжо сказаў, і Луіза і Фрыц таксама могуць карыстацца яго паслугамі.
Мары зараз жа ўзяла Шчаўкунчыка і дала яму грызці арэхі, але яна выбірала самыя маленькія, каб чалавечку не даводзілася надта шырока разяўляць рот, паколькі гэта, сказаць па шчырасці, яго не ўпрыгожвала. Луіза далучылася да яе, і ласкавы сябар Шчаўкунчык папрацаваў і для яе; здавалася, ён выконвае свае абавязкі з вялікім задавальненнем, таму што нязменна ветліва ўсміхаўся.
Фрыцу тым часам абрыдла маршыраваць і скакаць на кані. Калі ён пачуў, як весела шчоўкаюць арэшкі, яму таксама захацелася іх пакаштаваць. Ён падбег да сясцёр і ад усяго сэрца разрагатаўся пры выглядзе пацешнага чалавечка, які цяпер пераходзіў з рук у рукі і без стомы раскрываў і закрываў рот. Фрыц соўгаў яму самыя вялікія і цвёрдыя арэхі, але раптам пачуўся трэск — крак-крак! Тры зубы выпалі ў Шчаўкунчыка з рота, і ніжняя сківіца абвісла і захісталася.
— Ах, бедны Шчаўкунчык! — закрычала Мары і адабрала яго ў Фрыца.
— Што за дурань! — сказаў Фрыц.— Бярэцца арэхі шчоўкаць, а ў самога зубы нічога не вартыя. Пэўна, ён і справы сваёй не ведае. Дай яго сюды, Мары! Няхай шчоўкае мне арэхі. He бяда, калі і астатнія зубы абламае, ды і ўсю сківіцу ў прыдачу. Няма чаго з ім, гультаём, важдацца.
— He, не! — з плачам закрычала Мары.— He аддам я табе майго мілага Шчаўкунчыка. Паглядзі, як жаласліва глядзіць ён на мяне і паказвае свой вялікі роцік! Ты чалавек злы: ты лупцуеш сваіх коней і нават дазваляеш салдатам забіваць адзін аднаго.
— Так трэба, табе гэтага не зразумець! — крыкнуў
Фрыц.— А Шчаўкунчык не толькі твой, ён і мой таксама. Давай яго сюды!
Мары расплакалася і хутчэй загарнула хворага Шчаўкунчыка ў насавую хусцінку. Тут падышлі бацькі з хросным Дросельмейерам. На здзіўленне Мары, ён заступіўся за Фрыца. Але бацька сказаў:
— Я знарок аддаў Шчаўкунчыка пад нагляд Мары. А ён, як я бачу, іменна зараз асабліва патрабуе яе клопатаў, дык няхай ужо адна яна ім валодае і ніхто ў гэтую справу не ўмешваецца. Увогуле мяне вельмі здзіўляе, што Фрыц патрабуе далейшых паслуг ад таго, хто пацярпеў на службе. Як сапраўдны ваенны, ён павінен ведаць, што параненых ніхто не пакідае ў страі.
Фрыц вельмі сканфузіўся, пакінуў у спакоі арэхі і Шчаўкунчыка, ціхенька перайшоў на другі бок стала, дзе яго гусары, выставіўшы, як і належыць, вартавых, размясціліся на начлег. Мары падняла зубы, што выпалі ў Шчаўкунчыка; пакалечаную сківіцу яна падвязала прыгожай белай стужкай, якую адшпіліла ад сваёй сукенкі, а затым яіпчэ клапатлівей захутала хусцінкай беднага чалавечка, які збялеў і, відаць, напалохаўся. Гушкаючы яго, як маленькае дзіця, яна ўзялася разглядваць прыгожыя малюнкі ў новай кнізе, што ляжала пасярод іншых падарункаў. Яна вельмі раззлавалася, хоць гэта было зусім на яе непадобна, калі хросны пачаў смяяцца над тым, што яна няньчыцца з такім вырадкам. Тут яна зноў падумала аб дзіўным падабенстве з Дросельмейерам, якое зазначыла ўжо пры першым позірку на чалавечка, і вельмі сур’ёзна сказала:
— Як ведаць, мілы хросны, як ведаць, быў бы ты такім жа прыгожым, як мой любы Шчаўкунчык, нават калі б прыбраўся не горш за яго і надзеў такія ж шчыгульныя, бліскучыя боцікі.
Мары не магла зразумець, чаму так гучна засмяяліся бацькі і чаму ў старшага саветніка суда так зачырванеўся нос і чаму ён зараз не смяецца разам з усімі. Пэўна, на тое былі свае прычыны.
ДЗІВОСЫ
Як толькі зойдзеш да Штальбаўмаў у гасцёўню, тут, адразу ж ад дзвярэй налева, каля шырокай сцяны, стаіць высокая шкляная шафа, куды дзеці хаваюць цудоўныя падарункі, якія атрымліваюць кожны год. Луіза была яшчэ зусім маленькая, калі тата заказаў шафу вельмі здольнаму столяру, а той уставіў у яе такое празрыстае шкло і наогул зрабіў усё з такім умельствам, што ў шафе цацкі выглядалі, бадай, нават яшчэ ярчэй і прыгажэй, чым калі іх бралі ў рукі. На верхняй паліцы, да якой Мары з Фрыцам было не дабрацца, стаялі мудрагелістыя вырабы пана Дросельмейера; наступная была адведзена пад кніжкі з малюнкамі; дзве ніжнія паліцы Мары і Фрыц маглі займаць чым ім заўгодна. I заўсёды атрымлівалася так, што Мары pa61 л a на ніжняй паліцы лялечны пакой, а Фрыц над ім раскватароўваў свае войскі. Так здарылася і сёння. Пакуль Фрыц расстаўляў наверсе гусар, Мары ўнізе адставіла ўбок мамзель Трудхэн, пасадзіла новую шыкоўную ляльку ў выдатна абсталяваны пакой і напрасілася да яе на пачастунак. Я сказаў, што пакой быў выдатна абсталяваны, і гэта праўда; не ведаю, ці ёсць у цябе, мая ўважлівая слухачка Мары, гэтак жа, як у маленькай Штальбаўм — ты ўжо ведаеш, што яе таксама завуць Мары,— дык вось, я кажу, што не ведаю, ці ёсць у цябе, гэтак жа, як у яе, стракатая канапка, некалькі цудоўных крэслаў, дзівосны столік, а галоўнае, прыбраны, бліскучы ложачак, на якім спяць самыя прыгожыя на свеце лялькі.