Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Жыхары горада не маглі наглядзецца на гэтага цудоўнага карліка. Кожны дзень каля дзвярэй палацавай кухні тоўпілася мноства людзей — усе прасілі і малілі галоўнага кухара, каб ён дазволіў хоць адным вокам паглядзець, як карлік гатуе стравы. А гарадскія багацеі імкнуліся атрымаць у герцага дазвол пасылаць на кухню сваіх кухараў, каб яны маглі вучыцца ў карліка гатаваць. Гэта прыносіла карліку немалы даход — за кожнага вучня яму плацілі па паўдуката,— але ён аддаваў усе грошы кухарам, каб яны яму не зайздросцілі.
Так Якаб пражыў у палацы два гады. Ён быў бы, бадай, нават задаволены сваім лёсам, калі б не ўспамінаў так часта пра бацьку і маці, якія не пазналі яго і прагналі. Толькі гэта яго і засмучала.
I вось аднойчы з ім адбыўся такі выпадак.
Карлік Hoc вельмі ўмеў закупляць прыпасы. Ён заўсёды сам хадзіў на рынак і выбіраў для герцагскага стала гусей, качак, зелень і гародніну. Аднойчы раніцай ён пайшоў на рынак, каб купіць гусей, і доўга не мог знайсці дастаткова тлустых птушак. Ён некалькі
разоў прайшоў па рынку, выбіраючы лепшую гусь. Цяпер ужо ніхто не смяяўся з карліка. Усе нізка схілялі перад ім галовы і пачціва ўступалі дарогу. Любая гандлярка была б шчаслівай, калі б ён купіў у яе гусь.
Ходзячы назад і ўперад, Якаб раптам заўважыў у канцы рынку, у баку ад другіх гандлярак, адну жанчыну, якую не бачыў раней. Яна таксама прадавала гусей, але не расхвальвала свой тавар, як іншыя, a маўкліва сядзела, не гаворачы ні слова. Якаб падышоў да гэтай жанчыны і агледзеў яе гусей. Яны былі якраз такія, якіх ён хацеў. Якаб купіў тры птушкі разам з клеткай — двух гусакоў і адну гусь, — паставіў клетку на плячо і пайшоў назад у палац. I раптам ён заўважыў, што дзве птушкі гагочуць і лопаюць крыламі, як і належыць добрым гусакам, а трэцяя — гусь — сядзіць ціха і як быццам нават не дыхае.
“Гэта гусь хворая,— падумаў Якаб.— Як толькі прыйду ў палац, зараз жа загадаю яе зарэзаць, пакуль яна не здохла”.
I раптам птушка, нібы разгадаўшы яго думкі, сказала:
— Ты не рэж мяне — Заклюю цябе.
Галаву мне адсячэш — Неўзабаве сам памрэш.
Якаб ледзь не ўпусціў клетку.
— Вось дзівосы! — закрычаў ён.— Вы, аказваецца, умееце гаварыць, пані гусь! He бойся, такую дзівосную птушку я не заб’ю. Гатоў спрачацца, што ты не заўсёды хадзіла ў гусіным пер’і. Быў жа і я некалі маленькай вавёркай.
— Твая праўда,— адказала гусь.— Я не нарадзілася птушкай. Ніхто не думаў, што Мімі, дачка вялікага Ветэрбока, закончыць жыццё пад нажом кухара на кухонным стале.
— He турбуйся, дарагая Мімі! — усклікнуў Якаб.— He быць мне сумленным чалавекам і галоўным кухарам яго светласці, калі да вас хто-небудзь дакранецца нажом! Вы будзеце жыць у цудоўнай клетцы ў маім
пакоі, і я буду вас карміць і размаўляць з вамі. А другім кухарам скажу, што адкормліваю гусь асаблівымі травамі для самога герцага. He пройдзе і месяца, як я прыдумаю спосаб выпусціць вас на волю.
Мімі са слязамі на вачах падзякавала карліку, і Якаб выканаў усё, што абяцаў. Ён сказаў на кухні, што будзе адкормліваць гусь асаблівым спосабам, якога ніхто не ведае, і паставіў яе клетку ў сваім пакоі. Мімі атрымала не гусіную ежу, а пячэнне, цукеркі і розныя ласункі, і як толькі ў Якаба выдавалася вольная хвіліна, ён тут жа прыбягаў да яе пагаварыць.
Мімі расказала Якабу, што яе ператварыла ў гусь і прынесла ў гэты горад адна старая вядзьмарка. Карлік таксама расказаў Мімі сваю гісторыю, і Мімі сказала:
— Я сёе-тое разумею ў чарах — мой бацька трошкі вучыў мяне сваёй мудрасці. Я здагадваюся, што бабуля зачаравала цябе чарадзейнай травой, якую паклала ў суп, калі ты прынёс ёй дамоў капусту. Калі ты знойдзеш гэту траўку і панюхаеш яе, ты, магчыма, зноў станеш такім, як усе людзі.
Гэта, вядома, не асабліва суцешыла карліка: як жа ён мог знайсці гэту траўку? Але ў яго ўсё-такі з’явілася маленькая надзея.
Праз некалькі дзён пасля гэтага да герцага прыехаў у госці адзін князь — яго сусед і сябра. Герцаг тут жа паклікаў да сябе карліка і сказаў яму:
— Цяпер надышоў час паказаць, ці аддана ты мне служыш і ці добра ведаеш сваё мастацтва. Гэты князь, які прыехаў да мяне ў і’осці, любіць смачна паесці і разумее толк у гатаванні. Глядзі ж, рыхтуй нам такія стравы, каб князь кожны дзень здзіўляўся. I не падумай, пакуль князь у мяне ў гасцях, два разы падаць на стол адно і тое. Тады табе не будзе літасці. Бяры ў майго казначэя ўсё, што табе спатрэбіцца, хоць золата запечанае нам падавай, толькі б не асарамаціцца перад князем.
— He турбуйся, ваша светласць,— адказаў Якаб, нізка пакланіўшыся.— Я ж ужо змагу дагадзіць вашаму ласуну князю.
I Карлік Hoc горача ўзяўся за работу. Цэлы дзень ён стаяў каля гарачай пліты і бясконца аддаваў загады сваім тоненькім галаском. Натоўп кухараў і кухцікаў насіўся па кухні, ловячы кожнае яго слова. Якаб не шкадаваў ні сябе, ні іншых, каб толькі дагадзіць свайму гаспадару.
Ужо два тыдні гасціў князь у герцага. Яны елі не менш пяці разоў на дзень, і герцаг быў у захапленні. Ён бачыў, што яго госцю падабаецца ўсё, што гатуе карлік. На пятнаццаты дзень герцаг паклікаў Якаба ў сталоўку, паказаў яго князю і спытаў, ці задаволены князь мастацтвам яго кухара.
— Ты цудоўна гатуеш,— сказаў князь карліку,— і разумееш, што значыць смачна есці. За гэты час, пакуль я тут, ты не адной стравы не падаў на стол два разы, і ўсё было вельмі смачнае. Але скажы мне, чаму ты да гэтага часу не пачаставаў нас “пірагом каралевы”? Гэта самы смачны пірог на свеце.
У карліка зайшлося сэрца: ён ніколі не чуў пра такі пірог. Але ён і выглядам не паказаў, што збянтэжаны, і адказаў:
— О пан, я спадзяваўся, што вы яшчэ доўга будзеце ў нас, і я хацеў пачаставаць вас “пірагом каралевы” на развітанне. Гэта ж — кароль усіх пірагоў, як вы самі добра ведаеце.
— Ах, вось як! — сказаў герцаг і засмяяўся.— Ты ж і мяне ні разу не пачаставаў “пірагом каралевы”. Напэўна, ты спячэш яго ў дзень маёй смерці, каб апошні раз зрабіць мне прыемнае. Але прыдумай на гэты выпадак іншую страву! А “пірог каралевы” каб заўтра быў на стале! Чуеш!
— Слухаюся, пан герцаг,— адказаў Якаб і пайшоў заклапочаны і засмучаны.
Вось калі надышоў дзень яго ганьбы. Адкуль ён даведаецца, як пякуць гэты пірог?
Ён пайшоў у свой пакой і пачаў моцна плакаць. Гусь Мікі ўбачыла яго са сваёй клеткі і пашкадавала яго.
— Чаго ты плачаш, Якаб? — спытала яна, і калі
Якаб расказаў ёй пра “пірог каралевы”, яна сказала:
— Вытры слёзы і не засмучайся. Гэты пірог часта падавалі ў нас дома, і я, здаецца, помню, як яго трэба пячы. Вазьмі якраз столькі мукі і пакладзі яшчэ якраз такую прыправу — вось пірог і гатовы. А калі ў ім чаго-небудзь не хопіць — невялікая бяда. Герцаг з князем усё роўна не заўважаць. He такі ўжо ў іх вытанчаны густ.
Карлік Hoc падскочыў ад радасці і тут жа ўзяўся пячы пірог. Спачатку ён спёк маленькі піражок і даў яго пакаштаваць начальніку кухні. Той прызнаўся, што вельмі смачна. Тады Якаб спёк вялікі пірог і прама з печы паслаў яго да стала. А сам апрануў святочны касцюм і пайшоў у сталоўку глядзець, як герцагу з князем спадабаецца гэты новы пірог.
Калі ён уваходзіў, дварэцкі якраз адразаў вялікі кавалак пірага, на сярэбранай лапатачцы падаў яго князю, а потым другі такі ж — герцагу. Герцаг адкусіў адразу паўкавалка, пажаваў пірог, праглынуў яго і з задаволеным выглядам адкінуўся на спінку крэсла.
— Ах, як смачна! — усклікнуў ён.— Нездарма гэты пірог называюць каралём усіх пірагоў. Ці не праўда, князь?
Князь асцярожна адкусіў маленечкі кавалачак, добра пажаваў яго, расцёр языком і сказаў, паблажліва ўсміхаючыся і адсоўваючы талерку:
— Някепская ежа! Але толькі яму далёка да “пірага каралевы”. Я так і думаў!
Герцаг пачырванеў з прыкрасці і сярдзіта нахмурыўся.
— Паганы карлік! — закрычаў ён.— Як ты асмеліўся так зганьбіць свайго пана? За такую ежу табе трэба было б адсячы галаву!
— Пан! — закрычаў Якаб, падаючы на калені.— Я спёк гэты пірог як трэба. У яго пакладзена ўсё належнае.
— Ты ілжэш, нягоднік! — закрычаў герцаг і адпіхнуў карліка нагой.— Мой госць не стаў бы дарэмна гаварыць, што ў пірагу нечага нестае. Я цябе самога
загадаю змалоць і спячы ў пірагу, вырадак ты гэтакі!
— Злітуйцеся нада мной! — жаласліва закрычаў карлік, хапаючы князя за крыссё яго вопраткі.— He дайце мне памерці з-за жменькі мукі і мяса! Скажыце, чаго не хапае ў гэтым пірагу, чым ён вам гэтак не спадабаўся?
— Гэта мала табе дапаможа, мой мілы Hoc,— адказаў князь усміхаючыся.— Я ўжо ўчора падумаў, што табе не спячы гэтага пірага так, як яго пячэ мой кухар. У ім не хапае адной траўкі, якой у вас ніхто не ведае. Яна называецца “чхай на здароўе”. Без гэтай траўкі ў “пірага каралевы” не той смак, і твайму пану ніколі не прыйдзецца пакаштаваць яго такім, якім яго гатуюць у мяне.
— He, я яго паспрабую, і вельмі хутка! — закрычаў герцаг.— Клянуся гонарам герцага, або вы заўтра ўбачыце на стале такі пірог, або галава гэтага нягодніка будзе тырчаць на варотах майго палаца. Вон адгэтуль, сабака! Даю табе тэрмін дваццаць чатыры гадзіны, каб выратаваць сваё жыццё.
Няшчасны карлік, горка плачучы, пайшоў да сябе ў пакой і паскардзіўся гусі на сваё гора. Цяпер яму ўжо не мінуць смерці! Бо ён жа ніколі і не чуў аб траве, якая называецца “чхай на здароўе”.
— Калі ў гэтым уся справа,— сказала Мімі,— дык я магу табе дапамагчы. Мой бацька навучыў мяне пазнаваць усе травы. Калі б гэта было тыдні два таму назад, табе, магчыма, сапраўды пагражала б смерць, але, на шчасце, цяпер маладзік, а ў гэты час як раз і цвіце тая трава. Ёсць дзе-небудзь каля палаца старыя каштаны?
— Так! Так! — радасна закрычаў карлік.— У садзе, зусім блізка адсюль, расце некалькі каштанаў. Але нашто яны табе?
— Гэта трава,— адказала Мімі,— расце толькі пад старымі каштанамі. He будзем дарэмна губляць час і пойдзем зараз жа яе шукаць. Вазьмі мяне на рукі і вынесі з палаца.
Карлік узяў Мімі на рукі, падышоў з ёй да палаца-
вых варотаў і хацеў выйсці. Але вартаўнік перагарадзіў яму дарогу.
— He, мой мілы Hoc,— сказаў ён,— мне вельмі строга загадана не выпускаць цябе з палаца.
— Няўжо мне і ў садзе нельга пагуляць? — спытаў карлік.— Будзь добры, пашлі каго-небудзь да дазорца і спытай, ці можна мне хадзіць па садзе і збіраць траву.