Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
— Ах вы, дрэнь нягодная... Куды падзелі мае туфлі? — закрычала бабуля і шпурнула ў іх кульбаку, ды так, што яны завішчалі і падскочылі.— Доўга мне яшчэ тут стаяць?
Яны спрытна паскакалі ўверх па лесвіцы і вярнуліся з дзвюма шкарлупкамі какосавага арэха, абшытымі знутры скурай, і лоўка надзелі іх бабулі на ногі.
Кульгання і чыкільгання як і не было. Яна адкінула кульбаку і вельмі хутка заслізгала па шкляной падлозе, цягнучы за руку Якаба. Нарэшце бабуля спынілася ў пакоі, настолькі засмечаным, што ён быў падобны на кухню, хаця сталы з чырвонага дрэва і канапы, засланыя багатымі дыванамі, больш падыходзілі да парадных апартаментаў.
— Сядай, сынок,— вельмі ласкава прапанавала бабуля, хаваючы яго за канапу і прыціскаючы сталом, каб ён не змог вылезці адтуль.— Сядай, чалавечыя галовы не такія ўжо і лёгкія, так, не такія ўжо і лёгкія.
— Нешта я вас, бабуля, ніяк не зразумею,— усклікнуў хлапчук.— Я, праўда, стаміўся, але ж нёс капусныя галовы. Вы іх купілі ў маёй маці!
— Ну, гэта ты памыляешся,— засмяялася бабуля, падняла з каша вечка і, схапіўшы за віхор, выцягнула адтуль чалавечую галаву.
Хлапчук сумеўся, ад страху не мог зразумець, што адбылося, але адразу падумаў пра маці: калі прачуюць пра чалавечыя галовы, вырашыў ён, дык пачнуць, вядома, вінаваціць яго маці.
— Пачакай, я дам табе штосьці ва ўзнагароду за тое, што ты такі паслухмяны,— прамармытала бабуля,— пацярпі хвілінку, зараз звару табе такога супу, што ты яго ўсё жыццё помніць будзеш.
Яна сказала і зноў свіснула. Спачатку прыбегла шмат марскіх свінак, апранутых па-чалавечы; на іх былі падвязаны кухонныя фартухі, а за пояс заткнуты апалонікі і кухонныя нажы; услед за імі прыбегла з подскакам чародка вавёрак; хадзілі яны на задніх лапках, на іх былі шырокія шаравары, а на галовах зялёныя аксамітныя шапачкі. Напэўна, гэта былі кухцікі, таму што яны вельмі хутка ўзбіраліся наверх па прыступках і апускаліся адтуль са скавародкамі і міскамі, з яйкамі і маслам, травамі і мукой і неслі ўсё гэта да ачага; а побач, не спыняючыся, хадзіла назад і ўперад бабуля ў сваіх туфлях са шкарлупін какосавых арэ-
хаў, і хлапчук бачыў, што яна вельмі стараецца згатаваць яму самы смачны суп.
Агонь затрашчаў весялей, скаварада задымілася і зашыпела, у пакоі распаўсюдзіўся прыемны пах, а бабуля ўсё бегала назад і ўперад, а вавёркі і марскія свінкі ўслед за ёй, і кожны раз, калі яна праходзіла каля ачага, дык совала свой доўгі нос у кацялок. Нарэшце ўсё закіпела і заклекатала, ад кацялка паваліла пара, а пена пырснула на агонь. Тады бабуля зняла кацялок, выліла змесціва ў сярэбраную міску і паставіла яе перад Якабам.
— Так, сынок, так,— сказала яна,— вось з’еш суп, і атрымаеш усё, што табе так у сне прыгледзелася! Сам станеш умелым кухарам, бо трэба ж некім быць. A вось траўкі... траўкі табе ніяк не знайсці. Чаму не было яе ў кашы тваёй маці?
Хлапчук не разумеў поўнасцю, што яна гаворыць, тым больш старанна ўзяўся есці суп, бо вельмі ён падабаўся яму. Маці не раз частавала яго смачнай ежай, але ніхто яшчэ не карміў такой! Суп быў кісла-салодкі і дужа наварысты, ад яго ішоў тонкі пах траў і карэнняў. Пакуль ён даядаў апошнія кроплі, марскія свінкі запалілі арабскае курэнне, ад якога па пакоі пайшлі блакітныя клубы дыму. Клубы гэтыя згушчаліся і згушчаліся, паволі асядалі; водар курэння дзейнічаў на хлапчука як дурман; кожны раз ён прыходзіў у сябе, успамінаў, што пара ісці да маці, і хацеў падняцца, але зноў апускаўся ў дрымоту, а неўзабаве і зусім заснуў на канапе ў бабулі.
Дзіўныя сны бачыліся хлапчуку. Яму мроілася, быццам бабуля зняла з яго адзенне і ахінула яго вавёркавай шкуркай. Цяпер ён мог скакаць і лазіць па галінках не горш за вавёрку; ён пазнаёміўся з астатнімі вавёркамі і марскімі свінкамі — народам вельмі пачцівым і прыстойным; разам з імі нёс ён службу ў бабулі. Спачатку ён дапускаўся толькі да абавязкаў чысцільшчыка ботаў, гэта значыць, ён павінен быў змазваць маслам і націраць да бляску какосавыя арэхі, якія бабуля насіла замест чаравікаў. 3 гэтай справай ён добра
спраўляўся, бо ў бацькоўскай хаце яго не раз засаджвалі за такую работу; праз год ён быў дапушчаны да больш тонкай працы: яму загадана было разам з іншымі вавёркамі лавіць пылінкі, якія мітусіліся ў сонечным промні, а налавіўшы іх шмат, прасейваць праз частае сіта. Гаспадыня лічыла сонечныя пылінкі самай вялікай пяшчотай на свеце, а згубіўшы апошнія зубы, яна не магла жаваць як трэба, і таму ёй пяклі хлеб з сонечных пылінак.
Яшчэ праз год яго перавялі ў лік тых слуг, якія збіралі пітную ваду для бабулі. He падумайце, што яна загадала выкапаць калодзеж або паставіць на двары бочку для дажджавой вады; іх работа патрабавала вышэйшага майстэрства: вавёркі, а з імі і Якаб, шкарлупкамі лясных арэхаў вычэрпвалі расу з руж — яна і была для бабулі пітной вадой. А бабуля піла вельмі шмат, таму ваданосам хапала клопатаў. Праз год ён ужо шчыраваў па дому: трымаў у чысціні падлогу, a паколькі яна была шкляной і на ёй прыкметным было нават дыханне, то работа гэта забірала шмат сіл і часу. Яны націралі падлогу шчоткамі і, прывязаўшы да ног старую суконку, спрытна слізгалі па пакоі. На чацвёрты год ён быў нарэшце прызначаны на кухню. Гэта была ганаровая пасада, на якую бралі толькі пасля доўгіх выпрабаванняў. Там Якаб з кухарчука даслужыўся да старшага кухара-паштэтніка і набыў такі вялікі вопыт і майстэрства ва ўсім, што датычыла кухарскага мастацтва, што не раз нават сам гэтаму здзіўляўся; ён усяго дасягнуў, усяму навучыўся, хутка і смачна гатаваў мудрагелістыя стравы, паштэты, у якія дабаўлялася дзвесце розных прыпраў, супы з гародніны, прывезенай з усяго свету.
Так прайшло на службе ў бабулі гадоў сем; і вось неяк сабралася яна ісці, зняла свае какосавыя чаравікі, узброілася кашом і кульбакай, а яму загадала абшчыпаць курыцу, нафаршыраваць травамі і, смачна падрумяніўшы, засмажыць да яе прыходу. Ён засмажыў курыцу па ўсіх правілах кухарскага мастацтва. Скруціў шыю, абпарыў кіпенем, лоўка абшчыпаў, паскроб ску-
ру, каб яна стала гладкай і пяшчотнай, і выпатрашыў курыцу. Потым узяўся збіраць траву для начыння. У гэты раз ён убачыў у кладоўцы, дзе захоўвалася трава, насценную шафу з прыадчыненымі дзверцамі, якую ён раней не прыкмячаў. Зацікавіўшыся, што ж у ёй, ён падышоў бліжэй,— і калі глянуў! — там стаяла шмат кошыкаў, ад якіх ішоў прыемны моцны пах. Ён адкрыў адзін і ўбачыў там траву вельмі асаблівай формы і колеру. Сцяблінка і лісце былі блакітнавата-зялёныя, а на канцы сядзела вогненна-чырвоная кветка з жоўтым беражком; у роздуме разглядаў ён і нюхаў кветку, ад якой струменіўся той жа моцны водар, якім прыемна пах суп, што калісьці яму варыла бабуля. Але пах быў такі моцны, што ён чхнуў, потым пачаў мацней чхаць і нарэшце зусім расчхаўся і прачнуўся.
Ён ляжаў на бабулінай канапе і здзіўлена аглядваў пакой. “I прысняцца ж такія сны, зусім як наяве,— падумаў ён.— Я мог бы паклясціся, што я — вартая жалю вавёрачка, сябрую з марскімі свінкамі і ўсякімі звярамі і што ў той жа час я стаў адмысловым кухарам. Ну і пасмяецца ж матуля, каля я раскажу ёй пра ўсё гэта! Толькі, бадай, усыпле яна мне за тое, што я заснуў у чужых людзей і не памагаю ёй на базары”. 3 гэтай думкай ён устаў, збіраючыся ісці; усё цела яго здранцвела ад сну, асабліва шыя,— ён не мог як след круціць галавой; ён нават сам сабе ўсміхнуўся, што такі сонны, ніяк не прыйдзе ў сябе і толькі тыцкаецца носам у шафу або ў сцяну, а калі хутка павернецца, дык чапляецца носам за вушак. Вавёркі і марскія свінкі з вішчаннем бегалі вакол яго, нібы хацелі пайсці за ім; ужо стоячы на парозе, ён паклікаў іх за сабой, a гэта былі слаўныя звяркі. Але яны хутка пакаціліся на сваіх арэхавых шкарлупках зноў дамоў, і толькі здалёк даносілася іх вішчанне.
Бабуля завяла яго ў даволі аддаленую частку горада, і ён з цяжкасцю выбраўся з вузкіх вулачак, да таго ж там яшчэ была штурханіна, таму што, як яму здалося, недзе блізка з’явіўся карлік; раз-пораз чуліся крыкі: “Эй, гляньце вы на вырадка-карліка! Адкуль узяўся
такі карлік? Ну і доўгі ж у яго hoc, а галава зусім увайшла ў плечы, а рукі якія брудныя, пачварныя!” Іншым часам ён і сам пабег бы за людзьмі, таму што больш за ўсё на свеце любіў глядзець на веліканаў і карлікаў або на незвычайныя заморскія ўбранні, але цяпер яму трэба было спяшацца да маці.
Калі ён прыйшоў на базар, на яго напаў страх. Маці сядзела яшчэ там, і ў кашы ў яе было шмат тавару, значыць, ён спаў не вельмі доўга, але ўжо здалёк яму яна падалася вельмі сумнай: яна ўжо не зазывала пакупнікоў і сядзела, падпёршы галаву рукой, а калі ён падышоў бліжэй, яму здалося, быццам яна стала бледнай як ніколі. Ён марудзіў, не ведаючы, што рабіць; нарэшце сабраўся з сіламі, падкраўся да яе ззаду, ласкава паклаў ёй руку на плячо і сказаў:
— Матуля, табе нездаровіцца? Ты злуешся на мяне?
Жанчына павярнулася, але тут жа рэзка адхінулася з крыкам жаху.
— Што табе ад мяне патрэбна, агідны карлік! — усклікнула яна.— Ідзі, ідзі адсюль! Цярпець не магу дурныя жарты!
— Ну што з табой, матуля? — спытаў перапалоханы Якаб.— Табе, мусіць, няможацца, чаму ты гоніш ад сябе свайго сына?
— Сказала табе, ідзі сваёй дарогай! — раздражнёна адказала Ханна.— 3 мяне ты, агідны вырадак, сваім крыўляннем нічога не возьмеш.
“Правільна, Бог пазбавіў мяне розуму,— са страхам падумаў хлапчук.— Што мне цяпер рабіць, як завесці яе дадому?”
— Мілая мамачка, апомніся, паглядзі на мяне добра, я ж твой сын, твой Якаб.
— He, цяпер твой жарт робіцца вельмі нахабным,— крыкнула Ханна, звяртаючыся да суседкі,— вы толькі гляньце на вырадка карліка, стаіць тут і адпужвае ўсіх пакупнікоў ды яшчэ смяецца з майго гора. Гаворыць — я твой сын, твой Якаб! Ах, які бессаромнік!
Тут перапалохаліся ўсе суседкі і пачалі з усіх сіл сварыцца — а базарныя гандляркі, самі ведаеце, сва-
рыцца ахвотніцы -— і напалі на яго за тое, што ён здзекваецца з беднай Ханны, у якой сем гадоў таму назад укралі сына — вельмі прыгожага хлапчука — і пачалі пагражаць, што ўсе разам кінуцца на яго і паабдзіраюць, калі ён не пакіне іх, пакуль цэлы.
Небарака Якаб не ведаў, што і падумаць. Бо ён жа, як яму здавалася, сёння раніцай пайшоў, як звычайна, з маці на базар, дапамог ёй раскласці фрукты, потым пайшоў з бабуляй да яе дамоў, паеў супу, трохі падрамаў і цяпер вось вярнуўся на базар, а маці і суседкі гавораць нешта пра сем гадоў. А яго называюць агідным карлікам! Што гэта такое з ім адбылося? Калі ён зразумеў, што маці і слухаць пра яго не хоча, на вачах у яго з’явіліся слёзы, і ён сумна пайшоў да крамкі, дзе бацька цэлы дзень рамантаваў чаравікі.