Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Калі Мук падняўся па сходах, яму насустрач трапілася бабулька, што выглядвала ў акно. Яна злосна паглядзела на яго і спыталася, што яму тут трэба.
— Ты ж усіх клікала да сябе паесці,— адказаў Маленькі Мук,— а я вельмі галодны, вось я і вырашыў таксама прыйсці.
Бабуля засмяялася і сказала:
— Адкуль ты ўзяўся, дзівак? Бо ўвесь горад ведае, што я гатую толькі для сваіх мілых каткоў, а часам
запрашаю ім дзеля кампаніі і суседскіх, як ты сам бачыў.
Маленькі Мук расказаў бабульцы, як цяжка яму прыйшлося пасля смерці бацькі, і папрасіў яе дазволіць яму разок папалуднаваць з яе каткамі. Бабулька, змякчыўшыся ад яго шчырага прызнання, дазволіла яму пабыць у яе і шчодра накарміла і напаіла яго. Калі ён пад’еў і падмацаваўся, старая ўважліва агледзела яго і потым прамовіла:
— Маленькі Мук, заставайся, будзеш у мяне на паслугах, рабіць табе давядзецца мала, а жыць будзеш добра.
Маленькаму Муку прыйшлася даспадобы кашэчая поліўка, а таму ён згадзіўся і зрабіўся слугою пані Агаўцы. Работа ў яе была няцяжкая, але дзіўная. Пані Агаўцы трымала двух катоў і чатырох кошак,— Маленькаму Муку даводзілася штораніцы расчэсваць і змазваць ім шэрсць дарагімі пахнюткімі мазямі; калі старая ішла з дому, ён улагоджваў кошак падчас яды, падстаўляў ім місачкі, а нанач укладваў іх на шоўкавыя падушачкі і накрываў аксамітнымі коўдзеркамі. Апрача таго, у доме вадзілася некалькі сабачак, якіх яму было загадана даглядаць, праўда з імі не так няньчыліся, як з кошкамі, якія былі для пані Агаўцы усё роўна што родныя дзеці. Тут Мук вёў такое самае замкнёнае жыццё, як і ў бацькоўскім доме, бо, апроч старой, цэлымі днямі бачыў адных катоў ды сабак.
Нейкі час Муку жылося цудоўна: у яго было ўдосталь яды і не шмат работы, і бабуля, здавалася, была задаволена ім, але мала-памалу каты разбэсціліся: калі старая выходзіла, яны, як шалёныя, ляталі па пакоях, пераварочвалі ўсё і білі дарагі посуд, што трапляўся ім на дарозе. Але, пачуўшы крокі бабулі па сходах, яны забіваліся да сябе ў пасцелькі і, як быццам нічога не было, вілялі ёй насустрач хвастамі. Бачачы свае пакоі ў беспарадку, бабуля злавала і звальвала ўсё на Мука; і як ён ні апраўдваўся, яна больш верыла бязвіннаму выгляду сваіх каткоў, чым словам слугі.
Маленькі Мук быў вельмі засмучаны, што тут яму
не давялося знайсці сваё шчасце, і задумаў кінуць службу ў пані Агаўцы. Але памятаючы з першага свайго падарожжа, як цяжка быць без грошай, ён вырашыў якім-небудзь спосабам здабыць тыя, што гаспадыня яму ўсё абяцала, але ні разу не заплаціла.
У доме пані Агаўцы меўся пакой, які заўсёды быў пад замком і куды ён ні разу не заглядваў, але часта ён чуў, як бабуля возіцца там, і дорага б даў, каб даведацца, што яна там хавае. Калі ён задумаўся, як здабыць грошай на дарогу, яму прыйшло ў галаву, што ў тым пакоі хаваюцца бабуліны скарбы; але дзверы заўсёды былі на замку, і яму ніяк не ўдавалася дабрацца да скарбаў.
Аднае раніцы, калі пані Агаўцы выйшла з дому, адзін з сабачак, для якога старая была чыстай мачахай і які прывязаўся да Мука за ласкавыя адносіны, тузануў яго за складку шаравараў, нібы паказваючы яму, каб ён ішоў услед за ім. Мук, які ахвотна гуляў з сабакамі, пайшоў услед за ім, і — што вы думаеце? — сабачка прывёў яго ў спальню пані Агаўцы, проста да дзверцаў, якіх ён да гэтага часу не заўважаў. Дзверцы былі паўрасчыненыя. Сабачка ўвайшоў туды. Мук за ім,— і якая ж была яго радасць, калі ён убачыў, што знаходзіцца ў пакоі, куды імкнуўся так даўно! Ён стаў шнарыць, шукаючы грошай, але нічога не знайшоў. Увесь пакой быў поўны старога адзетку і пасудзін мудрагелістай формы. Адна з гэтых пасудзін асабліва прыцягнула яго ўвагу: яна была з гранёнага крышталю з прыгожым малюнкам. Мук узяў яе і пачаў круціць ва ўсе бакі; але — о, жах! — ён не заўважыў, што там была накрыўка, якая трымалася вельмі слаба: накрыўка ўпала і разбілася ўшчэнт.
Маленькі Мук анямеў ад страху,— цяпер яго лёс вырашаўся сам сабою, цяпер яму даводзілася ўцякаць, a то старая заб’е яго да смерці. Ён мігам рашыўся, але на развітанне паглядзеў яшчэ раз, ці не прыдасца штонебудзь з дабра пані Агаўцы яму ў дарогу; тут на вочы яму трапілася пара вялізных туфляў; праўда, яны не былі прыгожыя, але яго старыя ўжо не вытрымалі б
падарожжа, акрамя таго, гэтыя прыцягвалі яго сваёй велічынёю; бо калі ён іх надзене, усе ўбачаць, што ён ужо даўно выйшаў з пялёнак. Дык вось, ён паспешна скінуў свае шлёпанцы і ўлез у новыя; яму падалося, што палачка з прыгожа выразанаю львінаю галавою марна прападае ў кутку, ён захапіў і яе, і заспяшаўся вон з пакоя. Хутка заскочыў ён да сябе ў каморку, накінуў халацік, насунуў бацькоўскі турбан, заткнуў за пояс кінжал і з усіх ног кінуўся прэч з дому і з горада. Ён уцякаў усё далей ад горада, баючыся бабульчынага гневу, пакуль зусім не знямог. Так хутка ён не хадзіў ніколі ў жыцці, мала таго, ён як быццам не мог спыніцца, нібы нейкая нябачная сіла гнала яго. Нарэшце ён заўважыў, што з туфлямі адбываецца нешта нячыстае: яны мчаліся ўсё ўперад і цягнулі за сабой яго. Ён усяляк спрабаваў спыніцца, але марна. Тады ён у роспачы закрычаў самому сабе, як крычаць коням: “Тпру, стой, тпру!” I туфлі спыніліся, а Мук без сіл зваліўся на зямлю.
Ён быў у захапленні ад туфляў; значыць, ён усё-ткі атрымаў за сваю службу нешта, з чым яму лягчэй будзе шукаць на свеце шчасця. Нягледзячы на радасць, ён заснуў ад стомы, бо цельца Маленькага Мука, якому даводзілася насіць такую цяжкую галаву, было не з вытрывалых. Ён сасніў сабачку, які дапамог яму здабыць туфлі ў доме пані Агаўцы, і той павёў такую гаворку: “Мілы Мук, ты яшчэ не навучыўся абыходзіцца правільна з туфлямі; ведай, што, надзеўшы іх і тройчы перавярнуўшыся на абцасе, ты паляціш куды хочаш, а палачка дапаможа табе знаходзіць скарбы, бо там, дзе закапана золата, яна будзе стукаць аб зямлю тры разы, дзе серабро — два разы”. Вось што сасніў Маленькі Мук; прачнуўшыся, ён прыпомніў цудоўны сон і вырашыў зрабіць дослед. Ён надзеў туфлі, падняў адну нагу і пачаў круціцца на абцасе; але хто спрабаваў прарабіць такі фокус тры разы засаб у непамерна вялікіх туфлях, той не здзівіцца, што Маленькаму Муку гэта ўдалося не адразу, асабліва калі ўзяць пад
увагу, пгго цяжкая галава пераважвала яго то на адзін, то на другі бок.
Небарак некалькі разоў балюча стукаўся носам вобземлю, але мужна рабіў і рабіў спробы, пакуль нарэшце не дамогся свайго. Колам закруціўся ён на абцасе, пажадаў апынуцца ў найбліжэйшым вялікім горадзе, і зірк — туфлі падняліся ў паветра, віхураю паімчаліся праз воблакі, і не паспеў Маленькі Мук апамятацца, як апынуўся на вялікім рыначным пляцы, дзе стаяла мноства палатак і мітусілася незлічоная колькасць людзей. Ён паблукаў у натоўпе, але пасля надумаў, што куды лепш падацца ў адну з зацішных вуліц, бо на рынку яму раз-пораз хто-небудзь наступаў на туфлі, так што ён ледзь не падаў, альбо ён сам штурхаў кагосьці сваім кінжалам і чуць ухіляўся ад пабояў.
Маленькі Мук прызадумаўся ўсур’ёз, як бы яму зарабіць трошкі грошай; у яго была праўда, палачка, якая паказвала скарбы, але як зразу знайсці месца, дзе закапана золата ці серабро? На благі канец, ён мог бы паказацца за грошы, але тут ганарлівасць замінала яму. I раптам ён успомніў пра шпаркасць сваіх ног. “Можа, туфлі мае дапамогуць мне пракарміцца”,— падумаў ён і вырашыў наняцца ў скараходы. Але ж такая служба, відаць, лепш за ўсё аплочваецца ў караля, а таму ён выправіўся расшукваць палац.
Каля варот палаца стаяла варта, якая спыталася ў яго, што яму тут трэба. Калі ён адказаў, што шукае службы, яго паслалі да наглядчыка над рабамі. Ён выклаў таму сваю просьбу ўладкаваць яго каралеўскім ганцом. Наглядчык змерыў яго позіркам з галавы да пят і сказаў: “Як гэта ты задумаў зрабіцца каралеўскім скараходам, калі ножкі ў цябе не болын за пядзю? Выбірайся хутчэй, мне няма часу балакаць з кожным дурнем”. Але Маленькі Мук пачаў клясціся, што ён не жартуе і гатовы паспрачацца хоць з якім скараходам. Наглядчык падумаў, што такая прапанова пазабавіць хоць каго; ён загадаў Муку падрыхтавацца да спаборніцтва ўвечары, адвёў яго на кухню і распарадзіўся, каб яго як след накармілі і напаілі; сам жа накіраваў-
ся да караля і расказаў яму пра маленькага чалавечка і яго выхвалянні. Кароль быў ад прыроды весялун, таму яму вельмі спадабалася, што наглядчык дзеля пацехі пакінуў Маленькага Мука; ён загадаў так уладзіць усё на вялікім лузе за каралеўскім замкам, каб двару зручна было сачыць за бегам, а над карлікам загадаў мець асаблівую апеку. Сваім прынцам і прынцэсам кароль расказаў, якая забава чакае іх увечары; тыя ж расказалі пра гэта сваім слугам, а калі настаў вечар, нецярплівае чаканне стала ўсеагульным,— усе, каго насілі ногі, падаліся на луг, дзе былі зроблены памосты, адкуль двор мог сачыць за бегам выхвалякі-карліка.
Калі кароль з сынамі і дочкамі размясціліся на памосце, Маленькі Мук выступіў на сярэдзіну лугу і зрабіў знатнаму грамадству найграцыёзнейшы паклон. Вясёлыя воклічы сустрэлі малечу — такога вырадка ніхто яшчэ не бачыў. Цельца з вялізнай галавою, халацік і пышныя шаравары, доўгі кінжал за шырокім поясам, маленькія ножкі ў вялізманых туфлях — сапраўды ж, бачачы такую камічную фігурку, нельга было стрымаць смех. Але рогат не збянтэжыў Маленькага Мука. Ён прыняў самавітую паставу, абапёршыся на палачку, і чакаў праціўніка. Па патрабаванні самога Мука, наглядчык над рабамі выбраў найлепшага скарахода; той выступіў таксама, падышоў да малечы, і абодва пачалі чакаць знака. Тады прынцэса Амарца, як было дамоўлена, махнула наміткаю, і нібы дзве стралы, якія пушчаны ў адну цэль, паімчаліся бегуны па лузе.
Спачатку Мукаў супернік быў прыкметна ўперадзе, але карантыш рынуўся за ім на сваіх туфлях-скараходах, нагнаў яго, апярэдзіў і даўно ўжо дасягнуў цэлі, калі той падбягаў, ледзь пераводзячы дух. Гледачы застылі на момант ад здзіўлення і нечаканасці, але калі кароль першы запляскаў у далоні, натоўп выбухнуў захопленымі воклічамі: “Няхай жыве Маленькі Мук, пераможац у спаборніцтве!”
Маленькага Мука падвялі да памоста, ён кінуўся ў ногі каралю са словамі:
— Ваша каралеўская міласць, я паказаў табе panep толькі сціплы прыклад свайго майстэрства, зрабі ласку загадаць, каб мяне прынялі ў лік тваіх ганцоў.