Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
— О, ты сапраўдны сын мой! — усклікнуў расчулены султан і схіліўся на грудзі сыну.
Эміры і пашы, і ўсе вяльможы дзяржавы — ўсталі са сваіх месцаў і абвясцілі славу новаму царскаму сыну. Пад усеагульную радасць Лабакан ціхенька вышмыгнуў з залы са сваёй шкатулкай пад пахай.
Ён зайшоў у канюшню султана, сеў на сваю клячу Мурфу і выехаў з гарадской брамы, трымаючы шлях на Александрыю. Усё яго жыццё ў ролі прынца здалося яму сном, і толькі цудоўная шкатулка, багата ўпрыгожаная жэмчугам і алмазамі, даказвала, што гэта быў не сон.
Вярнуўшыся ў Александрыю, ён пад’ехаў да дома свайго былога гаспадара, злез на зямлю, прывязаў свайго коніка да дзвярэй і ўвайшоў у майстэрню. Гаспадар адразу не пазнаў яго і цырымонна спытаў, чым можа яму служыць, але калі ён бліжэй прыгледзеўся да наведвальніка і пазнаў свайго старога знаёмага Лабакана, то паклікаў усіх сваіх чаляднікаў і вучняў, і ўсе яны са злосцю накінуліся на няшчаснага Лабакана, які не чакаў такога прыёма. Яны піхалі і білі яго прасамі і аршынамі, калолі іголкамі і паролі вострымі нажніцамі, пакуль ён у знямозе не ўпаў на кучу старога адзення.
Пакуль ён ляжаў, гаспадар рабіў вымову яму за ўкрадзенае адзенне; дарэмна кляўся Лабакан, што ён і вярнуўся з мэтай аплаціць усё, дарэмна прапаноўваў кампенсаваць страты ў трохразовым памеры,— гаспадар і чаляднікі зноў накінуліся на яго, яшчэ мацней пабілі і вышпурнулі за дзверы. Збіты, змардаваны, сеў ён на свайго Мурфу і пацягнуўся ў караван-сарай. Там ён схіліў сваю стомленую разбітую галаву і стаў думаць аб зямной юдолі, аб заслугах, якія так часта не прызнаюцца, і аб нікчэмнасці і зменлівасці ўсіх даброт людскіх. Ён заснуў з намерам адмовіцца ад высокіх памкненняў і стаць сумленным рамеснікам.
I на наступны дзень ён застаўся пры сваім намеры — відаць, цяжкія кулакі гаспадара і чаляднікаў выбілі з яго ўсялякую пыхлівую бязглуздзіцу.
Ён прадаў за вялікую цану сваю шкатулку, купіў дом і адкрыў кравецкую майстэрню. Уладкаваўшы ўсё чын-чынам і прыбіўшы над домам шыльду: “Лабакан, краўцовых спраў майстар”, ён сеў, узяў тую іголку і ніткі, што былі ў шкатулцы, і стаў латаць кафтан, які так жорстка падраў на ім гаспадар. Хтосьці адарваў яго ад працы, і калі ён зноў хацеў узяцца за яе, то што за дзіўнае відовішча ўявілася яму!
Іголка старанна шыла далей, без усялякай пабочнай дапамогі, і рабіла такія тонкія майстэрскія шыўкі, якіх не рабіў і сам Лабакан у хвіліны натхнення!
Сапраўды, самы малы дар добрай феі валодае вялікай каштоўнасцю! Але дар гэты меў яшчэ і іншую каштоўнасць, вось якую: маток нітак ніколі не канчаўся, як бы старанна ні працавала іголка.
У Лабакана з’явілася шмат заказчыкаў, і хутка ён праславіўся на ўсю ваколіцу як самы выдатны кравец; ён кроіў адзенне і рабіў першы шывок сваёй іголкай, a далей тая ўвішна шыла сама, не спыняючыся, пакуль адзенне не было гатова. Хутка ўсе ў горадзе сталі шыць у майстра Лабакана, таму што ён працаваў выдатна і браў вельмі танна, і толькі адно бянтэжыла жыхароў Александрыі, а менавіта тое, што ён абыходзіўся без памочнікаў і працаваў за зачыненымі дзвярыма.
Такім чынам, надпіс на шкатулцы, які абяцаў шчасце і багацце, спраўдзіўся; шчасце і багацце суправаджалі прасцяка краўца, а калі ён чуў пра славу маладога султана Амара, якая была на вуснах ва ўсіх, што гэты храбрэц стаў любімцам і гонарам свайго народа і пагрозай для ворагаў, то ўяўны прынц думаў пра сябе: “А добра, што я застаўся краўцом, таму што гонар і слава зусім не бяскрыўдныя”. Так жыў Лабакан, задаволены сабою, паважаны суграмадзянамі, і калі іголка за гэты час не страціла сваёй сілы, то яна шые і да гэтага часу вечнай ніткай добрай феі Адалзаіды.
АПАВЯДАННЕ
ПРА МАЛЕНЬКАГА МУКА
У родным маім горадзе Нікеі жыў-быў чалавек па мянушцы Маленькі Мук. Хоць я быў тады зусім дзіцем, але памятаю яго вельмі добра, асабліва таму, што аднаго разу бацька мой збіў мяне з-за яго да паўсмерці. Усё таму, што ў тыя часы Маленькі Мук быў ужо старэнькі, ростам жа не больш чым тры-чатыры футы. Прытым складзены ён быў вельмі дзіўна: на тулаве яго, маленькім і кволым, сядзела галава, памерам куды большая, чым у іншых людзей. Жыў ён зусім адзін у вялікім доме і нават варыў сабе сам, на двор паказваўся ўсяго раз на месяц, і ў горадзе ніхто б не ведаў, жывы ён ці памёр, калі б падчас абеду з коміна яго дома не валіў дым; праўда, вечарамі ён часта прагульваўся па даху, а з двара здавалася, нібы па даху качаецца адна яго вялізная галава.
Мы з таварышамі былі злыя хлапчукі, радыя кожнага высмеяць і падражніць, таму для нас кожны раз было святам, калі Маленькі Мук выходзіў з дому. У пэўны дзень мы тоўпіліся перад яго домам і чакалі, пакуль ён выйдзе; калі ж расчыняліся дзверы і спярша паказвалася вялікая галава ў яшчэ болыпым турбане, а потым і ўсё цельца, якое было адзета ў зношаны халацік, пышныя шаравары і шырокі пояс, за якім тырчэў доўгі кінжал,— такі доўгі, што невядома было, ці кінжал прычэплены быў да Мука ці Мук да кінжала,— дык вось, калі ён паказваўся, насустрач яму чуліся вясёлыя воклічы, мы падкідвалі ў паветра шапкі і пускаліся вакол яго ў шалёныя скокі. Маленькі Мук у адказ спакойна ківаў нам галавою і павольным крокам кіраваўся ўздоўж па вуліцы, пры гэтым ён шоргаў нагамі, бо туфлі на ім былі такія доўгія і шырокія, якіх я больш нідзе не бачыў. Мы, хлапчукі, беглі ўслед і бесперапынна крычалі: “Маленькі Мук, Маленькі Мук!” Акрамя таго, мы склалі забаўны вершык, які спявалі ў яго гонар. Вось ён:
Ты, малеча, добры Мук, Адзавіся на наш гук! Гэй, вясёлы карапуз, Галава твая з гарбуз.
Ты выходзіш — як шкада! — Толькі ў месяц раз на дах. Абярніся на наш стук I злаві нас, карлік Мук!
Так мы забаўляліся часцяком, і, на свой сорам, павінен прызнацца, што я сваволіў больш за ўсіх: тузаў яго за халацік, а неяк раз наступіў яму ззаду на вялізныя туфлі, так што ён упаў. Гэта мяне рассмяшыла, але ахвоты смяяцца як не бывала, калі я ўбачыў, што Маленькі Мук падаўся да нашага дома. Ён увайшоў туды і прабыў там нейкі час. Я схаваўся за дзвярыма і бачыў, як Мук выходзіў разам з маім бацькам, які шаноўна падтрымліваў яго і ў дзвярах развітаўся з ім, шмат разоў кланяючыся. Я моцна перажываў і доўга не адважваўся выбрацца з свайго зацішнага кутка, але ўрэшце голад, які здаваўся мне страшнейшым за пабоі, выгнаў мяне адтуль, і я, пакорліва схіліўшы галаву, паўстаў перад бацькам.
— Я чуў, што ты здзекаваўся з найдабрэйшага Мука? — пачаў ён вельмі строгім тонам.— Я раскажу табе гісторыю гэтага самага Мука, і ты напэўна перастанеш дражніць яго, але да гэтага і пасля ты атрымаеш звычайную порцыю.
Звычайная порцыя — гэта былі дваццаць пяць удараў, якія бацька заўсёды адлічваў дакладна. Дык вось, ён узяў свой доўгі цыбук, адкруціў бурштынавы мунштук і аддубасіў мяне мацней, чым заўсёды.
Калі ўсе дваццаць пяць былі адлічаны спаўна, ён загадаў мне слухаць уважліва і пачаў расказваць пра Маленькага Мука.
Бацька Маленькага Мука, якога зваць па-сапраўднаму Мукра, быў у нас у Нікеі чалавекам шаноўным, хоць і бедным. Ён жыў амаль гэтак жа замкнёна, як цяпер яго сын. Сына гэтага ён недалюбліваў, саромеючыся яго малога росту, і не даў яму ніякай адукацыі.
На шаснаццатым годзе Маленькі Мук быў усё яшчэ свавольным дзіцем, і бацька, чалавек паважны, вечна папікаў яго за тое, што ён даўно выйшаў з дзіцячага ўзросту, а між тым дурны і дураслівы, як дзіця.
Аднаго разу стары ўпаў, моцна разбіўся і памёр, пакінуўшы Маленькага Мука ў галечы і невуцтве. Неміласэрная радня, якой нябожчык запазычыўся болей, чым мог заплаціць, выгнала небараку з дому, параіўшы яму ісці шукаць шчасця па свеце. Маленькі Мук адказаў, што ён ужо выбраўся ў дарогу, і папрасіў толькі аддаць яму бацькаву вопратку, што было і зроблена. Але вопратка яго бацькі, чалавека дзябёлага і рослага, не прыйшлася яму акурат. Аднак Мук, не доўга думаючы, падрэзаў, што было доўгае, і надзеў бацькаву вопратку. Але ён, відаць, забыўся, што трэба ўрэзаць і ў шырыню, і вось адкуль атрымаўся яго незвычайны ўбор, у якім ён фарсіць і дагэтуль; вялікі турбан, шырокі пояс, пышныя шаравары, сіні халат,— усё гэта — бацькава спадчына, якую ён носіць з тых самых часоў. Заткнуўшы за пояс дамаскі бацькаў кінжал і ўзяўшы пасашок, ён пусціўся ў дарогу.
Бадзёра ішоў ён цэлы дзень,— бо выбраўся ж ён шукаць шчасця; заўважыўшы чарапок, які блішчэў на сонцы, ён падбіраў яго, мабыць, у надзеі, што той ператворыцца ў алмаз; убачыўшы ўдалечыні купал мячэці, які зіхацеў, як зарыва, ці возера, што бліскацела, як люстэрка, ён радасна спяшаўся туды, бо думаў, што трапіў у чароўную краіну. Ды дзе там! Тыя міражы знікалі зблізку, а стома і галоднае бурчанне ў жываце зразу ж напаміналі яму, што ён усё яшчэ ў краіне смертных. Так ішоў ён два дні, мучаючыся голадам і горам, і ўжо траціў надзею знайсці шчасце; прыдарожныя расліны былі яму адзінай ядою, голая зямля — пасцеллю. На раніцу трэцяга дня ён убачыў з пагорка вялікі горад. Ярка ззяў паўмесяц на яго дахах, стракатыя сцягі развяваліся над дамамі і быццам клікалі да сябе Маленькага Мука. Ён замёр у здзіўленні, азіраючы горад і ўсю мясцовасць. “Так, там малеча Мук знойдзе сваё шчасце! — сказаў ён сам сабе і нават
падскочыў, нягледзячы на стому.— Там або нідзе”. Ён сабраўся з сіламі і падаўся да горада. Але хоць адлегласць здавалася зусім невялікаю, дабраўся ён туды толькі ў поўдзень, бо маленькія ножкі яго адмаўляліся служыць, і яму не раз даводзілася прысаджвацца ў цяні пальмы і адпачываць. Нарэшце ён апынуўся каля гарадской брамы. Ён абцягнуў на сабе халацік, прыгажэй павязаў турбан, разгладзіў пояс яшчэ шырэй і яшчэ больш наўскос засунуў за яго кінжал, потым змахнуў пыл з туфляў, узяўся за пасашок і адважна мінуў браму.
Ён прайшоў ужо некалькі вуліц, але нідзе не расчыніліся дзверы, ніадкуль не крыкнулі, як ён чакаў: “Маленькі Мук, увайдзі сюды, паеш, папі і адпачні”.
Толькі ён з тугой загледзеўся на адзін вялікі прыгожы дом, як там расчынілася акно, з яго выглянула бабулька і закрычала нараспеў:
Сюды, сюды!
Ломіцца стол ад яды, Спяшайцеся, не марудзьце, Сяброў запрасіць не забудзьце! Суседзі, усе сюды, Вам будзе ўдосталь яды!
Дзверы дома расчыніліся, і Мук убачыў, як туды ўбегла мноства сабак і катоў. Ён стаяў, не ведаючы, ці яму таксама прыняць запрашэнне, але потым сабраўся з духам і ўвайшоў у дом. Наперадзе ішлі дзве кошачкі, і ён вырашыў ісці за імі, бо яны, напэўна, лепш за яго ведалі дарогу на кухню.