Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
На гэта кароль запярэчыў яму:
— He, ты будзеш ганцом асабіста пры маёй асобе, мілы Мук, будзеш атрымліваць сто залатых у год, і есці ты будзеш за адным сталом з першымі маімі слугамі.
Тут Мук вырашыў, што знайшоў нарэшце доўгачаканае шчасце, вельмі абрадаваўся. Кароль праявіў асаблівую ласку, пасылаючы праз яго тэрміновыя таемныя даручэнні, якія ён выконваў з найвялікшай стараннасцю і дзіўнаю хуткасцю.
Але іншыя слугі караля не мелі прыхільнасці да яго; яны не маглі перанесці таго, што нікчэмны карлік, які толькі і ўмеў, што хутка бегаць, заняў першае месца ў каралеўскіх міласцях. Яны строілі супроць яго ўсялякія падкопы, каб загубіць яго, але ўсё было дарэмна супроць неабмежаванага даверу, які быў у караля да свайго обер-лейб-кур’ера (бо такіх чыноў ён дасягнуў у кароткі тэрмін).
Мук, ад якога не маглі схавацца ўсе гэтыя хітрыкі, не думаў пра помсту,— ён быў занадта добры для гэтага,— не, ён думаў пра тое, як заслужыць удзячнасць і ласку ад сваіх ворагаў. Тут ён успомніў пра сваю палачку, пра якую ўдача прымусіла яго забыць. Калі яму ўдасца знайсці скарб, вырашыў ён, уся гэтая чэлядзь зразу стане прыхільнейшаю да яго. Яму не раз даводзілася чуць, што бацька цяперашняга караля закапаў многія з сваіх багаццяў, калі на краіну яго напаў вораг; паводле чутак, ён памёр, не паспеўшы адкрыць сваю таямніцу сыну. Ад гэтага часу Мук заўсёды браў з сабою палачку ў надзеі, што яму здарыцца прайсці тымі мясцінамі, дзе закапаны грошы караля-нябожчыка. Неяк увечары ён выпадкова заблукаў у аддаленую частку палацавага парка, дзе рэдка бываў да таго, і раптам адчуў, што палачка здрыганулася ў яго руцэ і тры разы стукнула вобземлю. Ён зразу скеміў, што гэта значыць. Ён выцягнуў з-за пояса кінжал, зрабіў за-
сечкі на бліжніх дрэвах і заспяшаўся назад у палац; там ён здабыў сабе рыдлёўку і дачакаўся ночы, каб узяцца за работу.
Дабрацца да скарбу аказалася цяжэй, чым ён думаў. Рукі ў яго былі слабыя, а рыдлёўка вялікая і цяжкая; за дзве гадзіны Мук выкапаў яму не больш за два футы ў глыбіню. Нарэшце ён наткнуўся на нешта цвёрдае, што зазвінела, як жалеза. Ён стаў капаць яшчэ старанней і неўзабаве дакапаўся да вялікай жалезнай накрыўкі; Мук улез у яму паглядзець, што было пад накрыўкаю, і сапраўды знайшоў гаршчок, поўны залатых манет. Але ў яго не хапіла сілы падняць гаршчок, і таму ён набраў у шаравары і за пояс колькі мог данесці манет, напоўніў таксама халацік і, дбайна прыкрыўшы рэшту, узваліў халацік сабе на плечы. Але калі б не было на ім яго туфляў, ён нізашто не скрануўся б з месца,— так адцягвала яму плечы золата. Аднак яму ўсё ж удалося непрыкметна прабрацца да сябе ў пакой і схаваць золата пад падушкамі канапы.
Аказаўшыся ўладальнікам такіх багаццях, Маленькі Мук вырашыў, што ад гэтага часу ўсё пойдзе па-новаму і што цяпер многія яго ворагі з ліку прыдворных будуць яго заўзятымі абаронцамі і заступнікамі. 3 гэтага адно ясна, што дабрак Мук не атрымаў належнага выхавання, а то б ён не мог уявіць, быццам грашыма набываюцца сапраўдныя сябры. Ах! Чаму ён тады не надзеў сваіх туфляў і не адляцеў, прыхапіўшы халацік, напоўнены золатам’
Золата, якое Мук раздаваў цяпер прыгаршчамі, не магло не выклікаць зайздрасць астатніх прыдворных. Галоўны кухар Аўлі сказаў: “Ён фальшываманетчык”; наглядчык за рабамі Ахмет сказаў: “Ён выклянчыў золата ў караля”; скарбнік Архаз жа, самы злы яго вораг, які сам час ад часу запускаў руку ў каралеўскую казну, сказаў адкрыта: “Ён яго ўкраў”. Яны згаварыліся, як лепш усё зрабіць, і вось аднаго разу краўчы Корхуз паўстаў перад каралеўскімі вачыма з сумным і журботным выглядам. Ён усяляк стараўся пака-
заць сваю журбу: урэшце кароль сапраўды запытаўся ў яго, што з ім.
—На жаль! — адказаў ён.— Я журуся, што страціў ласку свайго ўладара.
— Што ты пляцеш, галубчык Корхуз,— запярэчыў яму кароль,— ад якога часу сонца маёй міласці адвярнулася ад цябе?
Краўчы адказаў, што обер-лейб-кур’ера ён асыпае золатам, а сваім адданым і бедным слугам не дае нічога.
Караля вельмі здзівіла такая навіна; ён выслухаў усё пра шчадроты Маленькага Мука; мімаходзь змоўіпчыкі без цяжкасці пасялілі ў яго падазрэнне, што Мук нейкім чынам украў грошы з каралеўскай скарбніцы. Асабліва прыемна было такое скарбніку, які ўвогуле не любіў рабіць справаздач. Тады кароль загадаў сачыць за кожным крокам Маленькага Мука і пастарацца заспець яго на гарачым. I калі ў ноч пасля гэтага нешчаслівага дня Маленькі Мук, які празмернаю шчодрасцю выдаткаваў свае запасы, узяў рыдлёўку і пракраўся ў палацавы парк, каб здабыць новыя сродкі з свайго патайнога сховішча, за ім, на адлегласці, ішла варта пад начальствам галоўнага кухара Аўлі і скарбніка Архаза, і ў тую хвіліну, калі ён збіраўся перакласці золата з гаршка ў халацік, яны накінуліся на яго, звязалі і павялі да караля. Кароль быў ужо не ў гуморы, адтаго што яго разбудзілі; ён вельмі неласкава прыняў свайго злашчаснага тайнага обер-лейб-кур’ера і тут жа ўзяўся расследваць. Гаршчок быў канчаткова выкапаны з зямлі і разам з рыдлёўкаю і халацікам, набітым золатам, прынесены да ног караля. Скарбнік паказаў, што ён з дапамогаю варты заспеў Мука якраз, калі той закопваў у зямлю гаршчок з золатам. Тады кароль спытаўся ў абвінавачанага, ці праўда гэта і адкуль у яго ўзялося золата, якое ён закопваў.
Маленькі Мук, упэўнены ў сваёй невінаватасці, паказаў, што гаршчок ён знайшоў у садзе і што ён адкопваў яго, а не закопваў.
Усе прысутныя сустрэлі такое апраўданне смехам; кароль жа, вельмі разгневаны ўяўнаю хлуснёю карліка, закрычаў:
— Ты яшчэ адважыўся, нягоднік, гэтак па-дурному і подла падманваць свайго караля пасля таго, як ты ж абакраў яго? Скарбнік Архаз! Я загадваю табе сказаць, ці прызнаеш ты гэтую колькасць золата роўную той, якой недастае ў маёй казне?
I скарбнік адказваў, што для яго няма сумнення; у каралеўскай казне з некаторага часу недастае нават яшчэ болей, і ён гатовы прысягнуць, што якраз гэта і ёсць крадзенае золата.
Тады кароль загадаў закаваць Маленькага Мука ў ланцугі і адвесці яго ў вежу, а золата аддаў скарбніку, каб той аднёс яго назад у казну. Радуючыся шчасліваму зыходу, скарбнік пайшоў дадому і там узяўся пералічваць бліскучыя манеты; але злодзей утаіў, што на дне гаршчка ляжала запіска: “Вораг запаланіў маю краіну, а таму я хаваю сюды частку сваіх багаццяў. Хто знойдзе іх і не ўручыць неадкладна майму сыну, на галаву таго няхай спадзе пракляцце яго ўладара. Кароль Садзі”.
У сябе ў турме Маленькі Мук аддаваўся сумным развагам; ён ведаў, што кража каралеўскай маёмасці караецца смерцю, і ўсё-ткі хацеў адкрыць каралю таямніцу чарадзейнай палачкі, бо справядліва трывожыўся, што ў яго адбяруць і яе, і туфлі ў прыдачу. Туфлі, на жаль, таксама не маглі выручыць яго, бо ён быў ланцугамі прыкуты да сцяны, і як ні біўся, а ўсё яму не ўдавалася павярнуцца на абцасе. Але пасля таго як яму на другі дзень аб’явілі смяротны прысуд, ён надумаўся, што ўсё ж лепей жыць без чарадзейнай палачкі, чым памерці з ёю: ён папрасіў, каб кароль выслухаў яго сам-насам, і адкрыў яму сваю таямніцу. Спярша кароль не даў веры яго прызнанню, але Маленькі Мук паабяцаў паказаць яму, калі кароль захавае яму жыццё. Кароль даў яму ў тым слова і загадаў без ведама Мука закапаць у зямлю трошкі золата, а потым сказаў яму ўзяць палачку і шукаць. Той мігам знайшоў зола-
та, бо палачка выразна тры разы стукнула аб зямлю. Тут кароль скеміў, што скарбнік ашукаў яго, і, паводле звычаю ўсходніх краін, паслаў яму шаўковы шнурок, каб ён сам павесіўся. А Маленькаму Муку кароль аб’явіў:
— Праўда, я абяцаў захаваць табе жыццё, але мне здаецца, што ты ведаеш не толькі таямніцу палачкі; а таму ты застанешся ў вечным зняволенні, калі не адкроеш сакрэту сваёй скараходнасці.
3 Маленькага Мука было досыць і адной ночы ў вежы, а таму ён прызнаўся, што ўсё яго майстэрства ў туфлях, але ён не выдаў каралю, як з імі абыходзіцца. Кароль сам улез у туфлі, хочучы праверыць дослед, і як вар’ят забегаў па садзе; часам ён спрабаваў перадыхнуць, але не ведаў, як спыніць туфлі, а Маленькі Мук з-за злараднасці не падказаў яму, пакуль той не дабегаўся да непрытомнасці.
Кароль, ачуняўшы, развар’яваўся на Маленькага Мука, з-за якога яму давялося бегаць, пакуль не самлеў.
— Я даў слова дараваць табе жыццё і свабоду, але калі ты на працягу двух сутак не будзеш за межамі маёй краіны, я загадаю цябе павесіць.
А туфлі і палачку ён сказаў аднесці да сябе ў скарбніцу.
Бяднейшым, чым быў, пайшоў Маленькі Мук прэч, кленучы сваю дурноту, якая намаўляла яму, быццам ён можа зрабіцца персонаю пры двары. Краіна, з якой яго выганялі, на шчасце, была невялікая, і ўжо праз восем гадзін ён апынуўся на яе рубяжы, хоць ісці без звычных яго туфляў было нясоладка.
Апынуўшыся за межамі той краіны, ён звярнуў з вялікай дарогі, каб заглыбіцца ў лясную глушэчу і жыць у поўнай адзіноце, бо людзі апрыкралі яму. У гушчары лесу набрыў ён на мясціну, якая падалася яму прыдатнай для яго мэты. Светлы ручай, які абступалі вялікія смакоўніцы, і мяккая мурава клікалі яго да сябе; тут апусціўся ён на зямлю, вырашыўшы не есці і чакаць смерці. Сумныя думкі пра смерць зма-
рылі яго на сон; а калі ён прачнуўся ад голаду, то разважыў, што галодная смерць — гэта небяспечна, і ўзяўся шукаць, ці не знойдзецца чаго-небудзь паесці.
Цудоўныя спелыя фігі віселі на дрэве, пад якім ён заснуў; ён узлез наверх, сарваў некалькі штук, паласаваўся імі і падаўся да ручая, каб прагнаць смагу. Але які быў яго жах, калі ён убачыў у вадзе ўласнае адлюстраванне, упрыгожанае доўгімі вушамі і мясістым даўжэзным носам! У перапалоху схапіўся ён рукамі за вушы, і сапраўды — яны аказаліся даўжынёю з паўлокця.
— Я заслужыў асліныя вушы,— закрычаў ён,— за тое, што, як асёл, растаптаў сваё шчасце!
Ён пачаў блукаць па лесе, а калі зноў прагаладаўся, яму яшчэ раз давялося паесці фігаў, бо болып нічога ядомага на дрэвах не знайшлося. Калі ён еў другую порцыю фіг, то надумаў схаваць вушы пад турбан, каб не здавацца такім смешным, і раптам адчуў, як вушы ў яго паменшыліся. Мігам кінуўся ён да ручая, каб пераканацца ў гэтым, і сапраўды — вушы зрабіліся ранейшымі, знік і брыдкі, доўгі нос. Тут ён сцяміў, як гэта адбылося: ад пладоў першай смакоўніцы ў яго выраслі вушы і агідны нос; паеўшы пладоў другой, ён пазбыўся напасці; з радасцю зразумеў ён, што міласэрны лёс зноў дае яму ў рукі сродак зрабіцца шчаслівым. Сарваўшы з кожнага з дрэў гэтулькі пладоў, колькі мог данесці, ён накіраваўся ў тую краіну, якую нядаўна пакінуў. У першым жа гарадку ён пераапрануўся ў іншае ўбранне, так што яго ніхто не мог пазнаць, а потым падаўся да таго горада, дзе жыў кароль, і неўзабаве прыйшоў туды.