Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Моўчкі пайшлі мы па Фрыдрыхштрасе. Раптам ён крута звярнуў у завулак. Я ледзь паспяваў за ім — так хутка ён бег. Але вось ён спыніўся перад нічым не прыкметным домам. 1 даволі доўга стукаў, пакуль нам нарэшце не адчынілі. Навобмацак, у цемені, дабраліся мы спачатку да лесвіцы, а затым да пакоя на другім паверсе. I павадыр мой старанна замкнуў дзверы. Я пачуў, як адчыняюцца яшчэ адны дзверы. Неўзабаве ён вярнуўся адтуль, з другога пакоя, трымаючы ў руцэ запаленую свечку. I мяне ўразіла дзіўнае ўбранне пакоя. Старамодныя крэслы, насценны гадзіннік у пазалочаным футарале і шырокая нехлямяжая люстра накладвалі на пакой змрочны адбітак устарэлай раскошы. Пасярэдзіне стаяла фартэпіяна, на ім — вялікая фарфоравая чарнільніца, а побач ляжала некалькі лістоў нотнай паперы. Я прыгледзеўся да гэтых прылад кампазітарства і пераканаўся, што імі даўно не карысталіся: папера пажаўцела, а чарнільніца зацягнулася павуцінай. Незнаёмец падышоў да шафы ў кутку пакоя, адшмаргнуў фіранку, і я ўбачыў цэлую палічку кніг у багатых пераплётах. На карашках золатам было
выцеснена “Арфей”, “Арміда”, “Альцэста”, “Іфігенія”... Словам, тут быў поўны збор геніяльных твораў Глюка.
— У вас сабраны ўсе творы Глюка? — закрычаў я.
Ён не адказаў, толькі сутаргавая ўсмешка скрывіла губы, а на шчоках заігралі мускулы. I твар імгненна ператварыўся ў страшную маску. Утаропіўшы ў мяне пахмурны позірк, ён узяў адзін з фаліянтаў — гэта была “Арміда” — і ўрачыста панёс да фартэпіяна. Я паспяшаўся адкінуць вечка інструмента і паставіць складзены пюпітр. Незнаёмец якраз гэтага і чакаў. Ён разгарнуў фаліянт, і — як апісаць маё здзіўленне! — я ўбачыў нотную паперу, на якой не было ні адной ноты.
— Зараз я сыграю вам уверцюру,— сказаў ён.— Перагортвайце старонкі, толькі, цур, своечасова.
Я паабяцаў, і ён цудоўна, па-майстэрску, паўнагучнымі акордамі зайграў велічны марш, якім пачынаецца уверцюра. Тут ён амаль ва ўсім трымаўся арыгінала, затое алегра было толькі змацавана асноўнымі думкамі Глюка. Ён уносіў столькі новых геніяльных варыянтаў, што маё здзіўленне ўвесь час расло. Асабліва яркімі, але без аніякай рэзкасці, былі яго мадуляцыі. А мноствам меладычных мелізмаў ён так чароўна дапаўняў прастату асноўных думак, што з кожным паўторам яны быццам абнаўляліся і маладзелі. Твар яго палаў, лоб часам хмурыўся, і гнеў, які ён даўно стрымліваў, ірваўся з душы, на вачах выступалі слёзы глыбокай тугі. Абедзве рукі яго былі заняты мудрагелістымі мелізмамі, ён напяваў тэму прыемным тэнарам. Апрача таго ён вельмі ўмела пераймаў голасам глухі гук літаўры. Я сачыў за яго позіркам і ў час перагортваў старонкі. Уверцюра скончылася, і ён без сіл, заплюшчыўшы вочы, адкінуўся на спінку крэсла, але ж адразу выпрастаўся зноў і ліхаманкава перагарнуў некалькі пустых старонак. Потым сказаў глухім голасам:
— Усё гэта, васпане мой, я напісаў, калі вырваўся з царства мрояў. Але я адкрыў свяшчэннае непасвячоным, і ў маё палаючае сэрца ўпілася ледзяная рука. Яно не разбілася, ды я быў асуджаны блукаць сярод
непасвячоных, як дух, пазбаўлены цела, пазбаўлены вобраза, каб ніхто не пазнаваў мяне, пакуль сланечнік зноў не ўзнясе мяне да спрадвечнага. Ну а цяпер спяём сцэну “Арміды”.
I ён так цудоўна праспяваў заключную сцэну “Арміды”, што я быў усхваляваны да глыбіні душы. Тут ён таксама прыкметна адышоў ад існуючага арыгінала, але сваімі зменамі ён як бы ўзводзіў глюкаўскую музыку на болей высокую ступень. Уладна ўвасабляў ён у гукі ўсё, у чым з гранічнай сілай выяўляюцца нянавісць, любоў, адчай... Голас у яго быў юнацкі, падымаўся ад глухога і нізкага да сардэчнай гучнасці. Калі ён скончыў, я кінуўся яму на шыю і ўскрыкнуў здушаным голасам:
— Што гэта? Хто ж вы?
Ён устаў і акінуў мяне задумлівым, пранікнёным позіркам. Але калі я сабраўся паўтарыць пытанне, ён знік за дзвярамі, захапіўшы з сабой свечку і пакінуўшы мяне ў цемені. Прайшло каля чвэрці гадзіны, я ўжо думаў, што не ўбачу яго, як раптам ён з’явіўся ў параднай камізэльцы, трымаючы ў руках запаленую свечку.
Я аслупянеў. А ён урачыста наблізіўся да мяне, ласкава ўзяў за руку і, загадкава ўсміхаючыся, сказаў:
— Я — кавалер Глюк!
ШЧАЎКУНЧЫК I МЫШЫНЫ КАРОЛЬ
ЁЛКА
Дваццаць чацвёртага снежня дзецям саветніка медыцыны Штальбаўма ўвесь дзень не дазвалялася заходзіць у прахадны пакой, а ўжо ў сумежную з ім гасцёўню іх наогул не пускалі. У спальні, прыціснуўшыся адзін да аднаго, сядзелі ў куточку Фрыц і Мары.
Ужо зусім сцямнела, і ім было вельмі страшна, таму што ў пакой не прынеслі лямпы, як гэта і рабілі на куццю. Фрыц таямнічым шэптам паведаміў сястрычцы (ёй толысі што споўнілася сем гадоў), што з самай раніцы ў зачыненых пакоях шасталі, чымсьці шамацелі і ціхенька пастуквалі. А нядаўна цераз прыхожую прашмыгнуў маленькі цёмны чалавечак з вялікай скрыняй пад пахай; але Фрыц пэўна ведае, што гэта іхні хросны, Дросельмейер. Тады Мары запляскала ад радасці ў далоні і ўсклікнула:
— Ах, нешта змайстраваў нам на гэты раз хросны?
Старшы саветнік суда Дросельмейер не вызначаўся прыгажосцю: гэта быў маленькі, сухенькі чалавечак з маршчыністым тварам, з вялікім чорным пластырам замест правага вока і зусім лысы, таму ён і насіў прыгожы белы парык; а парык гэты быў зроблены са шкла, і прытым надзвычай адмыслова. Хросны сам быў вялікім умельцам, ён нават ведаў толк у гадзінніках і нават умеў іх рэманціраваць. Вось чаму, калі ў Штальбаўмаў пачынаў капрызнічаць і пераставаў спяваць якінебудзь гадзіннік, заўсёды прыходзіў хросны Дросельмейер, здымаў шкляны парык, сцягваў жоўценькі сурдут, падвязваў блакітны пярэднік і торкаў гадзіннік калючымі інструментамі, так што маленькай Мары было яго вельмі шкада; але шкоды гадзінніку ён не рабіў, наадварот — той зноў ажываў і зараз жа пачынаў весела ціктакаць, званіць і спяваць, і ўсе гэтаму вельмі радаваліся. I кожны раз у хроснага ў кішэні знаходзілася што-небудзь цікавае для дзяцей: то чалавечак, які круціў вачыма і шаркаў ножкай, так што на яго нельга глядзець без смеху, то скрыначка, з якой выпырхвае птушачка, то яшчэ якаянебудзь штучка. А на Каляды ён заўсёды майстраваў прыгожую, дасціпную цацку, над якой многа працаваў. Таму бацькі адразу клапатліва забіралі яго гасцінец.
— Ах, нешта змайстраваў нам на гэты раз хросны! — усклікнула Мары.
Фрыц рашыў, што ў сёлетнім годзе гэта абавязкова
будзе крэпасць, а ў ёй будуць маршыраваць і вучыцца ружэйным прыёмам вельмі прыгожыя прыбраныя салдацікі, а потым з’явяцца іншыя салдацікі і пойдуць на прыступ, але тыя салдаты, што ў крэпасці, адважна выстраляць у іх з гармат, і паднімецца шум і грукат.
— He, не,— перабіла Фрыца Мары,— хросны расказваў мне аб дзівосным садзе. Там вялікае возера, па ім плаваюць цуда якія прыгожыя лебедзі з залатымі стужачкамі на шыі і спяваюць прыгожыя песні. Потым з саду выйдзе дзяўчынка, пойдзе да возера, прывабіць лебедзяў і будзе карміць іх салодкім марцыпанам.
— Лебедзі не ядуць марцыпана,— не вельмі ветліва перабіў яе Фрыц,— а цэлы сад хроснаму і не зрабіць. Але які толк нам ад яго цацак? У нас тут жа іх забіраюць. He, мне куды болып падабаюцца татавы і маміны падарункі: яны застаюцца ў нас, мы самі з імі робім, што хочам.
I вось дзеці пачалі гадаць, што ім купілі бацькі. Мары сказала, што мамзель Трудхэн (яе вялікая лялька) зусім сапсавалася: яна стала такая нязграбная, разпораз падае на падлогу, так што ў яе цяпер увесь твар у агідных лапінах, а ўжо вадзіць яе ў чыстым адзенні няма чаго і думаць. Колькі ёй ні выгаворвай, нічога не дапамагае. I зноў жа мама ўсміхнулася, калі Мары так захаплялася Грэціным парасонікам. Фрыц, аднак, запэўніваў, што ў яго ў прыдворнай стайні якраз не хапае гнядога каня, а ў войсках малавата кавалерыі. Тату гэта добра вядома.
Дык вось, дзеці выдатна ведалі, што бацькі накуплялі ім усялякіх дзівосных гасцінцаў і зараз расстаўляюць іх на стале.
Зусім сцямнела. Фрыц і Мары сядзелі, моцна прытуліўшыся адзін да аднаго, і баяліся вымавіць хоць слова; ім здавалася, быццам над імі шастаюць ціхія крылы і здалёку чуецца цудоўная музыка. Светлы прамень слізгануў па сцяне, тут дзеці зразумелі, што немаўля Хрыстос паляцеў на зіхоткіх аблоках да іншых
шчаслівых дзяцей. I ў той жа момант прагучаў тонкі сярэбраны званочак: дзінь-дзінь-дзінь-дзінь! Дзверы расчыніліся, і ёлка заззяла такім бляскам, што дзеці з моцным крыкам: “Ах, ах!” — замерлі на парозе.
ПАДАРУНКІ
Я звяртаюся непасрэдна да цябе, добразычлівы чытач або слухач — Фрыц, Тэадор, Эрнст, усё адно, як бы цябе ні называлі,— і прашу як можна жывей уявіць сабе калядны стол, увесь застаўлены рознымі дзівоснымі падарункамі, якія ты атрымаў на сёлетнія Каляды, тады табе няцяжка будзе зразумець, што дзеці, абамлеўшы ад захаплення, замерлі на месцы і глядзелі на ўсё зіхатлівымі вачыма. Толькі праз мінуту Мары глыбока ўздыхнула і ўсклікнула:
— Ах, як цудоўна, ах, як цудоўна!
А Фрыц некалькі разоў высока падскочыў, на што быў вялікі майстар. Трэба думаць, дзеці ўвесь год былі добрымі і паслухмянымі, таму што яшчэ ні разу яны не атрымлівалі такіх дзівосных, прыгожых гасцінцаў, як сёння.
Вялікая ёлка пасярод пакоя была ўвешана залатымі і сярэбранымі яблыкамі, а на ўсіх галінках, быццам кветкі альбо бутоны, раслі абцукраныя арэхі, розныя цукеркі і наогул усялякія ласункі. Але больш за ўсё ўпрыгожвалі дзівоснае дрэва сотні маленькіх свечак, якія, быццам зорачкі, зіхацелі ў густой зеляніне, і ёлка, залітая агнямі, ад якіх было светла навакол, так і вабіла сарваць кветкі і фрукты, што раслі на ёй. Вакол дрэва ўсё пералівалася і ззяла. I чаго там толькі не было! He ведаю, каму пад сілу гэта апісаць!.. Мары ўбачыла прыбраных лялек, вабны цацачны посуд, але больш за ўсё ўзрадавала яе шаўковая сукенка, якая была аздоблена каляровымі стужкамі і вісела так, што Мары магла любавацца ёю з усіў бакоў; яна і любавалася ёю ўдосталь, раз-пораз паўтараючы:
— Ах, якая прыгожая, якая мілая, мілая сукенка! I мне дазволяць, напэўна дазволяць, сапраўды дазволяць яе надзець!
Фрыц тым часам ужо тры ці чатыры разы галопам і рыссю праскакаў вакол стала на новым гнядым кані, які, як ён і меркаваў, стаяў на прывязі каля стала з падарункамі. Злазячы, ён сказаў, што конь — люты звер, але нічога: ужо ён яго вымуштруе. Пасля ён зрабіў агляд новаму эскадрону гусар; яны былі апрануты ў чырвоныя новыя мундзіры, шытыя золатам, размахвалі сярэбранымі шаблямі і сядзелі на такіх беласнежных конях, што можна было падумаць, быццам і коні таксама з чыстага срэбра.