Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
Але калі кароль памёр, а гэта здарылася праз два гады, і прынц заняў яго месца на троне, ён абвясціў усім пра свой шлюб і ўрачыста выправіўся ў лясны замак па сваю жонку. У сталіцы маладой каралеве наладзілі вельмі пышную сустрэчу. А прыехала яна адразу з дзецьмі.
Колькі часу пазней паехаў малады кароль на вайну са сваім суседам, царом Канталабутам. Каралеўства ён даручыў старой каралеве і вельмі яе прасіў даглядаць яго жонку і дзетак, бо на вайне меўся прабыць усё лета.
Ды толькі ён ад’ехаў, як старая каралева выслала нявестку з дзецьмі ў далёкі маёнтак, што стаяў сярод дрымучага лесу. Яна разлічвала, што там ёй будзе лягчэй здзейсніць свой пачварны намер. Праз некалькі дзён яна і сама прыехала ў той маёнтак і аднойчы ўвечары загадала кухару:
— Заўтра на абед прыгатуеш мне малую Заранку!
— О, пані...— сумеўся кухар.
— Я так хачу,— сказала каралева тонам людаедкі, якой карціць паесці свежае чалавечыны.— I загадваю, каб ты падаў мне яе з добраю поліўкай!
Небарака-кухар адразу ўцяміў, што жартаваць з
людаедкай не варта. Ён узяў вялікі кухонны нож і пайшоў у пакой, дзе жыла Заранка.
Дзяўчынцы тады ўжо споўнілася чатыры гады. Калі яна ўбачыла кухара, яна подскакам кінулася яму насустрач, весела абняла за шыю і папрасіла цукерку. Кухар заплакаў, і нож сам выпаў у яго з рук. Тады ён пайшоў у загарадзь, зарэзаў маленькае ягня і прыгатаваў яго з такой выдатнаю поліўкай, што старая каралева потым бажылася, што нічога смачнейшага ў сваім жыцці не ела. А Заранку тым часам кухар завёў да сваёй жонкі і сказаў, каб яна схавала дзяўчынку ў самай дальняй каморцы.
Праз тыдзень злая каралева зноў паклікала кухара і загадала яму:
— Хачу, каб на вячэру мне быў прыгатаваны малы Дзень!
Кухар не стаў ёй пярэчыць, а вырашыў ашукаць, як і першы раз. Пайшоў ён да маленькага Дня і бачыць: той сваёй дзіцячай шабелькай фехтуе з вялізнай малпай, а было ж яму тады ўсяго тры гады! Кухар занёс хлопчыка да сваёй жонкі і схаваў разам з Заранкаю. А сам замест Дня прыгатаваў на вячэру старой каралеве казляня, якое людаедцы вельмі ўсмакавала.
Дагэтуль усё ішло добра, але аднаго вечара злая каралева раптам сказала кухару:
— А цяпер прыгатуй мне саму маладую нявестку, ды з такой самай поліўкай, што і ейных дзяцей!
Тут ужо кухар страціў усякую надзею, што яму зноў удасца ашукаць людаедку. Маладой каралеве было ўжо тады за дваццаць, калі не лічыць тых ста гадоў, што яна праспала. Цела ў яе было яшчэ прыгожае і белае, але ўжо не такое мякенькае: дзе ж знойдзеш у гаспадарцы жывёлу з такім грубым мясам? Рабіць нічога не заставалася, і, каб уратаваць сваю шыю, кухар вырашыў каралеву такі зарэзаць і пайшоў да яе ў пакой, каб адным махам з усім пакончыць. Па дарозе ён знарок распаляў у сабе злосць і ў такім настроі, з нажом у руцэ адчыніў дзверы ў спальню да маладой дзяўчыны. I ўсё ж кухару не хацелася забіваць каралеву знянац-
ку, і спачатку ён сумленна ёй расказаў, які загад дала яму старая людаедка.
— Дык рабіце ж свой абавязак,— адказала маладая каралева і падставіла шыю,— выконвайце дадзены вам загад. Цяпер я ўжо хутка ўбачу маіх бедных дзетак, якіх я так любіла!
А пасля таго як яе дзеткі нечакана зніклі, каралева лічыла, што яны ўжо нежывыя.
— Не-не, васпані,— адказаў зусім расчулены небарака-кухар,— вы не памрэце! I дзетак сваіх вы ўбачыце! Хадземце да мяне, я іх схаваў у сваёй каморцы. A старую каралеву я яшчэ раз ашукаю і замест вас дам ёй на вячэру маладзенькую касулю.
Ён зараз завёў каралеву ў сваю каморку і пакінуў там мілавацца ды плакаць з дзеткамі, а сам пайшоў гатаваць касулю. Людаедка з’ела яе з такім смакам, быццам гэта была сапраўды маладая каралева. Яна вельмі радавалася свайму лютаму ўчынку, а каралю, калі ён прыйдзе з вайны, збіралася сказаць, што ягоную жонку з дзецьмі з’елі шалёныя ваўкі.
Аднойчы ўвечары, як звычайна, пайшла старая людаедка пагуляць. I пачала бадзяцца сюды-туды па маёнтку ды вынюхваць, ці не пахне дзе чалавечынаю. I раптам з нейкай каморкі пачуўся голас маленькага Дня — той плакаў, бо маці хацела яго адлупцаваць за свавольства. А потым пачуўся і голас Заранкі, якая прасіла прабачэння за свайго браціка. Пазнала людаедка галасы каралевы і яе дзетак і вельмі раззлавалася, што яе ашукалі. Страшным голасам, ад якога ўсе ажно здрыгануліся, яна загадала, каб заўтра ж раніцай на сярэдзіну двара вынеслі вялізную кадушку, напоўнілі яе рапухамі, гадзюкамі, вужакамі і іншымі змеямі, а потым укінулі туды каралеву з дзецьмі і кухара з яго жонкай і служкаю, звязаўшы ім за спіною рукі.
I вось падвялі іх ужо да кадушкі, і каты збіраліся ўжо іх кінуць да змеяў, калі раптам на двор конна ўехаў кароль. Так рана яго зусім не чакалі. Кароль
быў вельмі здзіўлены, калі ўсё ўбачыў, і спытаўся, што азначае ўвесь гэты жах? Але ніхто не адважыўся сказаць яму праўду. I тут людаедка, ашалеўшы ад такой сваёй няўдачы, узяла раптам дый кінулася сама потырч галавой у кадушку, дзе яе адразу закусалі брыдкія гадзюкі, якіх яна загадала туды панакідаць. Караля вельмі засмуціла гэтае здарэнне, бо ўсё-такі яна была яго маці. Але жонка і дзеці хутка яго супакоілі.
ЧЫРВОНЫ КАПТУРОК
Жыла сабе ў адной вёсцы дзяўчынка, і была яна такая прыгожая, што ва ўсім свеце другой такой не знайсці. Маці яе страх як любіла, а бабуля — дык наогул ледзь розум ад яе не траціла. I купіла добрая бабуля сваёй унучцы чырвоны каптурок, які так упасаваў дзяўчынцы, што пачалі яе з таго часу зваць паўсюль Чырвоным Каптурком.
Неяк раз спякла маці праснакі дый кажа дачушцы:
— Схадзі мо да бабулі, даведайся, як яна сябе пачувае. Бо нешта казалі мне, што яна хворая. Занясі ёй праснакоў ды гэты гарнушак масла.
Устала Чырвоны Каптурок і пайшла да бабулі, што жыла ў суседняе вёсцы. Ідзе яна лесам, так ідзе, аж раптам выходзіць насустрач ёй Воўк. Дужа захацелася Ваўку яе з’есці, ды ён пабаяўся, бо недзе паблізу працавалі дрывасекі. Тады ён і пытаецца:
— Куды гэта ты ідзеш?
А маленькая дзяўчынка не ведала, што спыняцца ў лесе ды гаварыць з ваўкамі небяспечна, і адказвае яму:
— Я іду да бабулі і нясу ёй праснакі ды гарнушак масла, што паслала ёй мая мама.
— А ці далёка жыве твая бабуля? — пытаецца Воўк.
— О, далёка,— адказвае Чырвоны Каптурок.— Вунь аж па-за тым млынам, што ўдалечыні. Там ёсць вёс-
ка, а ў крайняй хатцы ў той вёсцы мая бабуля і жыве.
— Ну што ж,— кажа Воўк,— пайду і я да тваёй бабулі. Толькі давай я пайду гэтай вось сцежкай, а ты ідзі вунь тою: паглядзім, хто з нас паспее першы.
I Воўк з усяго духу кінуўся па самай кароткай сцежцы ў лесе, а дзяўчынка няспешна пайшла па самае доўгай. Па дарозе яна збірала арэхі, ганялася за матылькамі, складала букеты з кветак.
А Воўк тым часам хутка прыбег да бабулінай хаткі і пастукаўся ў дзверы: стук-стук!
— Хто там? — спыталася бабуля.
— Гэта я, вашая ўнучка,Чырвоны Каптурок,— сказаў Воўк падробленым голасам.— Я прынесла вам праснакоў і гарнушак масла ад матухны.
Добрая бабуля, якая ляжала ў ложку, таму што ёй трошкі нядужылася, крыкнула Воўку:
— Цісні на клямку, слясак адскочыць!
Воўк націснуў на-клямку, і дзверы адчыніліся.
Тады ён кінуўся на бедную бабульку і ўраз праглынуў яе, бо не еў ужо цэлыя тры дні. Потым ён зачыніў дзверы, лёг на бабуліным ложку і пачаў чакаць, калі прыйдзе Чырвоны Каптурок. Тым часам дзяўчынка якраз падышла да дзвярэй і пастукалася: стук-стук!
— Хто там? — спытаў Воўк.
Але голас у Ваўка быў грубы, і Чырвоны Каптурок, пачуўшы яго, спачатку спалохалася. Але потым падумала, што бабуля, напэўна, прастуджаная, і адказала:
— Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок. Я прынесла вам праснакоў і гарнушак масла ад матухны.
Тады Воўк крыкнуў трошкі танчэйшым голасам:
— Цісні на клямку, слясак адскочыць.
Чырвоны Каптурок націснула на клямку, і дзверы адчыніліся.
Увайшла дзяўчынка ў хату, а Воўк схаваўся на ложку пад коўдру і кажа:
— Пакладзі, дзетка, праснакі ды гарнушак масла на дзежку, а сама хадзі прыляж побач са мною.
Чырвоны Каптурок распранулася і сабралася ўжо класціся ў ложак, але яе ўразіла, што без адзежы ў бабулі нейкі надта ўжо дзіўны выгляд. Вось яна і кажа:
— Бабуля, якія ў вас вялікія рукі!
— Гэта каб лепей цябе абдымаць, мая ўнучанька!
— Бабуля, якія ў вас вялікія ногі!
— Гэта каб лепей бегаць, мая ўнучанька!
— Бабуля, якія ў вас вялікія вушы!
— Гэта каб лепей чуць, мая ўнучанька!
— Бабуля, якія ў вас вялікія вочы!
— Гэта каб лепей бачыць, мая ўнучанька!
— Бабуля, якія ў вас вялікія зубы!
— Гэта каб цябе з’есці!
I з гэтымі словамі злы Воўк кінуўся на Чырвонага Каптурка і з’еў дзяўчынку.
СІНЯЯ БАРАДА
Жыў сабе аднаго разу вельмі багаты чалавек, і былі ў яго дзівосныя палацы ў горадзе і ў вёсцы, і залаты і срэбны посуд, і мэбля ў карунках, і залачоныя карэты. Але была, на няшчасце, у гэтага чалавека сіняя барада. I такі яна давала яму брыдкі і страшны выгляд, што ўсе дзяўчаты і кабеты, як толькі ўбачаць яго, адразу ўцякалі. А ў адной знатнай пані, ягонай суседкі, былі дзве дачкі — красуні, якіх свет не бачыў. Вось і папрасіў ён гэтую паню аддаць адну дачку за яго замуж, а якую — даў самой выбіраць. Але ніводная дачка не згаджалася быць яму жонкай. Толькі перакідвалі яго адна адной, ды ніяк не адважваліся пайсці замуж за чалавека, у якога была сіняя барада. А яшчэ ім вельмі было непрыемна, што ён ужо не раз быў жанаты, а што сталася з тымі жанчынамі — ніхто не ведаў.
Каб дзяўчаты маглі пазнаёміцца з ім трошкі лепей, запрасіў іх Сіняя Барада, разам з маці і трымачатырма сяброўкамі ды некалькімі хлопцамі з сусе-
дзяў, у адзін свой загарадны маёнтак, дзе гасцявалі яны цэлы тыдзень. Увесь час госці толькі гулялі ці хадзілі на шпацыр, палявалі ці лавілі рыбу, ладзілі скокі, строілі банкеты ды балі. Пра сон ніхто і не flyMay, і ўсе ночы госці пацяшаліся, выдумляючы розныя штукі ды жарты. Усё было так добра, што малодшай дачцэ пачало нават здавацца, быццам барада ў гаспадара не такая ўжо сіняя, дый сам ён — чалавек вельмі прыстойны. I вось па вяртанні ў горад яны адразу згулялі вяселле.
Месяцам пазней сказаў Сіняя Барада сваёй жонцы, што трэба яму па адной важнай справе без адкладу ехаць у вёску — тыдняў, прынамсі, на шэсць. I папрасіў яе не вельмі журыцца, а знайсці якую забаву: няхай, сказаў, калі захоча, пакліча сябровак, можа, паедзе з імі за горад, а галоўнае, дзе б ні была, няхай не забывае як след есці ды піці.