• Газеты, часопісы і г.д.
  • Развагі  Зянон Пазьняк

    Развагі

    Зянон Пазьняк

    Выдавец: Беларускія Ведамасьці
    Памер: 315с.
    Нью Йорк, Варшава, Вільня 2007
    202.95 МБ
    Такім чынам, зададзены былі гэтыя пытаньні і былі канкрэтныя прапановы. Таксама былі прапановы, як забясьпечыць энэргетычныя патрэбы (перш за ўсё, нафтай) нашай прамысловасьці, нашай дзяржавы. Мы падрыхтавалі некалькі праектных прапановаў. У тым ліку БалтыйскаЧарнаморскі нафтавы калектар. I гэта ўсё  было адкінута. I вось цяпер я спынюся на тым, чаму гэта было адкінута.
    Мы вельмі сур’ёзна падыйшлі да гэтых пытаньняў. Мы падрыхтавалі канцэпцыю ўвядзеньня нашых грошай, распрацавалі фінансавакрэдытную частку, гістарычную частку, эканамічную частку і нават (цяпер гэта не сакрэт, я магу казаць адкрыта) мы стварылі групу ў Народным Фронце, якая працавала больш паўгода і стварыла эскізы талераў. Гэтыя эскізы мною асабіста былі пакладзены на стол Прэм’ерміністра. Мы вельмі былі зацікаўленыя як найхутчэй увесьці свае грошы. Гэта выратавала б наш народ.
    I гэта ня проста маё меркаваньне. У 1991 годзе вядучыя рускія фінансісты, эканамісты, якія аналізавалі нашу эканоміку, прыйшлі да высновы, што, калі б Беларусь адразу ўвяла сваю ўласную валюту, то яна б вельмі выйграла, таму што самыя добрыя стартавыя ўмовы з усіх былых рэспублік Савецкага Саюза былі менавіта ў Беларусі. Тады трэба было гэта рабіць. Тады, калі мы зьвярталіся да нашага Урада, да нашага Вярхоўнага Савета.
    Гэта нічога не было зроблена. Якія ж былі ўрадавыя аргумэнты? Аргумэнтаў не было ніякіх. Напачатку гаварылася, што ім (Ураду, значыць) выгадна быць у рублёвай зоне. Мы казалі: а колькі ж вы будзеце ў гэтай рублёвай зоне. А калі іншыя дзяржавы ўвядуць сваю нацыянальную валюту, што вы будзеце рабіць? У выніку атрымалася, што тыя дзяржавы, якія зьбіраліся ўвесьці сваю валюту: Летува, Латвія, Эстонія  яны пачалі праводзіць фінансавую палітыку ў інтарэсах свайго народа. Яны павысілі цэны і павысілі зарплату. Што здарылася? Успомніце 1991 год. Як толькі субота  уся Летува ў Менску. Скуплялі ўсё: ад халадзільніка да кіпяцільніка. Чаму? Таму што ў іх было болей грошай. Рубель жа быў адзін. А цэны ў нас былі нізкія.
    Наш Урад не клапаціўся аб нашых інтарэсах. У выніку тавары зь Беларусі былі скуплены, асабліва з памежных раёнаў. 1 Беларусь згубіла ў той час 25% свайго нацыянальнага даходу. Вось вынік дзяржаўнай палітыкі ў вобласьці фінансаў у 1991 годзе. I тут нельга абвінаваціць Летуву, Латвію. Яны рабілі правільную палітыку ў сваіх інтарэсах. Яны рыхтаваліся да ўводу сваёй уласнай валюты, і зрабілі такія ўмовы, каб забясьпечыць свой таварны рынак, сваю таварную аснову. Я ўжо не кажу аб тым, што яны таксама іншыя мерапрыемствы рабілі. У нас пра гэта ня думалі, а вынік гэтага нядуманьня такі, што пацярпелі мы з вамі, усё насельніцтва.
    Успомніце: у 1992 годзе Расея зьбіралася пераходзіць на новую палітыку лібэралізацыі цэнаў. Мы зьвярнуліся да Урада, мы ставілі гэтае пытаньне ў Вярхоўным Савеце, каб прымаць
    184
    контрмеры, таму што структура нашай эканомікі не вымагала такіх рэформаў, якія прапанаваў Гайдар у Расеі. I калі гэтыя рэформы ўжо пайшлі б (аб чым мы сказалі Ўраду), то яны прынесьлі б на Беларусь інфляцыю. Гэтыя рэформы і гэтая інфляцыя, якая прыйшла б да нас (а яна прыйшла б), разбурыла б нашую эканоміку, яна прывяла б да спыненьня вытворчасьці, да абрабаваньня нашага таварнага рынку і, самае кепскае, што яна прывяла б да зьбядненьня ўсяго нашага насельніцтва, бо інфляцыя была б такой высокай, што мы згубілі б усе свае ўклады на ашчадных кніжках і мы б сталі беднымі людзьмі на сваёй зямлі, колькі б мы ні працавалі.
    Усе гэтыя аргуманты былі сказаны і Ўраду, і ў Вярхоўным Савеце. Які быў адказ? Адказ быў такі: мы пойдзем усьлед за Расеяй. Ну як жа вы пойдзеце ўсьлед за Расеяй? Станок жа ў Ельцына. Вы ж не надрукуеце стотысячныя купюры, вы ж ня можаце рэгуляваць эмісію грошай!
    Гэта была тая ўлада, якая сфармавалася раней, якая прывыкла толькі выконваць указаньні з Масквы і ня несьці ніякай адказнасьці, ня думаць пра свой народ. Але атрымалася так, што, калі мы дасягнулі незалежнасьці, нам не ўдалося правесьці новыя выбары, застаўся гэты стары савецкі намэнклятурны апарат. I вось вынік. Пайшлі ўсьлед за Расеяй.
    Я прашу вас, шаноўныя тэлегледачы, успомніць, што пачалося з пачатку 1992 года. Пайшлі рэформы ў Расеі, а мы заставаліся ў рублёвай зоне. У выніку ў нас рэзка пачалі расьці цэны.
    Наш народ, як вядома, для таго, каб мець, будзе працаваць. Нашыя людзі не павязуць прадаваць гвазьдзікі на Каўказ, наш чалавек будзе „ўкалываць” у дзьве зьмены, ён будзе працаваць ноччу, будзе рабіць „хаўтуру”, як кажуць у народзе (левую работу), каб забясьпечыць сям’ю, каб разбагацець. Самая бедная бабулька на вёсцы будзе трымаць бычка, карміць яго, каб потым здаць мяса, атрымаць грошы, пакласці у панчаху ці на ашчадную кніжку. У выніку такой працы народ наш ня быў бедны, але ён ня быў і багатым, таму што савецкая сістэма зарплаты была такая: 8 капеек з рубля. (У нармальных краінах 70 капеек з рубля.) I тым ня менш, дзякуючы працы нашага народа, у кожнага былі пэўныя зьберажэньні на ашчаднай кніжцы. Вялікіх не было, сярэднія ад 2 да 10, да 15 тысячаў.
    Што ж здарылася, як пайшла гэтая новая інфляцыйная палітыка? Мы ўсе да канца 1992 года сталі беднымі, таму што ўсе ўклады зьніклі. Гэтыя тысячы пераўтварыліся ў пыл, у прах.
    I вось цяпер уявіце: жыў чалавек, працаваў на нізкааплачваемай рабоце, скажам, атрымліваў мінімум зарплаты: 70 рублёў  дворнік, прыбіральшчык, санітарка. Ён выходзіў на пэнсію, атрымліваў невялікую суму і меў нешта на кніжцы, накапіў за жыцьцё 2, 3, 4 тысячы, думаў, што памрэ, дык яго пахаваюць на гэтыя грошы. А што яму рабіць цяпер? Яму ўжо нельга паміраць, таму што на гэтыя грошы яго ніхто не пахавае. На гэтыя 2 тысячы, якія раней былі грашыма, цяпер можна купіць два батоны  і ўсё.
    Хто вінаваты? Хто ў гэтым вінаваты? Што, тыя кіраўнікі, якія спрагназавалі гэтую палітыку, ня ведалі, што робяць? Яны, што, неразумныя? Ну дапусцім, яны неразумныя. Але ж калі чалавек неразумны, калі ён памыляецца, то памылкі павінны быць у два бакі. Але памылкі атрымліваюцца такія, што Ўрад памыляецца толькі ў наш бок. Церпім толькі мы, церпіць народ. Мы згубілі нашыя ўклады, мы працуем, мы не багацеем, наша праца ператвараецца ў нішто. Інфляцыя расьце і адначасна растуць „катэджы”, паяўляюцца мерсэдэсы намэнклятуры, паяўляюцца камэрцыйныя банкі, у праўленьне якіх
    уваходзіць гэтая ж самая намэнклятура, паяўляюцца ўклады ў банках Швайцарыі, Нямеччыны. Значыць, памылкі  толькі не ў нашу карысць. (Як кажуць у народзе, дурныдурны, а скваркі любіць.) Значыць, штосьці тут ня тое.
    Дык вось давайце разьбярэмся, у чым жа справа. Магчыма я буду гаварыць вельмі падрабязна. Прашу запасьціся цярпеньнем. Для нас вельмі важна высьветліць прычыны, механізм нашага абрабаваньня, таму што нас рабуюць, але рабаваньне нябачнае. Мы, быццам, яго ня бачым, ня ведаем, адкуль што бярэцца. Вось мы працуем, а толку ніякага. Куды яно дзяецца, тое, што мы працуем? Што, яно вылятае кудынебудзь у космас? Гэта ж каштоўнасьці.
    Сутнасць вось у чым. Інфляцыя  гэта такі механізм, які дае магчымасьць пераразьмеркаваць багацьце ад народа да пэўных карумпаваных групаў, якія знаходзяцца ва ўрадавых структурах, маюць дачыненьне да банкаў, да валютных махінацыяў, да карупцыі. Гэта характэрна ня толькі для нас цяпер. Гэта было характэрна для Нямеччыны 30х гадоў, калі быў вялікі крызіс. Гэта было характэрна для Лацінскай Амэрыкі, дзе ішла інфляцыя. Увогуле, ва ўсіх крызісных пэрыядах, калі разьвіваецца інфляцыя, гіперінфляцыя, гэтыя групы зацікаўленыя ў ёй, таму што гэта дае ім магчымасьць абагачацца быццам бы „законным” чынам, выкарыстоўваючы ўладу, абагачацца баснаслоўна.
    Я прывяду вам некалькі канкрэтных бытавых прыкладаў, каб было зразумела, як гэта адбываецца. Вось уявіце сітуацыю. Мы з вамі працуем, і кожны з нас, нармальны чалавек, за жыцьцё павінен зарабіць на будучыню сваім дзецям: мець хату, уклады на кніжках і г. д. Інакш які сэнс? Чалавек прапрацаваў сорак гадоў выйшаў на пэнсію, яму далі маленькую пэнсію і ў выніку  у яго нічога няма. Дык вось, кожны чалавек мае права і павінен мець свой дом. Да прыкладу, амэрыканскае грамадзтва дае такую магчымасьць, фактычна, кожнаму грамадзяніну (які працуе і атрымлівае сярэднюю зарплату), у сярэднім за 8 гадоў. Я ўжо не кажу пра іншае. Вось хтонебудзь з вас, што слухае мяне, ня мае дома. Ідзіце ў банк і вазьміце крэдыт для пабудовы катэджа. Трэба вялікі крэдыт. Ну, мільярд. Вам дадуць гэты мільярд? Можаце не адказваць. Вам не дадуць. Вас спытаюць, якая ў вас зарплата. Вы скажаце, ну, колькі там,  150 тысячаў. Вам маглі б даць крэдыт, але вельмі маленькі. На гэты крэдыт вы і палавіну дзьвярэй для катэджа ня зробіце. Тым ня менш тыя людзі, якія будуюць, яны атрымліваюць. Хто ж будуе? А будуе, у асноўным, намэнклятура. Людзі, якія маюць дачыненьне да ўлады і да ўладных структураў. Яны атрымліваюць крэдыты пад вельмі невялікія працэнты. Я нядаўна быў у Пінску і высьветліў: для народа  240%, для намэнклятуры  10%.
    I вось уявіце: чалавек, які працаваў ва ўрадавай структуры, пайшоў і ўзяў такі крэдыт  мільён. За годдва ён пабудаваў свой „катэдж” на тры паверхі, зь ліфтам, з двума гаражамі, і цяпер яму трэба вярнуць гэты крэдыт. Як вы думаеце, за які час ён яго аддасьць? Правільна. Ён яго аддасьць за адзін месяц. За адну месячную сваю зарплату. I ўсё законна. Усё законна. Юрыдычна ён узяў мільён  і праз два гады аддаў мільён.
    Дык вось, у нармальнай эканоміцы, у нармальнай сітуацыі мільён два гады таму і мільён праз два гады  гэта мільён. Але ў нашым цяперашнім становішчы, гэта ўжо не мільён, таму што ідзе механізм інфляцыі. Гэта значыць, што ўсе мы працуем, усе мы тавары вытвараем, а інфляцыя (пустыя грошы) вынікі нашай працы зьядае, і гэтыя вынікі пераразьмяр
    185
    106. (Менск 1995).
    коўваюцца вось таму чалавеку, які меў доступ да крэдытаў і які ўзяў крэдыт юрыдычна правільна. (Мільён узяў  мільён аддаў.) Але механізм інфляцыі накруціў яму гэтыя грошы, бо абясцэніўся гэты мільён. У чым тут злачынства? У тым, што ўвесь народ адлучаны ад вынікаў сваёй працы (і ад крэдытаў), а вось толькі гэтая група людзей можа крэдыт атрымаць і выкарыстаць механізм інфляцыі. Такім чынам, намэнклятуры пры ўладзе выгадна атрымліваць такія крэдыты і выгадна, каб была інфляцыя. Інакш  абагачэньне немагчымае. Хіба будуць яны старацца, каб гэтую інфляцыю спыніць?