• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    Цяпер я ведаю, што. Асноўны разрэз скуры для ўскрыцьця робяць ад падбародзьдзя да лабка, з абыходам пупка зьлева. Адмысловы нож утрымліваюць гарызантальна. Разрэз робяць бесьперапынным рухам, ён мусіць пранікаць скрозь скуру, падскурную клятчатку, дасягаючы ў грудной клетцы грудзіны, a на жываце мышцаў. Раны й рубцы нож абміне. Найлепшы разрэз — Т-падобны. Пасьля гэтага ўскрываюць брушыну. Ашмецьце скуры й мышцаў адсэпароўваюць у абодва бакі так, каб агаліліся рэбры. Глядзяць. Пішуць. Выдаляюць грудзіну, пасьля чаго адкрываецца шырокі доступ у грудную поласьць. Сэрца спачатку мераюць, а ўжо потым адкаркоўваюць. Апісваюць зьмесьціва страўніка, кішэчніка. Пілуюць чэрап. Выторгваюць валасы. Думаюць пра жывых.
    Я стаяў сярод гэтага бэтоннага тунэлю, і яны таксама запаволілі хаду, пакуль не спыніліся за некалькі мэтраў ад мяне, адзін сьпераду, другі за сьпінай. Мне і ў галаву не прыходзіла, што варта было мне пайсьці далей, як і яны рушылі б па сваіх справах. Урэшце ім надакучыла, і яны прайшлі міма мяне, нябачныя, раздражнёныя, стомленыя, і тунэль
    апусьцеў. Хто ведае, можа, назаўтра мы ехалі на працу ў адным вагоне мэтро.
    ♦ ♦ ♦
    Ей было цяжка гэта патлумачыць, але ж тым ня меней: тут пахла зьліплымі чужымі галасамі, такім сабе комам з чужых галасоў. А яшчэ тут было задушліва і разам з тым так сыра, што Вераніка баялася дакранацца да сьценаў: нават калі бацька спатыкнуўся ды штурхануў яе ненаўмысьля ў сьпіну, Вераніка аддала перавагу мокрай руцэ міліцыянта, што йшоў побач — толькі б не кранацца сьценаў... Яна раптам адчула тут, у гэтым казённым памяшканьні, як мала каштуе яе ўлада, яе праца, яе пасада; Вераніка азірнулася навокал, абвяла вачыма вартавых: ім было відавочна напляваць, хто яна такая й чым займаецца, тут былі свае адзінкі вымярэньня чалавечае моцы, тут гудзелі, нібы ў нябачных трубах, свае законы, і яна, Вераніка, была тут чужая — такая ж чужая, як вось гэтая, да прыкладу, сямейная пара, якая з палёгкай на спалоханых тварах выходзіла адсюль на волю. «Госпадзе божа мой, госпадзе божа мой», — паклікала кагосьці старая ў чорным, якая сядзела на аблупленай лаўцы перад кабінэтам, і высмаркалася ў рукаў — але ніхто ня йшоў. Маці нэрвова пагладзіла пальцамі зеленаватыя краты. Нарэшце, пасьля амаль паўгадзіннага чаканьня, іх пусьцілі.
    Брат цяжка падняў галаву. Бацька, які разгублена калупаўся ў зубах, зьбянтэжана назваў ягонае ймя ды прысеў на адзінае крэсла. За бацькавай сьпінай таропка загаварыла маці — яе мармытаньне адразу ж нагадала Вераніцы тыя аднастайныя пытаньні, якімі маці засыпала яе, калі бацькі прыяжджалі да яе калісьці ў піянэрлягер. I сапраўды, маці размаўляла з братам так, нібы ён быў тут на адпачынку. Дакладна тое самае яна казала, калі брат сыходзіў у войска, і калі ляжаў некалі ў лякарні, яшчэ старшаклясьнікам — ён тады захварэў на запаленьне лёгкіх. I вось цяпер зноў. 3 тымі самымі інтанацыямі. I што з таго, што маці плача: яна заўжды плакала многа й з задавальненьнем. Вераніка маўчала, бацька соп недзе ўнізе. Bap-
    тавы пазяхаў. I тады Вераніка ўгледзелася ў братаў твар — бадай, упершыню ў сваім жыцьці ўгледзелася, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла, брат і брат, нічога звышасаблівага: але цяперака нешта ў ім незваротна зьмянілася.
    Груба паголеная, нібы здратаваная простым алоўкам галава, прыплюснутае цемя. Нізкі лоб, які брат несупынна моршчыў, быццам яго не пакідаў боль. Вялікія блакітныя вочы, і малінавыя расколіны ў іх, шмат расколінаў, якія, здавалася, самі сабой пераходзяць у глыбокія конаўкі паабапал носа. Зьбіты набок нос. Сківіца, што каменем цягнула братаў твар уніз. Шэрая скура, вялізная шыя, шырынёй амаль у галаву. Навіслыя над ёй шчокі. Так дзіўна ўсьведамляць, што ў гэтым абліччы праніклівы назіральнік можа знайсьці й Вераніку. Цікава, як яна выглядала б па той бок стала, у гэтай чорнай вопратцы. Ягоныя вушы варушыліся — брат нібы ўвесь час нешта жаваў. Ён быў агідны ёй, і — Вераніка штомоцы стрымлівалася і ўрэшце ўсё ж усьміхнулася, надта адкрыта, надта ўжо пераможна: гэта, на шчасьце, заўважыў толькі зьдзіўлены вартавы — і яна падумала амаль з радасьцю: усё правільна, ён там, дзе яму й належыць быць, і няхай застаецца тут як надаўжэй. Ен заслужыў гэта. Наўрад ці чалавек можа зьдзейсьніць такое. Брат быццам пачуў яе, і, калі маці набірала паветра ў грудзі, рыхтуючыся працягваць свае роспыты, ён, амаль не адкрываючы рот, пражаваў:
    — Да ладна табе, маць. Што ты са мной як з чалавекам. He чалавек я. Зьвер.
    — Ды што ж ты, сынок, — загаласіла маці й працягнула праз стол руку, каб пагладзіць яго па шызай галаве, брат забурчаў ціха ды адсунуўся: Вераніцы падалося нават, што ён мацерна вылаяўся. Бацька толькі кашляў устрывожана, словы відавочна ня лезьлі зь яго, ён давіўся словамі, бо й былі яны непатрэбнымі, не ягонымі. Вераніка зь нянавісьцю зірнула на бацьку, потым на маці, і нарэшце на брата. «Веранічку б пашкадаваў», — узвыла маці, і брат зь нейкім зьдзіўленьнем, нібы толькі што заўважыў яе прысутнасьць, падняў галаву.
    — О, Веранічка.
    Яна з асалодай зазірнула яму ў рот. Але зубоў там ужо не было.
    Потым яны выйшлі моўчкі на вузкую вуліцу гэтага прыгараднага пасёлку. На лавачках знэрвавана заварушыліся. « А чаму б нам не паабедаць усім разам», — дурнавата ўсьміхаючыся, сказаў бацька. — «Даўно ж мы так... Разам». Маці ўсхліпнула, але пакорліва пайшла за імі. У поўнай цішыні яны сталі чакаць афіцыянта. Людзей амаль не было, у вакно біўся п’яны клён. I Вераніка з задавальненьнем падумала пра тое, што на восень яна сёлета мае напраўду шыкоўны гардэроб.
    ♦ ♦ ♦
    Як дзейнічае на Эгэя сузіраньне зубоў Бэрэнікі! Ен бачыць раптам, што гэтыя зубы існуюць самі па сабе, цела ягонай няспраўджанай нявесты адкрываецца яму пазбаўленым гармоніі, ён больш ня можа ўтрымліваць яго ўсё цалкам — і гэты распад прадвяшчае нядобрае. Хворае ўяўленьне Эгэя зьмейівае сьвецкія жарты й камплімэнты з тым жудасным, што ён бачыць з акна бібліятэкі, ужо ня ставячыся да яго як да кагосьці надзеленага душою, ужо адчуваючы блізкае заканчэньне гэтага распаду. Словы, сказаныя кімсьці з нявыклятых паэтаў пра балерыну мадам Сале, круцяцца ў ягонай галаве, пакуль і іх не зацягвае ў сваю арбіту нячутны поступ па калідорах дому ўжо сьмяротна хворай Бэрэнікі. Ax, «que tons ses pas etaient des sentiments», «кожны яе крок быў пачуцьцём»!.. Змрочныя алітэрацыі, безь якіх Эгэй даўно ня можа жыць, тут жа запальваюць у ягонай галаве нязгасны пажар уласнае, прыватнае раны: que routes ses dents etaient des idees. Кожны яе зуб меў у сабе сэнс! Эгей ведае, што гэта й пагубіць яго, але процістаяць целу, якое распалася на тысячы прыгожых аскепкаў, ён ня здольны.
    «Мне мроілася, што аднавіць спакой у маёй душы, вярнуць мне розум можа толькі адно:
    Каб яны дасталіся мне».
    Ларыса сядзела перад ёй і злосна, раздражнёна глядзела на навакольны сьвет. Зрэшты, Ларысай у дадзены момант быў хіба кончык яе языка, які неспакойна шныраў па роце і абмацваў распухлую шчаку. Гэта прыносіла Ларысе змрочнае задавальненьне, у яе трохі паплыла туш на вейках, але Вераніка са зламыснасьці пра гэта маўчала. Люстэрка Ларыса ўсё адно пры ёй даставаць ня будзе.
    Навакольным сьветам былі Вераніка ў сваім заўсёдным чорным касьцюме, Веранічын кабінэт і сьляпучы крыж на амаль дабудаванай царкве, што сьвяціў ім з плошчы, бы ліхтар.
    — Як яны цябе, — сказала Вераніка спачувальназласьліва. — А я вось нават люблю да зубнога хадзіць. Ніколі не балела.
    — Пашанцавала, — уздыхнула Ларыса й зноў ператварылася ў кончык уласнага языка. Крыж прымушаў яе мружыцца, Вераніка рабіла выгляд, што працуе, але потым пазяхнула ды адкінулася на сьпінку крэсла.
    Іхныя стасункі ператварыліся з часам у нейкае зусім ужо дзіўнае падабенства сяброўства. Яны ненавідзелі адна адну шчыра, паўнакроўна, аддана, яны настолькі не цярпелі існаваньне адна адной, што сустракаліся ўсё часьцей. Вераніка дык з жахам разумела, што без Ларысы яна жыць ня можа, і таму намагалася як мага часьцей бачыць яе, гаварыць нязначнымі фразамі, поўнымі, тым ня менш, глыбокага прыхаванага сэнсу. У прысутнасьці Ларысы Вераніку ахоплівала прыемнае пачуцьцё задаволенасьці — напэўна, таму, што Ларыса ў межах бачнасьці была, што ні кажыце, пад кантролем, яна станавілася прадказальнай, і яе пры нагодзе можна было б спыніць, абяззброіць, затрымаць, а то й зьнявечыць, вывеўшы з гульні. Праўда, непасрэдных нагодаў гэтая Веранічына калега яшчэ не давала, аднак Вераніка ўспрымала гэта як падрыхтоўку да вырашальнага скачку. Ларысу трэба было трымаць пры сабе. He адпускаць далёка. Інакш — катастрофа. Вераніка была пэўная, што й Ларыса думае там сама сабе, хаваючыся за сваімі каштанавымі
    пасмамі, нешта падобнае. Усё было ясна як дзень: Ларыса была старэйшая ды хітрэйшая, Вераніка ж мела неаспрэчную перавагу — яна была маладая й на фоне Ларысы болып прывабная. Нічога дзіўнага, што на фоне гэтых складаных развагаў Ён неяк губляўся, хаця й быў насамрэч мэтай. I часта Вераніка лавіла сябе на тым, што яны абедзьве, стоячы поруч у калідоры, глядзяць на Яго, ігнаруючы Ягоныя вечныя жарцікі, і цеплыня нейкае нечуванае салідарнасьці струменіць ад сынтэтычнага Ларысінага пляча.
    — А я сёньня яшчэ да цырульніка думала, дурніца, — прамовіла хутка Ларыса, і Вераніка ўзяла асадку са стала, проста так, — і тут у кабінэт увайшоў Жвалевіч.
    Ён быў, як і мінулы раз, нападпітку і стаў зь вінаватым выглядам ля дзьвярэй, з павагай гледзячы на перакрыўлены твар Ларысы. У руках Жвалевіч камячыў пакет ды, як ні дзіўна, тоўстую кнігу. «Прывітаньне, Веранічка», — прамовіў ён ціха й скасавурыўся на кампутар. «Мне пачакаць?». Вераніка даволі доўга спрабавала зразумець, хто перад ёй, успомніліся нейкія грошы, і адчуваньне чагосьці сьлізкага на далонях, але потым валасы зноўку падказалі ёй, хто завітаў у кабінэт, і яна пагрозьліва нахмурылася:
    — Зноў п’яны прыйшоў. Ды што там ахова сабе думае ўнізе?
    — Толькі піва, Веранічка, — сказаў жаласна Жвалевіч: ён, відавочна, не чакаў, што гаварыць давядзецца пры сьведках. Ларыса глядзела на іх са строгім інтарэсам. Вераніцы нічога не заставалася, як іх пазнаёміць.
    — А можна... гэта... тэт-а-тэт, — спытаў, асьмялеўшы, Жвалевіч і паклаў пакет на стол. — Справа важная. Мы былыя сакурсьнікі.