• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    — Ты зубы калі апошні раз чысьціў, — працягнула, ледзь ня плачучы, Вераніка. — Пасьля цябе кабінэт суткі трэба праветрываць.
    — Мне зубы нельга чысьціць, — заявіў Жвалевіч. — Мне апэрацыю надоечы зрабілі. На ніжняй сківіцы.
    — Праўда? — зь цікавасьцю падалася да яго Ларыса. — Бедненькі.
    — Праўда-праўда, — горда сказаў Жвалевіч. — Як казаў Панікоўскі, устаўлю залатыя зубы й жанюся.
    — Ну, дзяўчаты любяць маладых і палітычна граматных, — весела патрэсла валасамі Ларыса. — Як у вас з палітычнай граматнасьцю? Калі апошні раз правяраліся?
    — Я сакратаром антыфашыстоўскае групы быў, — пакрыўджана сказаўЖвалевіч, прысаджваючыся на край стала: Вераніка ледзь пасьпела выцягнуць з-пад яго паперы.
    — A то я магу праверыць, — Ларыса зь цікавасьцю зірнула на ягоныя запэцканыя ў нешта нагавіцы. — У мяне праца такая. Я ў аддзеле інспэктар.
    — Я вам не замінаю? — усьміхнулася Вераніка, і абое зьбянтэжана зірнулі на яе. Прамільгнула між імі нейкая іскрынка, адзначыла для сябе Вераніка. Вось жа Ларыска, пацук ненажэрны, ёй усё адно на што кідацца, сучцы.
    — Я б усё ж хацеў... калі можна... тэт-а-тэт, — спахапіўся Жвалевіч і прагна паглядзеў на бляшанку кавы. Ларыса ўстала, паправіла спадніцу ды пайшла да дзьвярэй.
    — Як шчака? — крыкнула Вераніка клапатліва. — He гнаіцца там, Ларысанька?
    Але Ларыса, здаецца, не заўважыла кпінаў. Ля самых дзьвярэй яна спынілася.
    — Гілюк сёньня прыпіраўся зноў. 3 ранку з самага. Цябе не было, дык ён мне свае новыя зубы паказваў. Дарэчы, — Ларыса прыклала далонь да вуснаў. — Я ж табе забыла сказаць. Ведаеш, кім працаваў наш Чэслаў у свае лепшыя гады? Я ў аддзеле кадраў выпадкова даведалася. Цырульнікам у жаночай калёніі. Вось так. Уяўляеш?
    Яны засталіся сам-насам, і Жвалевіч не марудзячы перайшоў да справы.
    — Ты даруй мне, Веранічка, — зашаптаў ён, паглядаючы на дзьверы. — Я неяк не падумаў тым разам. ІДяпер выпраўляюся.
    Ён бухнуў на стол перад Веранікай таўшчэзную кнігу ды прысунуў да яе пакет. «Мэрылін Манро без таямніцаў». Вераніка выключыла кампутар і паглядзела на Жвалевіча доўга ды ўважліва. «Старонка 106», — сказаў той радасна й зноў паглядзеў на дзьверы.
    На старонцы сто шостай ляжала пакамечаная стодаляравая купюра. Вераніка ледзь не ўзяла яе ў рукі, ёй спачатку і ў галаву не прыйшло, што ў кнізе можа ляжаць нешта падобнае. Розум Веранікі, у якім вобраз Жвалевіча даўно й трывала знайшоў сваё поўнае завяршэньне, проста адмаўляўся прымаць факт існаваньня дадзенай паперчыны ў дадзенай кнізе. Яна рэзка загарнула кнігу і пасьля гэтага кароткага выбуху, які прымусіў Жвалевіча скалануцца, вярнула яе назад. Рукі Жвалевіча дрыжалі.
    — А там што? — Вераніка гідліва тыцнула пазногцем у пакет.
    — Каньячок там, чакаляд, — Жвалевіч сеў перад ёй у крэсла, туды, дзе толькі што сядзела Ларыса, і тут жа падняўся.
    — Мяне не цікавяць біяграфіі, — сказала Вераніка абыякава.
    Калі Жвалевіч нарэшце сышоў (гэта адбылося толькі пасьля таго, як Вераніка паабяцала выклікаць ахоўніка), яна падышла да акна й задумалася. Гэты сёньняшні візыт Жвалевіча мог быць выпадковасыдю, а мог і... Мог быць і нечым добра прадуманым ходам. Яна нібыта ўзгадала раптам, дзе працуе, і адразу ж сьцены яе кабінэту, яе стол, яе кампутар, яе фіранкі, яе шафа, набітая да верху тытулаванымі й нетытулаванымі паперамі, падаліся ёй чужымі і варожымі.
    У адпачынак, у адпачынак, у адпачынак.
    * * *
    Сёньня, на ранішняй нарадзе, яна так зазірала Яму ў рот, што Чэслаў напаўжартам нават зрабіў ёй заўвагу. А ўсе сядзелі, апусьціўшы вочы, сволачы, яны ж ведалі пра яе ўсё й чамусьці лічылі пачуцьці Веранікі нечым ганебным. Нібы Ен быў
    іхнай уласнасьцю, іхнай вынаходкай. Нібы тое, што яны, яе залатыя-брыльянтавыя калегі, ведалі Яго трохі даўжэй, давала ім нейкія дадатковыя правы. Яна пачырванела — не ад сораму, ад раптоўнае ўспышкі ўнутры, якая асьвяціла зноў усе яе нядаўнія жаданьні ды жарсьці, і за гэтае імгненьне Вераніка зь незразумелым болем узгадала сваю закаханасьць — гэта было толькі імгненьне, але яно давала ёй шанец ацаніць моц сваёй цяперашняй прагі. 3 прыкрасьцю Вераніка адчула, што нешта ня так: здаецца, і Ён ня страціў былое прывабнасьці, і яна была гатовая да далейшага змаганьня, але не хапала вастрыні, вастрыні, што раней рабіла на целе Веранікі пякучыя, салодкія разрэзы, ад мозгу да міжножжа. Мой, пераконвала яна сябе, мой, мой. Маё, маё. I так ажно пакуль ад Яго не пайшоў водар вогнішча. Вераніка з асалодай удыхнулаяго й толькі тады крыху супакоілася.
    — Дзірку пратрэце, — кашлянуў Чэслаў Карлавіч і ўсьміхнуўся, зашамацеўшы паперамі. Ларыса прыглушана рохкнула. Вераніка заміргала, часта-часта, абвяла позіркам апушчаныя галовы прысутных і потым паволі агледзела Ягоны твар. Ён, відавочна, усё разумеў, але выгляду не падаваў, ягоны твар заставаўся нерухомы, толькі вусны ветліва скрывіліся, паклон перад калектывам, пакорлівы кніксэн; аблічча нібыта пакрылася празрыстай плеўкай, што паступова зацьвердзявала, плеўка на вачох, плеўка на скулах. Харошы хлопчык. I калі Ен адказваў на нейкае пытаньне Чэслава (Вераніка намагалася зразумець, на якое, але марна, Ягоны й толькі Ягоны рот вабіў яе, засмоктваў, барвовая адтуліна рота, белыя семкі ў яркай мякаці, нож), яна зноў зазірнула яму між вуснаў і пабачыла іх — зубы.
    Зубы: што Ён мог для яе імі зрабіць, што Ён зробіць для яе імі, калі надыдзе час?
    Яна ўявіла, як Ён разгрызае мяса, прыгатаванае ёю для яго мяса. Зялёна-аранжавая кухня, паласатыя фіранкі, цікае гадзіньнік на сьцяне. Поўная лядоўня мяса. Ён зарабіў. Ён прынёс. Прывёз у багажніку вялікай чырвонай машыны.
    Потым ён возьме палачку, з тых, што стаяць у празрыстай шафе, побач з каваю ды спэцыямі, і пачне калупацца ў зубах. Яе птахі зьлятуцца да яго на плячо, і Ен будзе засоўваць ім у нецярплівыя дзюбы кавалачкі мяса, таго мяса, якое засела ў яго ў зубах. У яго добрыя, белыя, моцныя зубы. He, яны колеру слановай косткі.
    У яго трыццаць дзьве маленькія клявішы ў роце.
    На лецішчы яна бачыла, як Ен есьць сырое мяса. Азіраючыся, проста пальцамі дастаючы іх з маянэзу, у якім кішэла нарэзаная цыбуля.
    Яго зубы ўпіваюцца ёй у смочку, Яго зубы кусаюць яе за плячо, балюча, бязьлітасна. Яна таксама мяса, Ягонае мяса. Ноч на апошнім уздыху, Дзеці за сьцяной неспакойна варочаюцца.
    Ён зубамі адкаркоўвае слоік марынаваных грыбоў. I пралівае сабе марынад на калені, на белыя нагавіцы. Яна бярэ накрыўку й чытае на яе ўскрайку пакінутыя Ім знакі.
    Ён кусае за горла паваленага Ім самца, з тых, што вечна круцяцца каля іхнай пячоры. Астатнія з глухім бурчэньнем адбягаюць на бясьпечную адлегласьць, хаваюцца ў арэшніку, Ім таксама хацелася кусаць яе за загрывак. Яе, Вераніку.
    Арэх лопаецца, і Ён дастае адтуль ядро, падае ёй, кладзе Ёй у рот. I ёй так хочацца ўкусіць Яго за пальцы. Парослыя рудаватай поўсьцю. Але яе зубы драбнейшыя, такое адчуваньне, што іх больш. Роўны шэраг шараватых зубоў пад салодкай верняй губой, які, закругляючыся, коса сыходзіць пад зводы яе пашчы.
    Ягоная зубная шчотка, якую Ёй хочацца мець проста цяпер. Яна была ўнутры Яго, на ёй засталіся сьвінцовыя часьцінкі Ягонай сьліны. У шчоткі прыдатная форма, у шчоткі такія жывыя жорсткія валаскі.
    Ягоныя зубы ляскаюць. Ягоныя разцы скрыгочуць, ягоныя іклы ніколі не затупяцца. Бо яна, Вераніка, схілілася над гэтым хударлявым целам, амаль хлапечым. Яна ведае, як надаць ім рух, як ажывіць гэтыя косткі.
    Ён есьць цела Веранікі. I яе сок цячэ па Ягонай шыі.
    Загорнутая ў тоўстую вясковую коўдру, яна навобмацак прабралася да кухні. Бабка, натуральна, даўно ня спала, зьвінела недзе паблізу калодзежным вядром, у хаце было цёмна, а на двары ўжо на ўсю моц гаспадарыла сонца. Вераніка, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў невынішчальная зямля, але яшчэ не прачнуўшыся, пракульгала, бы п’яная, да дзьвярэй. На парозе стаялі ўсё тыя Антон са сваім малым Алежкам ды дураньГенік — усе чымсьці здалёк падобныя да жаўнераў.
    — Надакучылі вы мне, — сказала Вераніка, трымаючы на грудзёх коўдру, якая так ціснула на плечы, што, здавалася, зараз расьцісьне. — Чаго вам трэба ў такую рань?
    Яна пазяхнула так шырока, што забалелі сківіцы, і нарэшце адплюшчыла вочы.
    — На рыбалку, — неахвотна прамовіў Антон. — Хаця якая там рыбалка... Раней трэба было. Малы прычапіўся, пойдзем ды пойдзем, а матка нас пагнала. А ўсё гэты...
    Антон замахнуўся на Алежку плястмасавай бутэлькай ды той зарумзаў.
    — Вады забыліся ўзяць. А давай з намі, Веранічка?
    — А ідзіце вы, — адмахнулася Вераніка. — Зараз вады прынясу й дасынаць...
    У прыцемках загрувашчанай мэбляю кухні яна неяк дабралася да вядра, карыстаючыся бутэлькай нібы балянсірам. «I малому кубак налі, піць хоча, гаўнюк», — крыкнуў аднекуль з-за сьпіны Антон. У каламуці акна Вераніка пабачыла Геніка, які мэлянхалічна аддзіраў ад сьцяны іхнае хаты маленькія трэскі. Апусьціла бутэльку ў вядро, халодная вада (бабка пасьпела ўжо набраць) балюча зводзіла рукі ды адганяла сон у кут. Назіраць, як на паверхні вядра булькочуць бурбалкі, было прыемна. Вераніка безвач зачарпнула вады бляшаным кубкам ды пакрочыла да дзьвярэй. Спаць ужо не хацелася.
    — Можа, і праўда з вамі пайсьці... — прамовіла яна няўпэўнена ды зноў пазяхнула, выціраючы рукі аб коўдру. — На, пі...
    Генік сядзеў перад хатай на кукішках ды глядзеў на яе майткі. Антон схаваў бутэльку ў школьны брудны заплечнік. Сонца рэзала вочы, з хаты ж цягнула холадам. I толькі Вераніка падрыхтавалася сказаць Геніку што-небудзь крыўднае, малы Алежка раптам залямантаваў не сваім голасам.
    — Што, што? — Вераніка адступіла да дзьвярэй. «Гэй ты, прыдурашны», — спалохана дакрануўся да пляча Алежкі Антон і тут жа прыбраў руку. А паўз двор ужо бегла бабка, і пачуўся з-за сьцяны пачварны, ранішні кашаль дзеда, і з вуліцы на іх зацікаўлена глядзелі бабы на роварах, і Hex­Ta ў насунутай на лоб кепцы вылаяўся, праязджаючы міма на драбінах, і заіржаў зьдзіўлена конь, беручы другую хуткасьць.
    Малы крычаў старанна, безупынку, бяз паўзаў, нават не пераводзячы дух, рот ягоны — круглая грамафонная труба — вывяргаў адну й тую ж полую, надзьмутую да трымценьня агромністую ноту, якая, бы цэпэлін, уздымалася над невялікай вёскай. Ен крычаў як сырэна грамадзянскай дапамогі, яго было чуваць скрозь, як некалі заводзкі гудок, ён быў як паветраная трывога, як шумавая атака, як бомба. Вераніцы вельмі захацелася яго выцяць чым-небудзь, і яна ўдарыла Алежку лёганька па шчацэ; яна й падумаць не магла, што пасьля гэтага дотыку малы паваліцца на зямлю перад парогам і пачне енчыць з новай сілай. Бабка пабегла па халодную ваду, у хаце зарыпелі дзьверы, там мацюгаўся дзед, a Генік даў малому нагой па азадку. Антон адштурхнуў яго ды схапіў Алежку на рукі.