• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сэрцам пачуты звон  Алесь Гарун

    Сэрцам пачуты звон

    Алесь Гарун

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 359с.
    Мінск 1991
    74.42 МБ
    Зара абхапілі мяне, можа, сотні рук, і павалаклі, і тузалі, і білі. А ў зверскім гомане галасоў, што сцёбалі мяне здзекам і пагрозай, не чуў я ніводнага, каб быў спагадны мне. I дзявочага, і нават дзяўчыны той не ўбачыў...
    Схіліў нізка галаву сваю на калені і моўчкі сядзеў. Нейкія дрыжыкі праходзілі на ўсім целе, трасліся апушчаныя плечы і галава на каленях. Плакаў ён.
    Мы навакол маўчалі. Што ж? Няхай паплача! Гэта добрыя слёзы — з імі дух не згіне. А заўтра мы адкрыем яму свой сакрэт і хутка ізноў пойдзем разам.
    Аж во, ён мацней уздрыгнуў і разам схапіўся на ногі. 3 непазбытай мукай у вачах, а з вялікай цікавасцю паглядзеў ён на ўсіх нас і з напорам, звонкім голасам, спытаўся:
    — Слухайце, а хто ён быў, гэты шосты? I скуль узяў ён сваю вялікую моц?
    — Ах ты! Маладзенькі! Дык хто з нас скажа табег што гэта быў ты, я, ён, вун той, вось гэты?! Што ён быў такі самы, што моц у яго чалавечая! Ты яшчэ веры гэтаму не дасі.
    Гэтак памысліў сабе кожны з нас... I мы маўчалі.
    ПАН ШАБУНЕВІЧ
    I
    ...3 панам Шабуневічам са старапапельскіх Шабуняў пазнаёміўся я тады, як «усё на галаве пайшло хадзіць», Вялізная пекная зала ў будынку гарадской думы была паўнюсенька людзей. Здавалася, знекуль укаціўся сюды магутны ручэй і ніяк не можа супакоіцца, і гарачыя, спацелыя хвалі чалавечага цела налазяць адна на адну, пнуцца ўперад, адліваюцца ўзад, перакочваюцца ў бакі, шукаючы выхаду з гэтых чатырох мураваных, у пекныя абразы маляваных сценаў.
    Пасярод гэтага мора маленькай выспачкай падвышалася амбона, а на ёй па чародзе прамаўлялі лепшыя красамоўцы нашага горада. Кожны з іх ганіў чужую «веру», хваліў сваю і, запрашаючы «пана абываталя» пад свае параты, дакляраваў, што, толькі гасцюючы ў яго хаце, знойдзе «пан абываталь» і патрэбную абарону, і патрэбную апеку над яго інтарэсамі.
    Вось гэтта стаялі мы з панам Шабуневічам поплеч і слухалі. Лепей сказаць, слухаў, аб чым гукалася, пан Шабуневіч, бо я, заняты сваімі думкамі, і не прымеціў, калі на амбоне стануў невысокі, маладога веку, светлавалосы, са светлай бародкай чалавек у шэрым адзенні і пачаў гаварыць. Нешта незвычайнае ў яго мове адразу здзівіла мяне і зацікавіла; ад першых слоў прыемна заказытала ў грудзях, на момант перахапіўся дух, і спуджаныя думкі, змяняючыся адна па адной, праляталі, як бліскаўкі, каб у цемнях памяці знайсці сабе вечны прыпынак. «Што ж гэта і хто гэта?! — Мужык? Просты вясковы мужык, араты, прыйшоў, адарваўшыся ад працы, прыйшоў да гэтых, у чорныя сурдуты ўбраных, паноў і сам праз сябе і ад сябе загукаў сваёй «простай мовай»? Ці ж гэта можа быць? I вочы, звярнуўшыся да амбоны, шукалі зрэбнай кашулі, шэрай сярмягі.
    Але той, хто гаварыў, саўсім не паходзіў на мужыка. Барзджэй можна было прызнаць у ім чалавека з лічбы «панскага роду». Гэта, аднак, не шкодзіла мне слухаць яго далей і далей, не выпушчаючы з вушэй ніводнага слова. Ен журыўся на чорную нядолю, якая агарнула бацькаўшчыну, на глуз і здзек, што запанавалі над ёю, на атрутнае занядбанне роднай мовы, Запрашаў усіх, у каго ёсць «крышачку сэрна і кропелька міласці, даць у іх месца выгнанай стуль Бацькаўшчыне». Словы гэтыя былі мне — ой, ці мне толькі — сякучы меч і гаючая вада адразу. Калі праўдзівым дакорам расцінаў ён сэрца, то і добрым словам гаіў яго, бо даваў надзею, што ёсць мага хоць што, калі ўжо не ўсё паправіць. Моцай іх падняў ён мяне па-над гэтай заляй, па-над гэтымі людзьмі і памчаў за горад, за лес, за поле, у бясконцы цёмнай ночы. Шумелі курганы, быццам прыціснутыя цемняй, ляжалі палеткі, пачарнеўшыя з нядолі, раскідаліся вёскі. Маўчала зямля, і адзін вецер толькі трывожыў гэту цішу. Калыхаючы старыя крыжы на курганах, блукаючыся пад саламянымі стрэхамі, блудзіў ён — ціхі стогн. Ціхі, ціхі. Як слабыя шэпты стэпавага сухабыльніку.
    «Божа мой, божа мой!»
    Блізкасць і праўдзівасць гэтага стогну-шэпту зноў звярнулі мяне да тэй залі і людзей, сярод якіх я стаяў. Азірнуўшыся навакол, я ўбачыў, што мой сусед з левага боку, чалавек ужо сталага веку, з невялікай лысінай на макоўцы, з доўгімі спадзістымі вусамі на круглым і строгім твары, чырвонай хустачкай гаротліва выціраў дзве рыскі, што глыбока ўрэзаліся ў твар ад пераносся аж да вусоў, ля краю вуснаў. Вочы яго чырванелі, як хустачка,. і блішчэлі.
    Відаць, нейкая цягасць у сэрцы расчуліла чалавска.
    3 усёй прыязню і спагадай, якія я толькі здолеў паказаць на сваім твары і ў голасе, я адважыўся запытацца: «Аб чым васан?» Маё неспадзяванае запытанне засароміла ці перапудзіла суседа; мо яму здалося, што яго ніхто не бачыў, ці што.
    Адхіснуўшыся крыху, быстра зірнуў мне ў вочы, по* тым памкнуўся, як бы шукаючы дапамогі, туды, да амбоны, дзе ўжо стануў другі, яшчэ раз даўжэй паглядзеў мне ў твар і ў вочы і, відаць, не паверыўшы мне, мармытнуў: «Так сабе! Проста ў галаву ўлезла». I, адвярнуўшыся ад мяне, зрабіўся, як каменны, уляпіўшыся вачамі ў амбону. Але праз хвілінку парухаўся і набраўся адвагі ці ўжо пачуцці не давалі маўчаць, звярнуўся да мяне і, паказаўшы галавой на амбону, высмаліў:
    «От гэта аб чым казалі!.. Ці ж я не казаў?! Га? Усё праўда! Далібог, праўда! Я казаў!..»
    Пасля, панізіўшы голас, пэўны ўжо ў маёй асобе, бурчлівым, як бы каму вымаўляў, на некага гневаючыся, голасам цягнуў далей:
    «Здаецца другому дурню, што змяніў ліповыя падэшвы на раменныя, дык ужо і сам не сам зрабіўся. I лапці ганіць, і з сярмягі смяецца, а над сваёй гутаркай, якой маці пеставала, кпіць, ажно слухаць прыкра. А хай жа, бязглузды, прыйшоў бы сюды ды паслухаў, як людзі кажуць!..»
    I, кінуўшы яшчэ раз вокам у бок амбоны, сусед мой пакіраваўся да дзвярэй. Мне самому не хацелася болей стаяць і слухаць, бо лічыў, што нічога цікаўнага не пачуеш ужо гэтта, і дзеля таго я паспяшыў таксама выйсці разам з ім. На вуліцы быў позні вечар, калі мы, хлюпаючы галёшамі, ішлі і зюкалі сабе, як даўнейшыя прыяцелі. Ен расказаў мне невялічкую гісторыю свайго жыцця, з тымі крыўдамі, якія ён цярпеў у сваёй сям’і, і, калі
    мы расставаліся, каб разысціся кожнаму ў свой бок, папрасіў мяне заходзіць да яго часамі: «Як будзе вольны час, бо мне дык не надта можна ад варстату».
    Пан Шабуневіч паходзіць ад бацькі католіка, а матка-нябожчыца была праваслаўнай. У метрыках пішацца «каталіцкай веры», але нічога не меў ён і да праваслаўя. Бацькі, хай іхнім душачкам у бога вечны спакой будзе, пакінулі яму ў спадчыну кавалак зямлі, так што добры агарод выходзіць, ды хатку. Навучылі майстэркі — праз пяць год тэрмінаваў у суседа пана Бэркавіча і навучыўся шавецтву. I ажанілі, узяўшы яму ў жонкі дачку пана Німартовіча, шляхцянку з Старога Папеля. Дык цяперака, маючы з чаго жыць, маючы жонку, сынка, мог бы пан Шабуневіч, здаецца, жыць і богу дзякаваць, але каб усё так было, як здаецца.
    Уся бяда з жонкі ідзець. Паня Шабуневічыха лічыць сябе і мужа «польскай веры» і дзеля таго не спушчае свайму гаспадару ані рэлігійнай бесстароннасці, ані яго «простай», «мужыцкай» мовы. Каталічка аж з «дзесятага калена» заўсягды выракала і вытыкала яму: «А ты грэх робіш, а ты ў царкву ходзіш, а ты не саромішся, a ты людзей не ўважаеш, а ты сам сябе і мяне не шануеш, бо гаварыць, як у тваім стане след, не хочаш»,— і пачне і пачне. Што ты ёй на гэта скажаш?! Кажы не кажы, што і бог адзін, што і матка боская, і пан Езус адны на ўвесь свет, яна ўсё сваё. Ты ёй слова, яна табе два, ты ёй два, яна табе тры. Дык пан Шабуневіч ніколі доўга не спрачаўся, калі жонка пачынала аб веры.
    Але калі Янова прычэпіцца да яго за «простую» гутарку, тутака пан Ян, не ўважаючы на свой спакойны, па бацьку-нябожчыку, характар, ніколі не ўступіць. Тутака жонка з ім нічога не зробіць. Упрэцца, як вол каля стайні, і ні туды, ні сюды. Яшчэ пашкелівае часамі з яе «польскай» мовы: «Я в огродзе полем грэнды, а мой Янка, сюды, тэнды, ах, Ясенчко муй коханы, дам паясэк прэтыканы...» Ды яшчэ гэтак усміхаецца, што ў пані Яновай вочы выскачыць гатовы са злосці. Колькі разоў быў я сам сведкам гэтых спрэчак. Нават заслужыў няміласць у Яновай. Бо калі здаралася мне папасці да іх за суддзю, дык і асцерагаючыся, і ўсё, але заўсёды судзіў у карысць мужа. Прызнаціся, тады мне нясоладка было пад яе вокам. З’есці гатова.
    п
    Ну, але і на вайне ёсць замірэнні, і на моры пагода. Пануюць яны і ў гэтай сямейцы часамі. Тады, божа мой, не трэба лепшай пары на свеце. Проста радасць бярэць, як убачыш, якую пару бог злучыў. Адно аднаго слухае і паважае, адно другому стараецца дагадзіць, гукаюць паміж сабой лагодненька, міленька — галубкі, дый годзе! Пан Шабуневіч, седзячы ля ваконца, што ў агарод выходзіць, пры сваім варштаціку і муркаючы, як кот, пад нос сабе якую-небудзь песню, падшывае дратвай перады ці падбівае падноскі на чаравікі. Пані Янова, як тая курка, ту ж пад ваконцам у гародчыку полець грады і, выбіраючы па каліўку зяло, не-не ды адвернецца да чалавека: «А падзівіся, Ясечка, як бурачкі ўзышлі, ніводнае зернятка не прапала; ці бачыш, як цыбулька ў нас у цыбучкі ідзець, а расада якая зялёненькая, пэўна, ужо саўсім абмацавалася». I пан Шабуневіч, высунуўшы галаву з ваконца, з радасцю бачыць, як спраўдзе бурачкі ўзышлі, і цыбулька паперылася, і расада, абмацаваўшыся, зелянее.
    — А ведаеш, Каруся, здаецца, бурачкі гэтта крыху густавата сядзяць.
    — Але! Заўтра я бацвінкі згатую на абед.
    — Добра. Люблю я зеляніну! Гм... а як жа ў нас абед сягоння?
    — Абед гатовы. Віця прыбяжыць, і зараз есці будзем.
    — Час, час — у жываце ўжо нешта пабурківаець.
    Праз паўгадзіны прыходзіць са школкі Віцька — едынак і ўлюбенец панства Шабуневічаў, пястунчык матчын і гордасць бацькі, і ўсе сядаюць за стол. I пры стале дух згоды чуецца як найлепей. Бацька з сынам аж пачырванеюць ад натугі, стараючыся дагадзіць матцы, а яна, як тая ластавачка, увіхаецца каля стала. Падлівае ў талерку гарачай стравы то аднаму, то другому, падсоўвае хлеба, просіць есці, каб сыты былі. Віця апавядае, аб чым казалася ў школцы, як вучыцель пакараў каго-небудзь з вучняў, што спаткаў, ідучы ў школку і адтуль.
    У Віці разумная галоўка. Сам бацька часам, як роўнага сабе, плясне яго па плячы і кажа: «Ты, сынку, пойдзеш далёка! Хай ужо мы з маткай без жаднай адукацыі, а ты будзеш мець. Выўчымі цябе на доктара або на інжынера...» Гэтта Янова заўсёды ўстрэнчыцца: «Не, лепей на ксяндза»...