Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
Гэта быў наш апошні вечар з Маціясам. У апошні раз мы селі за стол, у апошні раз ён наліў нам супу. Усім нам было сумна, але больш за ўсіх мне. Я плакаў. I з-за Ф’ялара, і з-за Маціяса: ён стаў мне амаль родным дзядулем, а цяпер даводзілася яго пакідаць. Я плакаў яшчэ таму, што я быў малы, быў напалоханы і нічога не мог зрабіць, каб абараніць дзядулю ад грубых салдат.
Джанатан сядзеў моўчкі, задумаўшыся.
— Калі б я ведаў пароль... — нарэшце прамовіў ён з горыччу.
— Які пароль? — пацікавіўся я.
— Кожны павінен сказаць пароль, хто ўваходзіць і выходзіць праз галоўную браму, хіба ты не ведаеш?
— Чаму ж, ведаю... Я ведаю нават гэты пароль: «Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызваліцелю». Я чуў, як яго гаварыў Джосі, ці ж я табе не расказваў пра гэта?
Джанатан угледзеўся на мяне і глядзеў даволі доўга.
— Сухарык, ты мне падабаешся, — засмяяўся ён. — Ты сапраўды гэта ведаў?
Я не мог зразумець, чаму ён быў так задаволены гэтым паролем, бо ён не збіраўся праходзіць праз вароты, але мне было прыемна, што я, такі слабы і бездапаможны, мог хоць крыху, хоць ледзь-ледзь дапамагчы яму.
Маціяс выйшаў у спальню прыбраць усё, Джанатан пайшоў следам за ім. Яны гаварылі пра нешта шэптам. Я пачаў прыслухоўвацца.
— Калі я загіну, ты паклапоцішся пра майго брата, праўда?.. — даляцеў да мяне братаў голас.
Потым ён вярнуўся да мяне.
— Паслухай, Сухарык, я зараз збіраюся і знікаю, а ты павінен заставацца тут з Маціясам і чакаць, пакуль не атрымаеш ад мяне вестку. Магчыма, гэта будзе не вельмі хутка — мне трэба зрабіць тое-сёе ў першую чаргу. Але ты не хвалюйся...
Мне гэта вельмі не спадабалася. Я заўсёды з цяжкасцю чакаў Джанатана, асабліва тады, калі баяўся за яго. I цяпер вельмі баяўся, бо, хто ведае, што можа здарыцца з Джанатанам па той бок сцяны, калі што ў яго не атрымаецца.
— Ды ты не хвалюйся, — супакойваў мяне Джанатан. — Ты ж усе гэтыя дні — Карл Львінае Сэрца!
Ен хутка развітаўся са мной і Маціясам і паспешліва знік у падземным ходзе. Апошняе, што мы ўбачылі, гэта як ён яшчэ раз памахаў нам рукой.
Мы з Маціясам засталіся адны.
— Таўстун Додзік і не ўяўляе сабе, які крот пракладвае сабе шлях зараз пад сцяной, — ціха прамовіў Маціяс.
Уяўляць-то не ўяўляе, але ён можа ўбачыць, калі гэты крот высуне сваю галаву на паверхню, і тады ўжо ён, вядома, не марудзячы выпусціць стралу.
Мне было вельмі сумна, і я пайшоў на стайню да Ф’ялара, каб у апошні раз пашукаць у яго суцяшэння. Але і ён не мог супакоіць мяне, бо я ведаў, што пасля гэтага вечара я ўжо ніколі яго не ўбачу.
У стайні было цёмна, праз маленькае акенца праходзіла мала святла, але я ўбачыў, як Ф’ялар радасна павярнуў да мяне галаву. Я падышоў да яго стойла і абняў за шыю. Я хацеў, каб ён не крыўдзіўся за тое, што адбудзецца, бо тут не мая віна.
— А можа, я вінаваты? — сказаў я праз слёзы. — Калі б я застаўся ў Вішнёвай Даліне, то Тэнджыл ніколі б не забраў цябе. Даруй мне, Ф’ялар, даруй, але ж я не мог зрабіць іначай.
Відаць, ён адчуваў, што мне сумна. Сваёй мяккай пысай ён цёрся аб маё вуха, быццам хацеў супакоіць мяне.
Але я працягваў плакаць. Я абдымаў яго і плакаў, плакаў, пакуль у мяне не скончыліся слёзы. На развітанне я пагладзіў яго і даў яму апошнюю порцыю аўса, якою ён, вядома, падзяліўся з Грымам.
Пакуль я быў з Ф’яларам, мне прыходзілі ў галаву проста страшныя думкі.
Няхай ён зваліцца мёртвым, той чалавек, што павінен прыйсці і забраць майго каня. Няхай ён загіне, перш чым пераедзе
раку. Было, канечне ж, жахліва жадаць некаму такое, сапраўды жахліва, але, каб гэта і спраўдзілася, нішто ўжо не дапамагло б.
Пэўна, той чалавек ужо быў на пароме, і на гэтым пароме яны адвязуць усё нарабаванае. А можа, ён ужо тут, на беразе? А можа, ён якраз цяпер праходзіць браму і будзе тут з хвіліны на хвіліну? Ах, Ф’ялар, калі б мы толькі маглі знікнуць адсюль разам!
Як толькі я падумаў пра гэта, хтосьці адчыніў стайню і штосьці выгукнуў. Я спалохаўся. Але гэта быў Маціяс. Ен хацеў даведацца, што я так доўга тут раблю. Добра, што ў стайні было цёмна і ён не мог бачыць маіх слёз. Але ён усё-такі, відаць, здагадаўся.
— Маленькі мой, калі б толькі мог я што-небудзь зрабіць! — загаварыў ён ласкава. — Ніякі дзядуля не зможа дапамагчы ў гэтай справе, таму паплач крыху, паплач...
I раптам праз акенца за Маціясам я ўбачыў, што хтосьці стаіць у двары. Салдат Тэнджыла, ён прыйшоў па Ф’ялара!..
— Ён прыйшоў, — плакаў я. — Маціяс, ён прыйшоў!
Калі я зноў безнадзейна заплакаў, Ф’ялар сумна заржаў.
У наступны момант дзверы ў стайню адчыніліся, і вось ён ужо стаіць тут у сваім чорным шаломе і чорным плашчы.
— He, — закрычаў я. — He, не!
Але салдат ужо быў побач са мной і абхапіў мяне рукамі.
Гэта быў Джанатан, так, гэта быў ён.
— Ты не пазнаеш свайго роднага брата? — здзівіўся ён, калі я паспрабаваў вызваліцца. Ён падштурхнуў мяне да акна, каб я мог лепш разгледзець яго, і ўсё-такі мне было цяжка паверыць, што гэта Джанатан. Яго было не пазнаць, бо ён, вядома, быў не той «прыгожы малады чалавек». Валасы ў яго звісалі мокрымі пасмамі, і яны не блішчалі, «як золата», а яшчэ ён нешта падторкнуў пад верхнюю губу. He ўяўляю, хто б гэта мог без асаблівага штукарства да непазнавальнасці змяніць сваё аблічча. Выглядаў ён смешна, я б нават засмяяўся, калі б быў час, але было ясна, што ў Джанатана часу няма.
— Хутчэй, хутчэй, — прыспешваў ён. — Мне трэба неадкладна знікнуць. Чалавек з Карманьякі будзе тут з хвіліны на хвіліну.
Ён працягнуў руку Маціясу.
— Дай мне дошчачку, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, што ты аддасі абодвух коней Тэнджылу з вялікім задавальненнем, ці не так?
— А што ты хочаш рабіць? — запытаў Маціяс, перадаючы яму дошчачку.
Джанатан паклаў яе ў кішэню.
— Мне трэба будзе паказаць яе ля брамы, — адказаў ён. — I старшы вартаўнік зразумее, што я не лгу.
Мы хутка асядлалі коней. За гэты час Джанатан паспеў расказаць нам, як ён змог прайсці праз галоўную браму, бо Маціясу было надта цікава.
— Гэта было проста, — расказваў Джанатан. — Я назваў пароль, якому навучыў мяне Сухарык: «Уся ўлада Тэнджылу — нашаму вызваліцелю!» Старшы вартаўнік запытаўся: «Адкуль ты? Куды ідзеш і што за даручэнне ў цябе?» — «3 Карманьякі ў дом Маціяса забраць пару коней для Тэнджыла». — «Праходзь», — сказаў ён. «Дзякуй», — адказаў я. I вось я тут. Але я павінен прайсці браму да таго, як з’явіцца пасланец Тэнджыла, інакш усё ўскладніцца.
Мы вывелі коней хутчэй, чым я магу сказаць гэта. Джанатан ускочыў у сядло Грыма, трымаючы павады Ф’ялара.
— Беражы сябе, Маціяс, — махнуў ён рукой. — Да сустрэчы!
I памчаў рыссю з парай коней.
— А што ж будзе са мной? Што мне рабіць? — закрычаў я.
Джанатан памахаў мне.
— Маціяс растлумачыць табе ўсё, — ужо здаля гукнуў ён.
Я стаяў, глядзеў яму ўслед і адчуваў сябе вельмі самотна. Маціяс пачаў мяне супакойваць:
— Сухарык, зразумей, ты ж не можаш прайсці праз браму. Табе трэба будзе прабірацца падземным ходам, гэта калі ўжо сцямнее. Джанатан будзе чакаць цябе з таго боку сцяны.
— Гэта праўда? — не паверыў я. — 3 ім жа можа што-небудзь здарыцца ў апошнюю хвіліну.
— Hi ў чым нельга быць упэўненым у краіне, дзе правіць Тэнджыл, — Маціяс уздыхнуў. — Але, калі што-небудзь здарыцца, то вернешся, тады застанешся ў мяне.
Я ўявіў сабе, як усё гэта будзе выглядаць. Спачатку паўзці па доўгім падземным ходзе аднаму, само па сабе гэта было жахліва, потым выйсці ў лесе па другі бок сцяны і чакаць, чакаць, і нарэшце зразумець, што здарылася штосьці страшнае. А потым паўзці назад і жыць без Джанатана!
Мы стаялі ля пустой цяпер стайні, і раптам мне прыйшла ў галаву непрыемная думка.
— А што будзе з табой, Маціяс, калі прыйдзе гэты чалавек з Карманьякі? У стайні ж няма коней!
— Там будзе конь, — адказаў Маціяс. — Я якраз іду за сваім. Пакуль Грым быў у стайні, я хаваў яго ў суседзяў.
— Дык забяруць твайго каня! — усклікнуў я.
— Няхай паспрабуюць, — адказаў Маціяс.
Маціяс прывёў свайго каня вельмі своечасова, бо неўзабаве з’явіўся той, каго паслалі забраць Ф'ялара. Ен пачаў крычаць,
абурацца, лаяцца, бо ў стайні быў толькі адзін конь і Маціяс не аддаваў яго.
— Гэты нумар у вас не пройдзе, — гаварыў Маціяс. — Кожны можа мець каня, і вы гэта ведаеце. Аднаго вы ўжо забралі ў мяне і дошчачку з нумарам майго дома забралі. Я невінаваты, што ў вас там такая катавасія і адзін дурань не ведае, што робіць другі.
Некаторыя Тэнджылавы салдаты вельмі злаваліся, калі Маціяс так з імі размаўляў, іншыя зрабіліся памяркоўнымі і пачцівымі. Салдат, які прыйшоў за Ф’яларам, здаўся адразу.
— Пэўна, тут нейкая памылка, — развёў ён рукамі і, сагнуўшыся, як сабака з падціснутым хвастом, пайшоў са двара, а за ім астатнія.
— Маціяс, хіба ты нікога не баішся? — запытаўся я, калі салдаты пайшлі.
— Чаму не баюся! — адказаў Маціяс. — Паслухай, як грукае сэрца. — Ен узяў маю руку і прыклаў да сваіх грудзей. — Мы ўсе іх баімся, але іншы раз гэта не трэба паказваць.
Потым надышоў вечар, а з ім і цемра. Настаў час пакідаць Даліну Дзікай Ружы.
— Ну што ж, бывай, малы, — сказаў на развітанне Маціяс. — He забывай свайго дзядулю.
— Бывай, дзядуля! Я ніколі, ніколі не забуду цябе.
I вось я апынуўся адзін у падзямеллі, доўга поўз па цёмным і цесным тунэлі, размаўляючы сам з сабой, каб не вельмі баяцца.
«Нічога страшнага няма, толькі што цёмна... Нічога страшнага... He бойся, задыхнуцца тут нельга. Ну і што з таго, што зямля сыплецца за каўнер, гэта зусім не азначае, што ўсё абваліцца, дурненькі! He, не, Додзік не заўважыць цябе, калі ты выпаўзеш, ён жа не кот, каб бачыць у цемры. Канечне ж, Джанатан чакае цябе, ён там, ты чуеш, што табе кажу? Ен там, ён чакае!»
I ён сапраўды чакаў. Ен сядзеў на камені, нябачны ў цемры, а воддаль пад дрэвам стаялі Грым і Ф’ялар.
— Ну, Карл Львінае Сэрца, нарэшце ты тут, — ціха ўсклікнуў ён.
Глава 12
Ж ы спалі ў тую ноч пад елкай і прачнуліся на дасвецці. Я ж 11 Было вельмі холадна, ва ўсякім разе я проста акалеў. У густым тумане Грым і Ф’ялар ледзьве праглядваліся, яны здаваліся ў шэрай дымцы прывідамі. У лесе стаяла глухая, злавесная
цішыня. He магу зразумець, чаму ў тую раніцу ўсё здавалася такім змрочным, пустэльным і трывожным. Адзінае, чаго мне хацелася, дык гэта вярнуцца ў цёплую Маціясаву кухню, бо палохала невядомасць, што чакала нас наперадзе.