Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— Ты, хлус, паказвай — дзе? — Ён асвятліў закутак.
У мяне не было сілы ні рухацца, ні глядзець. Я быў у такім адчаі, што гатовы быў растварыцца.
Але потым, сярод усяго гэтага жаху, я пачуў сярдзіты голас Маціяса:
— Што гэта робіцца? Чалавеку нават ноччу спакойна паспаць не даюць!
Я зірнуў і ўбачыў Маціяса. Так, ён быў тут, ён сядзеў у самым цёмным кутку пакойчыка на сваім ложку, утаропіўшыся на свечку. На ім была толькі кашуля, валасы ўскалмачаныя, як быццам ён даўно спаў. Пад акном стаялі ночвы, якія ён прысланіў да сцяны. Мой дзядуля, выходзіць, быўхуткі, як яшчарка.
Мне проста было шкада Додзіка. Я ніколі не бачыў яго такім разгубленым, як тады, калі ён углядаўся на Маціяса.
— Я... проста зайшоў выпіць вады, — выціснуў ён з сябе пахмурна.
— Вады? Гэта добра, — сказаў Маціяс. — А ці ж ты не ведаеш, што Тэнджыл забараніў вам браць у нас ваду? Ен баіцца, што мы вас атруцім. I калі прыйдзеш і разбудзіш мяне яшчэ раз, дык і санраўды атручу.
Я не ведаю, як асмеліўся ён так размаўляць з Додзікам, але, магчыма, з людзьмі Тэнджыла і трэба было размаўляць менавіта так, бо Додзік, штосьці прабурчаўшы ў адказ, адразу знік.
Глава 10
Ніколі раней я не сустракаў у поўным сэнсе жорсткага чалавека, пакуль не ўбачыў Тэнджыла з Карманьякі.
Ен перасек на сваім залатым парусніку Старажытную Раку, а я ў гэты час з Маціясам стаяў на беразе.
Сам Джанатан прыслаў мяне сюды. Ен хацеў, каб я ўбачыў Тэнджыла.
— Тады ты лепш зразумееш, чаму тутэйшыя жыхары пакутуюць, галадаюць і паміраюць з адной-адзінай думкай і адной-адзінай марай — убачыць сваю зямлю зноў свабоднай.
Замак Тэнджыла знаходзіўся высока ў Старажытных Гарах. Ён жыў там пастаянна, толькі зрэдку перапраўляўся цераз раку, каб з’явіцца ў Даліне Ружы і нагнаць жаху на людзей, каб ніхто ніколі не забываўся, хто ён, або каб хто-небудзь не пачаў марыць пра свабоду.
Спачатку я ледзьве мог што-небудзь разгледзець, бо перада мной стаялі доўгія шэрагі салдат Тэнджыла. Яны, відаць, павінны былі ахоўваць яго, пакуль ён знаходзіўся ў Даліне Дзікай Ружы.
Яму, напэўна, было страшна доўга заставацца ў Даліне, бо нечакана з-за любога вугла магла прасвістаць страла. Тыраны заўсёды баяцца, казаў Джанатан, а Тэнджыл быў самым горшым з усіх тыранаў.
Калі спачатку мы нічога не бачылі, ні я, ні Маціяс, дык потым я знайшоў выйсце. Усе салдаты стаялі, як каменныя, шырока расставіўшы ногі. I мне прыйшла думка, што калі легчы на жывот і прапаўзці паміж іх нагамі, дык можна будзе ўсё ўбачыць.
Але я не мог прымусіць Маціяса зрабіць тое самае.
—	Галоўнае, каб ты што ўбачыў, — сказаў ён. — I тое, што ўбачыш, ты ўжо ніколі не забудзеш.
I вось я бачу: вялізны, прыгожы, зіхатлівы паруснік насоўваецца на нас з вады, а ў ім — весляры, апранутыя ва ўсё чорнае. Вёслаў было больш, чым я мог падлічыць, яны паблісквалі кожны раз на сонцы, паяўляючыся з вады. Веслярам даводзілася цяжка, таму што моцнае цячэнне адганяла лодку ад берага, магчыма, гэта было з-за вадаспада, які абрынваўся ніжэй па рацэ, — можна было чуць яго грозны грукат.
—	Тое, што ты чуеш, — сказаў Маціяс, — гэта вадаспад Карма, гэта песня вадаспада Карма, гэта калыханка ў Даліне Дзікай Ружы, пад якую дзеці кладуцца спаць.
Я падумаў пра дзяцей Даліны.
Напэўна, яны калісьці бегалі і гулялі на рацэ, цяпер яны ўжо, вядома, не гуляюць, ім перашкаджае гэта вялізная праклятая сцяна, зусім глухая. Па ўсёй даўжыні было толькі двое варот, першыя з іх — гэта тыя, праз якія я прайшоў, яны называліся галоўнымі, а другія — гэта тут, на рацэ, з выхадам на прыстань. Якраз сюды цяпер прычальваў Тэнджыл са сваімі салдатамі. Вароты былі адчынены для Тэнджыла. Выглядваючы з-за ног салдат, я азіраў прыстань і чорнага скакуна Тэнджыла, які ўжо чакаў яго. Гэта быў цудоўны конь, упрыгожаны залатым сядлом і залатой збруяй, якія блішчалі на сонцы. Тэнджыл ступіў на зямлю, сеў на каня і паехаў да варот. Здарылася так, што ён праязджаў зусім побач са мною, і я ўбачыў яго жорсткі твар і жорсткія вочы. Жорсткі, як змей, — праўду гаварыў Джанатан, бо ён сапраўды быў такі: жорсткі і прагны да крыві. Гарнітур на ім быў чырвоны, як кроў, нават султаны на шлеме былі чырвоныя, нібы ён акунуў іх у кроў. Яго вочы нерухома глядзелі ўдалячынь, на людзей ён не глядзеў, быццам на свеце не было нікога, акрамя Тэнджыла з Карманьякі. Так, ён быў страшны ўжо сваім выглядам.
Усім у Даліне Дзікай Ружы было загадана сабрацца на плошчы, дзе Тэнджыл збіраўся сказаць прамову. Мы пайшлі з Маціясам таксама.
Гэта была невялікая ўтульная плошча з прыгожымі старымі будынкамі вакол. Тэнджыл сабраў тут усіх жыхароў Даліны Дзікай Ружы. Людзі стаялі моўчкі, з невясёлымі думкамі. Гора застыла ў вачах кожнага. Тут, на гэтай плошчы, яны калісьці радаваліся жыццю, гулялі, танцавалі і спявалі па вечарах, сядзелі на лаўках пад ліпамі і размаўлялі.
На плошчы раслі дзве старыя ліпы. Тэнджыл пад’ехаў да іх і спыніўся. He злазячы з каня, ён утаропіўся на плошчу і на людзей, але я ўпэўнены, што ніводнага чалавека ён не бачыў. Побач з ім быў яго саветнік, вядомы ўсім па імені П’юк. Пра яго мне расказаў Маціяс. У П’юка быў такі ж цудоўны конь, як і ў Тэнджыла, адно што белы. I вось яны сядзелі, як два ўладары, на сваіх конях, гледзячы проста перад сабой. Яны сядзелі так доўга, што салдаты, якія акружалі іх шчыльным кальцом, з выцягнутымі з ножнаў мячамі, абліваліся потам пад яркімі праменнямі сонца.
— Як думаеш — што скажа Тэнджыл? — запытаўся я ў Маціяса.
— Што ён намі не задаволены. Ён ніколі добрага слова не скажа.
Але на гэты раз Тэнджыл наогул нічога не сказаў. Ён не з тых, хто стане гаварыць з рабамі. Ён толькі гаварыў штосьці П’юку, а той ужо абвяшчаў, як Тэнджыл незадаволены народам Даліны. Маўляў, людзі дрэнна працуюць, кепска ахоўваюць ад ворагаў яго, Тэнджыла.
— Браты Львінае Сэрца яшчэ не знойдзены, — працягваў П’юк. — Наш міласэрны ўладар не задаволены гэтым.
— Ну, вядома, вядома, — хтосьці прабурчаў побач са мной. Гэта быў бядняк, апрануты ў лахманы, маленькі дзядок са зблытанымі валасамі і барадой.
— Цярпенне нашага ўсеміласцівага гаспадара падыходзіць да канца, — вяшчаў П’юк. — Папярэджваю: ён жорстка пакарае Даліну.
— I правільна, і правільна, — шаптаў стары побач са мной, і я падумаў, што ён, пэўна, з’ехаў з глузду.
— Але, — працягваў П’юк, — наш міласэрны ўладар, перш чым вынесе свой прысуд, яшчэ крыху пачакае. Ён прапануе ўзнагароду. Дваццаць белых коней таму, хто зловіць Львінае Сэрца.
— Значыць, я злаўлю гэту маленькую лісу, — прашаптаў стары, штурхаючы мяне ў бок. — Чуеш, гэта ж дваццаць белых коней можна атрымаць ад нашага ўсеміласцівага! О, гэта добрая ўзнагарода за маленькую хітрую лісу!
Я так узлаваўся на яго за такія словы, што, здаецца, гатоў быў забіць. Хіба ён ненармальны, што гародзіць такую лухту?
— Ці пры сваім ты розуме? — абурыўся я.
— He, не зусім, — стары засмяяўся і пільна паглядзеў мне ў вочы.
Яго вочы здаліся мне знаёмымі. Нарэшце я ўсё зразумеў. Толькі ў Джанатана маглі быць такія цудоўныя ззяючыя вочы, такі добры і чысты пагляд. А я яшчэ абураўся... Але як у яго хапіла смеласці з’явіцца тут, перад самым носам Тэнджыла? Хаця, натуральна, ніхто яго пазнаць не мог. Нават Маціяс не пазнаў яго, пакуль Джанатан не падышоў і не паляпаў яго па спіне:
— А што, стары, ці мы раней з табой не сустракаліся?
Джанатан заўсёды любіў пераўвасабляцца. Ен часта вечарамі разыгрываў сцэнкі на кухні, калі мы жылі на зямлі. Ен мог зрабіць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзіўся ад смеху.
Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.
— Я ж таксама павінен бачыць, што адбываецца, — прашаптаў ён мне.
Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулі, было зусім не смешнае.
Тэнджыл загадаў усім мужчынам Даліны выстраіцца перад ім. Сваёй жорсткай рукой ён указваў на тых, хто будзе перавезены цераз раку ў Карманьяку. Я ведаў, што гэта значыць, — Джанатан расказваў. Ніводзін з тых, на каго ўказаў Тэнджыл, ніколі не вернецца назад жывым. Усе гэтыя няшчасныя павінны будуць цягаць вялізныя камяні для непрыступнай крэпасці, якую ён будаваў на вяршыне Старажытных Гор. I там, у гэтай крэпасці, спадзяецца адседзецца жорсткі Тэнджыл гады і дзесяцігоддзі, адчуваючы сябе ў бяспецы. Ужо шмат людзей пагналі будаваць гэту крэпасць, і працуюць яны там да знямогі. А калі ўжо людзі зусім знясілены...
— Тады іх атрымлівае Катла, — сказаў Джанатан.
Пры слове «Катла» робіцца холадна ў гэты цёплы летні дзень, хоць слова гэта пакуль што было для мяне жахлівым найменнем і болып нічым.
Пакуль Тэнджыл выбіраў людзей, на плошчы стаяла цішыня, толькі маленькая птушка на вершаліне дрэва ценькала бесклапотна, не ведаючы, што рабіў Тэнджыл унізе пад ліпамі.
Потым пачуўся плач. Як было балюча ад гэтага плачу — жанчын, якія гублялі сваіх мужоў, дзяцей, якія больш ніколі не ўбачаць сваіх бацькоў. Плакалі ўсе, я таксама.
Адзін Тэнджыл не чуў плачу, ён узвышаўся на сваім кані і ўсё ўказваў і ўказваў, і дарагі камень на яго пальцы пабліскваў кожны раз, калі ён асуджаў чарговую ахвяру на смерць. Гэта было жахліва: Тэнджылаў палец мог асуджаць людзей на смерць.
Але адзін з мужчын, на якога ён паказаў, пэўна, крануўся розумам, калі пачуў, як плачуць яго дзеці. Ён нечакана выйшаў са строю і кінуўся да Тэнджыла.
— Тыран! — закрычаў ён. — Калі-небудзь памрэш і ты, не забывай пра гэта!
I плюнуў на Тэнджыла.
У Тэнджыла не здрыгануўся ні адзін мускул. Ен толькі зрабіў жэст рукой, і салдат, што стаяў бліжэй, падняў свой меч. Я ўбачыў, як меч бліснуў на сонцы, але ў гэты час Джанатан схапіў мяне і прытуліў да грудзей, схаваўшы мой твар так, каб я нічога не бачыў. Але я адчуваў і, магчыма, чуў рыданні ў грудзях Джанатана, а калі мы ішлі дадому, ён плакаў, чаго раней ніколі з ім не было.
У гэты дзень у Даліне Дзікай Ружы была жалоба. Гаравалі ўсе. Усе, акрамя Тэнджылавых салдат. Ім, наадварот, вельмі падабалася, калі Тэнджыл прыходзіў у Даліну і наладжваў ім свята. He паспела кроў няшчаснага чалавека. якога забілі на плошчы, высахнуць, як сюды была прывезена вялізная бочка піва, на вогнішчах смажыліся свіныя тушы, і па ўсёй Даліне Дзікай Ружы разносіліся гэтыя пахі. Тэнджылавы людзі елі, пілі і хвалілі Тэнджыла.