Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— Але ж яны ядуць свіней Даліны Дзікай Ружы, гэтыя бандыты, — сказаў Маціяс, — і п’юць піва Даліны Дзікай Ружы.
Самога Тэнджыла на свяце не было. Закончыўшы адбор людзей, ён паехаў за раку.
— Цяпер ён самазадаволены, мабыць, сядзіць у сваім замку і думае, што ўсяліў жах у Даліну Дзікай Ружы, — прамовіў Джанатан, калі мы прыйшлі дадому. — Мабыць, думае, што тут нікога не засталося, акрамя запалоханых рабоў.
— Ды тут ён памыляецца, — сказаў Маціяс. — Чаго ён не можа зразумець, гэты Тэнджыл, дык гэта тое, што ён ніколі не зможа скарыць людзей, якія змагаюцца за сваю свабоду і трымаюцца разам, як робім мы.
Мы прайшлі міма маленькага дамка з яблынямі вакол.
— Тут жыў чалавек, якога сёння забілі, — паказаў Маціяс.
На прыступках ганка сядзела жанчына. Я бачыў яе на плошчы і помню, як яна закрычала, калі Тэнджыл паказаў на яе мужа. Цяпер у руках у яе былі ножны, і яна адразала свае доўгія светлыя валасы.
— Што ты робіш, Антонія? — гукнуў Маціяс. — Навошта ты абразаеш свае валасы?
— Для цецівы, — глуха адказала яна.
Жанчына нічога болып не дадала, але я ніколі не забуду яе пагляд, з якім яна гэта прамовіла.
У Даліне Дзікай Ружы за многае каралі смерцю, як гаварыў мне Джанатан, аде самым злосным злачынствам лічылася нашэнне любой зброі, гэта было забаронена самым строгім чынам.
Людзі Тэнджыла гойсалі паўсюдна, вышукваючы схаваныя лукі і стрэлы, мячы і шпагі. Але яны ніколі нічога не маглі знайсці. I ў той жа час не было ніводнага дома, ніводнага двара, дзе не была б схавана зброя ці яна не выраблялася б.
Нездарма Тэнджыл абяцаў ва ўзнагароду белых коней і таму, хто знойдзе патаемны склад зброі.
— Як гэта неразумна, — заўважыў Маціяс. — Няўжо ён думае, што ў Даліне Дзікай Ружы знойдзецца здраднік?
— He, здраднік ёсць толькі ў Вішнёвай Даліне, — ціха прамовіў Джанатан.
Я ведаў, што са мной побач ідзе Джанатан, але ў гэта цяжка было паверыць — так змянілі яго аблічча барада і рызманы, у якія ён быў апрануты.
— Джосі не бачыў прымусу і гэтай жорсткасці. Калі б пабачыў, то ніколі б не рашыўся на тое, што ён зрабіў.
— Цікава, што цяпер робіць Сафія? — сказаў Джанатан. — Як бы хацелася ведаць, ці даляцела Б’янка.
— Трэба спадзявацца, што даляцела, — абнадзеіў Маціяс. — Значыць, Сафія перашкодзіць Джосі.
Вярнуўшыся ў дом да Маціяса, мы ўбачылі воддаль таўстуна Додзіка: ён ляжаў на траве і гуляў у косці з трыма іншымі салдатамі Тэнджыла. Усе яны, напэўна, былі вольныя ад спраў. Мы доўга назіралі за імі з кухоннага акна. Яны гулялі ў косці, елі мяса, пілі піва — усё гэта яны прыцягнулі з плошчы. Гульню ў косці неўзабаве яны спынілі і проста елі мяса і пілі піва, а потым толькі пілі піва, затым наогул нічога не рабілі, а толькі поўзалі сярод кустоў, як жукі, і, нарэшце, паснулі.
Іх шлемы і плашчы ляжалі на траве там, дзе яны іх кінулі, бо каму ж прыйдзе ў галаву піць піва ў такі гарачы дзень у тоўстым плашчы з воўны.
— Калі б Тэнджыл ведаў, ён бы іх высек, — сказаў Джанатан.
Потым ён выйшаў на двор і, перш чым я паспеў напалохацца, вярнуўся з плашчом і шлемам.
— Навошта табе гэтыя мярзотныя рэчы? — прабурчаў Маціяс.
— Я яшчэ не ведаю, — адказаў Джанатан, — але, можа, настане момант, калі яны мне будуць неабходны.
— Глядзі, можа наступіць момант, калі цябе схопяць...
Але Джанатан сарваў з сябе бараду і рыззё, надзеў шлем і плашч і так стаў падобны на салдата Тэнджыла, ажно стала страшна. Маціяс схамянуўся і папрасіў яго схаваць гэтыя жахлівыя рэчы.
Джанатан так і зрабіў.
Потым мы ляглі і праспалі ўсю астатнюю частку дня, і я не ведаю, як яны там разабраліся, калі таўстун Додзік і яго хаўруснікі сталі высвятляць, чый шлем і чый плашч прапалі.
Маціяс таксама спаў, але ён прачынаўся, як казаў ён нам потым, ад крыкаў і праклёнаў, якія даляталі з зараснікаў руж.
У гэтую ноч мы працягвалі капаць падземны ход.
— Яшчэ тры начы, не больш, — прыкінуў Джанатан.
— А што будзе потым? — пацікавіўся я.
— А потым будзе тое, дзеля чаго я сюды прыйшоў. Можа, яно і не ўдасца, але я ўсё роўна павінен паспрабаваць вызваліць Орвара.
— I я з табой, — сказаў я. — Толькі не пакідай мяне зноў аднаго. Куды пойдзеш ты, туды і я.
Ён паглядзеў на мяне і ўсміхнуўся.
— Калі ты сапраўды гэтага хочаш, то хачу і я, — адказаў ён.
Глава 11
Пасля такога абеду і піва салдатам Тэнджыла захацелася атрымаць ад уладара яшчэ і дваццаць коней, і яны з асаблівым стараннем пачалі шукаць Джанатана. Яны шукалі з ранку да ночы, зазіраючы ў кожны куток у Даліне. Джанатан вымушаны быў заставацца ў сваім сховішчы, і ён, небарака, там ледзь не задыхнуўся.
Ведэр і Кадэр лазілі паўсюль і зачытвалі загад Тэнджыла пра майго брата. Я таксама меў магчымасць пачуць. што праз сцяну без дазволу пранік вораг Тэнджыла Джанатан Львінае Сэрца, месцазнаходжанне якога ў Даліне Дзікай Ружы застаецца невядомым. Яго прыкметы: «Вельмі прыгожы малады чалавек са светлымі валасамі, цёмна-блакітнымі вачамі, стройны». Яны апісвалі яго так, як апісаў ім Джосі. Я ўпэўнены ў гэтым. I зноў я пачуў пра пакаранне смерцю за ўкрыццё Львінага Сэрца і пра ўзнагароду таму, хто яго выдасць.
Пакуль Ведэр і Кадэр ездзілі вакол, абвяшчаючы ўсім пра гэта, людзі Даліны прыходзілі ў дом Маціяса развітацца з Джанатанам
і падзякаваць яму за ўсё, што ён для іх зрабіў, а зрабіў ён, відаць, значна больш, чым я ведаў.
— Мы ніколі не забудзем цябе, — гаварылі яны са слязамі на вачах, пакідаючы яму астатні хлеб, хаця самім не было чаго есці. — Табе ён больш патрэбны ў тваім цяжкім і небяспечным падарожжы, — а потым ішлі слухаць Ведэра і Кадэра яшчэ раз — проста дзеля забавы.
Салдаты не абмінулі і дом Маціяса. Калі яны ўвайшлі, я сядзеў на табурэце ў кухні і страшэнна баяўся, баяўся нават варухнуцца, а Маціяс, наадварот, паводзіў сябе вельмі ўпэўнена.
— А што вы шукаеце? — сустрэў ён іх. — Я не веру ў тое, што Львінае Сэрца наогул існуе. Гэта выдумалі, каб пераварочваць наша жытло.
Яны, вядома, перавярнулі ўсё дагары нагамі і ў нашым дамку. Пачалі яны з маленькай спальні і зрабілі звалку з пасцелі. Потым абшукалі шафу, выцягнуўшы адтуль кожную рэч, што, зразумела, было дурасцю з іх боку. Няўжо яны сапраўды думалі, што Джанатан хаваецца ў шафе?
— Можа, вы зазірнеце і ў гаршкі? — з горыччу сказаў Маціяс.
Потым яны пайшлі ў кухню і пачалі круціцца каля буфета, а я сядзеў на табурэце і адчуваў, як ува мне закіпае нянавісць. Гэта было якраз у той вечар, калі мы з Джанатанам збіраліся пакінуць Даліну, і я падумаў, што калі яны яго знойдуць, то я не ведаю, што зраблю. He можа быць, каб лёс быў такі несправядлівы, каб яны схапілі Джанатана ў апошнія хвіліны яго знаходжання ў Даліне.
Маціяс напхаў у буфет старога адзення, шкур і многа іншых рэчаў, каб заглушыць любы гук са сховішча. Салдаты ўсё гэта выкінулі на падлогу.
А потым... У мяне гатоў быў вырвацца крык, ад якога мог разваліцца дом: адзін з іх ужо браўся адсоўваць буфет. Але я не выдаў ніводнага гуку. Я сядзеў, як спаралізаваны, на табурэце і ненавідзеў яго ўсёй душой, ненавідзеў у ім усё: яго грубыя рукі, тоўстую шыю і бародаўку на лбе. Я ненавідзеў за тое, што баяўся — зараз ён убачыць дзверы, якія вядуць у сховішча, і гэта будзе канец для Джанатана.
Але тут закрычаў Маціяс:
— Паглядзіце, што вы нарабілі! Пажар! Хіба вам Тэнджыл загадаў падпальваць наша жытло?
He ведаю, як такое магло здарыцца, але гэта было сапраўды так. На падлозе гарэла шкура, і салдаты павінны былі кінуць усё,
каб патушыць яе. Яны скакалі, і тупалі нагамі, і лаяліся, і пракліналі, і, нарэшце, вылілі на яе вядро вады, так што агонь быў амаль што патушаны. Але Маціяс працягваў бурчаць, каб паказаць, як ён на іх злуецца.
— Вы што, не разумееце? — ушчуваў ён. — Воўну ж нельга кідаць каля агню, адкуль заўсёды ляцяць іскры.
Салдат з бародаўкай як ашалеў.
— Заткніся, стары, — закрычаў ён, — а то ў мяне ёсць багата спосабаў заткнуць тваю глотку!
Але Маціяс не даваў ім запалохаць сябе.
— He, вы спачатку прыбярыце за сабой, — абураўся ён. — Паглядзіце, што вы тут нарабілі! Ператварылі ўсё ў свінушнік.
Гэта якраз і прымусіла іх паспешліва выбірацца.
— Сам прыбірай свой свінушнік, стары хрэн! — сказаў салдат з бародаўкай. Ен выйшаў першы, а за ім іншыя салдаты, пакінуўшы пасля сябе незачыненыя дзверы.
— У іх зусім няма сумлення, — уздыхнуў Маціяс.
— Якое шчасце, што загарэлася шкура, — усклікнуў я. — Шчасце Джанатана...
Маціяс папляваў на пальцы.
— Так, невялікія пажары зрэдку вельмі патрэбны, — сказаў ён. — Хаця, халера, вельмі пячэ ў пальцы, калі бярэш з агню гарачае вуголле.
Але гэта не быў яшчэ канец нашых няшчасцяў.
Яны абшукалі стайню, і салдат з бародаўкай крыкнуў Маціясу:
— Стары! У цябе два кані. У Даліне Дзікай Ружы нікому не дазваляецца мець больш за аднаго. Ты гэта ведаеш. Мы прышлём чалавека, ён забярэ аднаго каня, таго, з белай зорачкай. Яго трэба аддаць Тэнджылу.
— Гэта конь майго ўнука, — запярэчыў Маціяс.
— Быў... А цяпер гэта конь Тэнджылаў.
Пачуўшы гэта, я пачаў плакаць. Мы павінны былі пакінуць Даліну Дзікай Ружы ў гэты вечар, наш доўгі падземны ход быў закончаны. Да гэтага моманту я не думаў, як мы возьмем з сабой Грыма і Ф’ялара, яны ж не маглі прапаўзці па падземным ходзе. Як неразумна было не падумаць раней пра тое, што нам трэба будзе пакінуць коней з Маціясам. Гэта было дрэнна, але цяпер справы паварочваліся яшчэ горш. Тэнджыл забярэ Ф’ялара, і я не ўяўляю, як не разарвалася маё сэрца, калі я пачуў пра гэта.
Салдат з бародаўкай выцягнуў з кішэні маленькую драўляную дошчачку і паднёс яе да самага носа Маціяса.
— Вось тут напішы нумар свайго дома, — загадаў ён.
— А чаму я павінен гэта рабіць? — недаўменна запытаўся Маціяс.
— Пацвердзі, што ты хочаш добраахвотна аддаць каня Тэнджылу.
— Але я не хачу...
У адказ салдат выцягнуў меч.
— He, ты вельмі хочаш. Ты зробіш гэта з вялікім задавальненнем. I пастаў вось тут нумар свайго дома. А потым ты аддасі гэтую дошчачку чалавеку, які прыйдзе з Карманьякі, каб забраць каня, бо Тэнджылу патрэбны доказы, што ты аддаў усё добраахвотна, ты разумееш, стары? — гыркнуў ён, штурхнуўшы Маціяса так, што ён ледзьве не паваліўся.
Што мог зрабіць Маціяс? Ён напісаў нумар свайго дома, а салдаты рушылі далей шукаць Джанатана.