Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— Ну і як даўно ты сядзіш тут і падслухоўваеш? — крычаў Ведэр, выцягваючы мяне з пячоры.
— 3 вечара... Я не падслухоўваў, я спаў, — апраўдваўся я, міргаючы вачыма, нібы толькі што прачнуўся.
— Спаў? — з недаверам паглядзеў на мяне Ведэр. — Ты хочаш сказаць, што ты не чуў як мы тут крычалі і спявалі ля вогнішча? He мані.
Ен лічыў сябе вельмі хітрым, яны ж не спявалі зусім. Але я быў яшчэ хітрэйшы.
— Ну, можа, чуў крыху, як вы спявалі, — заікаючыся, маніў я.
Ведэр і Кадэр паглядзелі адзін на аднаго, цяпер яны былі ўпэўнены, што я спаў і нічога не чуў.
Але мне гэта не дапамагло.
— Хіба ты не ведаеш, што за падарожжа па гэтай сцежцы — пакаранне смерцю? — запытаўся Ведэр.
Я паспрабаваў давесці, няўцямна мармычучы, што ніколі не чуў ні пра якое пакаранне смерцю, ні пра што іншае. Што мне проста хацелася паглядзець на месяц, як ён асвятляе горы.
— I дзеля гэтага ты рызыкаваў сваім жыццём, хітрае ты лісяня? — выскаліўся Ведэр. — Дзе ты жывеш, у Вішнёвай Даліне ці ў Даліне Дзікай Ружы?
— У Даліне Дзікай Ружы.
Менавіта таму, што я жыў у Вішнёвай Даліне, то я хутчэй бы памёр, чым прызнаўся ім, дзе я жыву.
— Хто твае бацькі? — усё дапытваўся Ведэр.
— Я жыву з... з дзядулем.
— Тады як яго завуць?
— Я проста заву яго Дзядуля, — адказаў я, прыкідваючыся яшчэ больш дурнаватым.
— Дзе ён жыве ў Даліне Дзікай Ружы? — пытаецца Ведэр.
— У... у маленькім беленькім дамку, — кажу я, падумаўшы, што дамы ў Даліне Дзікай Ружы такія ж белыя, як і дамы ў Вішнёвай Даліне.
— Добра, пакажаш нам дзядулю з яго белым домам, — сказаў Ведэр. — Залазь на каня са мной.
I мы паехалі. Над гарамі Наджыялы ўзышло сонца. Неба асвятлілася, пад промнямі заблішчалі горныя рэкі. Я ніколі ў сваім жыцці не бачыў такой велічнай прыгажосці і мог быць шчаслівым, калі б перада мной не сядзеў Кадэр, а пада мной не быў яго конь.
Сцяжынка працягвала віцца, як і раней, але неўзабаве яна пачала крута спускацца ўніз, і я зразумеў, што мы набліжаліся да Даліны Дзікай Ружы. Яна аказалася такой жа прыгожай, як і Вішнёвая Даліна. Яна ляжала ў ранішнім святле са сваімі маленькімі дамамі і зялёнымі схіламі, з зараснікамі квітнеючых дзікіх руж. Там было вялікае мноства дзікіх руж. Зверху гэта выглядала дзіўна: мора ружовай пены на зялёных хвалях. Так, Даліну Дзікай Ружы называлі так нездарма.
Але без Ведэра і Кадэра я ніколі не трапіў бы ў гэтую даліну, бо тут была высозная сцяна, якую Тэнджыл загадаў узвесці, таму што ён хацеў, каб людзі тут былі рабамі, рабамі назаўжды. Я ведаў — Джанатан расказваў мне пра гэта.
Ведэр і Кадэр, відаць, проста забыліся пацікавіцца, як я выбраўся з гэтай закрытай даліны, і я маліўся, каб хаця яны пра гэта не ўспомнілі. Што я мог адказаць? Як можна пераскочыць сцяну, нават калі ў цябе ёсць конь?
Людзі Тэнджыла ў чорных шлемах з мячамі і коп’ямі стаялі на сцяне на варце. I брама таксама надзейна ахоўвалася. Так, у сцяне была брама, у яе якраз упіралася сцежка з Вішнёвай Даліны.
Раней людзі свабодна пераходзілі з даліны ў даліну, а цяпер на іх шляху была сцяна і закрытая брама, і людзі Тэнджыла не маглі свабодна праходзіць праз яе.
Ведэр пастукаў па браме мячом, адчынілася маленькае акенца, і з яго высунулася галава вялікага дзецюка.
— Пароль, — закрычаў ён.
Ведэр і Кадэр прашапталі яму пароль на вуха — напэўна, каб я не пачуў яго, але ў такой засцярозе не было неабходнасці, бо я ўжо ведаў пароль : «Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызваліцелю».
Чалавек за акенцам паглядзеў на мяне, запытаўся:
— А гэта хто? Хто такі?
— Гэта маленькі дурань, якога мы сустрэлі ў гарах, — адказаў Кадэр. — Але, відаць, не такі ўжо дурны, бо як ён здолеў мінулай ноччу выйсці праз вашу браму? Што вы скажаце на гэта, старшы вартаўнік? Вы спытайце сваіх людзей, як яны ахоўвалі браму ўвечары.
Вартаўнік раззлаваўся. Лаячыся і праклінаючы мяне, ён адчыніў браму. Яму вельмі не хацелася пускаць мяне. Толькі Ведэра і Кадэра. Маё месца, лічыў ён, у нячоры Катлы.
Але Ведэр і Кадэр настоялі на сваім. Яны казалі, што мяне неабходна прапусціць хоць бы таму, што я павінен даказаць ім, што не маніў! Гэта іх абавязак перад Тэнджылам — высветліць усё.
Так у суправаджэнні Ведэра і Кадэра я праехаў праз браму.
Я думаў, што калі мы зноў сустрэнемся з Джанатанам, я раскажу яму, як Ведэр і Кадэр дапамаглі мне трапіць у Даліну Дзікай Ружы, і ён будзе доўга смяяцца.
А мне было не да смеху, бо я ведаў, як дрэнна ўсё складваецца для мяне. Я павінен знайсці белы дамок з дзядулем, інакш траплю ў пячору Катлы.
— Едзь уперад і паказвай нам дарогу, — загадаў Ведэр. — Мы павінны сур’ёзна пагаварыць з тваім дзядулем.
Белых дамоў было шмат, як і ў Вішнёвай Даліне, але я не бачыў таго, на які мог бы паказаць, таму што не ведаў, хто там жыве. Я не мог адважыцца сказаць: «Дзядуля жыве тут», бо Ведэр і Кадэр могуць увайсці і ўбачыць, што там няма ніякага дзядулі, ва ўсякім разе таго, які хацеў бы стаць мне дзедам.
Я быў у засмучэнні і ад страху ажно ўзмакрэў. Лёгка было выдумаць дзядулю, але я разумеў, што гэта была не самая лепшая выдумка.
Там і сям працавалі людзі каля сваіх двароў, але я не знаходзіў таго, хто паслужыў бы мне за дзядулю, і я адчуваў сябе ўсё больш і больш няшчасным. Было страх бачыць, як ішлі справы ў Даліне Дзікай Ружы, якімі збляднелымі, галоднымі і няшчаснымі выглядалі там людзі, ва ўсякім разе тыя, што трапляліся на вочы — яны былі так непадобны да жыхароў Вішнёвай Даліны. Бо ў нас не было Тэнджыла, які загнаў бы нас у рабства і забіраў у нас усю працу.
Ведэр і Кадэр пачалі ўжо нервавацца, а я ехаў, разумеючы, што гэта мой апошні шлях.
— Ну, ці далёка яшчэ? — бурчаў Ведэр.
— He, недалёка, — адказваў я машынальна, не ўсведамляючы, што кажу і што раблю. Я ўжо гатоў быў да таго, што мяне кінуць у пячору Катлы.
Але раптам здарыўся цуд. Хочаце — верце, хочаце — не. Каля белага дамка сядзеў дзядуля і карміў галубоў. Магчыма, я ніколі не асмеліўся б спыніцца тут, калі б сярод яго шэрых галубоў не было аднаго беласнежнага.
Я ледзь не заплакаў. Такія галубы былі толькі ў Сафіі, такі галубок прылятаў да мяне на падаконнік — яшчэ ў іншым свеце.
Потым я зрабіў нечуваную рэч: саскочыў з Ф’ялара і, тут жа апынуўшыся каля дзядулі, кінуўся яму на шыю і прашаптаў у адчаі:
— Дапамажыце мне, выратуйце мяне, скажыце, што вы мой дзядуля.
Я быў напалоханы і чакаў, што ён, убачыўшы Ведэра і Кадэра ў чорных шаломах1, адштурхне мяне. Чаму ён павінен ілгаць і трапляць з-за мяне ў пячору Катлы?
Але ён не адштурхнуў мяне, а моцна прытуліў, і я адчуваў яго добрыя рукі, якія як бы абаранялі мяне ад зла.
— Унучак, — сказаў ён гучна, каб Ведэр і Кадэр пачулі. — Дзе ты быў увесь гэты час? I што ты нарабіў, дзіцятка, раз цябе суправаджаюць салдаты?
Мой бедны дзядуля, як яму папала ад Ведэра і Кадэра! Яны ўсё крычалі і крычалі на яго, маўляў, калі ён не можа сачыць за сваімі ўнукамі і дазваляе ім бадзяцца ў гарах Наджыялы, то ён наогул іх не ўбачыць, і ён павінен помніць пра гэта. На гэты раз яны яму даруюць, — сказалі яны і паехалі. Неўзабаве іх шаломы ператварыліся ўдалечыні ў маленькія кропкі. Я пачаў плакаць, усё яшчэ знаходзячыся ў абдымках дзядулі... Можа, таму што ноч была такая доўгая і цяжкая ў мяне і нарэшце ўсё скончылася. Дзядуля даў мне выплакацца, паціху супакойваў мяне. Як добра было б, каб ён быў маім сапраўдным дзядулем. Мне захацелася сказаць яму пра гэта, хоць я ўсё яшчэ працягваў плакаць.
— Можа, я і змагу стаць тваім дзядулем. Мяне завуць Маціяс, а цябе, дзіцятка?
— Карл Льві.. — пачаў я, але спахапіўся: неразумна было б называць гэта імя ў Даліне Дзікай Ружы.
— Дзядуля, дарагі, маё імя... — сакрэт, — сказаў я. — Называй мяне Сухарык.
— А, Сухарык, — засмяяўся дзядуля Маціяс. — Ідзі ў кухню і пачакай мяне там, а я завяду твайго каня ў стайню.
1 Шалом — тое самае, што і шлем.
Я ўвайшоў у маленькую бедную кухню, дзе, акрамя стала, лаўкі, некалькі крэслаў і пліты, нічога не было. Яшчэ каля сцяны стаяў буфет.
Неўзабаве прыйшоў і Маціяс.
— Такі самы буфет і ў нас дома, у Віш... — пачаў я і замаўчаў.
— Дома ў Вішнёвай Даліне? — здагадаўся Маціяс.
Я з жахам зірнуў на яго. Зноў сказаў тое, чаго не трэба было гаварыць.
Але Маціяс больш нічога не сказаў, а падышоў да акна і выглянуў на двор, некаторы час пастаяў, каб пераканацца, што нікога няма вакол, потым павярнуўся да мяне і ціха кажа:
— У маім буфеце сёе-тое ёсць. Пачакай хвілінку і ты пераканаешся ў гэтым.
Ён адсунуў буфет плячом — за ім былі патаемныя дзверы. Калі ён адчыніў іх, высветлілася, што за імі — пакой. Хтосьці ляжаў на падлозе і спаў.
Гэта быў Джанатан.
Глава 9
Ямагу прыгадаць усяго некалькі выпадкаў, калі я быў такі шчаслівы, што не ведаў на якім свеце знаходжуся. Аднойчы, яшчэ ў маленстве, на Каляды Джанатан падарыў мне санкі, на якія ён збіраў грошы вельмі доўга. I другі раз, калі я ўпершыню трапіў у Наджыялу і знайшоў Джанатана каля рэчкі. Потым увесь той дзіўны вечар у Сядзібе Рыцараў, калі я быў такі шчаслівы, што ледзьве стрымліваў сябе. Але нішто не ішло ні ў якое параўнанне з тым, як я знайшоў Джанатана на падлозе ў доме Маціяса! Уявіце, як можа быць шчаслівы чалавек, — усё ўва мне спявала!
Я не чапаў Джанатана, не будзіў яго, нават не ўскрыкнуў ад радасці. Проста лёг побач з ім, зусім ціха, і заснуў.
Колькі я спаў — не ведаю. Мабыць, цэлы дзень. Але калі я прачнуўся, Джанатан сядзеў на падлозе побач са мной. Ён проста сядзеў і ўсміхаўся, а ніхто не ўсміхаецца так, як ён. Думалася, што ён не вельмі ўзрадуецца майму з’яўленню. Магчыма, ён ужо і забыўся, што клікаў мяне на дапамогу. Але цяпер бачыў я, што ён быў гэтак жа рады, як і я. Я таксама заўсміхаўся. Мы так і сядзелі, гледзячы адзін на аднаго, і нічога не гаварылі.
— Ты клікаў на дапамогу, — сказаў я нарэшце. Джанатан адразу перастаў усміхацца. — Чаму ты клікаў? — запытаўся я.
Ясна, штосьці такое было, пра што яму цяжка гаварыць. Ён адказаў вельмі ціха, як быццам адказаць мне было яму вялікай цяжкасцю.
— Я бачыў Катлу, — сказаў ён. — Я бачыў, што яна робіць.
Я не хацеў мучыць яго пытаннямі пра Катлу, у рэшце рэшт у мяне было шмат усяго, што трэба было яму расказаць, і ў першую чаргу — пра Джосі.
Джанатан не хацеў усяму гэтаму верыць. Яго твар збялеў, і ён ажно заплакаў.