Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
— Орвар, — заўважыў Джанатан, — кожнаму здаля бачна, што ты вязень пячоры Катлы.
Гэта было сапраўды так. Мы ўсе ўтрох былі акрываўленыя і брудныя, але Орвар выглядаў горш за ўсіх, яго адзенне было суцэльным рыззём, а твар ледзь праглядваўся з-за барады і валасоў. Толькі вочы былі прыкметныя — яго дзіўныя палаючыя вочы.
У нашай цясніне працякаў ручай, і мы змылі з сябе ўвесь бруд і кроў. Зноў і зноў я апускаў твар у халодную ваду. Было цудоўна, здавалася, быццам мы змывалі з сябе ўсю пячору Катлы.
Потым Орвар узяў мой ножык і падрэзаў сабе бараду і валасы, каб не выглядаць як вязень-уцякач, а Джанатан выцягнуў з нашых рэчаў шлем і плашч салдат Тэнджыла, з дапамогай якіх яму ўдалося пакінуць Даліну Дзікай Ружы.
— Вось, Орвар, надзень, — прапанаваў ён Орвару. — Ты будзеш падобны на салдата Тэнджыла, які захапіў двух падарожнікаў і кудысьці іх вядзе.
Орвар надзеў шлем і плашч, але пераапрананне яму не спадабалася.
— Першы і апошні раз я апранаю гэта адзенне, — заявіў ён. — Ад яго патыхае прыгнётам і жорсткасцю.
— He зважай на гэта, — параіў Джанатан. — Яно ўсё-такі дапаможа табе вярнуцца ў Даліну Дзікай Ружы.
Нарэшце прыйшоў час ехаць. Праз гадзіну ці дзве схаваецца сонца, згусціцца змрок, і ў цемры ніхто не зможа знайсці дарогу ў гарах — патрэбную небяспечную сцяжынку. Джанатан быў вельмі сур’ёзны, ён ведаў, якая дарога нас чакае, і я чуў, як ён казаў Орвару:
— Наступныя дзве гадзіны вырашаць лёс Даліны Дзікай Ружы. Ты зможаш доўга ехаць вярхом?
— Змагу, змагу, — адказаў Орвар. — Хоць дзесяць гадзін...
Вырашылі, што Орвар паедзе на Ф’ялары. Джанатан дапамог яму сесці ў сядло, і ён адразу ж перайначыўся, нібыта вырас у сядле і стаў дужэйшым. Так, Орвар быў з пароды смелых людзей,
як і Джанатан. Толькі я не мог лічыць сябе смелым. Але калі мы селі на каня і я абхапіў рукамі Джанатана за пояс, мой лоб прыціснуўся да яго спіны, мне здалося, што яго сіла перайшла да мяне. I я не так ужо баяўся. I ўсё ж я думаў як было б добра, каб людзям не вымагалася быць такімі дужымі і смелымі. Толькі каб мы маглі быць зноў разам, як у тыя першыя некалькі дзён у Вішнёвай Даліне — о, як даўно, здаецца, усё гэта было!
Потым мы выправіліся ў сваё падарожжа. Ехалі, кіруючыся на захад сонца, бо мост быў недзе ў тым напрамку. Сцяжынак у гарах Карманьякі было шмат, і яны так перапляталіся, што ніхто, акрамя Джанатана, не змог бы адшукаць патрэбную ў такой блытаніне, але ён, на наша шчасце, змог, хоць незразумела — як. Ажно да болю ў вачах я сачыў, ці не паявяцца салдаты Тэнджыла, але ніхто не паяўляўся, акрамя Орвара, які ехаў за намі ў сваім жудасным шлеме і чорным плашчы. Кожны раз, калі паварочваў галаву і бачыў яго, я палохаўся — так напалоханы быў гэтымі шлемамі і плашчамі і тымі, хто насіў іх.
Мы доўга ехалі без ніякіх здарэнняў. Было спакойна, ціха і вельмі прыгожа. Ціхі вечар у гарах... Калі б так усё было на самай справе... У гэтай зманлівай цішыні трэба было чакаць чаго хочаш, і нас не пакідала пачуццё насцярожанасці, нават Джанатан быўувесь час напагатове.
— Як толькі даедзем да моста, — сказаў ён, — горшае, можна лічыць, засталося ззаду.
— А ці хутка мы дабяромся да яго? — пацікавіўся я.
— Калі ўсё будзе добра — праз паўгадзіны, — адказаў Джанатан.
I раптам мы ўбачылі іх, групу салдат Тэнджыла — шэсць чалавек са шпагамі на чорных конях. Яны паявіліся на сцяжынцы, якая агінала гару, і кіраваліся да нас.
— Наша жыццё ў небяспецы, — прамовіў Джанатан. — Орвар, едзь наперад.
Орвар хутка праехаў каля нас, а Джанатан кінуў яму свае павады, каб мы выглядалі палоннымі.
Салдаты нас яшчэ не бачылі, але ўцякаць ужо было позна, ды і не было куды. Усё, што мы маглі, — гэта ехаць як ехалі, у надзеі, што шлем і плашч Орвара падмануць іх.
— Я ніколі не здамся жывым, — павярнуў галаву Орвар. — Я хачу, каб ты ведаў гэта, Львінае Сэрца.
Мы ехалі насустрач нашым ворагам усё бліжэй і бліжэй, з выглядам поўнага спакою, наколькі нам удавалася захоўваць спакой. Па маім целе прабягалі мурашкі, і я паспеў падумаць,
што калі нас схопяць, то лепш бы нам было заставацца ў пячоры Катлы і не пакутаваць усю гэтую страшную ноч.
I вось мы з’ехаліся на вузкай сцяжыне — але не настолькі вузкай, каб не размінуцца. Я пазнаў, што першы з іх быў не хто іншы, як Парк.
Але Парк не глядзеў на нас, ён глядзеў на Орвара, і калі яны праязджалі міма адзін аднаго, гукнуў:
— Вы чулі, знайшлі яны яго ці не?
— He, я нічога не чуў, — адказаў Орвар.
— Куды вы едзеце? — пацікавіўся Парк.
— Ды вось, пару палонных вязу, — кіўнуў Орвар на нас.
Больш ніякай інфармацыі Парк не атрымаў, і мы паехалі хутка, як толькі маглі.
— Сухарык, асцярожна азірніся і паглядзі, што яны робяць.
— Яны паехалі далей, — азірнуўшыся, паведаміў я Джанатану.
— Ну, дзякуй богу.
Але Джанатан паспяшаўся сказаць гэта, бо, зірнуўшы яшчэ раз, я ўбачыў, што яны спыніліся і глядзяць нам услед.
— Яны штосьці западозрылі, — сказаў Джанатан.
Ужо было ясна, што здарылася.
— Спыніцеся на хвіліну, — закрычаў Парк. — Я хачу паглядзець бліжэй на тваіх палонных.
Орвар сціснуў зубы.
— Едзьце, Джанатан, — сказаў ён. — Інакш усе мы нябожчыкі.
I мы паехалі.
Парк і ўвесь яго атрад павярнулі назад, так, яны павярнулі назад і імчаліся за намі, ажно грывы іх коней развяваліся на ветры.
— Ну, Грым, пакажы, на што ты здатны, — гукнуў Джанатан.
«I ты таксама, мой Ф’ялар», — падумаў я, уяўляючы, што я сам сяджу на ім зараз.
Hi ў кога не было лепшых коней, чым Грым і Ф’ялар, якія ляцелі па дарозе, ведаючы, што вырашаецца пытанне аб жыцці і смерці. Нашы ворагі імчаліся за намі, мы чулі стук капытоў. Гэты тупат то набліжаўся, то аддаляўся. Яны не збіраліся адставаць, бо Парк цяпер ведаў, на каго ён палюе. Ніводзін салдат Тэнджыла не дазволіў бы, каб такая здабыча выслізнула. Калі вернуць нас у замак Тэнджыла, яны атрымаюць вялікую ўзнагароду.
Яны проста наступалі нам на пяты. I калі мы скакалі па мосце, дзве стралы прасвісталі каля нас, але не закранулі.
Цяпер мы ўжо былі на баку Наджыялы, і самае горшае, як сцвярджаў Джанатан, павінна было б застацца ззаду, але, наадва-
рот, я не бачыў, каб так яно было. Паляванне працягвалася ўздоўж ракі. Вышэй па беразе дарога, якая вяла ў Даліну Дзікай Ружы, выгіналася, паварочвала, а мы ўсё імчалі па ёй. Гэта была тая самая дарога, якою мы ехалі ўчора вечарам, хоць здавалася, што гэта было тысячу год таму, калі мы з Джанатанам ехалі ў прыцемках. Так і трэба ездзіць уздоўж ракі, а не гэтак, як зараз, — так хутка, ажно коні падаюць.
Орвар імчаў проста адчайна, таму што ён вяртаўся дадому, у Даліну Дзікай Ружы. Джанатан не мог угнацца за ім, і Парк ужо даганяў нас. Я не разумеў, у чым справа, потым здагадаўся, што гэта з-за мяне. Больш умелага конніка, чым Джанатан, я не ведаў, і нікому не ўдалося б дагнаць яго, калі б ён быў адзін на кані, але цяпер разам з ім сядзеў я, і гэта затрымлівала яго.
Гэта паездка павінна вырашыць лёс Даліны Дзікай Ружы, як казаў Джанатан. I я быў тым, ад каго залежала, як яна закончыцца. Закончыцца яна дрэнна. Я ўсё больш і болып пераконваўся ў гэтым. Кожны раз, азірнуўшыся, я бачыў, што гэтыя чорныя шлемы ўсё бліжэй і бліжэй, зрэдку яны хаваліся за пагоркам, часам задрэвамі, але, несумненна, яны даганялі нас.
Джанатан ведаў гэтак жа, як і я. што мы не можам выратавацца абодва, і было неабходна, каб Джанатан застаўся на кані адзін: я не мог дазволіць, каб яго схапілі з-за мяне. Я закрычаў на хаду:
— Джанатан, зараз зрабі так, як я скажу. Пакінь мяне дзе-небудзь там, за паваротам, дзе мяне не змогуцьубачыць, і даганяй Орвара!..
I я заўважыў, што спачатку ён здзівіўся, але не так, як я чакаў. — А ты зможаш? — запытаўся Джанатан у мяне.
— He ведаю, але я б хацеў! — адказаў я.
— Мой смелы маленькі Сухарык, — гукнуў ён. — Я вярнуся па цябе! Як толькі Орвар будзе ў бяспецы ў Маціяса, я вярнуся па цябе.
— Абяцаеш? — запытаў я.
— Ну, а як жа ты думаеш? — крыкнуў Джанатан.
Мы даехалі да вярбы. дзе мы купаліся.
— Я схаваюся ў гэтым дрэве, — кажу. — Ты знойдзеш потым мяне тут.
Часу не было, каб штосьці сказаць яшчэ. Цяпер нас не бачылі з-за пагорка. Джанатан прытрымаў каня, каб я змог саскочыць. Потым ён зноў памчаўся галопам у лагчыну. А я прыціх, слухаючы, як міма праскакалі коннікі. У нейкі момант я ўбачыў неразумны твар Парка. Ён ашчэрыўся, нібыта гатовы быў укусіць, — і гэтаму чалавеку Джанатан выратаваў жыццё!
Джанатан ужо дагнаў Орвара, я бачыў, як яны зніклі разам, і я быў задаволены. А ты, стары Парк, скачы, калі думаеш, што табе гэта дапаможа. Больш табе не ўбачыць ні Джанатана, ні Орвара.
Я заставаўся ў лагчыне, пакуль Парк і яго людзі не зніклі з поля зроку, потым апусціўся да ракі, да майго дрэва. Як было прыемна залезці ў зялёную крону і ўладкавацца на шырокай галіне, бо я так стаміўся. Да берага, каля самага дрэва, прыбіла лодку, яна, пэўна, адарвалася недзе і зараз не была прывязана. «Як засмучаўся той, хто яе страціў», — падумаў я і сеў у яе, азіраючыся па баках. Я глядзеў на бурлівую ваду, на камень Парка і думаў, што гэта якраз тое месца, дзе ён павінен быў быць. Потым я ўбачьгў па той бок ракі гару Катлы і падзівіўся, як можна трымаць у палоне людзей у яе жахлівых пячорах. Я ўспомніў пра Орвара і Джанатана, мне так хацелася, каб яны выратаваліся ў падземным праходзе, перш чым іх дагоніць Парк. Я думаў, вядома, і пра тое, што скажа Маціяс, калі сустрэне Орвара ў сваім сховішчы. Як ён будзе рады! Я сядзеў і думаў пра ўсё гэта.
Пачало цямнець, і я зразумеў, што мне, пэўна, давядзецца правесці тут усю ноч. У Джанатана не будзе часу вярнуцца да цемнаты. I калі сцямнела, мне зноў стала вусцішна. Я адчуваў сябе вельмі адзінока.
I раптам я ўбачыў жанчыну, якая ехала на кані ўздоўж берага ракі. Гэта была не хто іншая, як Сафія. Я ніколі не быў так рады бачыць яе, як у гэты момант.
— Сафія! — закрычаў я. — Сафія, я тут.
Я выбраўся з гушчыні дрэва і замахаў рукамі, і спатрэбілася шмат часу, пакуль яна пераканалася, што гэта быў я.
— Але, Карл, — сказала яна. — Як трапіў ты сюды? А дзе Джанатан? Пачакай, зараз мы да цябе спусцімся, мы толькі напоім коней.
Затым я ўбачыў за ёй двух мужчын, якія таксама былі вярхом на конях. Я пазнаў першага — Губерт. Другога не было бачна, але, калі ён пад’ехаў, пазнаў і яго. Гэта быў Джосі.