Скарбы сусветнай літаратуры  Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ

Скарбы сусветнай літаратуры

Астрыд Ліндгрэн, Фрыдрых Шылер, Штэфан Цвэйг, Андрэ Маруа, Эрых Распэ, Антуан дэ Сент-Экзюперы, Рэдзьярд Кіплінг, Эрнэст Хемінгуэй, Джэк Лондан, Уільям Фолкнер, Дзінтра Шулцэ
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 447с.
Мінск 2024
113.98 МБ
—	Мы павінны перамагчы або памерці, — казаў Орвар. — Усё павінна адбыцца вельмі хутка, — даводзіў ён. — Даліна павінна быць вызвалена ад усіх салдат Тэнджыла, і ўсе вароты павінны быць зачынены, перш чым Тэнджыл збярэцца прывесці Катлу, таму што зброі супраць Катлы няма. Яе нічым нельга знішчыць, акрамя як голадам, — тлумачыў Орвар.
— Hi коп’і, ні стрэлы, ні мячы яе не бяруць, — казаў ён, — але дастаткова маленькага язычка яе полымя, каб паралізаваць або забіць любога.
— Але ж Тэнджыл трымае Катлу ў гарах, дык навошта тады вызваляць Даліну? — не разумеў я. — 3 яе дапамогай ён зможа падавіць нас зноў, як гэта было першы раз.
— Ен сам пабудаваў сцяну, яна і выратуе нас, не забывай гэта, — адказаў Орвар. — Перад страшыдламі можна зачыніць вароты...
3 Тэнджылам турбот асаблівых не будзе, усё прадумана. Як сказаў Орвар, ён, Джанатан, Сафія і яшчэ некалькі воінаў прабяруцца ў Тэнджылаў замак, знімуць ахову і пакончаць з ім, перш чым яму стане вядома пра паўстанне ў Даліне. Потым Катлу пасадзяць у пячоры на ланцуг да таго часу, пакуль яна не аслабее ад голаду, — тады можна будзе развітацца і з ёй.
— Інакш мы ніяк не зможам ад яе пазбавіцца, — сказаў нарэшце Орвар.
Потым ён зноў пачаў гаварыць пра тое, што трэба вельмі хутка расправіцца з салдатамі Тэнджыла.
— Расправіцца? Ты маеш на ўвазе забіць? — насцярожыўся Джанатан.
— Вядома, а што яшчэ я магу мець на ўвазе?
— Але я нікога не магу забіваць, — запярэчыў Джанатан. — I ты ведаеш пра гэта, Орвар.
— Нават калі ад гэтага залежыць тваё жыццё?
— Так, нават у гэтым выпадку, — адказаў Джанатан.
Орвар не мог зразумець гэтага, наўрад ці разумеў і Маціяс.
— Калі б усе былі такія, як ты, — сказаў Орвар, — тады зло панавала б заўжды.
Але тут умяшаўся я. Маўляў, калі б усе былі такімі, як Джанатан, то зла наогул не было б на свеце. Пасля гэтага я ні слова не сказаў за ўвесь вечар, і толькі, калі прыйшоў Маціяс, каб падаткнуць пада мной коўдру, я прашаптаў яму:
— Мне страшна, Маціяс.
Маціяс пагладзіў мяне па галаве.
— Мне таксама, — прызнаўся ён.
Джанатан, аднак, папярэдзіў Орвара, што не будзе знаходзіцца ў гушчыні бітвы і падбадзёрваць людзей — рабіць тое, чаго сам ён не можа.
— Народ Даліны Дзікай Ружы павінен бачыць нас абодвух, — настойваў Орвар. — Ён павінен бачыць нас абодвух.
— Што ж, раз трэба, значыць трэба, — згадзіўся нарэшце Джанатан.
I нават пры святле адной свечкі я заўважыў, як ён пабялеў.
Грыма і Ф’ялара нам давялося пакінуць у лесе з Эльфрыдай, калі мы вярталіся з пячоры Катлы. Але было вырашана, што Сафія прывядзе коней у дзень бітвы, калі пойдзе разам з усімі праз галоўныя вароты.
Гаварылі і пра тое, што павінен рабіць я. Я нічога не павінен быў рабіць, толькі чакаць, пакуль усё скончыцца. Сядзець і чакаць у кухні.
Ніхто не спаў гэтай ноччу.
I надышло нарэшце світанне.
Так, надышоў світанак і разам з ім дзень паўстання. О, як у мяне балела сэрца ў гэты дзень! Мне былі чутны крыкі, я бачыў кроў, таму што бітва ішла на схілах ніжэй Маціясавага дома. У гушчыні бою вярхом скакаў Джанатан, вецер ускалмаціў валасы, а вакол яго — бой, зіхценне мячоў, коп’яў, свіст стрэл і крыкі, крыкі, крыкі... Я прызнаўся Ф’ялару, што калі Джанатан памрэ, то я тады таксама хачу памерці.
Так, Ф’ялар быў са мной у кухні. Я не хацеў нікому гаварыць пра гэта, але ён мне быў вельмі патрэбны менавіта тут. Я не мог быць адзін, проста не мог. Ф’ялар таксама выглядваў з акна, ён назіраў, што там адбываецца. Раптам ён заржаў. He ведаю чаму — ці то хацеў быць побач з Грымам, ці то быў напалоханы гэтак жа, як я.
Мне было страшна... страшна... страшна...
Я бачыў, як ад кап’я Сафіі зваліўся Ведэр, як загінуў Кадэр ад мяча Орвара, а за ім і Додзік, а потым яшчэ некалькі салдат; яны падалі справа і злева. Джанатана можна было заўважыць у самай гушчыні бою, яго твар усё больш бляднеў, і сэрца ў мяне сціскалася ўсё больш і больш.
I настаў нарэшце бітве канец!
Шмат крыку было ў гэты дзень у Даліне Дзікай Ружы, але ў нейкі момант узняўся крык незвычайны. У разгар бітвы раптам пачуўся гук баявога рога, і хтосьці пранізліва закрычаў:
— Катла ідзе!
I адразу ж пачуўся рык, галодны рык Катлы, які ўсе так добра ведалі. Воіны пачалі кідаць на зямлю мячы, стрэлы, коп’і, таму што не мела сэнсу змагацца далей — ад Катлы паратунку не было. Усё змяшалася ў суцэльны голас — гром навальніцы, гукі баявога рога Тэнджыла, аглушальны роў Катлы... 3 храпаў Катлы вырываўся смертаносны агонь, забіваючы кожнага, на каго паказваў Тэнджыл. А ён усё паказваў і паказваў, і яго жорсткі твар цямнеў ад лютасці. Цяпер я ўжо не сумняваўся, што надышоў канец Даліне Дзікай Ружы.
Я не хацеў глядзець, я не хацеў бачыць... усё гэта. Але ж Джанатан!.. Мне трэба было ведаць, дзе ён, і я ўбачыў яго якраз каля Маціясавага дома — ён сядзеў на Грыме, збялелы і спакойны.
— Джанатан, — закрычаў я. — Джанатан, ты чуеш мяне?
Але ён не чуў, і я заўважыў, як ён прышпорыў каня і паляцеў уніз па схіле, як страла, імчаў хутчэй, чым хто калі-небудзь мог імчацца. Ён імчаўся да Тэнджыла... I вось ён ужо ў яго ззаду.
Вось баявы рог загучаў зноў, але цяпер ужо трубіў Джанатан. Ён выхапіў рог з рук Тэнджыла і трубіў, што было сілы, каб Катла магла зразумець, што ў яе цяпер новы гаспадар.
Потым усё раптам супакоілася, здаецца, нават прайшла навальніца. Усе замерлі ў чаканні. Тэнджыл сядзеў на сваім кані напалоханы і чакаў таксама. Чакала і Катла.
Джанатан падзьмуў у рог яшчэ раз.
Раптам Катла зараўла і, злосная, павярнулася да чалавека, якому калісьці яна так слепа падпарадкоўвалася.
I я прыгадаў, як Джанатан сказаў аднойчы:
— Калі-небудзь адплата знойдзе Тэнджыла!
I вось гэты дзень настаў!
Гэта быў канец бітвы ў Даліне Дзікай Ружы. Многія аддалі свае жыцці за свабоду. Так, Даліна была свабодная, але вакол ляжалі забітыя, і яны ўжо ніколі не даведаюцца аб свабодзе.
Маціяс быў мёртвы, у мяне ўжо не было дзядулі. Губерт таксама быў мёртвы, ён загінуў у ліку першых. Яму не давялося прайсці праз рачныя вароты, таму што ён сустрэў салдат Тэнджыла раней, і самае страшнае — ён сустрэў Катлу. Тэнджыл узяў яе з сабой у той дзень, каб жорстка пакараць Даліну Дзікай Ружы за ўцёкі Орвара.
Тады ён не ведаў, што гэта будзе Днём Бітвы, а калі даведаўся пра гэта, дык, пэўна ж, быў рады, што ўзяў з сабой Катлу.
Але цяпер ён быў мёртвы, як і многія іншыя.
— Нашым пакутам прыйшоў канец! — гукнуў Орвар. — Нашы дзеці будуць расці свабоднымі і шчаслівымі. Мы зробім Даліну Дзікай Ружы такой жа, якой яна была раней.
Але я падумаў, што без Маціяса Даліна ніколі не будзе такой, якой яна была раней.
Орвара паранілі мячом у спіну, але здавалася, што ён не адчуваў болю і наогул не турбаваўся пра гэта. Вочы яго ззялі, калі ён гаварыў з народам Даліны.
— Мы будзем шчаслівымі зноў, — як клятву, паўтараў ён перад народам.
Многія плакалі ў той дзень — многія, але толькі не Орвар.
Сафія таксама засталася жывой, яе нават не параніла, і ёй трэба было разам з воінамі, якім пашчасціла ўцалець, вярнуцца ў Вішнёвую Даліну.
Яна падышла да нас развітацца.
— Так, вось тут жыў Маціяс, — сказала яна, заплакаўшы. Потым абняла Джанатана. — Вяртайцеся ў Сядзібу Рыцараў. Я буду ўвесь час думаць пра вас, пакуль мы не сустрэнемся зноў.
Потым яна паглядзела на мяне.
— Карл, ты ж паедзеш са мной?
— He, — адказаў я. — Я паеду з Джанатанам.
Я вельмі баяўся, што Джанатан пашле мяне разам з Сафіяй, мне так гэтага не хацелася.
— Я хачу, каб Карл застаўся са мной, — сказаў ён.
На схіле за домам Маціяса ляжала Катла. Гэта была страшэнная, маўклівая, налітая крывёю глыба. Вось і цяпер яна зноў паглядзела на Джанатана, як сабака, які хоча ўгадаць, чаго жадае гаспадар. Цяпер яна ўжо нікога не чапала, але да таго часу, пакуль яна ляжала тут, жах напаўняў Даліну і ніхто не адважваўся быць шчаслівым. Даліна Дзікай Ружы не рашалася ні святкаваць вызваленне, ні смуткаваць у жалобе па загінуўшых да таго часу, пакуль існавала драконіха Катла. Адзіным чалавекам, які мог прымусіць яе вярнуцца ў пячору, быў Джанатан.
— Выручы Даліну Дзікай Ружы яшчэ раз, — звярнуўся да яго Орвар. — Калі ты завядзеш яе туды і пасадзіш на ланцуг, то ўсё астатняе, як прыйдзе час, зраблю я сам.
— Добра, — згадзіўся Джанатан. — Гэта апошні раз, калі я магу паслухаць цябе.
Я ўявіў сабе, як можна падарожнічаць уздоўж ракі. Ты павольна ідзеш і назіраеш, як цячэ рака, блішчыць вада, як трапечуцца пад ветрам галінкі лазы. Але я ніяк не мог уявіць падарожжа ўздоўж ракі, калі ў цябе па пятах ідзе драконіха.
А гэта было менавіта так. Мы ехалі, прыслухоўваючыся да цяжкога тупацення яе лап: «Туп, туп, туп, туп...» Было вельмі трывожна чуць гэта, нашы коні Грым і Ф’ялар як не шалелі, і мы ледзьве стрымлівалі іх. Час ад часу Джанатан дзьмуў у рог, і ён выдаваў жахлівы гук, які Катле, натуральна, не падабаўся. Але яна павінна была падпарадкоўвацца, калі чула яго. Гэта было адзінае, што супакойвала мяне ў нашай паездцы.
Мы не сказалі адзін аднаму ні слова, мы проста ехалі і ехалі. Джанатану трэба было пасадзіць Катлу на ланцуг у яе пячоры
перш, чым настане ноч, і там ёй будзе наканавана памерці. Мы ніколі яе болып не ўбачым і забудзем, што была такая краіна — Карманьяка. Старажытныя горы будуць стаяць тут вечна, але мы больш ніколі не будзем пераходзіць іх.
Чым бліжэй да вечара, тым спакайней вакол. Вечар быў цёплы, навальніца пайшла далей, і было так прыгожа, калі сонца пачало апускацца за гарызонт, ажно захацелася ў такі вечар ехаць уздоўж ракі і нікога не баяцца.
Але мне было вельмі страшна, і я баяўся, каб гэта не заўважыў Джанатан.
Нарэшце мы даехалі да вадаспада Карма.
— Карманьяка, тут мы ўжо апошні раз, — усклікнуў Джанатан, калі мы мінулі мост.
I ён затрубіў у рог.
Катла ўбачыла сваю строму на тым баку ракі. Адчувалася, што ёй хацелася трапіць туды — яна гэтак задаволена зашыпела проста пад ногі Грыму. Ох, навошта яна гэта зрабіла!
Бо тут здарылася вось што. Грым ад спуду адхіснуўся і ўдарыўся аб парэнчы моста. Я ажно ўскрыкнуў, спалохаўшыся, што Джанатан зваліцца ў вадаспад Карма. Але ён не зваліўся, затое рог выпаў у яго з рук і знік у вірлівай вадзе.
Жорсткія вочы Катлы бачылі ўсё гэта, і цяпер яна ўжо ведала, што ў яе няма гаспадара. Яна зараўла, і полымя пачало струменіць з яе пашчы.