Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
Рабі там, дзе болей плата.
Грошай каб было багата.
Сяброў у яго не было, былі «патрэбныя людзі». Антон любіў паўтараць: «Кожны чалавек сам куе сваё шчасце». I калі хто знаёмы пытаўся, што «куе» менавіта ён, Качан з ахвотай кідаў у адказ: «Грошы». Антон лічыў дзівакамі тых, хто спрабаваў яму даказаць, што шчасце не ў іх, не ў гэтых паперках. Калі такі чалавек знаходзіўся, ён згодна ківаў галавой і гаварыў: «Праўда ваша, шчасце не ў грашах,— і, крыху памаўчаўшы, абавязкова дадаваў: — А ў іх колькасці...»
I Антон каваў. Ён не зважаў на тое, што кавадла ператварыла яго самога ў нейкі механізм, які працаваў толькі тады,
калі за гэта добра плацілі. Пачала знікаць добразычлівасць да людзей. Чужы боль апошнім часам мала яго цікавіў і зусім не хваляваў. Калі паўтара года назад ён сустрэў Тэрэзу, якая спадабалася яму сваёй прыгажосцю і гаспадарлівасцю, Качан не перажываў пакут сумлення, а, склаўшы рэчы, пераехаў да яе. Тады ён сказаў першай жонцы: «Сустрэў тую, якая прынясе мне шчасце. На развод падам сам, і наконт аліментаў не хвалюйся. Працую я добра, так што грошай будзе хапаць...» Сказаў, быццам адкінуў, адрэзаў кавалак жыцця.
А сёння ён раптам адчуў сябе спустошаным, непатрэбным і ўпершыню за жыццё міжволі запытаў у сябе: «Адкуль у мяне гэтая хваравітая сквапнасць? Чаму я такі эгаіст? Чаму я не працую, як усе людзі, а лётаю за доўгім рублём?»
I зноў памяць вяртае Антона ў дзяцінства.
...Вось ён стаіць пасярод хаты і румзае, старанна выціраючы кулачкамі шчокі, па якіх цякуць слёзы. Маці трасе перад ім дзённікам і сварыцца за атрыманую двойку. У кутку, ля печы, сядзіць баба Насця і лушчыць фасолю. Яна разпораз кідае позіркі хітрых вачэй на дачку і ўнука. Ёй таксама карціць нешта сказаць, але дзе ж ты спыніш маці, якая не на жарт разышлася, і, пакуль не выгаварыцца, Антон павінен плакаць ды абяцаць, што больш не атрымае дрэннай адзнакі. Выратавала печ, у якой нешта зашыпела, затрашчала, і маці з крыкам: «Зацірка сышла!» — кінулася ратаваць вячэру. A бабка Насця ўжо стаяла ля ўнука і працягвала яму некалькі медзякоў: «Бяры, унучак, гэта табе аванс. Я хачу, каб ты вывучыўся на інжынера. За кожную пяцёрку буду даваць табе дваццаць капеек». 3 гэтага часу ў дзённіку ўнука двойкі больш не з’яўляліся. Цяпер Антон лічыў вучобу працай, і здаралася, што за тыдзень ён зарабляў па два рублі, a то і больш. Тады ён вучыўся ў пятым класе і вельмі марыў набыць веласіпед. Але калі бабка «выплаціла» Антону за пяцёркі суму, дастатковую, каб яго купіць, гэтая мара знікла. Ён нікому не прызнаўся, што шкада стала грошай, а толькі паведаміў бабцы, што лепш адразу купіць матацыкл. Матацыкла Качан таксама не купіў. «Лепш машыну»,— сказаў
ён маці, калі вярнуўся з арміі. Але і «Жыгулі», на якіх яны цяпер імчаліся, купіў не Антон. Гэта падарунак «маладым» ад бацькі Тэрэзы, цесця.
У душу Качана пачало закрадвацца сумненне. Ён раптам зразумеў, што нешта робіць не так... Перад ім стаялі сынавы вочы, якія так шчыра ззялі шчасцем, калі Васілёк глядзеў на бацьку. Гэты позірк узрушыў Антона, прымусіў MauHeil калаціцца сэрца. «Чаму мой лёс склаўся так? — пытаў у сябе Качан.— Чаму мой бацька, чалавек негаваркі, неадукаваны, які не чытаў ні Макаранкі, ні Сухамлінскага, адразу зразумеў мяне ў той вясенні дзень, сэрцам пачуў хлапчукоў боль? А я, яго сын, нават не пацалаваў Аленкі і Васілька на развітанне. Паводзіў сябе так, быццам яны і не родныя дзеці...»
Качану раптам здалося, што ён сёння страціў сябе, страціў мэту, дзеля якой жыў. Захацелася зноў убачыць дзяцей, пагаварыць з імі, пачуць іх смех... Ён з’ехаў з дарогі і спыніў машыну ля самай канавы. Тэрэза запытальна ўзняла вочы на мужа.
— Я вяртаюся,— асіплым голасам прагаварыў Антон, не гледзячы на жонку.— Мне трэба яшчэ іх убачыць.
Тэрэза павярнулася ўсім корпусам да мужа, вусны яе задрыжалі, пальцы нервова перабіралі канцы хусцінкі. Яна стрымлівала сябе, каб не заплакаць.
— Я не ўсё ім сказаў,— з трывогай у голасе рашуча дадаў Антон і слізгануў позіркам па яе дрыготкіх губах.
— Добра, добра, Антоша,— заспяшалася Тэрэза.— Я ж не супраць... гэта ж дзеці. Можа, і ў магазін заедзем ды купім што? Два рублі я ім дала ды цукеркамі пачаставала, але ж гэта не тое...
Праз паўгадзіны Качан ужо быў у пасёлку і спыніў машыну там, дзе і раней,— ля лужыны. Дзяцей на вуліцы не было. Ён падняў з зямлі дубчык і спіхнуў у ваду адзін з караблікаў, які ляжаў у пяску. Караблік сутаргава тузануўся, відаць, ад моцнага штуршка, і, зачарпнуўшы праз борт вады, заваліўся набок. Антон кінуў дубец і паглядзеў у бок дома, дзе, як казаў сын, яны жывуць. У двары дзяцей таксама не
было. Качан паволі пайшоў па дарозе. Ён не ведаў кватэры, у якой жывуць дзеці, і таму цяпер думаў: ці варта ісці да суседзяў і пытацца пра былую сям’ю? Млява ныла сэрца, і недзе ў глыбіні душы з’явілася пачуццё незадаволенасці сабой, сваім цяперашнім жыццём і зробленымі ўчынкамі. Антон захваляваўся яшчэ мацней ад думак, якія нахлынулі на яго, авалодалі ўсёй істотай. «Я ж пакахаў другую,— шукаў ён сабе апраўдання,— я ж добра працую і спраўна плачу аліменты, не хаваюся ад дзяцей, як некаторыя». Але гэтыя доказы не супакоілі, а, наадварот, яшчэ больш узрушылі. «А чым вінаватыя Аленка і Васілёк? — бухала ў адказ у скронях.— Чаму яны жывуць без бацькі? Чаму пра іх лёс, пра іх пачуцці ты ўспомніў толькі сёння? Вось і цяпер ты шукаеш сустрэчы з дзецьмі, а навошта, што ты ім хочаш сказаць?..» Качан спыніўся і са смуткам у вачах паўзіраўся на раскіданыя па дарозе цукеркі. Было відаць, што іх тут не згубілі, а выкінулі ды яшчэ і затапталі ў гразь.
— Гэта ж мой пачастунак,— пачуўся за спінай у Антона трывожны голас Тэрэзы.
Некалькі хвілін стаялі моўчкі. Вецер ціха шамацеў лісцем маладых бярозак, пасаджаных не так даўно абапал дарогі, шкуматаў каляровыя паперкі, у якія былі закручаны цукеркі.
— He, жонка,— схамянуўся Антон,— гэта не пачастунак дзеці затапталі ў гразь, а нешта большае...

БЕЗДАНЬ
— Маці, ці атрымала ты грошы? — пачула старая Лявоніха сіпаты сынаў голас.
Надрывіста скуголіла электрычная брытва, якой галіўся Васіль, з ваннай даносілася плюсканне вады. Лявоніха яму не адказала, зрабіла выгляд, што не чуе. Але пытанне закранула за жывое. На душы адразу стала пагана, сэрца млява заныла, і жанчына, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, села на канапу. Яна добра ведала, што размова з сынам толькі пачынаецца. Яшчэ ўчора, калі ўбачыла паравернутыя рэчы ў шафе, развернуты ложак, здагадалася, чаго шукае Васіль. Ды як не здагадацца, калі апошні час паўтараецца адно і тое — сын прапівае яе невялікую пенсію.
Спачатку ён прасіў у яе грошай, а калі Лявоніха ўбачыла, на што сын іх траціць, ды не стала даваць,— Васіль пачаў ад яе імя пазычаць у знаёмых. Ёй жа прыходзілася вяртаць сынавы даўгі. Лявонісе было брыдка, але сама яна нікому нічога не гаварыла. 3 цягам часу знаёмыя зразумелі Васілёвы хітрыкі і сталі прыдумваць розныя прычыны, каб не пазычаць грошай. Суседзі бачылі, што робіць Васіль, але ў душу да Лявоніхі не лезлі, не назалялі ёй роспьітамі. Жыхары дома адносіліся да яго так сабе, а калі суседка, сяброўка Лявоніхі — Палікарпаўна — расказала ўсім, як ён купляў смятану, і зусім перасталі паважаць.
Было гэта летась зімой. Лявоніха хварэла, і ў краму па прадукты хадзіў Васіль. Яна кожны раз выдавала грошы на пакупку — ні больш ні менш. Васіль схадзіў колькі разоў і пачаў скардзіцца, што яму да чорцікаў абрыдла кожны дзень соўгацца ў краму, што харчы трэба купляць на цэлы тыдзень.
Якраз трэба была смятана, і маці, згадзіўшыся, каб Васіль купіў адразу трохлітровы слоік, адлічыла яму грошы. Праз паўгадзіны сын вярнуўся. Ён быў усхваляваны, нават сярдзіты і сказаў, што паслізнуўся на прыступках, як выходзіў з магазіна. Слоік з рук выпаў і разбіўся. Ён доўга дакараў сябе за нязграбнасць, абураўся на дворнікаў, што не пасыпаюць пяском лёд. Убачыўшы сынавы пакуты, Лявоніха пачала яго супакойваць, а ў душы была рада, што Васіль становіцца гаспадарлівы, турбуецца, нават не выкінуў з пабітым слоікам капронавай накрыўкі, а прынёс дадому. Маці пахваліла яго за гэта. Накрыўка была ўся ў смятане, і старая сама абмыла яе.
А ўвечары адведаць хворую прыйшла Палікарпаўна. Лявоніха расказала, як не пашанцавала Васілю ў магазіне. Суседка быццам толькі і чакала, калі пра гэта пойдзе гаворка.
— Ой, хлусіць табе Васіль, хоча ў лапці абуць,— загаманіла яна.— He купляў ён ніякага трохлітровага слоіка смятаны. Сама бачыла, на свае вочы, што купляў Васіль смятану, але не тры кілаграмы, нават не паўкіло, а ўсяго дваццаць грамаў... Я разам з ім была сёння ў краме і ўсё бачыла. Гляджу і вачам не веру. Купіў твой Васіль дваццаць грамаў смятаны і адразу размазаў яе па накрыўцы. Грэх ёсць, спачатку падумала, што ён на падпітку, аж прыгледзелася — не, цвярозы, стаіць як цвік, не пахіснецца. Цікава мне стала, навошта Васіль гэта робіць. I ведаеш — ніякага дзіва. Проста твой сын зрабіў так, каб падмануць цябе. Смятану па накрыўцы размазаў і паказаў табе, каб ты паверыла, што купляў. А на тыя грошы купіў дзве бутэлькі віна. Вось які хітрун твой Васіль!
Пра ўсё, аб чым даведалася ад суседкі, Лявоніха сказала сыну. Васіль жа аблаяў яе і з гэтага часу хлусіць ды выпрошваць грошы перастаў. Ён проста ў дзень пенсіі пачаў іх забіраць, і жыццё Лявоніхі стала яшчэ горшае.
Але яна маўчыць, нікому не скардзіцца, чакае, што Васіль зразумее, куды коціцца, возьмецца за розум. Цяпер яна таксама штодзень яго ўгаворвае, просіць не піць, нават пагражае міліцыяй. Але ўсё дарэмна. Сын на яе ўгаворы не зва-
жае, нават вінаваціць, што праз яе ён і п’е, маўляў ад таго, што дарэмна прыдзіралася да яго жонкі, і развалілася іх сям’я, а ён залівае, глушыць душэўны боль гарэлкай.
А Лявоніха, як і кожная маці, дабра жадала свайму Васільку. Гэта праўда, усякае было ў іх з нявесткай, здаралася, што і раўнавала сына да Марыі. Што ні кажы, а яна жыццё паклала на яго: без мужа гадавала, вучыла, даглядала, пакуль магла, працавала на трох работах, абы сын жыў па-людску, не меў патрэбы ні ў чым, не зазнаў столькі ліха ды гора, колькі яна.
Нярэдка звады паміж Васілём і Марыяй адбываліся з-за таго, што ўжо тады ён пачаў уцягвацца ў гарэлку. Лявоніха думала, што гэта адна забава, дробязь, на тое і мужчына, каб мог выпіць чарку-другую, пазней затрымацца на працы ці пасядзець з сябрамі ў рэстаране. Тады яна заступалася за сына.