Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
А другой гадзіне Смаляк выйшаў з метро і няспешна падаўся па вуліцы Валгаградскай у прыватны сектар, уяўляючы, як заўтра паедзе з сынам і жонкай на возера. Можна было праехаць некалькі прыпынкаў, але парыцца ў душным, прагорклым аўтобусе не было аніякага жадання, і ён пашыбаваў па шматлікіх пыльных вулачках прыватнага сектара. Праз трыццаць хвілін ён скінуў клямку на скасавураных, абшарпаных веснічках, калісьці пафарбаваных у зялёны колер, і ўвайшоў на панадворак. Адразу кінулася ў вочы, што тут ніхто не жыве. Тры акны сумна глядзелі на вуліцу зачыненымі стаўнямі, а чацвёртае, кутняе, ды невялічкія акенцы на верандзе былі крыж-накрыж забіты негабляванымі дошкамі. Дзверы вартаваў вялізны, руды ад іржы замок, а на ледзь прыкметнай сцяжынцы валяліся ссохлыя яловыя галінкі, па ўсім, не прыбраныя з дня пахавання Альховіка. Смаляк зірнуў на гадзіннік, прыкінуў, колькі часу ехаць назад, у пракуратуру, і пашкадаваў марна патрачаныя дзве гадзіны. Ён хацеў ужо пайсці, але ў гэты момант за хатай, у глыбіні гародчыка нешта зашамацела, пачуліся прыглушаныя галасы:
— Ідзі сюды, тут ажно абсыпана...
— I ў мяне поўна...
Смаляк зацікавіўся і наўпрасткі па высокай, ледзь не да калена, траве пайшоў на галасы. Калі завярнуў за бліжэйшы
вугал, пад нагамі зазвінела бітае шкло, і адразу галасы сціхлі. 3 кустоў данеслася шамаценне, тупат ног: нехта задаваў лататы з абсыпанага спелымі, буйнымі ягадамі малінніку. Праз нейкі час у суседняй хаце бразнулі дзверы і ўсё сціхла. Смаляк усміхнуўся, набраў жменю сакавітых ягад і кінуў у рот. Маліна, набрынялая салодкім пахучым сокам, прыемным халадком таяла на языку, наталяла смагу. «Пільныя суседзі не дадуць прапасці ўраджаю»,— падумаў следчы і абвёў позіркам агарод, на якім, акрамя малінніку, цягнулася да сонца толькі крапіва. Смаляк азірнуўся, пашукаў вачыма бліжэйшы шлях да вуліцы, але гарэзлівая думка падштурхнула да плота, за якім зніклі ўцекачы.
Едучы сюды, следчы вырашыў спярша сустрэцца з Вярбіцкай, а ўжо потым апытваць астатніх. Смаляк вагаўся, стоячы каля зламанага плота, да якога ў абодва бакі бегла добра-такі ўтаптаная сцяжынка, але цікаўнасць узяла верх, і ён пераскочыў у суседні гарод, зрабіў некалькі крокаў да будыніны, абмінуў вялізны куст парэчак і аслупянеў ад нечаканасці: невядома адкуль перад ім узнікла агромністая чорная аўчарка. У яе на хрыбеціне ўздыбілася поўсць, агністыя вочы іскрыліся злосцю, вялікія белыя іклы блішчэлі ў чорнай зяпе, пагражаючы ўчапіцца ў няпрошанага госця. Смаляк знерухомеў і з надзеяй паглядзеў на вокны, чакаючы паратунку ад гаспадароў, але нікога за фіранкамі не ўбачыў. Ён пераступіў з нагі на нагу, і аўчарка імгненна адрэагавала: злосна гыркнула, нацялася, бы струна, прысела на лапах-спружынах, вось-вось кінецца.
— Ты добры вартаўнік, маладзец! — зразумеўшы, што ніхто яму не дапаможа, а гэты звер не дасць і кроку зрабіць, загаварыў з сабакам Смаляк.— Ведаеш сваю справу, толькі я не злодзей...
Аўчарка ў адказ глуха забрахала, але ўжо не так злосна, быццам зразумеўшы сказанае. У гэты момант фіранкі ў крайнім акне варухнуліся і следчы ўбачыў праз цюлевыя занавескі сілуэт жанчыны, якая, цікуючы за ім, тварам прыпала да шкла. Смаляк з палёгкай уздыхнуў, прадчуваючы хуткае збаўленне ад небяспечнай апёкі, але жанчына не спя-
шалася на дапамогу, яму нават здалося, што яна смяецца. Следчы хацеў махнуць гаспадыні рукой, але толькі варухнуўся, як аўчарка натапырыла вушы і ашчэрылася.
— Пальма, фу! — на сцяжынцы з’явілася бялёсае, кірпаносае дзяўчо гадоў дзесяці ў лёгкай жаўтаватай сукенцы.— Пальма, марш на месца! — ссунуўшы да пераносся бровы, строга камандавала маленькая гаспадыня.
Аўчарка нехаця азірнулася, ледзь прыкметна матлянула доўгім, як палка, хвастом, але не скранулася з месца.
— Каму сказана, марш у будку! — пісклява крыкнула дзяўчынка і падняла з зямлі таўставаты дубчык.
Толькі цяпер, убачыўшы ў руках гаспадыні дубец, Пальма паволі павярнулася і нехаця пасунулася прэч, зласліва азіраючыся на Смаляка.
Сілуэт у акне знік, бразнулі дзверы, і з-за хаты шустра вынырнула невялікага расточку, худзенькая, высахлая, бы яблык, які перазімаваў на дрэве, старая. Яна прыдзірліва агледзела следчага, у насцярожаных, глыбока запалых, выцвілых вачах заіскрыліся хітраватыя агеньчыкі, зморшчаныя вусны кранула непрыхаваная ўсмешка.
— Ну што, алкаш, папаўся? Малінай ласаваўся ці гуркі на закусь спёр? — прашамкала бяззубым ротам старая і, азірнуўшыся на дзяўчынку, крыкнула: — Кацька, трымай Пальму напагатове, здадзём злодзея ў міліцыю...
Толькі цяпер Смаляк пазнаў суседку Альховіка. У першую сустрэчу, два месяцы таму, яна выглядала і паводзіла сябе зусім інакш: на пытанні адказвала блытана, неўпапад, была чымсьці заклапочана і штохвілінна скардзілася на ламоты ў касцях, дрэнны слых і благую памяць. Цяпер перад ім стаяла шустрая і задзірыстая жанчына, куды падзеўся радыкуліт, няма ў руках крывулістай кавенькі, на якую тады старая спадзявалася больш, чым на ўласныя ногі.
— Калі я не памыляюся, вы — Казіміра Францаўна Шашок,— прыгадаў прозвішча старой Смаляк і, выцягваючы з кішэні пасведчанне, прадставіўся: — А я, можа, памятаеце, следчы пракуратуры Смаляк. Мяркую, сабаку трэба прывязаць, і міліцыю турбаваць не будзем.
Гаспадыня нават не зірнула на дакумент, а падалася ўперад і, уважліва вывучаючы няпрошанага госця, дакранулася да ягонай скураной папкі з паперамі. У гэты момант твар яе прасвятлеў, і Смаляк зразумеў, што яго пазналі.
— От цяпер прыпамінаю,— расцягваючы словы, замітусілася старая, крутнуўшыся да дзяўчынкі, нешта прашаптала ёй на вуха і, ухапіўшы сабаку за ашыйнік, павяла за хату.— Праходзьце, таварышок начальнічак, госцем будзеце,— хітравата пазіраючы на следчага, крыкнула яна і забразгатала ланцугом, прывязваючы сабаку каля будкі.— А мы з унучкай ягады збіралі, як чуем, Пальма апанавала некага чужога. Сучка добрая, свой хлеб зарабляе,— пяшчотна нахвальвала сабаку гаспадыня,— Памятаю, летась злодзеі ўлезлі ў сад, дык не брахала, пакуль яны вішні латашылі, а калі набралі паўнюткае вядзерца, яна тут як тут. I вас не адпусціла б... Калі да нас, дык заходзьце.
— Я да вашай суседкі Вярбіцкай,— паспяшаўся патлумачыць свой візіт Смаляк,— толькі ў хаце ніхто не жыве. He зразумела. Мо вы што ведаеце?
— Усё ясна як божы дзень,— сядаючы на прытуленую да высакаватай слівы лаву, чамусьці зласліва буркнула старая.— Чула, судзіцца яна за хату з Альховікавымі пляменнікамі.
— А я вас ледзь пазнаў,— сядаючы побач, дабрадушна прагаварыў Смаляк,— памаладзелі гадоў на дзесяць...
— Дасць Бог, пажыву,— унікаючы глядзець на следчага, стрымана адказала старая і ўжо непрыязна дадала: — Вы задавайце вашыя пытанні, бо мне ўнучку трэба карміць.
Смаляк адразу адчуў гэтую змену настрою, калі размова зайшла пра Вярбіцкую. Нават знешне жанчына выілядала заклапочанай і напружанай, у вачах ужо не было ранейшай задзірыстай смяшлівасці.
— Казіміра Францаўна,— афіцыйна прагаварыў следчы,— вось вы прыгадалі Шчэрбаў...
— А хто гэта? — запытальна ўскінула на Смаляка вочы старая.
— Ну як жа, гэта ж пляменнікі вашага суседа-нябожчыка,— стрымана, прадчуваючы, што шчырай размовы не атрымаецца, зазначыў Смаляк.
— Вам лепей знаць, мне што за дзела? — насцярожана адказала Шашок і, крыху памаўчаўшы, працягвала: — Ужо пасля смерці суседа ўваліліся ўтрох у хату, дык дваіх пузатых Альховікавых пляменнікаў пазнала, а вось трэці напужаў. Вяртлявы, насаты, усё мітусіўся, мянціў языком, бы памялом, ды вочкамі так і шастаў, так і шастаў, грэшнай справай, падумала, ці не злодзей? Ажно адвакатам аказаўся.
Старая замаўчала, азірнулася, некага шукаючы, і, убачыўшы ўнучку, якая стаяла зводдаль і ўважліва прыслухоўвалася да іх размовы, гукнула:
— Кацярына, ідзі абяры парэчкавы куст, што ля агурэчнага парніка.
— А якая патрэба прывяла іх да вас? — паспешліва пацікавіўся Смаляк, шкадуючы, што гаспадыня перапыніла ўспамін.
— Іх і Вярбіцкую турбавала адно — тастамент.
— А вы не маглі б расказаць падрабязней? — настойліва дапытваўся следчы, якому раптам здалося, што старая вагаецца, вырашае, расказваць усё, што ведае, ці, як падчас першай сустрэчы, прамаўчаць, спаслаўшыся на старасць і склероз.— Справа звычайная, жыццёвая,— падбухторваў ён,— не могуць людзі спадчыну падзяліць, вось і пішуць, a мы — разбірайся, быццам іншых спраў няма. Зноў прыйдзецца вас выклікаць у пракуратуру.
— Я вось што скажу,— крыўдліва загундосіла старая,— пішыце цяперака, бо не пайду ў вашыя кабінеты, хворая я, калі трэба, і доктар пацвердзіць.
— To ж і я пра гэта,— паспрабаваў усміхнуцца Смаляк.
Жанчына відавочна захвалявалася, бялёсыя, крыху рудаватыя вейкі нервова задрыжалі, быццам яна збіралася заплакаць, на шыі праступілі пунсовыя плямы, пальцы на руках штохвілінна ўздрыгвалі. Смаляк не мог зразумець гэтай раптоўнай перамены, узбуджанасці, і хваляванне перадалося яму.
— Казіміра Францаўна, калі нешта не так, я прыйду другім разам,— спачувальна прагаварыў ён.
— Што тут кожны дзень хадзіць? — запраўляючы сівыя валасы пад выцвілую, незразумелага колеру хусцінку, хмыкнула старая і, цяжка ўздыхнуўшы, дадала: — Ад вас не адчэпішся, праўду людзі кажуць, што лепш не звязвацца.
— Можа, яны вам пагражалі?
— Каго мне цяперака баяцца? — больш спакойна зазначыла старая і паглядзела Смаляку ў вочы.— Ніхто мне не пагражае, а цікавіліся яны Альховікам, Вярбіцкай і жанчынай, што складала другі тастамент, не ведаю, як яе назваць па-вучонаму. Першы раз сусед адпісаў маёмасць пляменнікам, а за тыдзень да смерці Вярбіцкая прывезла тую дзеўку з паперамі, паклікала мяне за сведку, і праз дваццаць хвілін — справа зроблена, усё стала ейнае. Як, лоўкая шэльма?! Тут усё жыццё гарбееш, укалваеш, а яна за дваццаць хвілін атрымала ўсё гатовае...
Смаляк толькі цяпер зразумеў сапраўдную прычыну змены настрою жанчыны, што яе так раптоўна выбіла з каляіны.
— Явілася, не запылілася, прынцэса! — распалялася старая.— Я пяць гадоў завіхалася вакол яго: «Фёдар Кузьміч, грыбнога супчыку не жадаеце?.. Фёдар Кузьміч, вось блінчыкі са смятанкай...» Цьфу, стары дурань! He спакусіўся б на ведзьму — жыў бы па сённяшні дзень,— старая раптам замаўчала, на вачах праступілі слёзы.— Вы гэта не пішыце, лішняе кажу,— яна зноў замаўчала, усхліпнула, капрызна шморгнуўшы носам, быццам дзіця, у якога адабралі любімую цацку, і крыўдліва працягвала: — А вяртлявы, што прыходзіў з пляменнікамі, больш дапытваўся пра Альховіка: што гаварыў, сядзеў ці ляжаў, калі падпісваў тастамент, ці трэсліся рукі, мо падчас гэтай працэдуры засынаў альбо не разумеў таго, што адбываецца. А потым і зусім спытаў бязглуздзіцу: ці мог ён сам схадзіць у ўборную... Адзін з пляменнікаў пацікавіўся, ці пры сваім розуме быў дзядзька, калі падпісваў паперы. Я акурат думаю, што страціў Альховік розум, калі падпусціў да сябе Вярбіцкую, так і адказала, але нічога не падпісвала, няхай самі разбіраюцца.