Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
Каву пілі моўчкі. Следчы бачыў, што Вярбіцкая хвалюецца, але трымаецца з годнасцю. Нарэшце яна не вытрымала:
— Васіль Мікалаевіч, вы сказалі, што ёсць пытанні да мяне?
— Так,— згодна зазначыў Смаляк.
— Я ведаю, хто ставіць пытанні, таму і прыйшла,— Вярбіцкая расчыніла белую сумачку з бліскучым жоўтым замочкам, пакорпалася ў ёй і дастала канверт.— Прыміце, калі ласка, спадзяюся, што пытанняў да мяне болып не будзе,— яна неяк стомлена ўздыхнула і паклала канверт на стол.
— Што гэта?..— падазрона паглядзеў Смаляк на Вярбіцкую.
— Ой, прабачце,— засмяялася жанчына,— вы мяне не так зразумелі.— Яна выцягнула з канверта паперы.— Пакідаю вам афіцыйную заяву і хачу, каб далучылі яе да маёй справы...
— Да якой справы? — здзіўлена паглядзеў на Вярбіцкую Смаляк.
— Так, так, я не агаварылася: да маёй справы,— капрызна надзьмула вусны Вярбіцкая.— I не трэба са мной гуляць у жмуркі, бо дакладна ведаю, што браты Шчэрбы настоялі, каб пракуратура ўзнавіла справу з нагоды смерці Альховіка, і вінавацяць мяне.
«А яна добра праінфармаваная,— падумаў Смаляк. Цяпер ён больш за ўсё хацеў даведацца пра зычліўца, які стаіць за Вярбіцкай і вядзе пакуль што незразумелую гульню ў гэтай простай і зразумелай справе.— Вярбіцкая прынесла заяву і адмаўляецца ад Альховікавай спадчыны на карысць Шчэрбаў. Чаму? Нават не юрысту зразумела, што закон на яе баку, справа відавочна выйгрышная. He хочаш у хаце жыць — прадай, лішняя капейка не пашкодзіць, асабліва калі на руках непаўналетнія дзеці».
— Я не хачу ні з кім судзіцца,— быццам прачытаўшы думкі Смаляка, удакладніла Вярбіцкая.— На момант смерці Альховіка ў мяне і сапраўды не было выйсця, жыла, што птушка ў клетцы. На руках хворыя бацькі-пенсіянеры, малалетнія дзеці, як адной управіцца з такой аравай? Патрэбныя грошы. 3 самага пачатку вырашыла: прадам хату Альховіка. Толькі лёс распарадзіўся інакш.— Вярбіцкая замаўчала,
зрабіла глыток халоднай кавы і, нацягнуўшы спадніцу на калені, сцішана дадала: — 51 выйшла замуж...
— Віншую.
— Дзякуй.— Вярбіцкая крыху памаўчала і, паглядзеўшы на следчага неяк звысоку, працягвала: — Вы, мабыць, думаеце, што я дурніца, сваёй выгады не бачу?
Смаляк нічога не адказаў, чакаў, пакуль Вярбіцкая выгаварыцца.
— У маёй справе выгада відавочная, толькі пасля таго, як я запісалася з Вільгельмам, абставіны змяніліся. Вільгельм, мой муж, і настояў, каб я адмовілася ад завяшчання.
— А хто ваш муж? — зацікаўлена спытаў Смаляк.— Вільгельм — імя рэдкае.
— Ой, хіба я не сказала?— артыстычна пляснула ў ладкі Вярбіцкая, якая наўмысна чакала, калі следчы пацікавіцца.— ■ Вільгельм — бізнесмен з Фінляндыі...
— Вось як? — шчыра здзівіўся Смаляк.
— Так, Васіль Мікалаевіч,— ганарліва ўскінула галаву Вярбіцкая,— ёсць Бог на свеце, нарэшце і мне пашэнціла... У Вільгельма ёсць сродкі, каб забяспечыць мне і дзецям прыстойнае жыццё. Ён хоча, каб мы жылі ў Хельсінкі, але ж мой бацька зусім хворы, з бальніцы не выходзіць, дый маці патрэбен дагляд. Так што з пераездам пакуль пачакаем, а ад Альховікавай спадчыны я адмаўляюся, хай усё застаецца Шчэрбам.
Пры ўпамінанні Альховіка Смаляк улавіў у словах Вярбіцкай быццам бы выклік, незадаволенасць, нават пагарду. Ён заўважыў што жанчына падчас размовы ні разу не назвала імя чалавека, які ў цяжкую хвіліну хацеў дапамагчы ёй. Значыцца, не ўсё было добра паміж імі пры жыцці старога? Астатняе выглядала праўдзіва і лагічна. Канешне, замежнаму бізнесмену не патрэбныя лішнія клопаты, асабліва каб яго прозвішча з залы суда трапіла на старонкі газет. Шчэрбы будуць задаволеныя, а значыць, ніякай «справы Альховіка» не існуе.
— Таццяна Фёдараўна, усё ж я мушу задаць вам некалькі пытанняў, чыста фармальных, каб спісаць заяву Шчэрбаў у архіў,— ціха зазначыў Смаляк.
— Пытайцеся,— паблажліва, быццам робячы паслугу, адмахнулася ад следчага Вярбіцкая,— мне б толькі вады папіць, горача ў вас.
Смаляк ахвотна наліў з сіфона газіроўкі і паставіў шклянку на стол перад Вярбіцкай. Жанчына зрабіла маленькі глыток, пакінуўшы на шкле чырвоную пляму ад памады і выціраючы яе бялюткай насоўкай, як добраму знаёмаму, усміхнулася следчаму:
-— I ўсё ж мы хутка паедзем у Фінляндыю, Вільгельм хоча, каб я паглядзела наш новы дом і нашу фабрыку. А потым мы паедзем у вясельную вандроўку...
Вярбіцкая ажно свяцілася радасцю, убачыўшы ў Смаляку чалавека, здольнага яе выслухаць. Яна больш не магла сам-насам радавацца свайму нечаканаму шчасцю, ёй патрэбны быў зычлівы слухач, і жанчыну прарвала. Слоўны паток вадаспадам наваліўся на следчага, здавалася, што б цяпер ні здарылася, ні землятрус, ні паводка, ні нават KaHeu свету, нішто не магло яе спыніць. Смаляку прыйшлося выслухаць і пра Фінляндыю, і пра багатага, дваранскіх каранёў, мужа, і пра ягоную радню, і пра футраную фабрыку, і пра Канарскія астравы, дзе яна планавала купіць дом для адпачынку...
Калі Вярбіцкая прыпынілася, каб зрабіць глыток вады, Смаляк наважыўся змяніць тэму размовы.
— Таццяна Фёдараўна, вы засталіся Вярбіцкай ці перайшлі на мужава прозвішча?
— Прозвішча пакуль што не мяняла, але вельмі хутка я буду пані Куклазе...
— Куклазе — прозвішча прыгожае, толькі не фінскае.
— Так, карані Вільгельма ў Эстоніі. Яшчэ да вайны ягоны дзед шукаў лепшай долі ў Фінляндыі, ды там і застаўся.
— Зразумела,-— дзелавіта зазначыў следчы і дастаў з шуфляды стала чысты бланк.— Таццяна Фёдараўна, пакуль я буду запаўняць анкетныя даныя, распавядайце, што адбылося паміж вамі і Шчэрбамі пасля смерці Альховіка.
Смаляк змоўк, блізарука схіліўся над сталом, і самапіска хутка і размашыста зарыпела, зашкрабала па паперы. След-
чы ведаў адказ на гэтае пытанне, браты Шчэрбы, старая Шашок падрабязна пра ўсё напісалі, але што скажа Вярбіцкая?
— Прыехалі Шчэрбы на трэці ці чацвёрты дзень пасля пахавання, нават не прыехалі, а наляцелі, быццам вараннё,— паспешліва, з адценнем пагарды прагаварыла Вярбіцкая.— Я ўжо распачала рамонт, але яны прывезлі адваката, судовага выканаўцу і афіцыйна, пад распіску, папярэдзілі, што не маю права жыць у хаце шэсць месяцаў, пакуль завяшчанне не набудзе сілу закону. Канешне, я спяшалася, хацелася хутчэй пачаць жыць па-чалавечы, не атрымалася. Шчэрбы паводзілі сябе прыстойна, не скандалілі, толькі пагражалі судом. Вось і ўсё, паплакала я па-бабску дый зачыніла хату. Яны •—самі па сабе, і я таксама.
— Таццяна Фёдараўна, чаму Шчэрбы сумняваюцца ў законнасці завяшчання? .
— Думаю, што пасля маёй сённяшняй заявы ўсялякія сумненні знікнуць і яны перастануць вам дакучаць.
— Можа, і так,— перагортваючы спісаную старонку, пагадзіўся Смаляк,— I яшчэ, Шчэрбы вінавацяць вас у смерці Альховіка.
— А што ім застаецца? — узвысіла голас Вярбіцкая.— Нанялі адваката, той і адрабляе грошы. Вы самі ведаеце, што займацца справай не будзеце, калі не вінаваціць мяне ў забойстве, таму я тут і сяджу... Дарэчы, адзін са Шчэрбаў, які, не памятаю, мне ў вочы сказаў, што я паскорыла смерць Альховіка. Чым я магла паскорыць? Хіба тым, што карміла з лыжачкі, даглядала, быццам малое дзіця? Спытайцеся ў іх, чаму яны не паклапаціліся пра старога?
— Таццяна Фёдараўна, у мяне няма жадання абмяркоўваць маральнае аблічча Шчэрбаў. Каб раз і назаўсёды паставіць кропку ў справе Альховіка, мне патрэбны факты.
— А хіба ў іх ёсць, як вы кажаце, факты?..— ускіпела Вярбіцкая.— Ці нешта такое, што пацвярджае злосны навет?.. Каб не муж, я ні за што на свеце не ўступіла б, ні на грамульку, ні на капейку... Яшчэ вірлавокіх хапуг за нагавор прыцягнула б да крымінальнай адказнасці. Толькі цяпер усё ў мінулым, Бог ім суддзя.
— Вашу ўзбуджанасць, Таццяна Фёдараўна, я разумею,— перагортваючы спісаную старонку, зазначыў Смаляк,— і ўсё ж яшчэ некалькі фармальных пытанняў. Першае, гэта адносіны з суседзямі.
— He разумею, пры чым тут суседзі Альховіка?
— Удакладняю: Шчэрбы ў заяве пішуць, што вы ў прысутнасці суседзяў Альховіка жадалі яму хутчэй памерці.
— Нешта я не прыпомню такога,— шчыра засмяялася Вярбіцкая.— Падумайце самі: на які ляд мне жадаць Альховіку смерці? Ён завяшчанне перапісаў усяго за некалькі дзён да смерці і ўвесь час разлічваўся грашыма. Які-ніякі, але ж заробак!.. А суседзяў я з дня пахавання не бачыла і не сустракалася з імі, не было патрэбы. Хаця, калі распачала рамонт, заходзіў Стась Шашок, дошкі старыя хацеў перакупіць. Вось і ўсё.
— Добра, прачытайце пратакол і падпішыцеся на кожнай старонцы,— Смаляк падаў паперы Вярбіцкай і па-сяброўску ўсміхнуўся.— Думаю, вы, адмаўляючыся ад спадчыны, робіце правільна, толькі на чыю карысць? Па закону можаце адмовіцца на карысць дзяржавы ці якога-небудзь дзіцячага інтэрната, няхай бы Шчэрбы судзіліся... А гонар свой ад такіх, як яны, бараніць трэба...
Вярбіцкая не адказала, быццам і не чула. Яна засяроджана чытала пратакол і, перагарнуўшы апошнюю старонку, узняла вочы на Смаляка.
— Усё запісана правільна, толькі жыву я цяпер у іншым месцы, Вільгельм настояў.
— Няма праблем,— машынальна адказаў Смаляк,— прама ў пратаколе пазначце адрас і тэлефон. I яшчэ хачу, каб вы ведалі, што з суседкай Альховіка здарылася няшчасце.
— 3 якой? — з трывогай і спачуваннем у голасе спытала Вярбіцкая, яе чорныя, шырока расплюшчаныя вочы палахліва паглядзелі на следчага.— Няўжо яшчэ хто памёр?
Смаляка кранула тое, як Вярбіцкая ўспрыняла, адрэагавала на чужое гора, следчы яшчэ раз пераканаўся, што яна не магла зрабіць Альховіку нічога благога.
— Ніхто не памёр, а вось Казіміра Францаўна Шашок трапіла ў аварыю.
— Засталася жывая? — дрыжачым, упалым голасам спыталася Вярбіцкая.
— Так, цяпер у бальніцы.
Жанчына апусціла вочы, нейкі час сядзела моўчкі, на твары праступілі ружовыя плямы. Яна відавочна хвалявалася і не хавала гэтага.
— Стан цяжкі, але ж не безнадзейны,— паспяшаўся супакоіць Вярбіцкую Смаляк.— Відаць, вы ў добрых адносінах?
— Францаўна мне бліжэй за іншых Альховікавых суседзяў,— паправіла прычоску Вярбіцкая і запытальна паглядзела на следчага.— А як усё здарылася? Хто вінаваты?
— Справу вядзе міліцыя, вадзіцеля затрымалі, разбіраюцца. Па ўсім, няшчасны выпадак,— суха адказаў Смаляк.
— Іншае цяжка і ўявіць,— уздыхнула Вярбіцкая.— Мне б хацелася яе наведаць, у якой Казіміра Францаўна бальніцы?