Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
Віктар Праўдзін
Шлях да Галгофы
Аповесць, апавяданні
Мінск «Мастацкая літаратура» 2003
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Бен)-44
П68
Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту
ISBN 985-02-0615-2
© Праўдзін В. А., 2003
© Афармленне. ВРУП «Мастацкая літаратура», 2003

1
Лета было ў самым разгары. Дзённая ліпеньская спёка цяжкім, даўкім смогам ахінула, сціснула, быццам абцугамі, двухмільённы горад і вось ужо месяц трымае яго ў напружаным чаканні — чаканні дажджу. Здаецца, што асфальт на вуліцах плавіцца, ператвараецца ў пластылін, і ад яго ўвачавідкі, паволі цягнецца ўгору цяжкае, гарачае, прыкрагоркае паветра, якое завісае над гмахамі дамоў, ствараючы вялізны яйкападобны панцыр. I нават ноч не прыносіць прахалоды, а слабенькі начны вятрыска як ні стараецца, не можа прабіцца да гарадскіх вуліц. Жыццё, здаецца, замарудзілася. Трава ўздоўж тратуараў і ў невялікіх скверах ды парках звяла, а на найбольш сонечных месцах заўчасна пажоўкла і пасохла. Дрэвы таксама неяк зніякавелі, лістота звісае скручанымі ледзяшамі, і немагчыма каля іх знайсці і лапіка ценю, каб перадыхнуць, схавацца ад прамяністага, бязлітасна-гаручага сонца. Разамлелыя людскія чэргі толькі і ўбачыш каля кіёскаў, дзе прадаюць марожанае. А вось заўсёды крыкліва-гаманкія аматары пеністага піва не здрадзілі любімаму пітву, а толькі пакінулі абгароджаную каля кіёска пляцоўку з трыма круглымі бруднымі сталамі і сцішана месцяцца ўздоўж сцяны жылога дома, дзе яшчэ крыху ёсць цень.
У адзінае акно кабінета старшага следчага пракуратуры Васіля Мікалаевіча Смаляка сонца зазірае ўранку ўсяго на якую гадзіну, і следчаму заўсёды яго не хапае. Нават гэтымі спякотнымі днямі, калі чырвоны слупок на тэрмометры пераваліў за дваццаць пяць градусаў і настойліва падкрадаўся да адзнакі трыццаць, следчы, не задумваючыся, змяніў
бы свой пакой на той, дзе многа сонца і цяпла. Смаляк быў невысокі, але, як кажуць, чалавек шырокай косці, рухавы, выразныя быстрыя шэра-сінія вочы пазіралі з-пад чорных вузкіх броваў спагадліва і шчыра. Яму было трыццаць пяць гадоў, але выілядаў ён на ўсе сорак. Заўчасная сівізна, глыбокія, не па гадах, зморшчыны каля вачэй, па ўсім, ад таго, што саромеўся насіць акуляры, на лбе і ў куточках рота старылі, асабліва калі следчы быў нечым заклапочаны. У гэтыя хвіліны ён меў хваравіты, пакутніцкі выгляд. I наадварот, калі ўсміхаўся, ад хваравітасці не заставалася і знаку, твар свяціўся непадробнай шчырасцю, нейкім унутраным святлом, і Смаляк маладзеў на добры дзесятак год. Характар меў лагодны, спагадлівы, не ачарсцвеў за гады работы ў пракуратуры, але, калі трэба было, мог пастаяць, і не толькі за сябе. Мо якраз праз гэта і цягнуліся да яго людзі, давяралі асабістае, самае інтымнае, пра што нават на споведзі не кожны прызнаецца.
Смаляк, блізарука прыжмурыўшыся, хуткім размашыстым почыркам пісаў чарнавы варыянт пісьма — адказваў на скаргу, па якой праводзіў праверку. У гэты момант у дзверы рэзка пастукалі, і не паспеў следчы ўзняць галаву, як у кабінет уварвалася Люся, сакратарка пракуратуры.
— Васіль Мікалаевіч, вас на кавёр да шэфа! — адным духам выпаліла дзяўчына, бы стрэліла з кулямёта, і гэтак жа імкліва знікла, пакінуўшы пасля сябе пах прыемных французскіх духоў.
«Вось гарэза!» — усміхнуўся следчы і, няспешна перачытаўшы напісанае, затушыў недакурак у адмысловай важкай попельніцы, зробленай у выглядзе змяінай галавы. Хаваючы паперы ў стол, Смаляк усё ж зажурыўся, бо на выхадныя планаваў паехаць адпачыць з жонкай і сынам на возера. А што, калі Кучкун памяняў графік дзяжурства? Такое часцяком здараецца: падчас летніх адпачынкаў людзей не хапае.
Калі Смаляк увайшоў у кабінет да пракурора, Сяргей Сяргеевіч Кучкун нешта заўзята даводзіў па тэлефоне нябачнаму субяседніку: «...Не, так будзе няправільна, прынятае рашэнне супярэчыць закону...» Убачыўшы следчага, ён кіўнуў галавой на крэсла, запрашаючы прысесці, і, пад-
піхнуўшы яму шэрую папку, завязаную чорнымі матузкамі, прыкрыў далоняй тэлефонную трубку.
•— Васіль, пакуль я пагавару, прачытай скаргу, якая ляжыць у папцы.
Кучкун быў высокі, хударлявы, крыху сутулы пяцідзесяцігадовы мужчына. Шэрыя вочкі-калючкі, сівыя, кароткія, стрыжаныя пад вожыка валасы, якія пагрозліва тырчалі ў розныя бакі, і асабліва строгі пракурорскі мундзір, з якім Кучкун не расставаўся нават у сёлетнюю трыццаціградусную спёку, надавалі яму выгляд жорсткага, непахіснага чалавека, прынцыповага законніка. Але гэта было толькі першае ўражанне, якое ён даволі артыстычна ствараў аб сабе ў людзей, з якімі сустракаўся ўпершыню. На самай справе Кучкун быў чалавекам настрою з падначаленымі і пракурорамаднадумцам з вышэйшым начальствам.
Зразумеўшы, што ў выхадныя ён будзе вудзіць рыбу на Вячы, Смаляк паспакайнеў, усміхнуўся.
— Ты што смяешся? — зноў паклаўшы далонь на трубку, узвысіў голас пракурор.— Ты перш прачытай, а ўжо смяяцца будзем потым... Прабачце, Іван Пятровіч, гэта я не вам,— спахапіўся Кучкун і, апраўдваючыся, удакладніў: — Тут у мяне са следчым праблемы... Так, кажаце, Федарэнка вас падтрымлівае? Калі так, то і я не супроць, толькі трэба ўсё дэтальна абмазгаваць...
Смаляк, не зважаючы на парады Кучкуна, узяў у рукі папку і адразу пазнаў справу Альховіка, па якой ён два месяцы таму праводзіў праверку. Следчы спрабаваў успомніць хоць якуюнебудзь дробязь, з-за якой начальства магло б засумнявацца ў правільнасці вынесенай пастановы аб адказе ўзбуджэння крымінальнай справы, і не знаходзіў: юрыдычна ўсё было правільна. Прычынай правядзення праверкі было ананімнае пісьмо, у якім сцвярджалася, што Альховік памёр не сваёй смерцю, і прыводзіліся даволі пераканаўчыя доказы. Ананімшчык абвінавачваў Вярбіцкую Таццяну Фёдараўну, якая даглядала старога, сцвярджаў, што толькі ў яе была прычына адправіць Альховіка на той свет. Далей узгадвалася завяшчанне, якое нябожчык за тыдзень да смерці змяніў на
карысць Вярбіцкай і менавіта гэтым падпісаў сабе смяротны прысуд. Азнаёміўшыся з першым завяшчаннем і дапрасіўшы двух братоў Шчэрбаў, якія павінны былі ўнаследаваць усю маёмасць нябожчыка, Смаляк ужо дакладна ведаў, што ананімка напісана імі, хоць яны катэгарычна гэта адмаўлялі. Сваіх дзяцей у Альховіка не было, усёй радні — толькі Шчэрбы, пляменнікі памерлай пяць гадоў таму жонкі. Пасля смерці цёткі Шчэрбы пэўны час клапаціліся пра дзядзьку, дапамагалі яму, але калі стары склаў завяшчанне і адпісаў пляменнікам дом у прыватным сектары, машыну, дачу і астатнюю маёмасць, на яго забыліся, быццам ужо і не жыў. Вось у гэты час і з’явілася Вярбіцкая, якая ўвесь хатні клопат узваліла на свае плечы.
Смаляк перагарнуў дробна спісаныя, як яму падалося, дрыжачай рукой старонкі скаргі і зноў падумаў пра Шчэрбаў. Ён быў перакананы, што скардзіліся яны, але, каб праверыць сябе, зірнуў на подпісы і задаволена ўсміхнуўся: так яно і было.
Кучкун скончыў тэлефонную размову і, засяроджана думаючы пра нешта сваё, прыжмурыўшы вочы, смаліў чорную, адпаліраваную да бляску курыцельную трубку. На ягоны жаўтаваты, жорсткі твар лёг цень заклапочанасці, усхваляванай нервознасці. На стале натужліва гудзеў вялізны, магутны, дваццацігадовай даўнасці вентылятар, прапелер якога паволі паварочваўся то ўправа, то ўлева, быццам вяртлявая маладзіца перад люстэркам. Фіранкі на вокнах матляліся і хлопалі, бы ветразі, штучны, але прыемны вятрыска халадзіў твар, і гарачыня сапраўды адступала.
Смаляк дачытаў скаргу, яшчэ раз перагарнуў старонкі і пратедзеў месцы, пазначаныя чырвоным алоўкам. Следчы зірнуў на пракурора, іх вочы сустрэліся.
— Што скажаш? — нецярпліва спытаў Кучкун, у вачах якога мільгануў нядобры агеньчык.
Смаляк моўчкі, няспешна паклаў скаргу ў папку. Ён разумеў Кучкуна і не мог пагадзіцца з ягонай усхваляванасцю.
— Вы хоць разумееце, што, калі скарга пацвердзіцца, да нас прымуць меры!..— Пракурор устаў з-за стала, некалькі разоў запар смактануў трубку і, зразумеўшы, што яна па-
тухла, кінуў яе на стол.— Васіль Мікалаевіч, чаму вы, атрымаўшы першую скаргу, не правялі экспертызу? Чаму адхілілі версію забойства? Вось і вынік: пракуратура горада адмяніла вынесеную вамі пастанову.
Смаляк маўчаў, бо добра ведаў свайго непасрэднага начальніка: Кучкун спярша можа сарвацца нават на крык, распальваецца больш за ўсё сам, пыхціць, як самавар, а калі выгаварыцца, як кажуць, выпусціць пару, вось тады і пачнецца сур’ёзная гаворка. Так яно адбылося і на гэты раз, не прайшло і хвіліны, а Кучкун ужо гаварыў пра іншыя справы, якіх Смаляк нават і не расследаваў крычаў, што яго ўвесь час наўмысна падстаўляюць, абы не даць дарабіць да пенсіі. Але калі размова пайшла пра рамонт будынка пракуратуры, пра камп’ютэры, паперу, ручкі, ён раптам на паўслове замоўк, неяк вінавата паілядзеў на Смаляка. У пакоі ўсталявалася цішыня, і толькі стары вентылятар натужліва і бесперапынна старанна рабіў сваю справу. Кучкун падхапіў са стала сваю трубку, чыркануў запалкай і, прысмальваючы, хуценька запыхкаў.
Пасля імпэтнага маналога пракурор колькі часу маўчаў, відавочна, чакаючы ад Смаляка апраўданняў, але следчы быў упэўнены ў сваёй праваце і не лічыў патрэбным даказваць ужо даказанае.
Першы парушыў маўчанне Кучкун:
— Гэтая скарга сама па сабе нічога не значыць, але ў мяне ўжо тры разы спраўляліся, як ідзе расследаванне.
Смаляк адарваўся ад папер і зацікаўлена паглядзеў на пракурора. Кучкун шматзначна тыцнуў пальцам угору.
— I не толькі з гарадской пракуратуры,— стомлена зазначыў ён.— А справа звычайная, выедзенага яйка не вартая. Родзічы нябожчыка ўчапіліся ў наследства і не могуць падзяліць. Маілаб і міліцыяразабрацца...—пракурор цяжкаўздыхнуў і, унікаючы глядзець Смаляку ў вочы, дадаў: — 3 табой згодзен, пастанова вынесена правільна, але трэба дапрацаваць, гэта загад.
Смаляк зразумеў, што размова скончана, узяў са стала папку са справай Альховіка і, так і не сказаўшы ніводнага слова падчас размовы, пакінуў кабінет начальніка.
2
Смаляк дэтальна памятаў першую сустрэчу з Вярбіцкай, якая пакінула аб сабе прыемнае ўражанне. Ціхмяная, добра складзеная брунетка трыццаці пяці год, шчыра, іншым разам нават наіўна адказвала на пытанні следчага, а калі прыгадвала Альховіка, прыкладвала насоўку да вілыотных вачэй і паспешліва жагналася на пусты кут, жадаючы яму царства нябеснага. Жыла яна са старымі бацькамі і двума сынаміпагодкамі трынаццаці і дванаццаці год у невялікай двухпакаёвай кватэры-хрушчоўцы. Дзяцей гадавала адна, і зразумела было, чаго яна бралася за ўсялякую работу. У душы Смаляк быў задаволены і ўхваляў нябожчыка Альховіка за тое, што змяніў завяшчанне на карысць Вярбіцкай і яе дзяцей.