Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
Доўгі калідор скончыўся адразу, як толькі Смаляк і Зайцаў павярнулі направа. Вялізныя, зробленыя з пластмасы дзверы з шыльдай «Рэанімацыя» адчыніліся не адразу, доктару давялося некалькі разоў націснуць на жоўтае вочка званка, і толькі пасля гэтага глуха шчоўкнуў аўтаматычны замок. Дзяжурная медыцынская сястра, апранутая ў цёмна-зялёную кашулю, гэткага ж колеру караткаватыя штаны, якія выгадна падкрэслівалі яе стройную фігуру, стаяла каля невялікага століка, выструнена цягнулася да вісячага на сцяне гаршчэчка з кветкамі і палівала іх вадой. Яе галаву ўпрыгожваў какетліва прышпілены да каштанавых валасоў цыліндрычнай формы зялёны капялюшык. Убачыўшы Зайцава і Смаляка, яна шчыра, прыязна ўсміхнулася, у крыху раскосых чорных вачах успыхнулі гарэзлівыя агеньчыкі. Медычка паставіла графін з вадой на столік, звычным грацыёзным рухам паправіла валасы, імгненна агледзела сябе ў люстэрка, што стаяла насупраць, каля шкляной шафы з медыкаментамі, і пайшла — не, хутчэй, як здалося Смаляку, паплыла ім насустрач. Прыгожы твар, на якім спакуслівай чырванню палалі пульхныя вусны, іскрыўся непрыхаванай радасцю. У гэты момант Смаляк
злавіў сябе на тым, што ягоны твар расплываецца ў блазнаватай усмешцы. Ён зніякавеў, хуценька адвёў позірк ад прыгажуні медычкі і паглядзеў на Зайцава. Доктар выглядаў празмерна заклапочаным і строгім. Ён толькі зірнуў на медычку, адразу рэзка спыніўся і яшчэ больш насупіўся.
— Клаўдзія Сямёнаўна,— ссунуўшы да пераносся бровы, пужліва, амаль істэрычна ўскрыкнуў Зайцаў,— са мной следчы з пракуратуры...
Медычка быццам і не чула, нават не прыпынілася, не паглядзела на Смаляка, і следчы раптам зразумеў, што ў гэтай сітуацыі ён лішні.
— Адам Пятровіч, а я таксама не адна,— зляцела з яе чырвоных вуснаў-бутонаў,— у другой палаце прафесар Баравы...
Пасля гэтых слоў медычка неўпрыкмет цмокнула, паслаўшы доктару паветраны пацалунак. Зайцаў сумеўся, пачырванеў, незадаволена папераджальна кашлянуў у кулак, рэзка крутнуўся і прачыніў бліжэйшыя ад сябе дзверы.
— Праходзьце, Васіль Мікалаевіч, ваша пацярпелая тут,—і, быццам вінавацячыся, кіўнуў на медычку:— Гэта мая нявеста...
He паспеў Смаляк зрабіць і кроку, як дзверы за спінай хуценька зачыніліся і да слыху даляцеў прыглушаны шэпт:
— Клава, мы ж на рабоце!
— Любы, калі гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькі пазайздросціць.
Смаляк прайшоў на сярэдзіну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялі два ложкі, адзін з якіх быў свабодны і запраўлены замытым да жаўцізны прасцірадлам з неахайнай лапінай пасярэдзіне. На другім ляжаў загіпсаваны чалавек, у якім немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоі лунала нейкая своеасаблівая загадкавая цішыня, якая незразумелым цяжарам ляіла на плечы, прымусіла часцей біцца сэрца, сціснула грудзі так, што перахапіла дыханне. Следчы паспешліва падышоў да акна і адчыніў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вуліцы, здалося, уварвалася жыццё.

Бінты на галаве пацярпелай ружавелі крывяной плямай, загіпсаваныя правая рука і левая нага высіліся на нейкіх мудрагелістых металічных канструкцыях. Да левай рукі ліпучкамі мацавалася іголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкі рытмічна па кропельцы сцякала ў сінюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравіта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на ім застылі пакорлівасць і ціхамірнасць.
— Яна безнадзейная,— вынес жорсткі прысуд Зайцаў, які нячутна ўвайшоў у палату.— Мы зрабілі ўсё, што змаглі, але ж цудаў не бывае...
— Я хачу паілядзець яе рэчы,— чамусьці шэптам папрасіў Смаляк і накіраваўся да выхаду.
— А рэчы забраў сын,— услед прагаварыў доктар.
4
Праз гадзіну Смаляк адчыняў веснічкі са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулі» вырулілі з гаража на сярэдзіну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцідзесяці і, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокі, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якія доўгай пасмай спадалі на лоб, і яму прыходзілася штохвілінна матляць галавой, скідваючы іх з вачэй. Даўгалыгі, як яго адразу ахрысціў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземісты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смяляк зрабіў некалькі крокаў і, шукаючы «злога сабаку», прыпыніўся, агледзеўся. Каля будкі яго не было, ланцуг з ашыйнікам сіратліва валяліся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, капашыліся ў пяску куры. Два маладзенькія цыбатыя пеўнікі пагрозліва кружыліся ў байцоўскім танцы, але справа да бойкі не даходзіла, яны толькі падскоквалі, растапырыўшы пер’е, выцягвалі худыя шыі, хлопалі крыламі, быццам высвятляючы, хто з іх больш грозны і жахлівы. Аўчарку Смаляк уба-
чыў за сваёй спінай, на сцяжынцы, ля самых веснічак. Яна пільна сачыла за ім, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.
— Вам каго? — нечакана прагучаў хрыплаваты, прастуджаны голас.
Смаляк азірнуўся. Да яго, выціраючы рукі прамасленай анучай, падыходзіў даўгалыгі. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкі-калючкі свідравалі яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.
— Старшы следчы пракуратуры Смаляк,— афіцыйна адрэкамендаваўся Смаляк.— А калі вы Станіслаў Мікалаевіч Шашок, то я да вас.
Яны некалькі хвілін моўчкі вывучалі адзін аднаго, і калі гульня ў маўчанку зрабілася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне.
— Вось мой дакумент.
— Ну, я — Станіслаў Мікалаевіч,— нарэшце выдыхнуў гаспадар.— Толькі са мной ужо гаварылі ў міліцыі, і новага нічога не скажу.
Шашок відавочна хваляваўся, унікаў глядзець Смаляку ў вочы і ўвесь час нервова круціў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.
— Тата, куды пакласці бабуліна адзенне? — тузанула бацьку за рукаў кашулі Кацярына і насцярожана-недаверлівым позіркам утаропілася ў Смаляка.
Шашок схамянуўся, паспешліва выхапіў з рук дачкі невялікі клунак і борздзенька пашыбаваў у хату, кінуўшы на хаду: «Я сам аднясу». Ён відавочна хваляваўся.
Праз некалькі хвілін ён падыходзіў да Смаляка ўжо спакойным і ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасці і няўпэўненасці не засталося і следу, толькі ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалі трывожныя, палахлівыя агеньчыкі.
На твар Смаляку звалілася некалькі халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нізкія хмары, якія няўмольным чорным крылом напаўзалі на горад. Усё наўкол напружана сцішылася, нават ваяўнічыя
пеўнікі знерухомелі і спалохана ціснуліся адно да аднаго, здзіўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалі дажджу, але адначасова і баяліся няведамай ім стыхіі.
— Ну, нарэшце дачакаліся,— з-пад далоні паглядзеў на аблокі Шашок і іранічна дадаў: — Па радыё дождж абяцалі яшчэ заўчора... Зойдзем у хату, там і пагаворым, хаця...— ён не дагаварыў, абыякава махнуў рукой і, не азіраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.
«Што крыецца за Шашковым «хаця»? — ідучы следам, падумаў Смаляк.— Ці не звязана гэта з ягонымі паводзінамі ў бальніцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаў, што маці хацелі забіць, і слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калі так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлівага чалавека, як Шашок, не проста выбіць з каляіны, і тым не менш... А цяпер ён трагедыю ўспрымае як няшчасны выпадак, і ўсё ж ён нервуецца і ў першыя хвіліны сустрэчы быў вельмі напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукі. A зменлівыя паводзіны ягонай маці падчас допыту ў пракуратуры і апошняй сустрэчы... He, відавочна, гэтыя Шашкі нешта змоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямніца, якая, па ўсім, і прывяла да трагедыі, а калі так, то і паводзіны сына ў бальніцы знаходзяць лагічнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».
Шашок нецярпліва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшліфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелістых тоўстых нагах, зробленых у выглядзе лічбы «2». Вакол прыслужліва высіліся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымі набалдашнікамі на спінках. Крэслы выглядалі маўклівымі ваярамі-ахоўнікамі свайго бліскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакітнымі шпалерамі, нясмела тулілася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаўахоўнікаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзірліва, нават з выклікам, блішчэлі крышталёвыя шклянкі, іншы каштоўны посуд.
— Справу аб дарожна-транспартным здарэнні вядзе міліцыя,— сядаючы ў вялікае рыпучае крэсла, адразу прага-
варыў Смаляк і, каб папярэдзіць магчымыя пытанні, патлумачыў: — Я ж праводжу расследаванне факта смерці вашага суседа, нябожчыка Альховіка, і якраз у пятніцу, напярэдадні няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казімірай Францаўнай.
Смаляк з цікаўнасцю зірнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той і брывом не павёў, не змяніў паставы, прытуліўшыся да дзвярнога касяка і склаўшы рукі на грудзях, моўчкі чакаў, што скажа далей следчы. Толькі насцярожаныя палахліва халодныя вочы ды жаўлакі на сківіцах выдавалі ягонае напружанне і хваляванне.
— Вось я і хачу пачуць,— спакойна працягваў Смаляк,— чаму вы спярша заявілі, што быў замах на жыццё вашай маці? Чаму...
Смаляк не дагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання і адразу паспешліва, з абурэннем перапыніў следчага.
— А што я мог падумаць?! — ускрыкнуў ён і, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкім сумам паглядзеў на Смаляка.— Гэта ж маці!
Смаляк заўважыў не толькі гэты сум, але і тое, што дзесьці многа глыбей, можа, зусім і не ў вачах Шашка, стаілася спрактыкаванасць і нейкая незразумелая пільнасць, нават палахлівасць. Ён не адчуў у словах шчырасці, і гэта насцярожвала.
— Па-чалавечы я вас разумею,— ціха зазначыў Смаляк,— а як следчы — не зусім.
Шашок ускінуў галаву і запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошніх слоў.
— Я і сам толькі потым зразумеў, што маці сама вінаватая, старая, даўно за семдзесят перакуліла,— вынес ён свой прысуд.
У гэты момант неяк нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захісталіся, зашамацелі дрэвы, моцна бразнупі незачыненыя веснічкі, і адразу буйныя кроплі дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулі па вокнах. Смаляк і Шашок, як па камандзе, павярнулі галовы і, утаропіўшыся ў акно, колькі хвілін маўчалі, думаючы кожны пра сваё.