Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— Вышэй hoc, братка! — ён паляпаў па плячы малодшага Шчэрбу.— Нашыя затраты пусцяковыя, а прыбытак добры. Што яшчэ трэба?!
— Прачыталі? — ледзь стрымліваючы нервовую ўзбуджанасць, спытаў Смаляк,— Тады пяройдзем да справы.
— А ніякай справы больш няма,— крутнуўся да следчага старэйшы Шчэрба.— Васіль Мікалаевіч, прыміце ад нас заяву, мы ніякіх прэтэнзій да Вярбіцкай не маем...
Смаляк наперад ведаў, пра што будуць гаварыць Шчэрбы, як вінаваціцца перад ім і апраўдвацца. Следчы ў гэтую хвіліну меў вялікае, амаль непераадольнае жаданне надаваць потным таўстунам кухталёў і выспяткам справадзіць з кабінета... Толькі ён нічога не мог ім зрабіць, нават прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за нагавор магла адна Вярбіцкая. Але, відавочна, яна гэтага не зробіць... Смаляк паклаў перад Шчэрбамі чысты аркуш паперы і рэзка скамандаваў:
— Пішыце!..
8
Увечары зноў пайшоў дождж, праўда, ужо так не грамыхала, як мінулай ноччу, але чорныя хмары трымалі, не спяшаліся адпусціць з дажджавога палону горад і сыпалі на яго цёплыя шапатлівыя струменьчыкі. Ужо цяжка, немагчыма знайсці сухога лапіка, але зямля ненатольная, цёплая парнасць цягнецца ў неба, лянотна ахутвае і трымае ў абдымках вуліцы і праспекты, дамы і паркі. I ўсё ж раніцай чорнашэрыя хмары расступіліся, і ў блакітнае неба выкулілася высокае летняе сонейка, залацістыя промні весела шуганулі на зямлю, у хмарным разломе заіскрылася чароўная вясёлка. Пасля месячнай спёкі прырода быццам занава адраджалася, і асабліва гэта адчувалася ў прыватным сектары горада. Тут кожны дом, кожную прыбудову паланілі яблыні, грушы, вішні ды слівы. Лістота на дрэвах весела шапацела, хаваючы ў сваіх кронах мноства ненаедных птушак. Нязвыклыя
для гараджаніна плескачы, стрэлы цэлафанавых плёнак на парніках іншым разам спужаюць чародку вераб’ёў, якія плёскаюцца ў лужынах, ці шумна сарвуцца з абсыпанай яшчэ няспелымі ягадамі вішні шпакі.
Смаляк доўга, з вялікімі перапынкамі націскаў на кнопку званка. Як і чакаў, першы яго пачуў сабака. Убачыўшы следчага, аўчарка не забрахала, а па-гаспадарску ўселася на ганку і, скалячыся, пільна сачыла за чалавекам, які ўжо трэці раз парушае спакой у яе валоданнях. Нарэшце дзверы прачыніліся, і на ганак вываліўся сам гаспадар. Рыжыя нячэсаныя валасы пасмамі тырчалі ў розныя бакі, азызлы твар з прыпухлымі вачыма нагадаў Смаляку казачны персанаж ляснога ведзьмака. Шашок стаяў басанож, у спартыўных штанах, без кашулі і, салодка пазяхаючы, усёй пяцярнёй часаў валасатыя грудзі. Ён, пераступаючы з нагі на нагу, моўчкі пільна глядзеў на следчага і не пазнаваў.
— 3 пракуратуры, Смаляк! — губляючы цярпенне, крыкнуў следчы.
Шашка быццам падмянілі, куды дзелася санлівая абыякавасць. Ён басанож борздзенька пашкандыбаў да веснічак, не прамінуўшы на хаду піхнуць нагой сабаку і скамандаваць: «Марш на месца!»
— Прабачце, не прызнаў,— Шашок адчыніў брамку і, саступаючы дарогу, заклапочана спытаў: — Можа, што з маці? Учора доктар казаў, што яе стан палепшыўся...
Пачуўшы пра доктара, Смаляк з адчуваннем віны прыгадаў размову з Зайцавым.
— Наколькі мне вядома, стан Казіміры Францаўны ранейшы.
Смаляк зірнуў на Шашка, які, сустрэўшыся вачыма са следчым, хуценька адвёў позірк і, унікаючы глядзець на яго, замітусіўся, па шчоках нервова захадзілі жаўлакі.
— I за што гэткая бяда? — сцішана, разлічваючы на спачуванне, выдыхнуў Шашок.
Смаляк улавіў у голасе суразмоўцы няшчырасць, штучнасць, і менавіта гэта падштурхнула яго да незапланаванай размовы. Следчы напусціў на сябе начальніцкую важнасць,
нават празмерную ў дадзеных абставінах, і строга, металічным голасам прагаварыў:
— А вось да вас, шаноўны Станіслаў Мікалаевіч, узніклі пытанні.
— Я ўсё, што ведаў, расказаў,— зразумеўшы па-свойму пагрозлівы тон следчага, паспешліва ўскрыкнуў Шашок і разгублена развёў рукі,— мне больш нечага сказаць...
— Я сумняваюся,— не мяняючы тону, загадкава кінуў Смаляк,— але пра гэта потым, спярша пакажыце матчыну сумку, якую забралі з бальніцы.
Следчы першы зайшоў на знаёмую ўжо веранду, сеў у крэсла. Шашок выцягнуў з-пад лаўкі вандзэлак і дрыжачымі рукамі спрабаваў развязаць вузел. Словы следчага і асабліва голас, якім ён гэта сказаў імгненна выбілі з каляіны, кроў шыбанула ў скроні, нервовая дрыготка біла цела. Ён сіліўся схаваць, не паказаць хвалявання і ўзбуджанасці, але гэта не агрымоўвалася, рукі не слухаліся, да горла падкаціў даўкі камяк. Шашок злосна, з усёй сілы тузануў вузел вандзэлка за адзін канец, потым за другі, але той быццам знарок зацягнуўся яшчэ мацней. Шашок мацюкнуўся і ўпіўся жоўтымі зубамі ў тканіну.
Смаляк не прыспешваў Шашка, ён сядзеў і моўчкі назіраў. I менавіта гэтае маўчанне больш за ўсё нервавала Шашка, з кожнай хвілінай рос, шырыўся незразумелы пратэст і чамусьці злосць на сябе. Ён з цяжкасцю кантраляваў думкі, у любы момант мог сарвацца і, каб хоць як-небудзь разрадзіць напружанасць і, галоўнае, супакоіцца, суцішаным голасам загундосіў:
— Учора яму ў гаражы цэментаваў, літроўку з суседам расціснулі... А сёння — калатун...
— Людзі кажуць, клін клінам выбіваюць,— без спачування буркнуў Смаляк.
Нарэшце вузел быў развязаны, і Шашок паклаў на стол матчыну сумачку.
— Усё, як было, я нічога не крануў...
Смаляк тарапліва шчоўкнуў замком, зірнуў усярэдзіну і ўраз выцягнуў талончык. Нумары на талончыку і ў пратаколе допыту Вярбіцкай супалі, але, каб не было памылкі,
следчы дастаў з кішэні нататнік, дзе быў пазначаны тэлефон, і яшчэ раз пераправерыў самога сябе.
— Так і ёсць...— засяроджана прагаварыў Смаляк і ўзняў вочы на Шашка.— А вы сядайце, кажуць, у нагах праўды няма, ды і размова ў нас будзе сур’ёзная.
— Я пастаю,— паспрабаваў усміхнуцца Шашок,— ды і спяшаюся я, праспаў...-— Ён падышоў да расчыненых дзвярэй і, пазіраючы на хмарнае неба, быццам між іншым, дадаў: — А калі папраўдзе, дык не разумею вас, Васіль Мікалаевіч, такіх талончыкаў, калі пашукаць, у кожнай кішэні...
— Такіх, ды не такіх,— адказаў Смаляк з выглядам чалавека, які гаворыць многа менш, чым ведае,— ёсць у паперцы свая таямніца, гэты талончык, грамадзянін Шашок, мае ключык да разгадкі, а вось да якой?..
У Шашка падкасіліся ногі. Словы «ключык», «таямніца», а асабліва «грамадзянін», быццам токам, працялі цела, перахапіла дыханне, нервова затузаўся на гарляку востры кадык, кончыкі пальцаў біла дрыготка. Ён з цяжкасцю праглынуў саленаватую сліну, закашляўся.
— У мінулую нашу сустрэчу вы, Станіслаў Мікалаевіч, зманілі, сказалі няпраўду,— узвысіў голас Смаляк. Ён бачыў, у якім стане Шашок, разумеў, што гэтая «трасучка» не толькі з пахмелля.— На талончыку пазначаны нумар тэлефона Вярбіцкай,— вёў сваю лінію Смаляк,— значыцца, пасля смерці Альховіка вы падтрымлівалі сувязь?! Чаму гэты факт вы катэгарычна адмаўлялі? — Следчы рашуча ўстаў і пляснуў далоняй па стале.— Гэта першае, а другое: дзе бутэлечка з атрутай? I не блытайце следства, грамадзянін Шашок, нам усё вядома!..
Смаляк хітрыў, пытаючыся пра бутэлечку, такім макарам ён разлічваў знайсці тлумачэнне словам маці Шашка пра атруту, якую старая ўзгадвала ў бяспамяцтве і тым прыцягнула ўвагу доктора Зайцава. Яму рана ці позна давялося б пытацца пра бутэлечку, толькі, магчыма, пры іншых абставінах.
— Мне б вады,— хапаючыся рукой за сэрца, узмаліўся Шашок, яго захістала, павяло ўправа...
Смаляк не чакаў такой рэакцыі. Ён хуценька ўскочыў, падхапіў Шашка пад руку і ўсадзіў на драўляную лаўку ля ўвахода.
— У гаражы тая бутэлечка,— раптам з-за прачыненых дзвярэй данёсся з хаты дзіцячы голас, па ўсім, дачкі Шашка Кацярыны.
Смаляк азірнуўся, але дзяўчынкі не ўбачыў, дзверы былі зачыненыя, толькі да слыху даляцела, як шчоўкнуў замок.
— Мо «хуткую дапамогу» выклікаць? — спытаў следчы. Шашок адмоўна закруціў галавой.
— Зараз пройдзе,— выціснуў ён і ўзняў на Смаляка прытухлыя, стомленыя вочы.— Я вінаваты ва ўсім! — упалым, плаксівым голасам прагундосіў ён і, адчайна абхапіўшы галаву рукамі, ускрыкнуў: — Што я натварыў!
Ён замаўчаў і, як маятнік, захістаўся з боку ў бок. Смаляк не прыспешваў суразмоўцу, ён інтуітыўна адчуў, што зараз гэты руды, касматы, даўгалыгі дзяцюк зробіць прызнанне, выгаварыцца, раскрые душу.
— Яшчэ па вясне, неяк увечары,— цяжка ўздыхнуўшы, не мяняючы паставы, загаварыў Шашок,— маці захацела зрабіць салату з зялёнай цыбулі. Пад старасць зусім здзяцінела: той зімовай цыбулі і ў нас поўна, дык не, суседская лепшая... Карацей, залезла яна ў Альховікаў гарод, шчыпле зеляніну, і раптам дзверы з хаты адчыніліся, на ганак выйшла Вярбіцкая. Маці. канешне, дзе стаяла, там і пляснулася на зямлю, а Таццяна шпурнула нешта ў гарод, далей ад хаты. Гэтае нешта якраз і аказалася бутэлечкай, такой невялічкай, са шчыльнай накрыўкай, і патрапіла яна ў маці... Старая спярша падумала, што Вярбіцкая падпільнавала і наўмысна так зрабіла, бо, калі шчыра, не першы раз гэткую «праполку»рабіла ў суседскім гародчыку. Але ж не, дзверы бразнулі, і Вярбіцкая знікла. Маці бутэлечку падняла і за вячэрай добра-такі пасмяшыла нас, прыгадаўшы свае прыгоды ў гародзе. Якраз той ноччу Альховік і сканаў. Праз некалькі дзён прыехалі Шчэрбы дзяліць хату і ўсё астатняе, толькі пазнавата: па новым завяшчанні ўсё было аддадзена Вярбіцкай. Прызнаюся, я тады ўхваліў Таньку, крутая аказалася кабета... А вось калі Шчэр-
бы пачалі яе вінаваціць у дзядзькавай смерці, задумаўся, прыгадаў тую бутэлечку. Ужо зусім па-іншаму я паглядзеў на ўсё, нейкі зуд з’явіўся: што, калі Шчэрбы праўду кажуць? Адным словам, знайшоў у сметніку бутэлечку, а на дне — рэшткі нейкага парашку. Сыпануў трошкі на хлеб, падкінуў курыцы, не пашкадаваў птушку. I ведаеце, чубатка праз некалькі хвілін скапыцілася.— Шашок замаўчаў, азірнуўся на дзверы, заякімі колькі часу таму хавалася дачка, і, не здаволіўшыся тым, што яны зачыненыя, шпарка ўзняўся, подбегам, на дыбачках наблізіўся, тузануў за ручку. Дзверы не падаліся.
— Кацярына, ты дзе? — гукнуў Шашок і, не дачакаўшыся адказу, гэтак жа, тоячыся, вярнуўся на сваё месца, вінавата зірнуў на Смаляка.— Кацька, гарэза, горш за бабку, усё хоча ведаць, а тое, што скажу, у чым прызнаюся, не для яе вушэй... Карацей, у той жа дзень, калі чубатка хлеб атручаны каўтанула, даведаўся, што Вярбіцкая замуж выскачыла, ды не за нейкага там нашага п’яніцу-жмурыка, а за замежнага капіталіста. Тут на мяне быццам насланнё найшло, спаць, есці не магу, распірае зайздрасць, усе думкі толькі вакол новаспечанай буржуйкі. Чаму Бог няроўна дзеліць? Атруціла чалавека, і ўсё шыта-крыта, ды яшчэ за гэта ёй панскае жыццё! А чаму шытакрыта? Я ж ведаю!..— Шашок замаўчаў, ён расчырванеўся, шэрыя вочы блішчэлі хваравітым агнём,— Мне, канешне, трэба было з той клятай бутэлечкай да вас, але ж...— Шашок зноў замаўчаў, відавочна, шукаючы патрэбныя словы.