Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— 3 нас выгады аніякай? — дапамог яму Смаляк.
Шашок згодна кіўнуў:
— Як ні круці, вінаваты я...
— Хто і ў чым вінаваты, мы высветлім пазней, цяпер расказвайце, што было далей.
— Сваімі здагадкамі падзяліўся з маці. Яна патэлефанавала Вярбіцкай, папярэдзіла, што бутэлечка з атрутай у надзейным месцы і каштуе дваццаць тысяч даляраў,— суха выпаліў Шашок і, разглядаючы пазногці на руках, абыякава дадаў: — Адным словам, вырашылі мы разбагацець...
— I як да ўсяго аднеслася Вярбіцкая? — напружана, усё яшчэ не верачы пачутаму, спытаў Смаляк.
3 Шлях да Галгофы
65
— А што Вярбіцкая? Куды ёй дзецца? Ну, прыехала, прыкінулася, што нічога не разумее і ведаць не ведае... Толькі і мы не лыкам шытыя, падрыхтаваліся, што і як гаварыць, я маці навучыў, і ўсё прайшло, як па нотах...
— Дык вы не прысутнічалі пры размове? — удакладніў Смаляк.
— Я быў у суседнім пакоі і ўсё чуў,— узбычыў галаву Шашок і таропка працягваў: — Спярша маці расказала, як крала цыбулю і што бачыла. Вярбіцкая трымалася свайго. Прыйшлося паказаць цэлафанавы мяшэчак, куды я паклаў бутэлечку, і нагадаць пра адбіткі пальчыкаў і пра тое, што Шчэрбы таксама будуць нам удзячныя.
— I што? — нецярпліва спытаў Смаляк.
— I ўсё!..— натужліва засмяяўся Шашок.— Наша ўзяла, Вярбіцкая пагадзілася выплаціць грошы, толькі крыху пазней. Але гэтыя абяцанкі-цацанкі зацягнуліся, а тут і вы завіталі. У той дзень, калі вы размаўлялі з маці, мы зноў патэлефанавалі і сказалі, што аднясём бутэлечку ў пракуратуру. Вярбіцкая адразу прызначыла маці сустрэчу на вуліцы Талбухіна, а што там здарылася, вы ведаеце. Думаю, гэта не выпадковасць, не звычайнае здарэнне, маці — галоўная сведка, і Вярбіцкая пайшла на крайнасць...
Такога павароту Смаляк не чакаў, Шашок, несумненна, гаварыў праўду.
-— Скажыце, а з Вярбіцкай вяла перамовы і сустракалася толькі Казіміра Францаўна? — устаў Смаляк і, зрабіўшы некалькі крокаў па саматканым дыване, спыніўся супроць Шашка.
— Мы з самага пачатку вырашылі, што ўсе перамовы будзе весці маці.
— А чаму не вы? — дапытваўся Смаляк.— Усё ж мужчына і застрэльшчык шантажу!
Шашок адказаў не адразу. Ён незадаволена перасмыкнуў плячыма, твар скрывіўся, быццам з’еў дзічку, на клінападобнай галаве палалі чырвоным пераспелым памідорам вушы. Ён аблізнуў сасмяглыя вусны і неахвотна, унікаючы глядзець следчаму ў вочы, буркнуў:
— Так маці закамандавала...
— Значыцца, маці? — з’едліва перапытаў Смаляк, якому раптам стала непрыемна, нават гідліва глядзець на Шашка, гаварыць з ім. Следчы ўбачыў непрыхаванае каварства і хітрасць у чалавеку, які трусліва схаваўся за спінай васьмідзесяцігадовай маці.— А мне здаецца, што грамадзянін Шашок знарок спланаваў так! — голас Смаляка зазвінеў, непрыязнасць і пагарда чуліся ў кожным слове.— Вы, шаноўны, з самага пачатку думалі: а што будзе, калі шантаж не ўдасца? Раптам Вярбіцкая ні ў чым не вінаватая? Вось тут з кустоў з’явіцеся вы і заявіце, што маці на старасці зусім з глузду з’ехала, не разумее таго, што гаворыць і робіць. Так?!
Шашок маўчаў. Ён сядзеў, панура ўцягнуўшы галаву ў плечы, дрыжачыя далоні заціснуў паміж каленямі, левая, парослая рудым шчаціннем, шчака тузалася ў нервовым ЦІку.
— I не за Казіміру Францаўну ты спалохаўся,— у гневе перайшоў на «ты» Смаляк,— ты адчуў, што сеў не ў свае сані... А цяпер крыху паразважаем. Дапусцім, што маці ў аварыю трапіла невыпадкова, раптам і сапраўды ад яе вырашылі пазбавіцца? У такой сітуацыі ніхто не паверыць, што васьмідзесяцігадовая старая будзе займацца шантажом і патрабаваць, заўваж, не рублі, а даляры. Яна век пражыла, а даляраў тых ніколі не ведала... Вось і выходзіць, што, пазбавіўшыся ад галоўнай сведкі, будуць шукаць арганізатара шантажу і бутэлечку...
— Што мне будзе? — узмаліўся Шашок і ўзняў на Смаляка застылыя, спалоханыя вочы.
— Гэтае пытанне не да мяне,— ужо спакойна адказаў следчы,— па вашай сённяшняй заяве правядзём разбірацельства.
— Якое разбірацельства? — ускрыкнуў Шашок.— Хто мяне абароніць? Я ж добраахвотна пра ўсё расказаў, захаваў бутэлечку... Там і сапраўды маглі застацца адбіткі пальцаў Вярбіцкай!.. Гэта ж доказ!..
9
Справа Альховіка нечакана ўскладнілася, эксперты сапраўды знайшлі на бутэлечцы адбітак вялікага пальца правай рукі Вярбіцкай, а рэшткі парашку аказаліся пацучынай атрутай. Смаляк устрывожыўся, ён разумеў хваляванне Шашка, бо, калі прыняць ягоную версію аб дачыненні Вярбіцкай да смерці Альховіка, дарожнае здарэнне з Казімірай Францаўнай і сапраўды магло аказацца невыпадковым. Следчы павінен быў разблытаць альбо рассекчы гордзіеў вузел, які так раптоўна завязаўся паміж Шашкамі і Вярбіцкай. Ён разумеў, што звесткі Шашка нічым не падмацаваныя, галоўная сведка ў бальніцы, усё напісанае ў заяве і сказанае — гэта са слоў Казіміры Францаўны і, гаворачы на юрыдычнай мове, з’яўляецца ўскоснымі доказамі. Праўда, ёсць бутэлечка з атрутай...
«I што з таго,— разважаў Смаляк,— адвакат шчыра пасмяецца з гэткага доказу. Вярбіцкая больш за паўгода прыбірала ў хаце, хоць не хоць, смецце трэба выкідваць, а бутэлечак у кожнага хворага наскрабецца, калі не сотня, дык з добры тузін. Ды ёй і прыдумваць нічога не трэба, проста пагадзіцца з тым, што сама труціла мышэй, і ўсе доказы лопнуць, быццам мыльныя пузыры. Значыцца, застаецца адно — эксгумацыя трупа Альховіка, і калі эксперты знойдуць атруту ў целе нябожчыка, ускосныя доказы стануць неабвяргальнымі».
3 калідора данесліся галасы, шум, смех, і Смаляк адразу пазнаў зычны, сакавіты бас маёра міліцыі Зубенкі, старшага інспекгара па асабліва цяжкіх злачынствах. У наступны момант дзверы з шумам расчыніліся і на парозе, скалячыся, з’явіўся Зубенка, высокі, шыракатвары, з непаслухмяным бялёсым чубам і, як заўсёды, насмешлівымі, крыху раскосымі вачыма. Яны былі аднагодкі, даўно знаёмыя, яшчэ па універсітэту, дзе разам вучыліся на юрыдычным факультэце. I потым, калі Смаляк працаваў у пракуратуры, а Зубенка — у міліцыі, іх шляхі часцяком перасякаліся. Праўда, сябрамі яны не сталі, нешта перашкаджала ў характарах, але шчыра радаваліся адзін аднаму падчас кожнай сустрэчы. 3-за шырокай маёравай спіны выглядваў незнаёмы Смаляку малады мужчына.
— Васіль, колькі год, колькі зім! — падышоў да Смаляка Зубенка і моцна паціснуў руку. Твар сышчыка свяціўся радасцю, у вачах чорцікамі скакалі жартаўлівыя агеньчыкі.— Як толькі даведаўся, што табе патрэбны памочнікі, сам напрасіўся ды яшчэ і класнага хлопца прывёў. Знаёмцеся, Вілі Загіраў, курсант акадэміі міліцыі, мой стажор.
-— Васіль Мікалаевіч,— прадставіўся Смаляк і ў думках зазначыў, што начальнік міліцыі абяцаў двух вопытных сышчыкаў, а прыслаў стажора.
— Вілі,— стрымана адказаў чарнявы сур’ёзны стажор і неяк недаверліва паглядзеў на Зубенку.
— He дрэйфі, Вілі,— паблажліва прагаварыў Зубенка,— трымай хвост пісталетам. Васіль Мікалаевіч толькі з выгляду непрыступны ды суровы, на самай справе мужык што нада, і галоўнае, ёсць у яго чаму павучыцца! Ці праўду каЖУ? — ускінуў на Смаляка хітрыя вочы маёр.— Пара нам перадаваць вопыт моладзі!
— Ты падслухаў мае думкі,— разгадаў маёраву хітрасць Смаляк,— але ж твой начальнік абяцаў...
— Ведаю, што абяцаў,— замахаў рукамі Зубенка,— таму і камандзіраваў лепшых, пацвердзь, Вілі! — шукаючы падтрымкі, маёр падміргнуў Загіраву і, напусціўшы на сябе строгасць, выструніўся, шчоўкнуў абцасамі: — Мы гатовы выканаць любы загад...
— Ну і добра,— дабрадушна ўсміхнуўся Смаляк,— будзем працаваць,— і, спахапіўшыся, дадаў: — А вы сядайце, уладкоўвайцеся зручней, нам будзе над чым пакумекаць. I ўсё ж, калі не сакрэт, з каго ці з чаго вы смяяліся, калі ішлі сюды?
Зубенка кінуў на стажора адкрыты, дабрадушны позірк і, не зважаючы, што вучань імгненна заліўся чырванню, лагодна ўсміхнуўся.
— Вілі рассмяшыў, учора быў футбол, гулялі мінскае «Дынама» і «Жальгірыс». Наш аддзел, як заўсёды, нёс службу ў восьмым сектары. Напярэдадні адзін з намеснікаў начальніка аддзела праводзіў інструктаж і напрыканцы папярэдзіў, што ў спіску асабовага складу супроць прозвішчаў
супрацоўнікаў, якія абавязаны быць на стадыёне і забяспечыць ахову грамадскага парадку, будзе стаяць літара «Фу». Чаму менавіта «Фу» зляцела ў чалавека з языка, не ведаю, па ўсім, ад слова «футбол». Вілі расцаніў па-свойму, на стадыёне не аб’явіўся, а сёння яго ды заадно і мяне, як настаўніка, выклікаў на «кавёр» начальнік міліцыі. Ён хацеў зняць стружку з нядбайнага стажора, але Вілі патлумачыў прычыну, і пытанне аб пакаранні знікла. Аказалася, што толькі ён адзін з усяго аддзела дакладна выканаў загад. Загіраў убачыў у спіску супраць свайго прозвішча літару «Ф» замест сказанага «Фу» і з чыстым сумленнем застаўся дома. Вось табе і «Фу»!
-— Чыста анілійскі гумар,— засмяяўся Смаляк, з цікаўнасцю пазіраючы на Загірава.
— Дагестанскі...— сур’ёзна ўдакладніў стажор і з выклікам паглядзеў следчаму ў вочы.
Смаляк зразумеў, што гэты хлопец не жартуе, як не шуткаваў і тады, калі прачытаў «Ф» замест пачутага «Фу». Загіраў сядзеў, зацята-выструнены, як спружына, у любы момант гатовая стрэліць. Ён усім абліччам паказваў, што нікому не даруе насмешак над сабой; нават у такой дробязі, як няправільна названая літара, угледзеў замах на сваю чалавечую годнасць, расцаніў, што так было сказана наўмысна, каб пацешыцца з ягонага акцэнту.
— Вілі ў адзін момант паставіў на месца нашых перавучаных штабістаў,— выціраючы насоўкай спатнелы твар, пасур’ёзнеў Зубенка.— Але ж я чуў, што і ў цябе «чыста англійскае злачынства». Шкада, канешне, што не гумар...
Смаляк не адказаў. Ён паклаў перад маёрам папку са справай Альховіка.
— Чытайце, а потым абмяркуем, што да чаго.
Зубенка і Загіраў схіліліся над паперамі. Чыталі доўга, раз-пораз то адзін, то другі, робячы запісы ў аднолькавага колеру запісных кніжках. Нарэшце Зубенка ўзняў галаву і, не гледзячы на Загірава, спытаў:
— Прачытаў, Вілі?
Загіраў згодна кіўнуў і некалькі разоў правёў далоняй па шурпатай папцы, быццам выціраючы пыл.
— Анатоль,— сустрэўся Смаляк вачыма з Зубенкам,— што ты наконт усяго думаеш?
— А мо паслухаем моладзь? — хітравата падміргнуў следчаму сышчык.
Загіраў, па ўсім, быў звыклы да такіх паваротаў «шэфа», але цяпер яны былі не адны, прысутнасць Смаляка надавала кожнаму слову зусім іншую вагу. Стажор відавочна хваляваўся, ён хацеў далажыць па-вайсковаму, устаць, але Зубенка паклаў руку на плячо і спакойна прагаварыў: