Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— У дзевятай,— складваючы паперы, удакладніў следчы,— толькі цяпер гэта немагчыма, дактары не дазволяць, можа, крыху пазней,— ён наўмысна не казаў усёй праўды, не хацелася канчаткова псаваць Вярбіцкай настрой.
Калі за Вярбіцкай зачыніліся дзверы, Смаляк яшчэ пэўны час прыязна думаў пра жанчыну. Следчаму падабалася, што яна не злапамятлівая, не трымае на ліхадзеяў камень за пазухай, Шчэрбы нават атрымалі, што хацелі.
«Бач, як тактычна яна прапусціла міма вушэй мае парады,— з дакорам падумаў пра сябе следчы.— А ты ніяк не адвыкнеш вучыць людзей жыць. Бяры прыклад: Шчэрбы ёй зрабілі зло — яна ім дабро...»
Смаляк падышоў да акна, расчыніў. За размовай нават не заўважыў, як прайшоў дождж, і цяпер на твар сыпанулі дажджавыя пырскі, якія ўсё яшчэ падалі з лістоты дрэў, мяккі, ласкавы вятрыска ўварваўся ў кабінет водарам пахучай ліпы. Смаляк з задавальненнем удыхнуў на поўныя грудзі саладкаватае паветра і ўслых прагаварыў:
— Вось і ўсё, засталося дапрасіць Шчэрбаў, і можна справу Альховікаў у архіў...
У двары дома ўвагу прыцягнуў бялёсы хлапчук гадоў чатырох, які стаяў па шчыкалатку ў вадзе і стараўся нагамі перагарадзіць ручаёк. Калі хлопчыку гэта не ўдалося, ён спярша незадаволена затупаў, а потым адважна плюхнуўся ў ваду...
Да слыху Смаляка даляцеў радасны звонкі смех. Напорысты ручаёк праз хвіліну перакуліў праз малечу і працягваў свой імклівы бег, але хлопчык успрыняў гэта як гульню і шчасліва пляскаў далонькамі па вадзе.
Малы рассмяшыў Смаляка, ягоная бесклапотная адвага ўзняла настрой. Ён вярнуўся да стала і, перш чым схаваць паперы ў сейф, яшчэ раз прабег вачыма заяву Вярбіцкай.
«А чаму толькі сёння яна адмаўляецца ад спадчыны? Чаму не раней?..— сам сябе спытаў Смаляк.— Няўжо яе мужу спатрэбілася два месяцы, каб прыняць рашэнне?»
Неўпрыкмет гэтыя пытанні прымусілі следчага засумнявацца, у душы варухнулася незадаволенасць, якая ў любы момант магла перарасці ў падазронасць. Смаляк узяў самапіску, чысты аркуш паперы і па памяці напісаў:
«— дзесятага мая памёр Альховік;
— дванаццатага мая яго пахавалі;
— пятнаццатага мая Шчэрбы і Вярбіцкая высвятлялі адносіны, у гэты ж дзень у пракуратуру прыйшла ананімка;
— дваццатага мая Вярбіцкая выйшла замуж;
— сёмага ліпеня Шчэрбы напісалі афіцыйную скаргу ў пракуратуру;
— дванаццатага ліпеня я сустрэўся з Шашок Казімірай Францаўнай, і ў той жа дзень, пасля нашай размовы, яна трапляе ў аварыю;
— нарэшце, сёння, пятнаццатага ліпеня, Вярбіцкая адмаўляецца ад спадчыны».
Следчы задумаўся. Ён інтуітыўна адчуў, што даты і падзеі невыпадкова выстраіліся ў такой паслядоўнасці. Калі майскія падзеі, звязаныя са смерцю Альховіка, пахаваннем, замуствам Вярбіцкай, выглядаюць звычайнымі і лагічнымі, то ліпеньскія патрабуюць асаблівай увагі, тут не ўсё ясна... He
ўсё зразумела і са Шчэрбамі. Чаму яны спярша пішуць ананімку, а гэта дакладна вядома, і толькі цяпер, амаль праз два месяцы, ужо афіцыйна вінавацяць Вярбіцкую ў смерці Альховіка? Смаляк яшчэ раз перачытаў пратакол допыту Вярбіцкай па першай заяве-ананімцы і сённяшні. Ніякіх прынцыповых рознагалоссяў у іх не было. Смаляк перагарнуў апошнюю старонку сённяшняга пратакола допыту, позірк затрымаўся на прыпісцы, якую зрабіла Вярбіцкая. Яна пазначыла не толькі месца жыхарства, але і факс. Следчы ўсміхнуўся: «Ну што я магу ёй перадаваць па факсу? Ох, ужо гэтыя жанчыны!..» Смаляк паклаў папку ў сейф, шчоўкнуў ключом, яму раптам здалося, што тэлефон, пазначаны Вярбіцкай, недзе бачыў. Пакуль зноўку даставаў паперы, пачуццё няўпэўненасці знікла, ён быў перакананы: лічбы, напісаныя зялёным стрыжнем на праязным талончыку, які бачыў у сумцы Казіміры Францаўны Шашок, не што іншае, як тэлефон Вярбіцкай.
«Значыцца, яны падтрымлівалі сувязь,— разважаў Смаляк,— і ў дзень, калі Шашок трапіла пад машыну, калі не сустракаліся, то гаварылі. Справа звычайная, толькі незразумела, чаму Вярбіцкая гэта адмаўляе? Выходзіць, сёння была не апошняя наша сустрэча!..»
Назаўтра Смаляк раней звычайнага прыйшоў на працу. Ён няспешна перабіраў звязку ключоў, шукаючы патрэбны, калі за дзвярыма затарабаніў тэлефон.
— Пракуратура, Смаляк,— прадставіўся следчы і падумаў, што ў восем гадзін раніцы без патрэбы тэлефанаваць не будуць.
— Гэта доктар Зайцаў,— пачуўся ў слухаўцы прыглушаны голас.— Вы мяне чуеце?
— Так, Адам Пятровіч,— стрымліваючы нарастаючае хваляванне, выдыхнуў Смаляк і адразу падумаў пра Казіміру Францаўну Шашок.— Што, дрэнныя навіны? — з трывогай у голасе нецярпліва спытаў следчы і сцішыўся.
Было чуваць, як Зайцаў з некім размаўляе, але слоў разабраць было нельга.
— Васіль Мікалаевіч, ёсць навіны,— нарэшце па-змоўніцку азваўся доктар.— Наша пацыентка ў бяспамяцтве гаворыць пра нейкую бутэлечку з атрутай.
— Дык яна жывая?
— Жывая, але ж кажу, што ў бяспамяцтве гаворыць...
— Цьфу ты, ну і напужалі вы мяне,— сядаючы ў крэсла, упікнуў Зайцава следчы.— Толькі якое мае дачыненне да Шашок бутэлечка з атрутай? Яна ж трапіла ў...
Смаляк не дагаварыў, Зайцаў перапыніў на паўслове:
— Калі чалавек гаворыць пра атруту, нават у непрытомнасці, гэта нешта значыць! — крыкнуў ён.
Слухаўка рэзка запікала. Смаляк вылаяў сябе за нястрыманасць, тугадумства і адразу патэлефанаваў доктару, але трубкі ніхто не падняў. Працоўны дзень пачынаўся кепска.
Браты Шчэрбы, якіх Смаляк выклікаў на дзевяць гадзін, ужо чакалі. Па абавязку Смаляк часцяком сустракаўся з нядобрымі людзьмі, але Шчэрбы пераўзышлі ўсіх. Яны былі вельмі падобныя, хаця розніца ва ўзросце складала пяць гадоў. Тоўстыя, потныя, лысыя, яны ў пакамечаных клятчатых гарнітурах, як футбольныя мячы, укаціліся ў кабінет, утаропіліся ў Смаляка шэрымі насцярожана-ліслівымі вочкамі. Смаляк жэстам запрасіў іх сесці і адразу строга спытаў:
— Вы напісалі ў сваёй заяве, што Вярбіцкая паскорыла смерць...— следчы хацеў сказаць «дзядзькі», але язык не павярнуўся назваць гэтых таўстуноў родзічамі Альховіка.
Шчэрбы, сілячыся зразумець сэнс ягоных слоў, па-дзіцячы нявінна глядзелі следчаму ў вочы і згодна заківалі галовамі.
— Каб абвінавачваць чалавека ў такім цяжкім злачынстве, трэба мець факты, доказы... Яны ў вас ёсць?
Шчэрбы пераглянуліся і зноў заківалі галовамі.
— Тады гаварыце, я вас слухаю.
— Нам параілі так зрабіць,— устаючы з крэсла, наіўна адказаў старэйшы Шчэрба і выцер насоўкай спацелы твар.
— Хто?
Старэйшы Шчэрба, па ўсім, хацеў назваць імя дабрадзеязаступніка, але яго апярэдзіў малодшы:
— Непажадана ўблытваць высокае начальства, але калі настойваеце, вам патэлефануюць...
Смаляка ад гэтых слоў ажно скаланула, з цяжкасцю стрымліваючы парыў гневу, ён не сваім голасам спытаў:
— Вы ўсведамляеце, што за такія словы я вас прыцягну да адказнасці, за спробу ўціску, уздзеяння на следчыя органы ў карысных мэтах?
— А я скажу, што...
Смаляк не даведаўся, што хацеў сказаць Шчэрба. Грубым, бесцырымонным ударам локця малодшага перапыніў старэйшы.
— Васіль Мікалаевіч,— лісліва загаварыў ён,— не звяртайце ўвагі на бесталач, плявузгае абы-што, малады яшчэ... A вінавацім мы Вярбіцкую ў тым, што дрэнна карміла дзядзьку, вось ён і памёр заўчасна... Можна сказаць, ад голаду...— Шчэрба аблізнуў тоўстыя пасмяглыя вусны, змахнуў далоняй пот з ілба.— Стары плаціў грошы, а патрэбнага дагляду не меў... Вось і выходзіць, што Вярбіцкая катавала чалавека.
«А вы не такія простыя, як выглядаеце,— падумаў Смаляк.— А хутчэй за ўсё знайшоўся разумнік, навучыў... Паспрабуй дакажы іншае... Пра тое, што труп не ўскрывалі, ім таксама вядома, а значыцца, у прычыне смерці можна сумнявацца... Усё разлічана правільна».
— Скажыце, чаму вы толькі цяпер, праз два месяцы пасля смерці Альховіка, афіцыйна звярнуліся ў пракуратуру? — спытаў Смаляк. Ён наўмысна націснуў, вылучыў слова «афіцыйна», паказваючы, што ведае сапраўдных ананімшчыкаў.
Шчэрбы нават і не спрабавалі надаць сваім паводзінам, словам хоць бы нейкі выгляд прыстойнасці, чалавечнасці.
— Хацелі з Вярбіцкай дамовіцца па-харошаму,— роспачна, з жалем у голасе развёў рукамі старэйшы Шчэрба.— Чакалі, што яна за хату выплаціць грошы.
— I ананімку напісалі, каб прыстрашыць? — дапытваўся Смаляк.
— Што для яе некалькі тысяч даляраў? — ускіпеў малодшы Шчэрба і зайздросна дадаў: — Мі-лі-я-нер-ша!
— I дамоўленасць паміж намі была,— ціха зазначыў старэйшы Шчэрба,— абяцала заплаціць, а тыдзень таму крутнула хвастом, заявіла, што «ўтруне нас бачыла»... Ну скажыце, чаму мы павінны адмаўляцца ад таго, што нам належыць па закону?
Смаляк прамаўчаў. Ён з горкім сумам паглядзеў на братоў-таўстуноў, дастаў заяву Вярбіцкай.
— Чытайце.
Шчэрбы, як па камандзе, па-вайсковаму, нага ў нагу, падышлі да стала і, схіліўшы над паперай потныя лысыя галовы, цяжка, перарывіста засаплі. Следчаму непрыемна было іх бачыць, а яшчэ больш чуць. У душы шырылася, расло пачуццё гідлівасці, і каб захаваць спакой і раўнавагу, Смаляк прысмаліў цыгарку і адышоў да акна. Ён пачуваў сябе не ў сваёй талерцы, і толькі Шчэрбы былі вінаватыя ў гэтым. Hernia яшчэ бударажыла і хвалявала, з’явілася шчымлівае пачуццё няўтульнасці, незадаволенасці. Ён чамусьці адразу паверыў Шчэрбам, што Вярбіцкая іх падманула.
«Вось і разгадка шчэрбаўскай скаргі,— падумаў Смаляк.— He дачакаўшыся ад Вярбіцкай даляраў, яны вырашылі такім макарам з маёй дапамогай звесці разлікі. Толькі зноў нявыкрутка. Чаму Вярбіцкая памяняла рашэнне і наогул адмаўляецца ад Альховікавай спадчыны, ды яшчэ на карысць Шчэрбам? Спужалася? Тады каго? Няўжо гэтым таўстунам вядома нешта, чым яны могуць яе шантажыраваць? He падобна...»
Разважанні следчага перапынілі ўзбуджаныя галасы. Ён азірнуўся. Шчэрбы, не зважаючы на Смаляка, трэслі адзін аднаму рукі і задаволена рагаталі. Іх потныя тлустыя твары свяціліся шалёнай радасцю.
•— Ну што я табе казаў?! — басіў старэйшы.— Лепшая абарона — нападзенне...
— He перабольшвай свае заслугі, сам ведаеш, каму мы павінны быць удзячныя,— адказаў малодшы і паглядзеў на Смаляка, але наткнуўшыся на пагардлівы позірк, сцяўся, хуценька адвёў вочы, здалося, нават паменшаў ростам.
Старэйшы Шчэрба стаяў спінай і не бачыў нерухомы, непрыступны твар следчага, яму, відавочна, карцела ў поўнай меры нацешыцца, атрымаць асалоду ад перамогі.