Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
6
Нямцоў з’явіўся ў Верацеях напрыканцы лета 1939 года. Ніхто яго не ведаў, вяскоўцы толькі пасмяяліся з дзівака, які заняў пусты, непрыстасаваны для жылля дом збяднелых шляхціцаў Пурхіневічаў і аб’явіў сябе іх родзічам. Людзі памяталі апошняга Пурхіневіча, царскага афіцэра, які апошні раз наведваўся сюды падчас грамадзянскай вайны. А гэты белы як лунь чалавек быў больш падобны на валацугу і нічым не нагадваў шляхціца. Адразу ў вёсцы пачалі прападаць куры, і лунявага куралова паймалі на крадзяжы. Паддаўшы «шляхціцу» добрых кухталёў, верацееўскія мужыкі выгналі злодзея з вёскі, але праз тыдзень ён быў тут як тут, ды не адзін, а з цэлай ротай чырвонаармейцаў — пачалося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Нямцоў зноў засяліўся ў стары дом і нейкі час хадзіў з высока ўзнятай
галавой. Мужыкі пабойваліся помслівых зласлівых агеньчыкаў, што заўсёды, як якая хвароба, іскрыліся ў вачах сівога, і, каб не наклікаць на сябе бяды, талакой адрамантавалі шляхціцкі дом, зашклілі вокны, узнавілі плот. Усе чакалі, што Нямцоў будзе нейкім начальнікам пры новай уладзе, але той зрабіў нечаканае — пайшоў у царкоўныя старасты. 3 гэтага часу жыў ціха і непрыкметна, да ўлады ставіўся насцярожана, нават з бояззю, што асабліва падабалася ўпаўнаважанаму старшыні міліцыі Шаўчуку, які, здавалася, ніколі не злазіў са спіны чорнага танканогага жарэбчыка і, праязджаючы міма пакорліва схіленай паставы царкоўнага старасты, ганарліва адказваў на прывітанне.
Толькі ўсё ж канфуз з уладай адбыўся, як Нямцоў ні стараўся быць непрыкметным. I ўсё праз Тузіка, невялікага, але зласлівага рудога кудлача з адным вухам. Другога вуха не было, ад яго застаўся толькі пакалечаны агрызак, па ўсім, сабака згубіў яго ў бойцы. Гэты Тузік некалі прыбіўся да хаты Нямцова, ды так і застаўся, пашкадаваў аднавухага царкоўны стараста, не прагнаў. Дый самому стала жыць весялей. А адбылося вось што. Неяк прыехала ў Верацеі раённае начальства агітаваць за ўступленне ў калгас. У школьным двары праходзіў сялянскі сход, і Нямцоў не вытрымаў, таксама прышкадыбаў паслухаць, а следам прысунуўся і Тузік. Начальства, як і належыць, сядзела за доўгім сталом, сярод іх быў начальнік НКУС Купрэеў. Людзі з раёна ўсхвалялі калгасы, гаварылі прыгожа і шмат, а верацееўцы толькі згодна ківалі галовамі ды пераглядваліся між сабой, і, калі прапанавалі падаваць заявы, мужыкі панурыліся, прыціхлі, засмалілі махорку. Цішыня над школьнай палянай зацягвалася, рабілася цяжкай, трывожнай, нават злавеснай. Спахмурнела начальства, асабліва Купрэеў, сеў надзьмуты, што індык, і толькі зыркае, спапяляе цяжкім, затоена-лютым позіркам верацееўскіх мужыкоў. I невядома, чым скончылася б гэтая маўчанка, каб не аднавухі кудлач. Ён з самага пачатку неадчэпна круціўся пад сталом, ля ног начальніка НКУС, і, калі Купрэеў бесцырымонна адпіхваў, усё роўна вяртаўся, настырліва абнюхваў боты, якія бударажылі саба-
ку. Калі раптам на паляне ўсталявалася мёртвая цішыня, кудлач расцаніў гэта па-свойму і ўпэўнена ўзняў лапу на бліскучы хром... Дружны выбух смеху ўзняў з вясковых могілак у неба чорную хмару варання, людзі за сталом, нічога не разумеючы, паўскоквалі са сваіх месцаў. Першым ачомаўся Купрэеў. Ён з усёй моцы садануў Тузіка нагой, аж той падляцеў у паветра, і не паспеў аднавухі прызямліцца, як грымнуў стрэл...
«Вось што чакае ворагаў народа!» — крыкнуў Купрэеў і, хаваючы ў кабуру наган, руля якога яшчэ дымілася, шматзначна, прыдзірліва паглядзеў на верацееўцаў. А калі начальнік НКУС даведаўся, чый сабака, то прыгразіў і Нямцову.
Лейтэнант ведаў гэтую гісторыю, яе «па сакрэту» пераказвалі ўсім, хто прыязджаў служыць да Купрэева, але цяпер, ідучы з вінтоўкай напагатове, ён ухваліў маёраву прадбачлівасць, бо царкоўны стараста і сапраўды аказаўся ворагам народа, агітаваў сялян супраць савецкай улады і калгасаў. А пра тое, што ён варожы агітатар, стала вядома з пісьма, праўда, непадпісанага, якое атрымаў начальнік НКУС. I вось цяпер яны выконваюць загад, арыштоўваюць царкоўнага старасту Нямцова.
Сяржант прыставіў карабін да сцяны і, калі нахіляўся да шыбы, стукнуў брылём фуражкі аб шкло. Чалавек у пакоі адразу паменшыў святло ў газніцы, замітусіўся, вялікі цень захістаўся па падлозе над знятымі дошкамі, пачуўся металічны звон.
«Вось дурань!» — вылаяўся ў думках сяржант і садраў з галавы фуражку, але ад акна, праз якое прабівалася палоска святла, не адышоў. Яго ахапіла нервовая ўзбуджанасць, ён раптам усёй сваёй істотай адчуў, што павінна адбыцца He­rnia вельмі важнае, надзвычайнае. Глуха стукала ў грудзях сэрца, ажно аддавалася ў скронях, у кончыках пальцаў, у роце перасохла, неймаверна хацелася піць.
У гэты момант лейтэнант грукнуў у дзверы, і адразу цень на падлозе спыніўся, зрабіўся напалову меншым. «Сеў на табурэтку»,— здагадаўся сяржант і намацаў халодную рулю карабіна. Чалавек у пакоі сядзеў нерухома ўсяго якую хвіліну,
потым ён павялічыў святло, ужо не тоячыся, закашляўся, гучна затупаў па падлозе, і ў наступны момант сяржант убачыў парослыя чорным валассём рукі, якія паднялі яшчэ адну дошку падлогі і апусцілі ў схованку нейкую скрынку. Мільганупа сівая лунявая галава царкоўнага старасты і знікла ў чорнай зяпе падзямелля. Дзе і калі Нямцоў вылез са схованкі, сяржанту не было бачна, але раптам дошкі, быццам пад уздзеяннем невядомай чароўнай сілы, адна за адной ляглі на сваё месца, па іх некалькі разоў туды-сюды прайшлася рука з венікам. А яшчэ праз хвіліну на гэтае месца сталі стол і дзве табурэткі.
Лейтэнант нецярпліва загрукаў у бліжэйшае да сяржанта акно, але Нямцоў азваўся толькі пасля таго, як замаскіраваў схованку.
— Хто там? — нарэшце нервова спытаў царкоўны стараста, спадзеючыся, што гэта хто-небудзь з тутэйшых.
— Адчыняй, Нямцоў! — кляцнуўшы затворам карабіна, пагрозліва крыкнуў сяржант, які ўжо стаяў побач з лейтэнантам.
— I без глупства, хата акружана,— успомніўшы, што ён тут галоўны, пайшоў на хітрасць лейтэнант.— Калі што якое задумаў — страляем без папярэджання.
На нейкі момант запанавала цішыня.
— Няма куды мне ўцякаць,— скідваючы цяжкую засоўку, прабурчаў Нямцоў,— і баяцца няма каго, даўно перажыў свой страх...
Нарэшце дзверы расчыніліся, і на парозе ўзнікла сутулая постаць Нямцова з учарнелай газніцай у прыўзнятай правай руцэ. Ён, прыжмурыўшыся, адначасова з надзеяй і страхам сіліўся разгледзець няпрошаных гасцей, але, убачыўшы людзей у нкусаўскай форме з вінтоўкамі напагатове, паспешліва адвёў позірк і, унікаючы глядзець на «гасцей», паволі павярнуўся і пашкандыбаў у хату. Пры свеце газніцы Нямцоў выілядаў гадоў на семдзесят, хаця паўгода таму яму споўнілася шэсцьдзесят. Асабліва ў гэтую хвіліну старыла ссутуленая спіна, але ў прыземістай, шырокай постаці адчувалася насцярожана-ваяўнічае напружанне, ён, быццам лясны звер, адчуваў небяспеку кожнай клетачкай арганізма.
Гэтае напружанне перадалося і лейтэнанту, які раптам уявіў, што Нямцоў можа ў любы момант крутнуцца і запусціць у яго газніцай. Нават у носе непрыемна заказытаў прыкры пах газы. Ён, канешне, пасля стрэліць, але што, як загарыцца адзенне?
Лейтэнантава трывога быццам перадалася сяржанту.
— Стой, дзед! — рэзка скамандаваў ён і, калі ссутуленая постаць спынілася, скоса зірнуўшы на ўсхваляванага начальніка, выдыхнуў: —Кругом!
Адна смертаносная чорная руля ўперлася Нямцову ў грудзі, другая ў жывот. Ад гэтага дотыку халодныя, ліпучыя мурашы хваляй прабеглі па спіне, перахапіла дыханне.
— Стаў газніцу на падлогу,— працягваў камандаваць сяржант.
Нямцоў няспешна, па-старэчы крактануў, паставіў лямпу і, перасільваючы сябе, паблажліва ўсміхнуўся.
— Што гэта вы, хлопцы, раптам замітусіліся?
— Пагавары ў мяне...— сяржант балюча тыцнуў руляй карабіна Нямцову ў жывот.— Ураз у распыл...
— Цяпер рукі ўгору і два крокі да сцяны,— урэшце ўспомніў пра свой начальніцкі абавязак лейтэнант і, калі царкоўны стараста выканаў, кіўнуў сяржанту: — Абшукай.
— Ха-ха-ха! Кулямёт у штанах! — нервова рагатнуў царкоўны стараста, і гэты грудны смех быў больш падобны да рыку загнанага ў пастку звера.
«Пяць гадоў ішоў сюды,— адчайна шукаючы выйсця, думаў Нямцоў.— Перажыў усё, што толькі можа вынесці чалавек. Вужом круціўся, лісіцай звягаў, абы толькі выжыць і дайсці. I на табе, у апошні момант гэтыя зялёныя смаркачы тыцкаюць зброяй... Патрапілі б вы да мяне гэтак гадоў дваццаць таму, я б вам паказаў, дзе ракі зімуюць... А Пурхіневіч маладзец, перад смерцю не схлусіў... Эх, каб не была хата акружана, я гэтых смаркачоў разарваў бы рукамі, жылы б выцягнуў... Але супакойся, вазьмі сябе ў рукі, яшчэ не ўсё згублена, нічога на мяне няма... Прыкідвайся і ўлагоджвай, чакай зручнага моманту, глядзіш, Божа і не пакіне... Адных сутак не хапіла... Учора трэба было даваць лататы, у-чо-ра!..»
— Хлопцы,— услых лісліва загундосіў Нямцоў,— калі па якой патрэбе, дык заходзьце, гасцямі будзеце. Ёсць і шкварка, і чарка...
— Нам не да тваіх чарак,— аглядаючы вялікія сенцы, як адрэзаў лейтэнант.— Хто яшчэ ёсць у хаце?
— Адзін я, таварыш капітан,— наўмысна ўзвысіў афіцэра ў званні Нямцоў.
Той, напусціўшы на сябе яшчэ большую суровасць, шматзначна зірнуў на падначаленага і памякчэлым голасам удакладніў:
— Лейтэнант я,— і, крыху памаўчаўшы, сцішана дадаў: — Пакуль што лейтэнант...
— Будзеце палкоўнікам і генералам,— паспешліва загаварыў павесялелы Нямцоў, задаволены, што хоць гэтым улагодзіў вайскоўца.
— А мо хто на агеньчык зазірнуў? — перапыніў царкоўнага старасту сяржант і, па-змоўніцку блазнавата падміргнуўшы, рагатнуў: — Кабета якая вяртлявая?!. Ты, стары, відаць, не промах!..
«Значыцца, святло бачылі,— Нямцоў адразу ўлавіў, куды хіліць гэты нкусавец з бегаючымі вочкамі.— Няўжо пра схованку даведаліся? He можа гэтага быць, калі б што ўведалі, даўно б заявіліся».
— Гэта ў вас, маладых, толькі дзеўкі ў галаве,— не прымаючы сяржантавай ігрывасці, сур’ёзна паілядзеў на яго Нямцоў.— У маім узросце пра душу трэба думаць,— ён перавёў позірк на лейтэнанта і ўзмаліўся: — Рукі хоць можна апусціць?..
— Сяржант, аглядзі хату! — рэзка, не зважаючы на словы гаспадара, загадаў лейтэнант. У нейкі момант ён інтуітыўна адчуў, што з гэтым чалавекам трэба быць напагатове, і, не зводзячы вачэй з царкоўнага старасты, спытаў: — А што, электрычнасці няма?