Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— Дыверсія?! — закрычаў лейтэнант і не пачуў свайго голасу, як не пачулі яго ні сяржант, ні Нямцоў.
Яны быццам прыраслі да падлогі, не скрануць, і толькі, вылупіўшы вочы, у нямым здзіўленні глядзелі ў акно. Каля плота, спрабуючы вырвацца, кідаўся з боку ў бок прывязаны сяржантам Буланок. Некалькі бочак з бензінам зваліліся прама на хаты, прыбудовы, і разнесла іх ушчэнт, быццам іх і не было. Па вёсцы, не разбіраючы дарогі, неслася нешта жывое, па ўсім, конь ці карова. Гэты жывы факел прабег каля хаты царкоўнага старасты і, урэзаўшыся ў раскідзісты дуб, паваліўся, паспрабаваў узняцца на ногі раз, другі і не змог. Праз некалькі хвілін агонь шчыраваў, паліў нежывое цела. Буланок, які бачыў усё, ад жаху ледзь не вылузнуўся са скуры, перакуліў фурманку, раз-пораз уздымаўся на дыбкі, але вызваліцца з прывязі не змог. Забыўшыся пра ўсё на свеце, лейтэнант кінуўся на вуліцу, за ім — сяржант.
— Вось яно, збаўленне! — прашаптаў перакошаным ротам Нямцоў і істэрычна зарагатаў.— Дзякуй табе, Божа! — Ён крутнуўся ўслед за сваімі крыўдзіцелямі, але зачапіўся за раскіданыя на падлозе дошкі і паваліўся. Болю Нямцоў не адчуў, не было ў яго і страху за сваё жыццё. Зноў Нямцовым-Замагільным, як заўсёды ў экстрэмальных сітуацыях, кіраваў халодны разлік.— Дурні! Халопы! Быдла! —шапталі ссінелыя, дрыготкія вусны.— Цяперака дулю вам з макам, не аддам, маё ёсць маё...
Ён хутка, наколькі гэта было магчыма зрабіць са звязанымі рукамі, устаў на ногі, але з хаты не пабег. Наадварот, Нямцоў вярнуўся да стала, на якім ляжала драўляная скрынка. Побач са скрынкай ён убачыў пакінуты сяржантам штыкнож і падзякаваў яму за такую ласку, а яшчэ падзякаваў, што рукі звязаў спераду. Нямцоў упэўнена, без лішняй мітусні ўзяў дзвюма рукамі нож і з усёй моцы ўсадзіў яго ў стальніцу. Потым хуценька, азіраючыся на акно і дзверы, зашморгаў рукамі па вострым лязу. Праз хвіліну ён зноў быў вольны, гэта надало яшчэ больш рашучасці. Нямцоў-Замагільны запіхнуў нож за папружку на спіне, перажагнаўся на жахлівае чырвонае полымя ў акне, якое прынесла збаўленне і волю, і, падхапіўшы скрынку, кінуўся прэч.
На вуліцы сяржант, не памятаючы сябе, прыгінаючыся, сігануў да Буланка. Ён не зважаў на тое, што з неба, пагражаючы зваліцца на галаву, падаюць іскрыстыя вогненныя галавешкі, некаторыя памерам у некалькі метраў, арматура, пакамечаныя да неверагоднасці кавалкі жалеза. Пачуццё адказнасці і жалю да жывёлы ўзяло верх над страхам і цяпер кіравала паводзінамі сяржанта. Выслабаніць каня ад паваленай фурманкі, якая ляжала ля старой ліпы, было немагчыма. Каб абрэзаць пастронкі, ляйчыны, патрэбны быў нож, і сяржант звычным рухам намацаў ножны, што віселі на шырокім афіцэрскім рэмені-партупеі. Штыка-нажа на месцы не было.
— Нож, лейтэнант, давай нож! — істэрычна закрычаў сяржант, але, убачыўшы летуценнага, паралізаванага страхам начальніка, які, абхапіўшы галаву рукамі, стаяў сярод панадворка, плюнуў пад ногі, мацюкнуўся і, прыгінаючыся, пабег у хату за сваім нажом.
У гэты момант Нямцоў-Замагільны сігануў за кут хаты, нагой выбіў некалькі дошак у плоце і, не азіраючыся, неяк бокам, прыпадаючы на правую нагу, пашкандыбаў да лесу. Ён трыумфаваў, пачуццё радасці перапаўняла душу, несла яго быццам на крылах.
Сяржант убачыў у вогненным зарыве бягучага царкоўнага старасту, калі той амаль дашкандыбаў да лесу, заставалася пракульгаць усяго некалькі метраў. Ён адразу ацаніў
абстаноўку: калі згубіць дзяржаўную маёмасць, каня — самае болыпае пасадзяць на гаўптвахту, а калі яны з гэтым плюгавенькім лейтэнантам упусцяць шпіёна — Калыма забяспечана. Сяржант стаў як укапаны, ірвануў з пляча карабін. Руля паволі і ўпэўнена, зверху ўніз апусцілася на ўзровень шырокай спіны Нямцова, прыцэльная планка і цэлік супалі адразу. Сяржант затаіў дыханне, паволі, мякка, без рыўка націснуў на курок... Нямцоў нечакана спатыкнуўся, па інерцыі зрабіў яшчэ некалькі крокаў, яго павяло ўправа, потым улева, звалілася на зямлю скрынка, якая раптам стала неймаверна цяжкай, рукі натыкнуліся на маладую бярозку, і яе шурпаты, халаднаваты ствол быў апошнім, што бачыў і адчуваў царкоўны стараста. Потым усё ў вачах закруцілася, замільгала, заіскрылася, і ён праваліўся ў чорную пустэчу... Нямцоў паволі, неяк бокам асунуўся, сеў на зямлю, яго павярнула тварам да вёскі, спіна ўперлася ў бярозку. У нежывых вачах шугала, адбівалася зыркае полымя, зусім дзіцячае здзіўленне, неймаверны спакой, і толькі вусны крывіліся ў нядобрай, яхіднай усмешцы, быццам наперад ведаў, што чакае ягоных забойцаў і радаваўся гэтаму.
Сяржант кляцнуў затворам, перазарадзіў карабін, няспешна закінуў яго на плячо, азірнуўся. Лейтэнанта на панадворку не было, ён стаяў каля Буланка, які цяпер ляжаў, заціснуты аглоблямі фурманкі, і з усёй моцы за аброць цягнуў уверх конскую галаву, спрабуючы дапамагчы жывёліне ўстаць на ногі. У конскіх вачах, якія, здавалася, вось-вось вылузнуцца з вачніц, у водсвеце вогненнага зарыва застыў неймаверны жах, з расчыненай зяпы разляталася ва ўсе бакі ружовая крывяная пена. Буланок выгінаў худую, з абпаленай грывай шыю, спрабаваў устаць на дрыжачыя пярэднія ногі, але яны не слухаліся, не трымалі, і ён куляўся на бок, дзіка хроп, галава бязвольна падала на зямлю.
— Рэж пастронкі, вызваляй ад аглобляў! — закрычаў сяржант і пабег да фурманкі, але на паўдарозе спыніўся, прыгадаўшы, што павінен забраць штык-нож.
Палова хаты царкоўнага старасты, якраз тая, дзе ён лазіў у падполле і знайшоў у схованцы скрынку, палыхала ў агні.
Сяржант не стаў рызыкаваць, безнадзейна махнуў рукой і пабег да лейтэнанта: трэба было ратаваць Буланка...
Конь ляжаў бліжэй да дорогі, у невялічкім раўчуку, сілы яго пакінулі, і ён нават не рабіў адчайных спроб узняцца на ногі. Лейтэнант нешта істэрычна крычаў, учапіўшыся дзвюма рукамі за хамут, што ёсць моцы цягнуў уверх. Сяржант паспешліва пачаў выпрагаць Буланка з фурманкі, і тут яго позірк затрымаўся на конскім жываце. Ён жахнуўся, бязвольна апусціліся рукі: Буланкоў жывот быў рассечаны напалам вялікай, плоскай, раскаленай да чырвані жалязякай, якая тырчала ў жываце жывёліны і пагрозліва шыпела. На зямлю вываліліся вантробы, лілася кроў, усё ў гэтым месцы дымілася і пенілася. Буланок сутаргава тузаўся і хроп. Сяржант адштурхнуў ачумелага лейтэнанта, які ўсё яшчэ спрабаваў паставіць каня на ногі, прыставіў рулю карабіна да конскага вуха і выстраліў. Буланок тузануўся апошні раз і заціх. Сяржант павярнуўся, пашукаў вачыма месца, дзе ляжаў Нямцоў, і толькі цяпер заўважыў, што за лесам, там, дзе дзяржаўная мяжа, як кінуць вокам, таксама ўсё палыхае ў агні і грукоча. Ужо добра развіднела, было відаць, як на небе з-за лесу вынырваюць чароды чорных самалётаў з белымі крыжамі на крылах. Яны, цяжка равучы, сунуцца на ўсход, і здаецца, чорным жалезным птушкам не будзе канца.
— Што гэта? — падышоў да сяржанта лейтэнант.— Дыверсія?
— Вайна,— прашаптаў сяржант, і толькі цяпер яму пасапраўднаму зрабілася страшна.
7
У пракуратуры Смаляка чакаў сюрпрыз: не хто іншы, як Таццяна Фёдараўна Вярбіцкая чытала кнігу ў прыёмнай Кучкуна. У пакоі лунаў пах дарагіх духоў.
«Добра, што сакратарка папярэдзіла»,— падумаў Смаляк. У наведвальніцы ён з цяжкасцю пазнаў тую Вярбіцкую, якая была на першым допыце, і знаку не асталося ад гарот-
най жанчыны, забітай беднасцю і сямейнымі клопатамі. Цяпер яна выглядала чалавекам рэспектабельным і задаволеным жыццём. На яе прыгожым дагледжаным твары, кранутым паўднёвым загарам, блукала загадкавая, таямнічая ўсмешка, чорныя вочы крыху звузіліся, запрамяніліся гарэзлівымі агеньчыкамі, калі яна, пазнаўшы Смаляка, узнялася насустрач і, вітаючыся, працягнула мяккую, цёплую далонь.
— Васіль Мікалаевіч, а я вас чакаю,— па-дзіцячы нявінна, схіліўшы прыгожую галоўку да правага пляча, пявуча прагаварыла Вярбіцкая і, прыкрыўшы вочы доўгімі вейкамі, пакрыўджана дадала: — Абароны шукаць прыйшла...
Да твару Вярбіцкай была і модная прычоска, мноства гарэзліва падкручаных чорных кудзерак спадалі на скроні, шыю, плечы, падкрэслівалі вабнасць і адначасова надавалі твару мацярынскую пяшчоту. На ёй была белая блузка з глыбокім выразам, на шыі на танюсенькім залатым ланцужку вісеў медальён у выглядзе ромбіка з бліскучым каменьчыкам, які быццам магнітам прыцягваў позірк да глыбакаватай складачкі між высокіх грудзей. Нешта шчымліва-салодкае раптам ускалыхнула Смаляка, малюсенькія малаточкі зацюкалі ў скронях, часцей забілася сэрца. Ён неяк разгубіўся, паспешліва паціснуў працягнутую руку і, унікаючы глядзець Вярбіцкай у вочы, адвярнуўся, зрабіў выгляд, што нешта шукае ў сваёй папцы. У гэтую хвіліну ён злавіў сябе на тым, што думае пра Вярбіцкую зусім не так, як пра абвінавачаную...
-— Вас не пазнаць,— каб хоць нешта сказаць, выціснуў з сябе Смаляк.
Ён крыху ачомаўся ад раптоўнага наслання, узяў сябе ў рукі, але, узняўшы вочы на Вярбіцкую, адчуў, што неймаверная сіла прыцягвае позірк да медальёна... Смаляк замітусіўся, заспяшаўся да выхаду, твар палыхаў чырванню, ён адчуваў сябе так, быццам зрабіў нешта благое, непрыстойнае.
— Пойдзем у мой кабінет,— адчыняючы дзверы, гучна і строга, больш для сакратаркі, прагаварыў ён,— у мяне таксама ўзніклі да вас пытанні.
У кабінеце Смаляк прапанаваў Вярбіцкай кубачак кавы і, пакуль вада ў кававарніцы закіпала, маўчаў, ні пра што не пытаўся, думаў пра сваё. I ўсё ж зусім не думаць пра Вярбіцкую следчы не мог. Яго ўразілі змены не толькі ў яе знешнім вобліку, але і ў паводзінах, у душу запала незразумелая падазронасць. Ён наўмысна шукаў у гэтай пышнай, расфрэнчанай прыгажуні падабенства з той, якая калісьці глядзела на яго палахлівымі, спакутаванымі вачыма, гаварыла, быццам маці з сынам, і не знаходзіў, гэта быў зусім іншы чалавек. Тую, палахлівую і забітую жыццёвымі праблемамі, ён шкадаваў, a гэтую?..
«Жанчына змяніла свой імідж, стала вабнай, прыгожай і жаданай. Што тут дрэннага? — раздражнёна даводзіў сабе Смаляк.— I чаму цябе гэта так усхвалявала, устрывожыла?.. Стала лепей жыць, дык парадуйся за яе, а не шукай беспадстаўных зачэпак. Ты шчыра радаваўся, што Альховік завяшчаў ёй хату і ўсю маёмасць, дык што здарылася цяпер?»
Вада ў кававарцы забулькала, закіпела. Смаляк, перапоўнены супярэчлівымі пачуццямі, стоячы за спінай Вярбіцкай, наліваў у кубачкі каву. Ён хацеў спытаць у жанчыны, ці пакласці ёй цукру, і азірнуўся. У гэты момант Вярбіцкая, ведаючы, што следчы стаіць да яе спінай, заклапочана выбірала для сябе паставу ў крэсле. Яна некалькі разоў закінула правую нагу на калена левай і наадварот, вырашыла, што правае калена на левым глядзіцца лепш, і, высакавата падцягнуўшы спадніцу, супакоілася. Маленькія жаночыя хітрыкі рассмяшылі Смаляка, на душы стала лёгка, знікла падазронасць. Ён зразумеў прычыну свайго хвалявання, узбуджанасці пры сустрэчы з Вярбіцкай. Жанчына добра падрыхтавалася, яна вяла сваю гульню, і ён ледзь не прыняў ейныя правілы... Смаляк вырашыў не прыспешваць наведвальніцу, даць ёй магчымасць выканаць абраную ролю да канца, згуляць у сваю гульню.