Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— Чаму ж няма, ёсць.
— А навошта газніца?
— Мне неяк зручней,— схлусіў Нямцоў.
Сяржант жвава, з непрытоеным нецярпеннем агледзеў пакоі, пстрыкнуў адным выключальнікам, другім, трэцім, і хата напоўнілася рудаватым святлом.
— У пакоях нікога,— адрапартаваў ён, хуценька нахіліўся, падняў з падлогі лямпу і, прысмаліўшы папяросу над чорным, закопчаным шкельцам, дзьмухнуў і затушыў яе. Потым выцягнуў з кішэні скураны зашмальцаваны раменьчык.— Ручкі, дзед, мы звяжам, табе ж лепей, не будзе спакусы ўскладаніць сваё жыццё, дый нам надзейней.
Нямцоў з цяжкасцю стрымліваў хваляванне, але калі лапавухі сяржант, як ён ахрысціў нкусаўца ў велікаватай фуражцы, спрытна, з веданнем справы, хутка і моцна звязаў раменьчыкам рукі, нешта ў грудзях быццам адарвалася, болем зайшлося сэрца. Ён хістануўся да сцяны, перад вачыма замільгацелі чырвона-белыя кругі, твары нкусаўцаў пачалі расплывацца, і Нямцоў ледзь утрымаўся на нагах.
— Хлопцы! — шчыра, са слязамі на вачах узмаліўся ён.— У чым віна мая?
— Ну-ну, дзед,— сяржант паблажліва паляпаў царкоўнага старасту па плячы,— годзе слёзы ліць, не баба... У нас усё па закону, ордэр на вобыск і на арышт маем, вунь ляжаць у лейтэнантавай новенькай сумцы... Так што паказвай сам усё, што хаваеш ад савецкай улады...
— У мяне толькі мышы ды пацукі па закутках.
— А мы ўсё ж пашукаем,— засмяяўся сяржант,— ад нашага пільнага вока вораг народа нічога не ўтаіць,— ён падштурхнуў Нямцова да адчыненых дзвярэй у пакой, крутнуўся да лейтэнанта і ўзбуджана, з радасцю ў голасе зашаптаў: — Бачыў схованку, стары схаваў у падполлі нейкую цяжкую скрынку, як піць даць шпіёна злавілі. Так што, лейтэнант, рыхтуй для ордэна дзірачку на гімнасцёрцы...
— Мо трэба было б сведак? —• няўпэўнена сказаў лейтэнант, якому перадалася сяржантава ўзбуджанасць, але ж ён быў начальнікам і адказваў за правядзенне аперацыі, у тым ліку і за законнасць. Лейтэнант перасмыкнуў плячыма, падзіцячы шморгнуў носам.— А раптам ён у вёсцы не адзін? Без дапамогі не абысціся.
— Яно, канешне, усё можа быць, толькі нашто нам дзяліцца славай? Самі зробім вобыск, выкрыем шпіёна, а потым паклічам падмогу. Тут побач з вёскай стаяць вайскоў-
цы, у іх і тэлефон маецца. Так што, лейтэнант, кіруй, бяры быка за рогі, куй жалеза, як кажуць, пакуль гарачае... А што сведак няма, дык не бяда, пераможцаў не судзяць...
— А што скажуць Купрэеў і пракурор?
— Дзівак чалавек! — губляючы цярпенне, узвысіў голас сяржант, але, убачыўшы, што Нямцоў таксама ўважліва прыслухоўваецца да размовы, зноў перайшоў на шэпт: — Купрэеў сам так робіць, а пракурор падпісвае ўсё, што скажа начальнік НКУС, ён, убачыўшы нашага брата, мову губляе. Так што трэба спяшацца, трэцяя гадзіна апоўначы...
У Нямцова нясцерпна балела сэрца. Як толькі звязалі рукі, ён раптам інтуітыўна адчуў, што гэта канец. Яго, ніякага не Нямцова, а Артура Янавіча Замагільнага, былога царскага афіцэра, камандзіра знішчальнага батальёна арміі Дзянікіна, душылі, раздзіралі, клакочучы ў грудзях, крыўда і злосць. Пяць гадоў ён ішоў да гэтай клятай вёскі, да гэтай напаўразваленай хаты, перакапаў тоны зямлі, і ўсё дзеля таго, каб знайсці смерць, ды яшчэ ад рук кроўных ворагаў — бальшавікоў
«Лепш памерці ад сухот у Стамбуле, як капітан Пурхіневіч, чым тут,— думаў Нямцоў-Замагільны.— Эх, капітан, капітан, навошта даверыў ты мне сваю таямніцу? Нёс бы яе з сабой у магілу, і я не ператварыўся б у таго, кім з’яўляюся цяпер. I па сённяшні дзень працаваў бы швейцарам у гатэлі, меў бы на чай, акрамя заробку, удзельнічаў бы ў тараканавых бягах... Дый баранеса Лапаціна папярэджвала, адгаворвала, прапаноўвала ажаніцца з ёй... Колькі гэта ёй было год? Дай Бог памяці, пяцьдзесят... Ну навошта мне старая вешалка! Ды я цяпер буду мець, якую захачу... Цьфу ты, што гэта я, не пра тое думаю, пень стары... Лепш круці сваім шэрым рэчывам, шукай выйсця. Галоўнае — выжыць, а калі трапіш у нкусаўскія апартаменты, пішы, прапаў, заказвай паніхіду. Пачнуцца допыты, што-што, а развязваць языкі яны за дваццаць гадоў навучыліся. I скончыш ты, капітан Замагільны, жыццё ў смярдзючым нкусаўскім сутарэнні з куляй у патыліцы. He, трэба жыць, трэба бегчы...»
У гэты момант сяржант вялікім штыком-нажом падкалупнуў дошку, якой Нямцоў толькі што прыкрыў схованку, і
адкінуў яе пад дзверы, следам туды ж паляцелі яшчэ дзве дошкі.
— А тут што? — пераможна ўскрыкнуў сяржант і, выскаляючы жоўтыя зубы, паглядзеў на Нямцова,— Дзед, ты што, заснуў?
Нямцоў невідушча ўтаропіўся ў чорную зяпу падполля. Яму раптам здалося, што адтуль, з самай глыбіні, на яго нехта іпядзіць, патыхнула цвіллю, нежывым, смерцю... Валасы на галаве зашавяліліся, ён схамянуўся і ўпершыню па-сапраўднаму адчуў неймаверны страх.
— Хлопцы, бярыце ўсё, толькі адпусціце,— прагундосіў Нямцоў і бразнуўся на калені перад лейтэнантам.— Бярыце, толькі адпусціце...
Ён паўтараў гэтыя тры словы, не зважаючы ні на што, па парослых сівым шчаціннем шчоках каціліся буйныя слёзы.
— А што мы павінны знайсці? — лейтэнант трасянуў царкоўнага старасту за каўнер кашулі.— Можа, там міна заложана?
— Усё ваша, забірайце, толькі адпусціце,— кленчыў Нямцоў. Страх паціху адступаў, ён разумеў, што яшчэ можа паспрабаваць адкупіцца, выратаваць сваё жыццё... Толькі ні ў якім разе не прыгадваць Пурхіневіча, праз капітана могуць выйсці і на Замагільнага, усё ж у дзянікінскай арміі разам служылі, памяць аб сабе ён пакінуў «добрую», даведаюцца — спачування не будзе.— He маё гэта, выпадкова знайшоў... А цяперака хай будзе ваша, толькі адпусціце,— скуголіў Нямцоў.
Сяржант стаў на кукішкі, нахіліўся, зазірнуў у падполле, але нічога там не ўбачыў. Ен паспешліва выцягнуў з кішэні карабок, чыркнуў запалкай. Лейтэнант кінуў на Нямцова пагрозлівы позірк і таксама схіліўся над ямай, спрабуючы ўбачыць тое, што схаваў царкоўны стараста. Святло ад запалкі на нейкі момант выхапіла з самага дна падполля некалькі бітых цаглін і больш нічога.
— Тут неглыбока,— узняў галаву сяржант і, не дачакаўшыся, пакуль лейтэнант прыме рашэнне, упёрся рукамі ў крайнія над ямай гнілаватыя дошкі падлогі, скокнуў уніз.
Невысокаму сяржанту было па самую шыю. Ён, скалячыся, падміргнуў Нямцову, чыркнуў аб карабок адразу некалькімі запалкамі і знік у падполлі. Адразу знізу, бліжэй да ўчарнелай, гадамі не беленай печы пачулася шамаценне, нешта глуха забразгатала, зарыпела. Сяржант вылаяўся, на нейкі момант усталявалася цішыня. Збялелы Нямцоў, нервова кусаючы вусны, не адводзіў ад ямы халоднага, нядобрага позірку. Няцяжка было зразумець, што творыцца ў душы царкоўнага старасты. Разам з болем, неймаверным адчаем, небяспекай, што дамоклавым мячом навісла над ім, з вачэй ірвалася вонкі, прамянілася неймаверная прага да жыцця, калі прыжмурваўся, мільгалі злыя агеньчыкі непераадольнай нянавісці да гэтых людзей, што так бесцырымонна расправіліся з ім, пазбавілі багацця і будучыні. У гэты момант у адной з суседніх хат нясмела, быццам не верачы ў свае сілы, падаў голас певень. He паспеў скончыцца першы хрыплаваты спеў як ранішнюю пабудку падхапіў другі голас, больш моцны і ўпэўнены, за ім трэці, чацвёрты... Першая хваля петушыных спеваў скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Дзесьці зарыпеў калодзежны журавель, вёска прачыналася...
Лейтэнант відавочна занерваваўся, паспешліва зірнуў на гадзіннік і, схіліўшыся над ямай, крыкнуў:
— Ну што там, сяржант?
— Усё пуцём,— адразу вынырнула з ямы сяржантава стрыжаная пад нуль галава, запэцканая на патыліцы ў чорную сажу,— Хітры, сцерва, зрабіў схованку ажно пад самай печчу, выкапаў там нешта накшталт калодзежа: калі нават хата згарыць, агонь не кране...
— Дык што там? — нецярпліва перапыніў падначаленага лейтэнант.
Сяржант моўчкі знік у чорнай зяпе падполля, але толькі на якую секунду. У наступную хвіліну ён з цяжкасцю выцягнуў на падлогу драўляную, абабітую жалезам, амаль квадратную скрынку.
— Кіль дваццаць будзе,— цяжка выдыхнуў сяржант.
Лейтэнант падхапіў скрынку і, узважваючы, некалькі разоў падкінуў у руках. Усярэдзіне забразгатала, нешта дзынк-
нула. Нямцоў адразу схамянуўся, ускінуў кудлатую сівую галаву:
— Цяперака ўсё ваша, толькі адпусціце...
Лейтэнант не адказаў. Ён паставіў скрынку на стол і паглядзеў на сяржанта, які стаяў сярод пакоя і страсаў з адзення павуцінне і пыл.
— Што будзем рабіць?
Сяржант быццам і не чуў, ягоныя раскосыя вочы свяціліся нейкім хваравітым, шалёным бляскам, рухі зрабіліся нервовымі, на лбе, на перапэцканым носе праступалі буйныя кроплі поту і ручайкамі скатваліся на вочы, заміналі глядзець, але ён не звяртаў на гэта аніякай увагі.
— Рыхтуй, лейтэнант, дзірачку,— нарэшце, пырскаючы слінай, узбуджана ўскрыкнуў сяржант і, забыўшыся на субардынацыю, па-змоўніцку штурхануў начальніка локцем.— Як піць даць шпіёна злавілі, а за яго — ордэн, не меней...
Узбуджанасць перадалася і лейтэнанту, але ён не ўспрыняў сяржантавай радасці. Толькі цяпер ён зразумеў і ў поўнай меры адчуў асабістую адказнасць, і менавіта гэтае пачуццё падштурхоўвала да таго, каб дзейнічаць беспамылкова, па закону.
— Скрынку ўзламаем пры сведках,— строга як адрэзаў лейтэнант,— гукні суседзяў, усё павінна быць...
Ён не дагаварыў, змоўк на паўслове і застыў пасярод пакоя, быццам помнік, з высока паднятай рукой і адчыненым ротам. У гэтую хвіліну нешта грымнула, ды так, што захісталася пад нагамі падлога, са звонам разляцелася і высыпалася з акна шкло, хата зарыпела, задрыжэла, і здавалася, вось-вось разваліцца, па бервяну раскоціцца. На гарышчы нешта вялікае і цяжкае звалілася на столь, яна затрашчала, захісталася, прагнулася, пагражаючы праваліцца, але вытрымала. Электрычная лямпачка мільганула некалькі разоў запар і патухла. Hi нкусаўцы, ні Нямцоў не маглі ўцяміць, што гэта такое, што здарылася. Першы ачомаўся сяржант, ён кінуўся да адзінага, завешанага чорнай коўдрай акна і з усёй сілы рвануў тканіну, кінуў пад ногі. У пакой уварвалася моцнае вогненнае зарыва, якое высокай барвянай сцяной шугала да са-
мага неба. Зноў грымнула, потым яшчэ і яшчэ, і ўжо не адрозніць асобных выбухаў, усё злілося ў адзіны працяглы, магутны роў. Невядомая сіла адкінула сяржанта ад акна, і ён ледзьве ўтрымаўся на нагах. Усёмагутнае чырвонае полымя праглынула ўскраек лесу, якраз тое месца, дзе знаходзіліся вайсковыя склады. У паветра ўзляталі бочкі, тэлеграфныя слупы, дрэвы, рэшты сцен, палыхаў лес, у вёсцы ўжо гарэлі некалькі хат, каля якіх мітусіліся людзі ў споднім. Паратунку не было, ажно ў вёску заляталі поўныя бензіну бочкі, што не паспелі грамыхнуць на складзе, некаторыя з іх разрывала ў паветры, іншыя — ад удару аб зямлю. Вогненныя феерверкі шугалі з усіх бакоў.