• Газеты, часопісы і г.д.
  • Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

    Шлях да Галгофы

    Віктар Праўдзін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 254с.
    Мінск 2003
    58.78 МБ
    Смаляк прамаўчаў. Звестка пра смерць Казіміры Францаўны Шашок яго ўсхвалявала значна больш, чым напамін пра генеральнага пракурора, у душы з’явілася трывога, заклапочанасць. Старая жанчына стала ахвярай абставін, сквапнасці свайго сына, і, канешне, цяпер будзе значна цяжэй улічыць Вярбіцкую ў злачынстве. Смаляку трэба было пабыць аднаму, падрыхтавацца да сустрэчы з Вярбіцкай, яшчэ раз прадумаць дэталі допыту.
    — Сяргей Сяргеевіч,— заклапочана ўздыхнуў Смаляк,— я б хацеў падрабязна пра камандзіроўку далажыць пасля допыту затрыманай, а потым вы пра ўсё паведаміце начальству. Думаю, пытанняў не будзе.
    Кучкун зразумеў, што яму ветліва прапаноўваюць пакінуць кабінет. Ён паспешліва ўстаў, кінуў з-пад ілба на Смаляка сярдзіты позірк і моўчкі выйшаў з памяшкання, гучна бразнуўшы дзвярыма, быццам гэтым паказваючы сваю начальніцкую важнасць і нязгоду.
    Вярбіцкая зноў здзівіла Смаляка. Цяпер перад ім сядзела не затурканая жыццём жанчына, з якой следчы сустрэўся ўпершыню, не расфрэнчаная, спакуслівая маладзіца, што была на апошнім допыце. Яна была падобна на лісіцу, якая трапіла ў пастку і, зразумеўшы, што цяпер стала лёгкай здабычай нават для слабейшых, ашчэрыўшыся, чакала ворагаў, чакала і не ведала, хто і адкуль нападзе. Жорсткая лінія твару, нахабны, ледзяны позірк, нервознасць у рухах і асабліва смех, нядобры, здзеклівы, ператваралі Вярбіцкую ў асцярожную, хітрую арыштантку. Яна павіталася і доўга з-пад апушчаных веек углядалася ў следчага, па ўсім, спрабуючы разгадаць ягоны настрой і вызначыць сваю тактыку паводзін.
    — Васіль Мікалаевіч, гэта непаразуменне,— наіўна пралепятала Вярбіцкая і, склаўшы рукі на грудзях, пакрыўджана ўздыхнула.— Мяне падазраюць у забойстве,— жанчына перажагналася на пусты кут,— ну скажыце, нашто мне гэта рабіць, калі і так усё атрымала. Я...
    — Таццяна Фёдараўна,— перапыніў жанчыну Смаляк,— хачу папярэдзіць, што наша размова запісваецца на магні-
    тафон, так што не спяшайцеся раскрываць душу, каб потым не шкадаваць...
    Вярбіцкая кінула на следчага неспакойны, злы позірк, вусны скрывіліся ў гідлівай усмешцы.
    — Значыць, мне трэба толькі адказваць на пытанні?
    ■— Так, і, пажадана, праўду...
    Вярбіцкая ўзяла са стала пачак цыгарэт, засмаліла. Нейкі час сядзелі моўчкі, думаючы кожны пра сваё. Зубенка ўстаў і направіўся на выхад, кінуўшы на хаду:
    — Папрашу сакратарку зварыць каву.
    — Дык задавайце нарэшце вашыя пытанні! — дрыжачым голасам нецярпліва ўскрыкнула Вярбіцкая, цыгарэта задрыжэла ў пальцах, попел зваліўся на сукенку, але жанчына не звярнула на гэта аніякай увагі.
    — Зараз пачнём, толькі спярша распішыцеся,— Смаляк падаў затрыманай пратакол допыту.— Я вас, Таццяна Фёдараўна, афіцыйна папярэджваю аб крымінальнай адказнасці за хлусню.
    Вярбіцкая размашыста падпісалася і з выклікам уставілася на следчага. Яна хвалявалася, але трымалася з годнасцю.
    •— Як вы пазнаёміліся з Альховікам? — спытаў следчы.
    — Колькі можна пра адно і тое? — незадаволена скрывілася Вярбіцкая.
    — I ўсё ж?
    Жанчына крыху памаўчала, затушыла цыгарэту ў попельніцы, узняла на Смаляка вочы.
    — Упершыню з Альховікам сустрэлася ў бараўлянскай бальніцы для ветэранаў.
    — Пры якіх абставінах і, калі ласка, падрабязней.
    — Абставіны былі не зусім прыемныя. Мой бацька таксама ляжаў там, і неяк яны гулялі ў шахматы з Альховікам. Бацька прайграў... Стары не стрымаўся і шахматнай дошкай пабіў Альховіка, а я, каб хоць як-небудзь загладзіць віну, пачала наведваць Фёдара Кузьміча, спярша ў бальніцы, a потым дома...
    — А чаму вы псіхічнахворага чалавека памясцілі ў кардыялогію? — пацікавіўся Смаляк.
    — Гэта вы ў дактароў спытайце,— буркнула ў адказ Вярбіцкая.— Да бойкі бацька быў не агрэсіўны.
    — Добра, і што далей?
    — Даведалася, што Альховік шукае жанчыну, якая б прыбірала, гатавала ежу, абмывала. Прапанавала свае паслугі, і ён пагадзіўся, вядома, не за дзякуй.
    — Цяпер раскажыце, што здарылася той ноччу.
    — Якой?
    — Калі Альховік памёр.
    — А што магло здарыцца? — пытаннем на пытанне адказала Вярбіцкая.— Хіба стары, хворы чалавек не можа проста ўзяць ды памерці?
    — Я пытаюся пра бутэлечку, якую вы выкінулі ў гародчык.
    Вярбіцкая сцішылася, на твар лёг цень заклапочанасці. Смаляк бачыў, што яна чакала гэта пытанне, была да яго падрыхтаваная. Жанчына перавяла позірк на Зубенку.
    — Нешта кава доўга варыцца.
    — Будзе вам кава,— адказаў маёр і загадкава падміргнуў Смаляку,— і да кавы таксама...
    — Васіль Мікалаевіч, калі вы маеце на ўвазе бутэлечку з-пад пацучынай атруты,— хітра ўсміхнулася аднымі вачыма Вярбіцкая,— дык старога пацукі амаль жывога грызлі, што было рабіць? Вось я іх і труціла.
    — Дзе вы ўзялі атруту?
    — He памятаю,— трасянула галавой жанчына,— мо купіла, а мо з дому прынесла,— яна хацела яшчэ нешта сказаць, але замаўчала, ускінула на Смаляка вялікія вочы.— Дык вы і сапраўды думаеце, што я агруціла Альховіка?—Яна раптам звонка, з выклікам засмяялася.— Ну скажыце, навошта мне гэта было рабіць? Навошта браць грэх на душу? Стары паміраў, і адзін-два дні, ну няхай сабе месяц, нічога змяніць не маглі. Уся маёмасць пераходзіла да мяне законна... Дзе ж логіка? Толькі вар’ят можа наважыцца на такое і падставіць самога сябе.
    — Скажыце, чаму вы ўзламалі падлогу ў хаце Альховіка? — пацікавіўся Смаляк.
    — Хацела зрабіць рамонт! — рэзка адказала Вярбіцкая і ўсхвалявана ўскрыкнула: — I наогул, Васіль Мікалаевіч, нічога ў вас не атрымаецца, не прышыеце забойства. У судзе толькі пасмяюцца з вас.
    — Смяецца той, хто...
    — Ведаю! — губляючы кантроль, ускіпела жанчына.— Толькі ёсць такая навука як юрыспрудэнцыя, чулі? Ведаю, што нават вывучалі, а калі так, то маё ўтрыманне незаконнае, я ўвечары выйду і адразу пакладу заяву аб парушэнні маіх правоў.
    — Яшчэ не вечар,— ціха зазначыў Зубенка, і твар расплыўся ў белазубай усмешцы.
    Заўвага маёра, а яшчэ больш гэтая ўсмешка зусім выбілі Вярбіцкую з каляіны. Яна сядзела расчырванелая, вочымаланкі пагрозліва зіхацелі, рукі сціснуліся ў кулакі. Здавалася, калі Зубенка скажа яшчэ хоць слова, Вярбіцкая тыгрыцай кінецца на яго.
    — Скажыце, а навошта вы крэміравалі труп? Ці не звязана гэта якраз з тым, што спярша атруцілі, а потым, замятаючы сляды, паспрабавалі пазбавіцца ад доказаў?..
    — Усё проста, — узяла сябе ў рукі Вярбіцкая і ўжо нармальным голасам дадала: — Прабачце, нервы зусім здаваць сталі... Спярша пахавала Альховіка, а калі прыбірала ў хаце, рыхтавалася да рамонту, у рукі трапіла пісьмо, дзе ён прасіў аб крэмацыі і падхараненні ў магілу да жонкі. Так і зрабіла. He магла я, атрымаўшы ад старога ўсю маёмасць, паступіць інакш, не выканаць апошнюю волю...
    — Матыў зразумелы, толькі чаму тайна? Чаму праз хабар?
    — Праз які хабар? — задзірліва ўсміхнулася Вярбіцкая.— Вы, мабыць, вырашылі ўсіх сабак на мяне навешаць, прышыць усе злачынствы, што ёсць у Крымінальным кодэксе? Прызнаюся, гарэлку рабацягам купіла, а пра хабар першы раз чую... Так што выбачайце, Васіль Мікалаевіч, нічога ў вас не атрымаецца. А наконт афіцыйнасці, скажу шчыра, хацелася хутчэй, а каб рабіла па-вашаму, мо і сёння збірала б подпісы на дазвол аб крэмацыі.
    — Да пытання аб крэмацыі мы яшчэ вернемся, тады дэтальна і пагаворым пра вашыя адносіны з Кузьмянковым, з
    дазволу якога вы забралі з могілак мерцвяка. А цяпер мне цікава зірнуць на пісьмо Альховіка, пра якое вы толькі што ўзгадалі.
    — А пісьма няма,— развяла рукі Вярбіцкая, яе вочы блішчэлі, твар спалатнеў, ёй, відавочна, падабалася гульня са следчым у кошкі-мышкі.— Згарэла пісьмо разам з Фёдарам Кузьмічом, ён так загадаў. Але яно было, можаце спытаць у майстра з могілак, ён пацвердзіць.
    У гэты момант у кабінет увайшла сакратарка.
    — Вось і кава,— ускочыў на ногі Зубенка.
    Ён хацеў забраць у дзяўчыны паднос з заварнікам і трыма кубачкамі, але сакратарка не дазволіла, сама прашпацыравала да стала. Памяшканне адразу напоўнілася прыемным пахам. Вярбіцкая прыўзнялася і паспешліва, быццам баючыся, што ёй не дазволяць, узяла адзін кубак і адразу прыгубіла.
    —■ Вось чаго мне гэтыя дні не хапала,— з удзячнасцю зірнула на дзяўчыну Вярбіцкая,— дзякуй табе.
    Сакратарка не адказала, толькі кінула на затрыманую непрыязны, грэблівы позірк і накіравалася да выхаду.
    — Ганарлівая,— зазначыла Вярбіцкая,— але каву зварыла добра... I вось што я падумала, Васіль Мікалаевіч,— яна з выклікам паглядзела Смаляку ў вочы і, утульней уладкоўваючыся ў крэсле, паклала нагу на нагу. — Урну з прахам я падзахараніла ў магілу жонкі Альховіка. Чаму б вам не ўзяць попел на экспертызу?
    Зубенка і Смаляк пераглянуліся. Тое, што прапаноўвала Вярбіцкая, было ўжо зроблена, але ніякіх слядоў атруты ў праху Альховіка эксперты не знайшлі. Смаляк і Зубенка былі ўпэўнены, што і не знойдуць, бо чалавек, які хаваў доказы, не мог дапусціць, каб у ўрне быў прах Альховіка. Вярбіцкая ў гэты момант адчувала сваю беспакаранасць і ўпэўнена патрабавала правесці экспертызу. Яна разумела, што момант з экспертызай праху Альховіка — яе казырная карта, ні адзін суд не зможа прызнаць яе вінаватай пры такіх абставінах.
    — Мы абавязкова правядзём экспертызу,— унікаючы глядзець затрыманай у вочы, буркнуў Смаляк. Ён ведаў «белыя плямы» ў справе і не мог дазволіць затрыманай узяць
    верх і дыктаваць умовы.— Я хачу пагаварыць пра ваш удзел у забойстве Шашок Казіміры Францаўны...
    Пытанне для Вярбіцкай прагучала нечакана, на нейкі момант выбіла з каляіны, трэба было пераключыцца, скіраваць думкі ў зусім іншым накірунку. Псіхалагічны момант ціску на Смаляка быў упушчаны.
    — Як?! — здзіўлена, амаль шчыра ўскрыкнула Вярбіцкая.— Я і яе забіла? Ну, Васіль Мікалаевіч, гэта ўжо занадта! Глядзіце, каб не прыйшлося нам памяняцца ролямі...
    — Памерла ваша суседка,— не зважаючы на пагрозы, сурова зазначыў Смаляк,— але на памяць пакінула нам сёе-тое... Калі ласка, Анатоль Пятровіч, азнаёмце Таццяну Фёдараўну.
    Зубенка чакаў гэтага моманту. Ён таропка шчоўкнуў замком чорнага дыпламата, дастаў паперы і працягнуў іх Вярбіцкай.
    — Азнаёмцеся з пратаколам допыту Казіміры Францаўны Шашок.
    Вярбіцкая ўзяла паперы з такім выглядам, быццам робіць паслугу, але ёй здалося, што нешта абарвалася ўсярэдзіне, па спіне пабеглі халодныя мурашы, кончыкі пальцаў паздрадніцку ўздрыгвалі.