Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— Цяпер зразумела, чаму яго абралі на гэтую ролю,— зазначыў Зубенка і міжволі паправіў тэлефонную трубку.— Лескавец не хацеў рызыкаваць: хто б іншы, убачыўшы, як ён піхнуў старую пад машыну, не змоўчаў, а Цвіркун павязаны, і, мабыць, не толькі грашыма. Толькі прамашка выйшла: Цвіркун з-за «рафіка» якраз і не ўбачыў Лескаўца, таму нам пра хворага сабаку і расказаў.
Зубенка не вытрымаў, адкінуўшы сумненні, рашуча набраў тэлефонны нумар і, чакаючы, пакуль Смаляк возьме трубку, нервова забарабаніў пальцамі па стале. У гэты момант дзверы адчыніліся, у пакой з шумам увайшло некалькі чалавек, і невысокі капітан у акулярах далажыў:
— Таварыш маёр, аператыўна-следчая група...
— Ціха! — ускрыкнуў Зубенка і жэстам рукі перапыніў капітана. Ен шчыльней прьтціснуў слухаўку да вуха і паспешліва спытаў: — Што чуваць, Васіль Мікалаевіч, як там наша...— маёр не дагаварыў, таропка выцягнуў з кішэні блакнот, самапіску і хутка нешта пазначыў, потым патрабавальным, неспакойным позіркам абвёў прысутных.— Ну вось, чаканне скончылася, цяпер за справу. Капітан, да майго вяртання затрымлівайце ўсіх, хто прыйдзе ў гэты нумар, я асабіста з гэтымі людзьмі буду гаварыць. Загіраў, нам пара.
Яны імкліва пакінулі гатэль. У машыне Зубенка расказаў пра золата і дзе Вярбіцкая яго схавала.
— Зараз заедзем у аддзел,— стрымліваючы нервовую ўзбуджанасць, разважаў услых маёр.— Адну групу адправім на чыгуначны вакзал, другую — на саракавы кіламетр, трэцюю -— да Шашкоў. Дзе-небудзь ды перахопім злодзеяпрайдзісвета.
— Анатоль Пятровіч, а можна мне з вамі? — няўпэўнена спытаў Загіраў, ягоныя вочы іскрыліся азартнымі агеньчыкамі.
— Ты на некалькі гадзін узначаліш засаду ў Шашкоў,— Зубенка кінуў на вучня насцярожаны позірк.— Думаю, удзень туды не сунуцца, а ў прыцемках заменім. Куклазе-Вітаўс не дурань, рызыкаваць не стане, дый да сабакі так проста не падступішся. Як піць даць сённяшняй ноччу там будзе горача.
— Мне б з вамі,— паспрабаваў змяніць рашэнне настаўніка Загіраў.
— Будзеш рабіць тое, што загадана,— узвысіў голас Зубенка і рэзка, як адсек, дадаў: — He ў цацкі гуляем!
Маёр асабіста падвёз Загірава і двух сяржантаў міліцыі да Шашкоў. У мэтах канспірацыі ён загадаў вадзіцелю няхутка праехаць міма і спыніцца праз тры хаты. Зубенка з задавальненнем адзначыў, што ў панадворку Шашкоў ціха і мірна, сабака спіць каля будкі, а значыцца, Куклазе-Вітаўса тут яшчэ не было. Загіраў і сяржанты хутка, каб не назаляць вочы суседзям, зайшлі ў патрэбны панадворак. Вялізная аўчарка, пачуўшы чужых, пачала кідацца, узняла такі лямант, што здавалася, цугундзер, які ўтрымліваў яе, можа не вытрымаць і ў любы момант парвацца. Але якраз гэтая акалічнасць і задаволіла Загірава. «Золата пад надзейнай аховай»,— у думках зазначыў ён і адчыніў дзверы ў хату. На парозе сустрэў гаспадар, адразу пазнаў Загірава і, павітаўшыся, саступіў месца на ўваходзе.
— Сюды, калі ласка,— Шашок паказаў рукой на жоўтыя дзверы і сцішана, па-змоўніцку дадаў: — У зале будзе зручней.
— Загіраў першы ўвайшоў у пакой і на імгненне аслупянеў ад нечаканасці: пасярод за круглым сталом сядзеў падпалкоўнік міліцыі і нешта хутка пісаў. Ён быў чарнявы, у акулярах, шырокі ў плячах.
— А, вось і засада! — убачыўшы Загірава і міліцыянераў усміхнуўся падпалкоўнік.— Зараз, калегі, яшчэ хвілінку і прымеце пост. Вас я ведаю, здаецца, памочнік маёра Зубенкі,— перакладаючы спісаныя лісткі, зазначыў незнаёмы падпалкоўнік, — сустракаліся ў Анатоля Пятровіча. Дарэчы, дзе ён сам?
— Будзе пазней, — аблізаў сасмяглыя вусны Загіраў.
— Я падпалкоўнік Ігнацьеў з Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. А вы сядайце, у нагах, як кажуць, праўды няма.
Загіраў і міліцыянеры расселіся хто дзе.
— Смаляк, каб пазбегнуць нечаканасцей, папрасіў мяне канфіскаваць золата, якое Вярбіцкая схавала пад сабачай будкай. Вось хітруння! Бачылі, якая звяруга ахоўвала пяць кіль? Калі і сунецца гэты Куклазе, яму не паздаровіцца,— падпалкоўнік звонка рассмяяўся, падміргнуў Загіраву і, нечакана стаўшы сур’ёзным, зазначыў: — Ноччу ён абавязкова прыйдзе, перадайце гэта Зубенку, няхай сур’ёзна падрыхтуецца.
— А я ўсё не мог зразумець Вярбіцкую,— падаў голас Шашок.— Як ні прыйдзе да нас, нясе Пальме то кусок мяса, то каўбасіну. Аказваецца, прыручала.
— Станіслаў Мікалаевіч,— устаў з-за стала падпалкоўнік,— вось, прачытайце акт і распішыцеся на двух экземплярах, адзін пакіньце сабе.
Зноў забрахала Пальма, і падпалкоўнік порсценька крутнуўся да акна, уважліва агледзеў двор.
— Будзеце сачыць адсюль, — стоячы спінай да прысутных, пачаў даваць указанні падпалкоўнік,— панадворак як на далоні, і памятайце, што Куклазе можа аб’явіцца і з другога боку, гародамі. Канешне, ён будзе ўзброены... Дзе вы пакінулі машыну?
— За намі прыедуць, а калі што якое, дык ёсць радыёстанцыя,— адказаў адзін з міліцыянераў.
— Гэта правільна, ухваляю, лішняя валтузня нам не патрэбна. Я свайго вадзіцеля таксама адпусціў. Але мне пара,— падпалкоўнік крутнуўся, падышоў да тэлефона.— Пазваню Смаляку, няхай прышле машыну,— ён набраў нумар і, расплыўшыся ва ўсмешцы, прагаварыў: — Васіль Мікалаевіч, усё нармальна, засаду я дачакаўся, так што пост здаю. Куды везці золата? Да вас? Добра, высылайце машыну і няхай чакае каля аўтобуснага прыпынку, я сам падыду.
Падпалкоўнік падышоў да стала, уважліва прагледзеў паперы, ці ў тых месцах паставіў подпісы Шашок, і, задаволены, паклаў лісты ў папку. Потым нахіліўся і падняў з падлогі мяшэчак, падкінуў у руцэ, быццам узважваючы:
— Пяць кіляў вяртаем дзяржаве, так што, калегі, зарплату сваю адпрацоўваем.
Ён развітаўся з кожным за руку і накіраваўся да выхаду, але ў дзвярах прыпыніўся.
— Пазначце мой нумар тэлефона,— падпалкоўнік назваў нумар.— Я буду ў Смаляка, але раптам спатрэблюся не толькі сёння.
Роўна праз гадзіну, пасля таго як за падпалкоўнікам зачыніліся дзверы, пад люты брэх сабакі, неяк бокам, увесь час азіраючыся, у хату прысунуўся Зубенка. Маёр быў пануры і злы, але, выслухаўшы даклад Загірава, павесялеў.
— Ну, хоць тут паспелі,— стомлена ўздыхнуў ён,— цяпер Куклазе-Вітаўсу канец, сам лягу ў бур’ян замест псіны, але яго спаймаю. А Смаляк правільна зрабіў, што перастрахаваўся і паслаў сюды Ігнацьева. Падпалкоўніка ведаю даўно, свайго ён не ўпусціць, так што, Вілі, будзь упэўнены: шышкі дастануцца нам, узнагароды -— яму. Але яно сабе, цяпер галоўнае затрымаць Куклазе.
14
Пайшла другая гадзіна, як Смаляк уключыў магнітафон і запісваў споведзь Вярбіцкай. У асноўным яна гаварыла ўжо вядомае, і следчаму амаль не было патрэбы перапыняць жанчыну і нешта ўдакладняць. Толькі зрэдку Смаляк пазна-
чаў у занатоўніку пытанні, на якія хацеў пачуць больш дэтальныя адказы. Вярбіцкая сядзела расчырванелая, узрушаная, а калі загаварыла пра Куклазе, вочы заіскрыліся гнеўнымі, сцюдзёнымі агеньчыкамі.
— Я б яго разарвала на кавалачкі,— ускрыкнула жанчына,— Кожны дзень ружы, вершы пра каханне чытаў, дакрануцца баяўся... Я, дурніца, і растала, паверыла! Захацелася вялікага кахання, жыць за граніцай, а на вось, выкусі, кукуй, дзеўка, на нарах!..
-— Таццяна Фёдараўна, яшчэ раз узгадайце першую сустрэчу з Куклазе,— вёў допыт у патрэбным кірунку Смаляк.— Як, на ваш погляд, яна была выпадковая ці ўсё ж спланаваная?
-— Hi за што не паверу, што такое можна спланаваць, хіба толькі ў якіх шпіёнскіх раманах. А можа,— Вярбіцкая ганарліва паглядзела на Смаляка,— я з мяхом золата для яго больш важная птушка, чым Мюлер для Шцірліца.
— А сур’ёзна?
— Калі сур’ёзна, я сама выбрала Куклазе, убачыла, падышла, першая загаварыла... А адбылася сустрэча на пачатку красавіка на прэзентацыі фірмы «Белпрампуш». Прыкмеціла я сярод замежных гасцей чарнявага, з бародкай, а як падысці, не ведаю. Стану непадалёк, слухаю, як ён лапоча не па-нашаму, усярэдзіне ажно млее ўсё, сэрца ў пятках, цягне да чарнявага быццам магнітам, а ён нуль увагі. Прыдумала: папрасіла мужыкоў, каб «цыганачку» сыгралі. Тут мне роўных не было, мужыкі да мяне, як мятлікі на агонь, а чарняваму хоць бы што, паглядзеў і адвярнуўся. He вытрымала, падбегла і сілком у круг зацягнула, прымусіла танцаваць. Эх, ведаць бы наперад, дзе павалішся! — роспачна ўздыхнула Вярбіцкая.— Гэты чарнявы з бародкай і быў Куклазе. Да сённяшняга дня мы, як галубкі, ні дня адно без аднаго не маглі, і раптам такое?! Яшчэ раніцай падлюка кляўся ў вечным каханні, абяцаў вызваліць, а калі не ўдасца, будзе чакаць. Меўся дзяцей з бацькамі да сябе ў Фінляндыю забраць, шлюбны кантракт, каб на яго халера, паказаў. Гэты кантракт і быў апошняй кропляй, расчулілася я, соплі распусціла...
Эх, бабы ёсць бабы!.. Мы, бы тыя коткі: хто пагладзіў, таму і замурлыкала. Успрыняла я паганцаву ману за чыстую манету і расказала пра золата. Верце, да сённяшняга дня размовы пра золата не было, дзецьмі клянуся.
— Я веру, што вы гаворыце праўду,— пагадзіўся Смаляк,— у іншым выпадку Куклазе-Вітаўса даўно б і след прастыў. I ўсё ж, Таццяна Фёдараўна, як вы апынуліся на той вечарыне ў фірме «Белпрампуш»? Хто запрасіў? Наколькі мне вядома, вы там не працавалі.
— Лескавец запрасіў... Так, Васіль Мікалаевіч, той самы,— убачыўшы здзіўленне на твары следчага, пацвердзіла Вярбіцкая, і ледзь прыкметная ўсмешка кранула яе вусны.— Прызнаюся, пакуль не сустрэла Куклазе, ён быў маім палюбоўнікам. Прадбачу, што вы хочаце спытаць, таму давайце вернемся да больш ранніх падзей, чым тая вечарына... Вы казалі праўду, каб прыперці Альховіка, адных бацькавых пісем было недастаткова, хаця напужаць імі можна. Што ні кажы, ніхто не ведае, якія яшчэ грахі цягнуцца за ім. Пашэнціла з сястрой Гнацюка і з даваенным сямейным фотаздымкам. 3 такім арсеналам доказаў прымусіць Альховіка сказаць праўду было няцяжка, толькі ж ці ёсць у яго золата? Мяне цікавіла толькі яно, а не тое, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі праз пяцьдзесят год будзе выкрываць сапраўдную дзейнасць падчас вайны нейкага Альховіка-Гнацюка. Я пайшла на хітрасць, сказала старому, што, калі ён дасць мне дзесяць залатых манет, я пра ягонае існаванне забудуся. Ён, ёлупень, клюнуў, пятачкі залатыя царскай чаканкі і высыпаў на наступны дзень. Лескавец дапамог мне прадаць золата. Толькі і яму я ні слова, ні паўслова пра Альховіка. Сказала, што ў спадчыну ад бабулі дасталіся манеткі.