• Газеты, часопісы і г.д.
  • Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

    Шлях да Галгофы

    Віктар Праўдзін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 254с.
    Мінск 2003
    58.78 МБ
    — А мог Лескавец пісьмы вашага бацькі прачытаць? — спытаў Смаляк.
    — Думаю, не,— няўпэўнена адказала Вярбіцкая,— А праз тыдзень аб’явіўся Куклазе, і мы з Лескаўцом разышліся. У той дзень, калі старая Шашок патэлефанавала і прыгразіла, што аднясе вам бутэлечку з атрутай, я па-сапраўднаму спужалася. I было з чаго: на карту пастаўлены мой далейшы лёс,
    багатае жыццё ў Фінляндыі ці ў іншым месцы, дзе я захачу. Я прыгадала Лескаўца і паабяцала яму дваццаць залатых манет, калі ён пазбавіць мяне ад старой Шашок. Як ні дзіўна, але Лескавец пагадзіўся, а што было далей, вы ведаеце.
    — Ён адразу пагадзіўся?
    -— He, папрасіў гадзіну на роздум.
    — Ці сустракаліся з Лескаўцом пасля дарожнага здарэння? — удакладніў Смаляк.
    — Два разы,— згодна кіўнула Вярбіцкая.— Першы — пры разліку, другі — калі стала вядома, што старая засталася жывая. Мне прыйшлося пераконваць Лескаўца з’ехаць за мяжу.
    — Дзе ён цяпер?
    — Гэтага я не ведаю.
    — Добра, зноў прыгадаем Альховіка,— Смаляк доўгім, уважлівым позіркам паглядзеў на Вярбіцкую.
    Ён хацеў ведаць сапраўдную прычыну, чаму яна атруціла старога і тым самым наклікала на сябе бяду. Што штурхнула яе на крайнасць, калі ў гэтым не было патрэбы? Дачакайся Вярбіцкая смерці Альховіка — і ўсё было б пахавана разам з ім.
    — Хочаце ведаць праўду, чаму я яго атруціла? — быццам прачытала думкі следчага Вярбіцкая.
    — Хачу.
    — Спужалася,— наіўна ўсміхнулася Вярбіцкая.— Гэта ён для дактароў заўсёды нямоглы і хворы: і там баліць, і тут коле, а на самой справе дзядок вылучаўся зайздросным здароўем. Вы, пэўна, падумалі, што ён паміраў і мне заставалася пачакаць тыдзень-другі? Як бы не так! Альховік збіраўся жыць не меней як сто гадоў. Думаеце, чаму ён узяў мяне служкай, каб суп варыла ды харч з магазіна прыносіла? Гэта магла зрабіць і суседка Казіміра Францаўна, а са мной ён хацеў спаць... I не смейцеся,— Вярбіцкая заўважыла, як міжволі ўсміхнуўся Смаляк,— ён мяне дамагаўся, ажно пакуль я не прыехала з Масквы і не прыперла старога пралюбадзея фотаздымкам. Трэба было бачыць, як ён закруціўся, бы ўюн на патэльні. Пасля гэтага Альховік пачаў баяцца мяне, а я яго, можа, нават яшчэ больш.
    — Таму і атруцілі?
    — He толькі. На той момант я дакладна ведала, што золата Альховік хавае ў хаце. Ведала, а ўзяць не магла. Вось і вырашыла патрошкі падсыпаць атруту то ў ваду, то ў суп ці кашу. Калі стары скапыціўся і ўжо не падымаўся, распачала пошукі. Частку знайшла ў невялікай бочцы, у якой рос фікус, другую...
    — Другая была закапана пад падлогай? — не вытрымаў Смаляк.
    — Так. I яшчэ адна акалічнасць: я не магла чакаць, Куклазе прыспешваў ехаць у Фінляндыю.
    У гэты момант дзверы адчыніліся і на парозе ўзнікла рашучая, мажная постаць маёра Зубенкі. За ягонай спінай віднелася кучаравая галава Загірава.
    — He перашкодзілі? — няўпэўнена спытаў маёр, які прытрымліваў дзверцу рукой і быў гатовы ў любы момант уключыць заднюю «перадачу».
    — Наадварот,— прасвятлеў тварам Смаляк,— нам з Таццянай Фёдараўнай цікава ведаць, ці затрымалі КуклазеВітаўса.
    Зубенка скасавурыўся на Вярбіцкую, усім выглядам паказваючы, што пры ёй гаварыць пра аператыўна-вышуковыя справы непажадана.
    — Нічога, Анатоль Пятровіч,— зразумеў маёра Смаляк.— Зрэшты, Таццяна Фёдараўна расказала пра золата, так што таямніцы тут няма.
    — Ну, калі так,— незадаволена прабурчэў Зубенка і, сядаючы ў крэсла, важна прагаварыў: — У два месцы не паспелі,— і, крыху памаўчаўшы, удакладніў: — На чыгуначны вакзал і на саракавы кіламетр.
    — Ну? — нецярпліва ўскрыкнуў Смаляк.— А ў Шашкоў?
    — А ў Шашкоў пакінуў засаду,— выдыхнуў Зубенка і таропка дадаў: — Ноччу Куклазе абавязкова прыйдзе, пяць кіляў золата засцяць вочы...
    — Адкуль ты ведаеш, што там менавіта пяць кілаграмаў? — насцярожана спытаў Смаляк і перавёў позірк на Вярбіцкую.
    — Як адкуль? — пакрыўджана прабасіў Зубенка.— Твой падпалкоўнік Ігнацьеў на бязмене ўзважыў, так, Вілі?
    — Так,— пацвердзіў Загіраў.
    — Які падпалкоўнік? Які бязмен? — прадчуваючы нядобрае, амаль прашаптаў Смаляк.— Я нікога туды не пасылаў.
    — Што?! — паволі ўзняўся на ногі Зубенка.
    На некалькі хвілін у пакоі ўсталявалася мёртвая цішыня. Смаляк глядзеў на Зубенку, Зубенка на Загірава. Стажор ускочыў на ногі і, пераводзячы позірк з настаўніка на Смаляка, адным духам, крыху заікаючыся, выпаліў:
    — Нас падвезлі да Шашкоў... Сабака, будка на месцы... У хаце падпалкоўнік у міліцэйскай форме, прадставіўся Ігнацьевым з Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю... Шашок для яго выкапаў золата з-пад сабачай будкі, і ён пісаў акт выемкі... Важыў бязменам... Тэлефанаваў вам, Васіль Мікалаевіч, прасіў машыну... Пакінуў свой тэлефон...
    Загіраў выцягнуў з кішэні некалькі разоў перакладзеную паперку, разгарнуў і паклаў на стол. Смаляк абхапіў галаву рукамі, Зубенка, усё яшчэ на нешта спадзеючыся, хутка набраў нумар, пазначаны Загіравым. Праз секунду паклаў трубку на месца і чамусьці шэптам прагаварыў:
    — Пахавальнае бюро...
    — Ха-ха-ха,— зайшлася істэрычным смехам Вярбіцкая,— сышчыкі, маць вашу...
    Яна ўхапіла шклянку з вадой, прыгубіла, зубы дробна застукалі па шклу.
    Зубенка ўзяў са стала фотаздымкі Куклазе, падышоў да Загірава.
    — Гэты падпалкоўнік?
    — Ён, толькі без акуляраў,— патупіўся стажор і заліўся чырванню.
    — Анатоль Пятровіч,— афіцыйна звярнуўся да Зубенкі Смаляк,— цяпер восем гадзін вечара, папрашу раніцай пісьмова далажыць начальству пра вашыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.
    — Будзе зроблена,— адрапартаваў Зубенка.
    — Думаю, нас усіх ад справы адхіляць,— роспачна, быццам між іншым, зазначыў Смаляк.
    — Да раніцы яшчэ цэлая ноч,— рашуча секануў рукой паветра Зубенка і крутнуўся на выхад, кінуўшы на хаду: — Вілі, за мной...
    Загіраў, хаваючы вочы, развітаўся са Смаляком і матроскай паходкай, шырока і цяжка ставячы ногі, пасунуўся ўслед за Зубенкам. Ён пачуваў сябе пагана, пачуццё асабістай непаўнацэннасці прыніжала, ірвала душу на часткі. Невядома, чым магло б усё скончыцца, каб не маёр, які цярпліва чакаў стажора на вуліцы ля машыны. Загіраў, пакуль ішоў, зрабіў для сябе выснову, што стажыроўка сённяшнім днём скончылася, а магчыма, і служба ў міліцыі. Ён у нерашучасці спыніўся зводдаль ад Зубенкі, узняў на яго самотны, невідушчы позірк і, не ведаючы, што гаварыць, пераступіў з нагі на нагу. Маёр стаяў, засунуўшы рукі ў кішэні, і прыхільна ўсміхаўся.
    — Што зажурыўся, не чакаў такой свінні? Практыка, Вілі, лепшы настаўнік, цяпер усё жыццё будзеш памятаць гэты ўрок. Думаю, дзве запаведзі сышчыка ты сёння засвоіў: першая — давярай, ды правярай, другая больш тычыцца мяне,—■ Зубенка пачухаў патыліцу,— не ўзвышай сябе, бо заўсёды знойдзецца разумнейшы і хітрэйшы.
    Загіраву ў гэтую хвіліну лягчэй было выслухаць натацыю, чым спачуванне, але пасля маёравых слоў быццам камень зваліўся з душы, даўкі, саланаваты камяк падступіў пад самае горла, і каб хтосьці яму сказаў: «Паплач, Вілі!» — ён, пэўна, расплакаўся б. Загіраў нават не заўважыў, як Зубенка сеў у чырвоны «жыгуль», і поўнасцю ачуняў, калі з прачыненых дзверцаў машыны даляцеў грубаваты маёраў голас:
    — Ты што, аслупянеў? Паехалі, кожная хвіліна дарагога каштуе!
    — Куды едзем? — уладкоўваючыся побач з Зубенкам, спытаў Загіраў.
    Маёр не адказаў, ён завёў машыну, даў задні ход, развярнуўся і, выязджаючы на вуліцу, паказаў правы паварот.
    — А куды мы паедзем, скажаш ты.
    Праз хвіліну машына ўлілася ў вулічнае шматгалоссе.
    Спыніўшыся на скрыжаванні на чырвоны святлафор, Зубенка ўдакладніў:
    — Ты займаўся фірмай, дзе працаваў Лескавец?
    — Я.
    — Колькі там штатных адзінак?
    — Чатыры,— не разумеючы, куды хіліць маёр, адказаў Загіраў.
    — Усяго чатыры,— зазначыў Зубенка.— Думаю, дзейнасцю «Белпрампуша» будзе каму пацікавіцца. Ведаючы, хто такія Лескавец і Вітаўс, я перакананы: гэтая фірма прыкрывае нейкую крымінальную арганізацыю, займаецца адмываннем крымінальных грошай. Толькі я пра іншае: жанчыны там працуюць?
    — Так, бухгалтарка і сакратарка.
    — Якога яны ўзросту?
    — Бухгалтарка—-пенсіянерка, а сакратарцы... Вось куды вы хіліце! — нарэшце зразумеў маёра Загіраў. Ён выцягнуў з кішэні занатоўнік, разгарнуў і ўслых прачытаў: — Вера Рыгораўна Іўчык, адна тысяча дзевяцьсот семдзесят другога года нараджэння, пражывае па адрасу: праспект Пушкіна, дом трыццаць, кватэра...
    — Да Веры Рыгораўны і паедзем,— перапыніў стажора маёр.— Думаю, цікавая ў нас атрымаецца размова...
    Дзверы адчыніла кідка-прыгожая чарнабровая брунетка ў блакітным караткаватым халаціку. Чорныя доўгія валасы спадалі на плечы, кудзеркамі віліся на скронях, выразныя, крыху раскосыя вочы глядзелі на Зубенку і Загірава насцярожана, нават палахліва. Даведаўшыся, што яны з міліцыі, палахлівасць і няўпэўненасць зніклі, як і не было. Яна глядзела на сышчыкаў з непрыхаванай пагардай.
    — Што трэба? — зляцела з прыгожых ярка-чырвоных вуснаў,— Я не выклікала...
    — Мы самі прыйшлі,— з выклікам прагаварыў Зубенка і, не чакаючы запрашэння, адхіліўшы рукой гаспадыню, прайшоў у шыкоўна абстаўлены пакой.— Вы Вера Рыгораўна?
    ■— Я Вера Рыгораўна, а што вам трэба? — ускрыкнула Іўчык.
    — Хто яшчэ ёсць у кватэры? — спытаў Зубенка.
    Ён ведаў, што дзяўчына ў пакоі адна, балкона не было, a Загіраў ужо крутнуўся на кухню і ў ванную.
    — Што гэта ўсё значыць? — дрыжачым голасам спытала Іўчык.— Па якому праву?!
    — А вы, Вера Рыгораўна, прысядзьце,— спакойна, не зважаючы на агрэсіўнасць гаспадыні, прагаварыў Зубенка.— Мы шукаем Лескаўца, вашага шэфа. Ён падазраецца ў цяжкіх злачынствах, вісіць на ім і забойства.
    Пачуўшы пра Лескаўца, Іўчык сумелася, вочы неспакойна забегалі, шчокі пачырванелі, твар ад нечаканасці выцягнуўся ў нямым здзіўленні. Яна, нервова кусаючы вусны, села ў мяккае крэсла, быццам патанула ў ім, рукі машынальна спрабавалі прыкрыць крысом халата высока аголеныя ногі, і калі гэта не ўдалося, яна паклала на калені блакітную, як і халат, невялікую падушку.
    — Толькі я ні пры чым,— з цяжкасцю перасільваючы хваляванне, ці то спыталася, ці то спрабавала запэўніць міліцыянераў Іўчык.
    — Калі вы апошні раз бачылі Лескаўца?
    — Крыху больш тыдня мінула. Ён самалётам адлятаў у Варшаву ў камандзіроўку, я праводзіла,— засяроджана адказала дзяўчына і раптам спалохана, па-дзіцячы шморгнуўшы носам, спыталася: -— Выходзіць, ён уцёк?