Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— Выходзіць,— пагадзіўся Зубенка.
— А як жа я? — са слязьмі на вачах плаксіва прагаварыла Іўчык.— Яны ж мне грошы абяцалі...
— Якія грошы, хто і за што?
Іўчык адразу спахапілася і, зразумеўшы, што сказала лішняе, яшчэ больш пачырванела. Было відавочна, што гаспадыня на раздарожжы, ёй сорамна ў нечым прызнацца. Зубенка зразумеў нерашучасць сакратаркі Лескаўца па-свойму і, надаўшы голасу начальніцкую цвёрдасць, пайшоў у наступ.
— Вера Рыгораўна, а вас не засмучае той факт, што мы прыйшлі не да каго-небудзь, а да вас?
Іўчык не адказала, яны выструнена сядзела ў крэсле і нервова, з усёй сілай камячыла рукамі падушку, што ляжала на каленях.
— А прыйшлі мы да вас таму, што ведаем, якія грошы і за што вінен Лескавец...
Зубенка хітрыў, ён здагадваўся, якая ў душы Іўчык ідзе барацьба: з аднаго боку, ёй зусім не хочацца хоць на кроплю скампраметаваць сябе, а з другога — з’явілася рэальная магчымасць адпомсціць Лескаўцу за падман. Праўда, яна не вельмі разумее, як гэта зрабіць практычна, але ж, калі раскажа міліцыі ўсё, пра што ні спытаюць...
— Мы шмат ведаем,— працягваў Зубенка,— і калі інфармацыя пацвердзіцца, а дакладней, калі яна стане вядома быццам бы ад вас, знікне патрэба выклікаць Веру Рыгораўну Іўчык як сведку ў суд.
— Я не хачу ў суд,— схамянулася дзяўчына.— Пытайце, я ўсё раскажу.
Зубенка сядзеў суровы і непрыступны, ён ні жэстам, ні мімікай не паказаў свайго задавальнення.
■—Якія абавязкі вы выконвалі ў фірме «Белпрампуш»? — адразу зляцела з ягоных вуснаў.
— Была сакратаркай,— ускінула на маёра нявінныя вочы дзяўчына, але, наткнуўшыся на патрабавальна-суровы позірк Зубенкі, патупілася і, цяжка ўздыхнуўшы, дадала: — Афіцыйна была сакратаркай, а неафіцыйна забаўляла патрэбных Лескаўцу мужчын.
— Гэтага таксама? — Зубенка паказаў фотаздымак Куклазе-Вітаўса.
Іўчык кінула хуткі позірк і згодна кіўнула:
— I яго...
— Вера,— пацяплеў голас Зубенкі,— нам патрэбны падрабязнасці.
— Вы ненармальныя! — зноў пачала нервавацца Іўчык.— Якія падрабязнасці? Вам хочацца ведаць, што і як мы рабілі?
— Ты няправільна зразумела,— канфузліва кашлянуў у кулак маёр.—Ты ж не ў офісе фірмы гэтым займалася?
— 3 гэтым было і ў офісе, — адказала сакратарка і, губляючы цярпенне, ускрыкнула: — Што вы ад мяне хочаце?
— Хто ён? — спрабуючы перавесці размову ў іншы кірунак, спытаў Зубенка.
— Альберт Пятровіч... Прозвішча не ведаю. Лескавец на падпітку зваў яго «Артыстам».
— Вы куды-небудзь з ім выязджалі? Нам трэба ведаць усе месцы, дзе ён любіў паяўляцца.
Дзяўчына на хвіліну задумалася.
— Так трэба было і сказаць,— усміхнулася яна,— a то дзе ды як... Альберт Пятровіч — даўні сябра Лескаўца і яшчэ ён вялікі аматар папарыцца, ды каб лазня абавязкова была выцеплена, як даўней, па-чорнаму.
— Так, так, ужо цяплей,— падахвоціў сакратарку Зубенка.
— Мы разы тры ці чатыры ездзілі ў лазню да нейкага ненармальнага дзеда. Жыве адзін сярод лесу, усяго за кіламетр ад польскай мяжы,— Іўчык паглядзела на Зубенку.— Альберт Пятровіч неяк п’яны сказаў, што надзейней месца і чалавека няма. Яны звалі дзеда Бабром.
— А чаму гэты Бабёр ненармальны? Толькі таму, што жыве адзін у глушы?
— He толькі. У яго ёсць лось, ды не дзікі, а прыручаны. Дзед гэты, як нап’ецца, запрагае лася ў фурманку і катае нас... I яшчэ, ён глуханямы і ў яго падучая... Напужаў мяне да паўсмерці.
Зубенка з Загіравым пераглянуліся. Маёр інтуітыўна адчуў, дзе трэба шукаць Куклазе-Вітаўса. Злачынец добра разумее, што ўся міліцыя пастаўлена на ногі і цяпер лепш за ўсё залегчы, адсядзецца ў надзейным месцы.
— Вера, а ты памятаеш назву вёскі ці хутара, дзе жыве дзед? — удакладніў Зубенка.
— Назвы аніякай там не бачыла, гэта ў накірунку Брэста, непадалёк ад памежнага перахода Казловічы.
— Паказаць зможаш?
— Я нікуды не паеду,— падхапілася на ногі Іўчык,— такога ўгавору не было.
— Цябе ніхто не ўбачыць,— узняўся Зубенка,— пакажаш хутар і адразу дадому.
— Што, прама цяпер паедзем? — здзіўлена спыталася сакратарка.— Хутка ноч, а туды піліць і піліць. I потым, мне заўтра на работу.
— Вера, якая работа? — паблажліва ўсміхнуўся маёр.— Такой фірмы як «Белпрампуш» больш не існуе...
15
Праз дваццаць хвілін Зубенка зрабіў чарговы паварот, і машына, хістануўшыся, выруліла на кальцавую дарогу.
Загіраў раз, другі запытальна паглядзеў на настаўніка і нарэшце не вытрымаў:
— Анатоль Пятровіч, у аддзел за дапамогай заязджаць не будзем?
Зубенка і брывом не павёў, як і не чуў. У гэты момант ён кінуў машыну на абгон вялізнай фуры, потым была яшчэ адна і яшчэ... I толькі калі горад застаўся ззаду і яны мінулі пост ДАІ, Зубенка, быццам супакойваючы самога сябе, уздыхнуў:
— Пераможцаў не судзяць...
Загіраў больш ні пра што не пытаўся, ён зразумеў маёра па-свойму і быў недалёка ад праўды. Па-першае, Зубенку не хацелася з’яўляцца ў аддзел з фактамі, якія прадыктаваў Куклазе-Вітаўс, і наткнуцца на начальніка. Гэта азначала, што іх маілі адлучыць ад справы, не дачакаўшыся раніцы. Па-другое, і гэта было асноўнае, губляўся час. Пакуль збяруць групу захопу, складуць план дзеянняў, узгодняць з вышэйшымі інстанцыямі, і сонца ўзыдзе... He, яны павінны дзейнічаць самастойна, хутка і нечакана. Зубенка разумеў, якой рызыцы ён падвяргае сябе і Загірава, у іх нават пісталет адзін на дваіх... Колькі разоў прасіў начальства замацаваць за стажорам зброю, адказ адзін: «Не маем права, стажору не паложана». Быццам складзены чалавек з іншага матэрыялу, а вучоная куля спытаецца, хто на ейным шляху, сапраўд-
ны сышчык ці толькі стажор, а даведаўшыся, абміне, праляціць міма.
Ім не шэнціла. Два разы сакратарка Лескаўца памылялася, збочвалі з шашы раней патрэбнага і, прапыліўшы па гравійцы з добры дзесятак кіламетраў, вярталіся. I толькі за трэцім разам дзяўчына пазнала прыкмету — вялізны камень-валун, на якім якісьці жартаўнік намаляваў белай фарбай вялізную чалавечую галаву з вусамі ў выглядзе складзенай з пяці пальцаў фігі. Дваццаць кіламетраў ехалі гравійкай, Зубенка прыкмеціў на спідометры, потым яшчэ пяць полем, пакуль святло фар не выхапіла з цемры бярозавы гай.
-— Тут недалёка,— падала голас Іўчык і, перасільваючы страх, дадала: — Трэба стаць, каб не пачулі.
Маёр збочыў, наколькі гэта было магчыма, заглушыў рухавік, выключыў святло.
— У дзеда ёсць сабакі? — крутнуўся Зубенка да дзяўчыны.
— Два былі, але Лескавец, як прыехалі першы раз, іх застрэліў. Дзед глухі, а сабакі кідаліся на нас, як шалёныя, ніякай рады даць не маглі. Ну іх і...
— Гэта добра,— задаволена прабасіў Зубенка і бадзёра загадаў: — Вілі, пайшлі, ды не забудзься радыёстанцыю, a ты, Вера, тут пасядзі.— Маёр пачакаў, пакуль стажор вылез з машыны, сам зачыніў з сярэдзіны дзверцы, дастаў з дыпламата радыёстанцыю і ліхтарык.
— Я баюся...— плаксіва ўзмалілася сакратарка Лескаўца.— He пакідайце мяне!
— Вера,— як мага лагодней прагаварыў маёр,—ты зрабіла добрую справу, але зразумей: я не магу, не маю права адправіць да глуханямога аднаго Загірава. Пацярпі паўгадзінкі.
Зубенка паспешліва вылез з машыны, замкнуў дзверцу на ключ і накіраваўся да Загірава, які чакаў зводдаль. Некалькі хвілін ішлі моўчкі, плячо ў плячо, пакуль не адчулі пад нагамі мяккі, рыпучы пясок. Маёр раптам спыніўся, прысеў на кукішкі, тузануў Загірава за калашыну.
— Прысядзь і захіні святло,— прашаптаў Зубенка.
Загіраў выканаў загад настаўніка, і ў наступную хвіліну крыху жаўтаватае святло ліхтара выразна абазначыла на зямлі след пратэктара легкавой машыны.
— Куклазе тут! — дрыжачым голасам узбуджана прашаптаў стажор.
— Можа, і тут,— водзячы пальцамі па адбітках на пяску, няўпэўнена пагадзіўся Зубенка.— Толькі зірні: вось след ад пратэкгара, які кіраваўся да хаты, а крыху збоку другі, бачыш?
— Машына заехала і выехала...
— Так, відавочна, Куклазе прыязджаў, а вось ці застаўся ён у глуханямога, невядома.
Зубенка выключыў ліхтарык, сышчыкі разам, як па камандзе, узняліся і, не згаворваючыся, трусцой пабеглі па ледзь прыкметнай уначы лясной дарозе. Метраў праз трыста дарога рэзка скіравала ўлева, і сышчыкі нечакана апынуліся на вялікай паляне. Непадалёк, справа ад іх, трывожна заіржаў нябачны няпрошаным гасцям конь, і адразу забразгатаў ланцуг, на якім ён быў навязаны. Непадалёк, за высокай агароджай, хтосьці вялікі і магутны замітусіўся, засоп, затупаў капытамі. Гэтыя гукі адразу падхапіла рэха, і панёсся па лесе тупат і металічны перазвон.
— Лось, пра якога гаварыла Іўчык,— прашаптаў Зубенка, і яны, прыгінаючыся, подбегам скіравалі да хаты, адкуль ужо неслася казінае бляянне і свінячае рохканне.
«А гэты глуханямы добры гаспадар»,— падумаў Зубенка і залёг за капешкай сена. Ён націснуў на кнопку падсветкі гадзінніка, было дзве гадзіны ночы. Загіраў сцішыўся за вялізным дрэвам і напружана слухаў, ці не падасць хто голас у хаце, але ўсё было ціха. Зубенка дачакаўся, калі выкліканае іх паяўленнем бляянне і рохканне скончыцца, і рыўком дабег да вугла хаты. Ён прысеў: сцішыўся і азірнуўся на дрэва, за якім стаяў Загіраў. Аканіцы былі шчыльна зачыненыя і замкнёныя. Зубенка выцягнуў з кабуры пісталет, даслаў кулю ў патроннік і, трымаючы зброю напагатове, пасунуўся ўздоўж сцяны. Мінуў адно акно, другое, каля трэцяга спыніўся, яно было без аканіц. 3 хаты даносілася нейкае незразумелае пры-
глушанае храбусценне, падобнае на тое, калі сабака грызе костку. Зубенка затаіўся, прыслухаўся, і толькі праз пэўны час да яго дайшло, што гэта не што іншае, як чалавечы храп. Ён, прыгнуўшыся, джгануў пад акном, абышоў прыбудову, нешта накшталт веранды, і ўбачыў, як насустрач яму паўз сцяну кіруе Загіраў.
— Абышоў хату вакол, усё ціха, — прашаптаў стажор,— вокны зачыненыя, быццам ніхто тут не жыве.
— Жывуць,— запэўніў Загірава Зубенка.— Хтосьці спіць каля крайняга ад нас акна і храпіць так, што мерцвяка ўздыме.
— А што, глуханямы можа храпець?
— Зараз праверым, хто там такі! — паціху націскаючы рукой на дзверыну, выдыхнуў Зубенка.
Дзверына не падалася, была зачынена на кручок з сярэдзіны. Маёр выцягнуў з кішэні сцізорык, расклаў, прасунуў лязо ў шчыліну вострым уверх. Ён павольна падняў руку, пакуль лязо не ўперлася ў металічны крук, асцярожна зняў яго і, прытрымліваючы рукой дзверыну, якая, нечакана адчуўшы вольнасць, рэзка расчынілася, увайшоў у сенцы. Патыхнула кісла-прэлым, як у перапоўненай вайскоўцамі казарме, і мышамі. Зубенка ўключыў ліхтарык. Дзверы ў правы пакой, адкуль даносіўся храп, былі расчыненыя, на ўваходзе валяліся смярдзючыя анучы і гумавыя боты.