Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— А кажуць, ты спіш,— выскаляючыся ў шчырай, радаснай усмешцы, прашаптаў ён і, піхнуўшы локцем Смаляка, дадаў: — Васіль Мікалаевіч, глянь, які маладзец мой вучань!
— Прывітанне, Вілі,— усміхнуўся Смаляк — Ну, як ты?
— Я добра...— адказаў Загіраў і перавёў позірк на Зубенку: — Анатоль Пятровіч, я не паспеў перадаць каардынаты Куклазе-Вітаўса, першы раз у жыцці з каня зваліўся, і трэба ж было ў такі момант!
— Вось што цябе хвалюе,— пасур’ёзнеў маёр.— Ты, Вілі, каардынаты перадаў, ды яшчэ якія. Пасля першага стрэлу не прайшло і пяці хвілін, як мы былі на месцы. 3 тваёй дапамогай затрымалі ўсіх, і Вітаўса таксама. А з каня ты, браток, не зваліўся, застрэлілі яго пад табой.
— А той другі, што страляў?
— I другога затрымалі. Гэта быў Лескавец, так што твой план удаўся, не хвалюйся. А мы, урэшце, па справе,— Зубенка і Смаляк разам азірнуліся на дзверы: — Павіншаваць прыйшлі. Цябе прадставілі да дзяржаўнай узнагароды...
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але ў гэты момант дзверы адчыніліся, на парозе ўзнік невысокі, з жорсткімі рысамі твару чалавек, па ўсім, доктар. Смаляк і Зубенка, быццам дзеці, якія зрабілі нешта забароненае, разам падміргнулі Загіраву і моўчкі, на дыбачках пайшлі на выхад. Вілі ўжо не чуў, пра што яны гаварылі з докгарам, яму ў гэтую хвіліну
зрабілася добра і спакойна, усе трывогі адступілі і неймаверная сіла заплюшчвала вочы. Ён заснуў ціхамірным, здаровым сном.
Смаляк і Зубенка на калідоры моўчкі выслухалі прэтэнзіі медыцынскай сястры за тое, што тайком прайшлі да хворага, падзякавалі докгару, чым вельмі яго здзівілі, і ў выдатным настроі выйшлі з бальніцы.
— Паедзем? — прапанаваў Смаляк.
— Адпусці машыну, хочацца прайсціся,— папрасіў Зубенка.
Яны доўга ішлі моўчкі, але іх думкі былі амаль аднолькавыя. Галоўнае, што жыццю Загірава больш нічога не пагражала, крызіс мінаваў...
Зваліўшыся з каня, Загіраў атрымаў цяжкую траўму галавы, і менавіта гэтая акалічнасць выратавала яму жыццё. Лескавец страляў у яго і забіў каня. Загіраў першым жа стрэлам напавал улажыў бандыта. Убачыўшы мёртвага сябрука, Вітаўс ашалеў, яго нішто не магло стрымаць. Ён вярнуўся, каб забіць Загірава, але, убачыўшы акрываўленую галаву, безжыццёвае цела, палічыў за мёртвага. Калі папраўдзе, у Вітаўса быў шанц уцячы, калі б ён не вяртаўся да Загірава...
— Як ідзе расследаванне? — парушыў маўчанне Зубенка.
— Практычна завершана. Вітаўс, Лескавец і глуханямы Раманюк даўно займаліся кантрабандай, як перапраўлялі тавар праз мяжу, ты ведаеш. I вось да Лескаўца, які быў каханкам Вярбіцкай, трапляе пісьмо яе хворага бацькі. Лескавец паказаў яго завадатару злачыннай групы Вітаўсу, і той паверыў напісанаму, распрацаваў план, па якім потым і дзейнічалі. Так што не пашэнціла Вярбіцкай з замежным мужам, як адказала пасольства, няма такога ў Фінляндьіі, ён наш прайдзісвет... Вось і ўсё. У цябе, я чуў, непрыемнасці?
— Ерунда,— бадзёра падміргнуў Зубенка Смаляку. — Галоўнае, Вілі будзе жыць.
— I ўсё ж?
— Са мной, Васіль, усё проста і правільна. За дапушчаныя памылкі ў аператыўна-вышуковай дзейнасці, самаўпраўства і перадачу зброі Загіраву з сённяшняга дня я не маёр, a капітан...
— Значыцца, судзяць і пераможцаў! — стрымана зазначыў Смаляк. Яны прыпыніліся каля ўвахода ў рэстаран.— Анатоль, прачытай назву.
— «Ры-зы-ка»,— услых па складах прачытаў Зубенка і гучна засмяяўся.— Хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага! Гэта лёс, зойдзем?!
— Рызыкнём...
1996—1997
ШЛЯХ ДА ГАЛГОФЫ
1
Ляшкевіч вось ужо некалькі гадзін сядзіць на драўлянай лаве ля акна ў невялікім душным будынку вакзала і раз-пораз кідае пільныя позіркі на вуліцу. Хтосьці можа падумаць, што хударлявы мужчына ў старой чорнай ватоўцы, картовых, незразумелага колеру штанах і кірзачах, халявы якіх свецяцца дзіркамі, кагосьці напружана чакае. Але Ляшкевіча нічога на вуліцы не цікавіць, яму проста прыемна сядзець тут, у гэтым душным гаманлівым памяшканні, сярод вялікага гурту людзей, быць такім, як яны, слухаць грукат колаў цяжкіх цягнікоў і чакаць. Напачатку, калі сюды ўвайшоў, вакзальнае шматгалоссе збянтэжыла, нават напалохала, здалося, што ўсе прысутныя разглядаюць яго, і сутулаваты Ляшкевіч адчуў сябе на месцы чалавека, які спазніўся на нейкае важнае паседжанне, і, каб нікому не перашкаджаць, горбячыся, шпарка крутнуўся на вольнае месца ля акна. Што ні кажы, а два гады няволі наклалі свой адбітак на характар і паводзіны Ляшкевіча, ён адчуў, што павінен прывыкнуць да людзей, да людской мітусні, занава ўспрыняць звычайныя чалавечыя паводзіны. Прайшоў пэўны час, і былы вязень паціху супакоіўся, абвыкся і стаў, як усе, пасажырам. А душу перапаўняла пачуццё ўзнёсласці, вольнасці, якое драмала да гэтага часу дзесьці ўсярэдзіне, каля самага сэрца, і толькі сёння вольнай птушкай вырвалася вонкі, пасля таго як за спінай злавесна бразнулі замкамі вялізныя турэмныя дзверы ды знікла ў канцы вуліцы падобная да павука будыніна з іржавымі кратамі на вокнах.
Ляшкевіч пазіраў у акно і бесклапотна ўсміхаўся, калі раптам людскую гаману, грукаценне цягніка бы працяў пісклява-патрабавальны плач немаўляткі. Ляшкевіча скаланула, рука звыклым рухам міжволі намацала кішэню, дзе разам з пісьмамі, старанна загорнутымі ў цэлафан, ляжаў сынаў фотаздымак. Млява-радасна заныла сэрца, добрая цеплыня падступіла да горла, і Ляшкевіч з замілаваннем паглядзеў на жанчыну, якая ласкава туліла дзіця да грудзей і пяшчотна дакраналася вуснамі да шчок, лобіка, вочак, ажно пакуль малы не сцішыўся.
«Майму Андрэйку хутка споўніцца два гады»,— падумаў Ляшкевіч і адразу ўявіў свой прыезд дадому, як падхопіць на рукі шчаслівага сына, а да пляча радасна прытуліцца ўсхваляваная Алеся. He адну ноч ён пра гэта марыў, чакаў сустрэчы, жыў ёю, і вось нарэшце воля!..
— Грамадзянін! — раптам парушыў успаміны грубы мужчынскі голас.— Прад’явіце вашы дакументы.
Ляшкевіч ад нечаканасці скалануўся, слізгануў спалоханым позіркам па наглянцаваных ботах, шэрым шынялі, які быў падпяразаны новымі рыпучымі рамянямі, і па звычцы хуценька ўскочыў на ногі.
— Вось, грамадзянін начальнік, даведка,— паспешліва выцягнуў паперу Ляшкевіч і засяроджана знерухомеў, узіраючыся ў твар міліцыянера, сілячыся зразумець, чым выклікана праверка дакументаў.
Невялікага росту тоўсты старшына задаволена крактануў, неяк стомлена, паволі, усёмагутна-строгім позіркам агледзеў Ляшкевіча, залу чакання, мажная сківіца ганарліва тузанулася ўгору, плечы, жывот быццам сталі шырэйшымі. Усім выглядам міліцыянер паказваў, што і сапраўды ён тут самы вялікі начальнік.
— Та-а-ак, значыцца, адкінуўся? — расцягваючы кожнае слова, урэшце прагаварыў міліцыянер, і ў калючых шэрых вочках мільгануў нядобры агеньчык.
«Адкуль ён зваліўся на маю галаву?» — падумаў Ляшкевіч, а ўслых сцішана, але цвёрда адказаў:
— Мяне вызвалілі датэрмінова за прыкладныя паводзіны...
— У тых мясцінах твае паводзіны маглі быць і прыкладнымі,— жорстка перапыніў Ляшкевіча старшына,— a на волі даверу датэрміноўцам няма, яго трэба заслужыць.
— Дык я ж не злодзей,— пакрыўджана запярэчыў Ляшкевіч,— і пакараны быў за іншае...
— Для нас не мае значэння, за што сядзеў, гэта твае праблемы. Важна, што ты быў у «гаспадара»...
Міліцыянер грэбліва сунуў даведку ў рукі збянтэжанаму Ляшкевічу, паволі павярнуўся і, заклаўшы рукі за спіну, з годнасцю пасунуўся да выхаду, але праз некалькі крокаў спыніўся.
— Ты вось што,— непрыязна прагаварыў ён,— каб ніякіх праблем на вакзале не ствараў, лічы, што я афіцыйна цябе папярэдзіў. Мне добра вядомы ваш брат, не паспее гэткі датэрміновы з’явіцца, а ўжо зыркае, дзе што дрэнна ляжыць, мяне ж начальства за недагляд прэмій пазбаўляе...
Ляшкевіч адчуў, як скаланулася сэрца, як знікла бязмежная радасць, што некалькі хвілін таму перапаўняла яго, як паціху, крадучыся, бы звер, душу запаланіў смутак і боль. Ён разгублена паглядзеў на даведку аб вызваленні, на каржакаватую постаць міліцыянера і не зразумеў, чаму яго так абразілі. Хіба тэрмін, адбыты ў калоніі, нічога не значыць? Для чаго ж тады гэтая паперка, калі для міліцыянера ён усё роўна застаўся вязнем? Ляшкевіча перапаўняла жаданне дагнаць старшыну і запатрабаваць тлумачэнняў, але ў гэты момант чарга ў буфет заварушылася, пачуліся незадаволеныя крыкі, дзінькнула бітае шкло. 3 дзвярэй вышмыгнула буфетчыца ў рудым халаце, які быў калісьці белым, і, убачыўшы міліцыянера, кінулася да яго.
— Вася, памагай, тут хуліганнё абнаглела, кнігу скаргаў патрабуюць! — ухапіла яна старшыну за рукаў шыняля.
— Разбяромся! — юрліва ўсміхнуўся міліцыянер, быццам чакаў, калі буфетчыца звернецца да яго па дапамогу, і, тоячыся старонніх вачэй, ушчыкнуў жанчыну ніжэй спіны.
Ляшкевіч убачыў, як шчокі буфетчыцы запунсавеліся і яна нешта шэптам сказала міліцыянеру. Ад яе слоў той задаволена зарагатаў.
«Ну і казёл гэты Вася!» — у думках вылаяўся Ляшкевіч і, схаваўшы даведку ў кішэню, сеў на сваё месца.
2
Першая сустрэча з Алесяй адбылася за год да таго, як Ляшкевіч трапіў у турму. Тады ў яго, дваццацісямігадовага хлопца, нечакана памерла маці, і з усёй радні засталася толькі цётка Тэкля, стрыечная матчына сястра. Застаўшыся адзін, Ляшкевіч нечакана для сябе разгубіўся, ён толькі цяпер зразумеў, што ўсё жыццё жыў не разам з маці, а за яе спінай. Склалася так, што сяброў у Ляшкевіча не было, пра сям’ю ён ніколі не думаў, бо ўсе хатнія клопаты ляжалі на матчыных плячах, і яго задавальняла такое жыццё. Калі хто-небудзь з суседзяў цікавіўся, чаму ён не жэніцца, Ляшкевіч толькі пасміхаўся: «Што я вам дрэннага зрабіў? Мама ды я — лепшая сям’я!..»
3 цёткай Тэкляй сустракаліся рэдка. Невялікага росту, рухавая, заўсёды ў пуховай шэрай хустцы, яна заходзіла на якое свята, частавала пляменніка цукеркамі ды заадно пераказвала якую плётку, пачутую на кірмашы, дзе мела аблюбаваны куточак і гандлявала вязанымі шапачкамі ды вясельнымі капялюшыкамі. Пасля матчынай смерці цётка Тэкля амаль кожны вечар пачала прыходзіць да Ляшкевіча, мітусілася, прыбіраючы кватэру, і безупынку гаманіла. Ён нават здзіўляўся, што пражыў ледзь не трыццаць год у доме і амаль не ведаў суседзяў, а цётка, бы прафесійны следчы, праз які тыдзень ужо ведала, што робіцца ў кожнай кватэры. Ад яе Ляшкевіч даведаўся, што Пятровічы з дзесятай кватэры амаль кожны дзень сварацца, бо Лідка залавіла свайго з палюбоўніцай і падала заяву на скасаванне шлюбу. Ён жа цяпер п’е і буяніць. А Дар’я-векавуха з восьмай кватэры зачынілася і тры дні носа на вуліцу не высоўвала. Бабы нават сваячніцы званілі, ці не здарылася чаго, усё ж не мала-