Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
дых гадоў чалавек, а цётка Тэкля ўжо шаптала пляменніку: «Нічога з дурніцай старой не сталася, жывая, а вось розуму Бог не даў. Гэта ж яна трэцяга дня заманіла ліверкай у кватэру сабаку, прафесарскага дога, якога вучоны чалавек, кажуць, ажно з Англіі прывёз. Дык яна гэтага кабяля заперла ў ваннай разам са сваёй дварняжкай, надумалася добрую пароду вывесці...» Ляшкевіч прывык да цёткі і нават сумаваў, калі яна не прыходзіла. Старая падабалася яму сваёй шчырасцю, вясёлым характарам, забаўляла гаворкай. На патэльню яна казала «скаравада», на рыбу — «кех» альбо «мінталь». Ляшкевіч часцяком кпіў з яе, але цётка не зважала на гэта. Беларускія, рускія, украінскія, польскія і, відаць, прыдуманыя самой ды перакручаныя словы так і сыпаліся з яе нястомнага языка. «Кірмашная твая мова, цётка!» — пакепліваў іншы раз Ляшкевіч, з чым яна хуценька згаджалася: «Твая праўда, пляменнічак. Але ж так мяне лепш разумеюць на кірмашы, таму і тавар не залежваецца...»
Неяк увечары цётка завітала не адна, а з маладой, шыракатварай, бялявай дзяўчынай. Незнаёмка з галавы да пят акінула Ляшкевіча ўчэпістым позіркам, потым абышла кватэру, прыдзірліва агледзела ўсе пакоі, зазірнула нават пад ложак, правяла далонню па падаконні і, убачыўшы брудную ад пылу руку, незадаволена пахітала галавой. Ляшкевіч адчуваў сябе ніякавата, стаяў сярод пакоя, быццам на кірмашы. У гэты момант яму здалося, што яго прадаюць, як не надта хадавы тавар, і госця можа, як каню, паглядзець і ў зубы. Ляшкевіч пагрозліва зірнуў на незнаёмку і ўжо хацеў абурыцца яе нахабству, але яго апярэдзіла цётка.
— Ты ўжо, Іванка, не крыўдуй на мяне, старую дурніцу,— паспешліва загаварыла яна.— Гэта Алеся, дачка маёй даўняй знаёмай. Яна прыехала з вёскі, паступала ў інстытут, ды правалілася на ўступах.
Пачуўшы, што размова праяе, госця спынілася і з выклікам паглядзела на Ляшкевіча.
— А мне што за справа? — непрыязна буркнуў Ляшкевіч.
— Вось я і захацела табе, пляменнічак, дапамагчы,— замітусілася цётка Тэкля, узяла ў рукі чамадан, які прынес-
ла дзяўчына, і перасунула яго да буфета.— Алеся хоча застацца ў горадзе, знайсці работу, а да працы яна ахвочая, не якая-небудзь лайдачка з чырвонымі кіпцюрамі. А што ў інстытут не паступіла, дык мо і добра, не ўсім жа мець тую верхнюю адукацыю. Толькі жыць ёй няма дзе, я і падумала: хай бы ў цябе пабыла нейкі час за кватарантку...
У пакоі ўсталявалася цішыня. Па вуліцы з сірэнай пранеслася машына «хуткай дапамогі», у двары хтосьці апантана выбіваў дыван, і глухія ўдары рэхам аддаваліся ў пад’ездзе, у суседзяў за сцяной натужліва рыпала скрыпка, выціскаючы з сябе «Шэранькага козліка». Ляшкевіч уявіў сямігадовага суседа Міколку, які заўсёды важна праходзіў па вуліцы, асцярожна трымаючы ў руках футарал са скрыпкай.
— Яна і кватэру прыбярэ, і бялізну памые,— парушыла маўчанне цётка Тэкля,— бо не табе, хлопцу, гэтым займацца.
Ляшкевіч маўчаў. Ён нават уявіць не мог, што цётка прывядзе кватарантку, і цяпер, зразумеўшы, што старая не жартуе, думаў, як паступіць, што сказаць дзяўчыне. Ён ніколі не жыў з чужымі людзьмі, заўсёды побач была маці, а калі яе не стала — цётка. Калі б яшчэ хлопец, то ён пагадзіўся б, усё ж весялей, было б з кім пагаварыць, схадзіць на футбол...
— Я не набіваюся да вас у кватаранткі,— нечакана прыемным голасам прагаварыла госця.— Гэта цёця Тэкля настояла. Мне лепш было б у інтэрнаце, чым жыць у адной кватэры з хлопцам. Што людзі скажуць?
— Там лепш, дзе нас няма,— цяжка ўздыхнула цётка Тэкля.— Маладая ты, жыцця не ведаеш, пачакай, свая вош укусіць — не так запяеш!
Госця прамаўчала, толькі незадаволена перасмыкнула плячыма і падышла да ўмывальніка, прыдзірліва агледзела кран, ракавіну.
— Вада што, і гарачая ёсць? — спытала яна і хуценька адкруціла абодва кранікі.
У кватэры адразу загуло, ад непамернага ціску вады трубы затрымцелі, у іх нешта затахкала, загірчэла. Дзяўчына пужліва адхілілася і схавала рукі за спіну.
— Ёсць, дзетачка, усялякая вада,— хітравата ўсміхнулася цётка Тэкля, закруціла кранікі і, крыху памаўчаўшы, спагадліва дадала: — А труб гэтых не пужайся, прывыкнеш. Вядома, дом стары, праз год ці два пойдзе на знос, таму і рамонту аніякага не робіцца. А праз гэта і гудзе, і калоціцца, і трымаецца жалеззе, як людзі кажуць, на адным чэсным слове...
Ляшкевіч разумеў, што трэба рашаць. Ён бачыў, што госця хвалюецца, што яе строгасць напускная, цётка Тэкля таксама кідала нецярплівыя позіркі на пляменніка.
— Цёця,— нарэшце выціснуў з сябе Ляшкевіч,— хай будзе, як вы вырашылі.
— Правільна, Іван,— з палёгкай уздыхнула старая,— ты не пашкадуеш, яшчэ будзеш удзячны.
3 першай сустрэчы Ляшкевіча і Алесі мінуў тыдзень. Бачыліся яны рэдка, наўмысна ўнікалі сустрэч, стараліся не назаляць адно аднаму. Ляшкевіч паводзіў сябе так, быццам не заўважаў кватарантку, рабіў выгляд, што яму ўсё роўна, хто з ім жыве ў кватэры. Вечарамі часцяком прыходзіў на падпітку і да ночы глядзеў тэлевізар, іншым разам так і засынаў у крэсле.
Нечакана для абаіх лёд у іх адносінах растаў. Быў выхадны дзень, і Алеся папрасіла Ляшкевіча прыладзіць да дзвярэй замок. Ляшкевіч моўчкі ўзяўся за справу, але калі вялікі чорны замок з бліскучай сярэдзінай павіс на дзвярах Алесінага пакоя, у душу закралася пачуццё няўтульнасці. Здалося, што чорны маўчун не толькі сцеражэ дзверы, але і сочыць за кожным ягоным крокам.
Ляшкевіч не вытрымаў і, жартуючы, спытаў:
— Што за сакрэты ў тваім пакоі? Мо хаваеш золата ці брыльянты?
— Мне не да жартаў,— праціраючы анучай замок, уздыхнула Алеся і з выклікам паглядзела на Ляшкевіча.— Вы кожны дзень прыходзіце дадому на падпітку, і я вымушана перасцерагаццца... Адзін бог ведае, пра што думае п’яны. Хто мяне абароніць, калі што якое?
Ляшкевіч вымушана засмяяўся, але на душы зрабілася пагана, сэрца атуліў непрыемны халадок. Ён не чакаў па-
чуць ад дзяўчыны такія словы, нават і ў думках не было, што сваімі паводзінамі ён можа яе палохаць. Ляшкевіч уважліва паглядзеў кватарантцы ў вочы, спадзеючыся ўбачыць жартаўлівыя агеньчыкі, але Алеся не адвяла позірку, прыкусіўшы ніжнюю губу, яна насцярожана сачыла за ім, гатовая ў любы момант да рашучых дзеянняў. Ляшкевіч хацеў сказаць у сваё апраўданне, што ёй няма чаго баяцца, што ў яго нават у думках не было, каб пакрыўдзіць яе, але прамаўчаў. Ён асцярожна зачыніў дзверы Алесінага пакоя і пайшоў да сябе.
Пасля той размовы Ляшкевіч усё часцей лавіў сябе на тым, што прыязна думае пра дзяўчыну. Ён неяк унутрана падабраўся, пачаў пазбягаць сустрэч з сабутэльнікамі, кожны дзень са стоеным нецярпеннем чакаў вечара і спяшаўся дадому. Яму хацелася бачыць Алесю, гаварыць з ёй. Калі раней наіўная вясковая разважлівасць, з якой дзяўчына ставілася да жыцця, нервавала Ляшкевіча, то цяпер выклікала добрыя пачуцці, ён наперад гатовы быў пагадзіцца з усім, што б яна ні гаварыла.
Алеся заўважыла гэтыя перамены. Ёй і падабалася тое, што Ляшкевіч замілавана пазірае на яе, і адначасова палохала, бо хлопец, такі непрыстасаваны да жыцця, акрамя жалю, спачування, пакуль што ніякіх іншых пачуццяў не выклікаў.
Алеся ўладкавалася працаваць побач з домам, у сталоўку пасудамыйшчыцай. Заўважыўшы, што Ляшкевіч раніцай галодны бяжыць на працу, пачала рыхтаваць сняданкі на дваіх. Ён моўчкі прыняў гэты клопат, і цяпер ужо хатняя гаспадарка ляжала на Алесіных плячах. Праўда, калі Ляшкевіч атрымаў грошы, то трэць аддаў ёй «за сняданкі» і запрасіў павячэраць у рэстаран. Алеся ад рэстарана адмовілася, але пайшла з ім у кіно, на апошні сеанс.
Раз, а калі і двойчы на месяц, часцей у выхадныя, прыязджала Алесіна маці. У гэтыя дні ў кватэры было як на кірмашы: сноўдалі туды-сюды незнаёмыя заклапочаныя жанчыны, шапталіся ў Алесіным пакоі, а здаралася, што і сварыліся. Усе яны нешта прыносілі ў цяжкіх вандзэлках для
Ніны Мацвееўны (так звалі Алесіну маці), а забіралі адно: казіны пух. У гэтыя дні прыходзіла і цётка Тэкля. Жанчыны цалаваліся, выпівалі за сустрэчу па чарцы віна і гаманілі да самай ночы. Ляшкевіч ведаў, што з таго часу, як у яго жыве Алеся, цётка Тэкля свае пуховыя капялюшыкі вяжа з дармавога казінага пуху.
Неяк, пасля чарговага прыезду Ніны Мацвееўны, з дзвярэй знік замок.
— Хопіць табе і засоўкі,— старанна абгарнуўшы газетай «жалезнага вартаўніка», гучна, каб пачуў Ляшкевіч, прамовіла Алесіна маці.— На вёсцы ён больш патрэбны, дый няма табе, дачушка, ад каго хавацца, Іванка хлопец добры, не пакрыўдзіць.
Тым вечарам цётка Тэкля шапталася з Нінай Мацвееўнай пазней, як звычайна. Некалькі разоў з пакоя выбягала расчырванелая, усхваляваная Алеся, кідала на Ляшкевіча збянтэжаныя позіркі, нешта перастаўляла на кухні з месца на месца і зноў знікала за дзвярыма. Пра што паміж жанчынамі ішла гаворка, Ляшкевіч так і не даведаўся. Праз колькі дзён яму кінулася ў вочы, што Алеся неяк па-іншаму, мо з большым даверам і прыхільнасцю пазірае на яго і дзверы ў свой пакойчык больш не замыкае.
3
На пачатку вясны нечакана памерла цётка Тэкля. Як сядзела ў крэсле з вязальнымі спіцамі ў руках, нешта вяжучы, так і засталася — спынілася сэрца. Ляшкевіч балюча перажываў смерць цёткі. Алеся ў гэтыя дні была побач, старалася ва ўсім дагадзіць, спачувала, частку клопату па пахаванні ўзяла на сябе. Шчырасць дзяўчыны кранула Ляшкевіча: калі дамавіну з нябожчыцай апускалі ў зямлю, Алеся страціла прытомнасць. У той момант ён раптам падумаў, што павінен ажаніцца з Алесяй, адчуў, што не можа без яе жыць. Калі ехалі дадому, Ляшкевіч прапанаваў Алесі выйсці за яго замуж.
Нешта змянілася і ў самой Алесі, ёй пасавала Ляшкевічава зычлівасць, сціпласць. Яна разумела, што ён будзе добрым мужам, чулым бацькам, але яна марыла аб шэкспіраўскім каханні, як у Рамэо з Джульетай. Яна не магла нават уявіць сябе жонкай гэтага хударлявага, сутулаватага хлопца, але і не адмовіла, папрасіла некалькі месяцаў пачакаць.
Змены паміж Ляшкевічам і Алесяй адразу заўважылі суседзі. Яны даўно лічылі Іванаву жаніцьбу з кватаранткай непазбежнай і цяпер пры сустрэчы раілі, як лепей справіць вяселле. Гэтыя парады бянтэжылі Ляшкевіча, а Алесіны паводзіны зусім здзіўлялі. Здаралася, што яна гадзінамі без перадыху гаманіла пра ўсё на свеце, а іншым разам змаўкала — слова абцугамі не выцягнеш. У гэткія хвіліны Ляшкевіч стараўся не турбаваць дзяўчыну, ведаў: калі Алеся зазлуе, то ні з кім не размаўляе. Яна садзілася ў крэсла ля тэлевізара, накрывалася коўдрай і толькі зрэдку панура зыркала на Ляшкевіча, бы ён быў перад ёй вінаваты. Такія Алесіны паводзіны выбівалі з каляіны, мроіліся розныя здагадкі, нечакана з’явілася рэўнасць. Як і калі гэтае шчымлівае пачуццё ўпершыню закралася ў душу, Ляшкевіч не ведаў, ён не адказаў бы і сабе — з’явілася, і ўсё тут, балючай стрэмкай упілося ў сэрца.