Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
Ляшкевіч не прыспешваў Алесю, не назаляў пытаннямі, ён моўчкі чакаў, калі яна пагодзіцца на шлюб. I нарэшце, пасля чарговага прыезду Ніны Мацвееўны, Алеся згадзілася стаць ягонай жонкай. Адразу Ляшкевічавы сумненні, хваляванні зніклі, саступілі месца бязмежнай радасці, ад якой хлопец пачуваў сябе на сёмым небе. 3 гэтага дня яны пачалі жыць, як муж з жонкай, і паспешліва рыхтавацца да вяселля. Ляшкевіч, каб менш траціць часу на пераезды ў грамадскім транспарце, выцягнуў з падвальнага сутарэння зламаны матацыкл, адрамантаваў яго і цяпер фарсіста выязджаў з fleapa, ведаючы, што Алеся за ім назірае.
Неяк раніцай, познячыся на працу, Ляшкевіч весела ўсміхнуўся Алесі, якая глядзела на яго з расчыненага акна, і хвацка выруліў на вуліцу. Радасць перапаўняла хлопца, у яго была каханая, і ад гэтага пачуцця хацелася ляцець птушкай...
Паслухмяная «Ява» і сапраўды, бы на крылах, несла свайго гаспадара. Нечакана з завулка на дарогу выехаў хлопчыквеласіпедыст... Блакітнае неба, гмахі дамоў, вершаліны дрэў перамяшаліся ў Ляшкевічавых вачах у адно цэлае, незразумелае, быццам кінастужка, пракручаная ў дваццаць разоў хутчэй. Ён на нейкі час страціў прытомнасць, а калі зноў расплюшчыў вочы, то ўбачыў людзей, якія запаволена хадзілі каля яго, крычалі, трэслі за плечы. Ен нічога не чуў, цішыня праглынула яго, толькі незнаёмыя твары нахіляліся над ім і нешта крычалі. Ляшкевіч не мог уцяміць, што ад яго хочуць, чаго ён сядзіць на асфальце сярод дарогі. Калі доктар перабінтаваў руку і зрабіў у плячо ўкол, туман з вачэй неяк раптам знік, у галаве праяснілася, і да Ляшкевіча дайшоў сэнс усяго, што з ім здарылася. Ён бачыў, як мітусліва засоўвалі насілкі з хлопчыкам у машыну «хуткай дапамогі», як міліцыянер нешта няспешна замяраў на асфальце, фатаграфаваў, і адчайны крык міжволі вырваўся з грудзей...
На суд Алеся не пайшла. Ляшкевіч невідушча глядзеў на суддзю, пракурора, адваката і ніяк не мог паверыць, што судзяць яго. Здавалася, гэта насланнё, сон, які вось-вось скончыцца, а ўсе думкі былі скіраваны да Алесі: «Чаму не прыйшла, што за прычына?»
Пасля суда час для Ляшкевіча быццам спыніўся. Ён пакутаваў ад таго, што Алеся маўчыць, не адказвае на ягоныя пісьмы, але дзесьці месяцы праз тры нарэшце атрымаў ад яе паштоўку.
«Любы Янка,— пісала Алеся,— прабач, што не змаіла прысутнічаць на судзе, не хапіла сілы ўсё бачыць і чуць. Спярша думала, што суд цябе абароніць, усё ж веласіпедыст таксама вінаваты... Толькі склалася не так, нас разлучылі, і менавіта праз гэта я зразумела, што кахаю цябе... Мы павінны быць разам».
Ляшкевіч акрыяў, быццам нанава нарадзіўся на свет, кудьі падзелася ўпартая абыякавасць да жыцця ў няволі. Ён адпісаў Алесі, а праз тыдзень зноў атрымаў паштоўку. На гэты раз яна прызнавалася, што цяжарная і не ведае, як быць, што рабіць, бо ён, бацька дзіцяці, пазбаўлены волі, а яна яму ніхто, проста кватарантка.
Ляшкевіч адразу, як толькі начальства дало згоду на шлюб, распісаўся з Алесяй. He было на вяселлі аркестра, не стралялі шампанскім госці, два канваіры былі за сведак, ніхто не крычаў «горка», але Ляшкевіч пачуваў сябе самым шчаслівым чалавекам. «Не бяда,— супакойваў ён жонку,— адсяджу свае чатыры гады і вярнуся, гэта ж не на ўсё жыццё, галоўнае, што цяпер у мяне ёсць ты...»
4
— Гэй, датэрміновец, ты яшчэ нічога не сцібрыў?
Перад Ляшкевічам зноў стаяў старшына. Ён па звычцы тузануўся, сілячыся стаць, як патрабавалі ТАМ, але, зірнуўшы ў самазадаволены міліцыянераў твар, зразумеў, што старшына наўмысна чэпіцца да яго, хоча паказаць сваю ўладу над ім, прынізіць у вачах прысутных на вакзале пасажыраў. Ляшкевічам пачало авалодваць пачуццё злосці, нават пагарды, і ён застаўся сядзець.
— А што, у вас ёсць да мяне пытанні? — паволі закінуўшы нагу на нагу, з выклікам працадзіў скрозь зубы Ляшкевіч.— А мо не знайшлася кніга скаргаў і падазрэнне ў злачынстве пала на мяне?
— He лезь у бутэльку! — паспрабаваў перапыніць Ляшкевічаміліцыянер.
-— Па-першае, чаму на «ты»? Хіба вас не вучылі размаўляць з незнаёмымі? — працягваў Ляшкевіч, не звяртаючы ўвагі на тое, як пагрозліва зазвінеў голас міліцыянера.— A па-другое, ці не буфетчыца накіравала сюды? «Вунь, Вася, зэк, хапай яго, ён мечаны! Калі нічога не сцібрыў, дык не вер, ён наўмысна тут сядзіць, прыглядаецца...» Толькі я цяпер вольны чалавек і маю права...
— Ты, зэкаўская морда, ніякіх правоў не маеш! — ускіпеў міліцыянер.— I я мушу цябе правучыць...
— Mae паперы ў поўным парадку, я нічога не парушаў! — ускочыў на ногі Ляшкевіч.
На міліцыянеравым твары мільганула нядобрая ўсмешка, і старшына ўзяў пад казырок.
— Грамадзянін, прашу прайсці ў аддзяленне!
Ляшкевіч разгублена зірнуў на гадзіннік. Праз дваццаць хвілін адыходзіў цягнік на Мінск, і ён у душы ўжо дакараў сябе за нястрыманасць, разумеў, што гэты служка зробіць усё, каб нечым нашкодзіць.
Старшына адчуў сваю перавагу і, не тоячы радасці, з начальніцкай ноткай у голасе дадаў:
— Прашу прайсці ў аддзяленне для высвятлення асобы!
Ад гэтай міліцэйскай радасці на Ляшкевіча павеяла трывогай і магчымымі непрыемнасцямі.
У дзяжурцы было не прадыхнуць ад цыгарэтнага дыму. За доўгім абшарпаным сталом сядзелі два міліцыянеры, адзін, старэйшы, у капітанскіх пагонах, схіліў сваю сівую галаву, разглядаючы нейкі часопіс, другі — малодшы сяржант, размаўляў па тэлефоне.
Ляшкевіч спыніўся сярод пакоя, куды яго падштурхнуў старшына, агледзеўся. У кутку за агароджай сядзеў, абхапіўшы галаву рукамі, яшчэ адзін чалавек, напэўна, затрыманы, і п’яна мармытаў штосьці невыразнае.
— Вось, таварыш капітан, нейкі падазроны тып боўтаецца па вакзале, трэба высветліць, што за птушка, не выкінуў бы якіх конікаў.
— Ды што тут высвятляць?! — узбуджана ўскрыкнуў Ляшкевіч і наблізіўся да стала.— Вось,— паклаў ён перад капітанам сваю даведку,— тут усё дакладна напісана, што я за птушка, што за звер. Няўжо трэба хапаць і цягнуць сюды? Я ж паказваў гэтыя паперы старшыне, але ён прыляпіўся, бы ліст у лазні...
— Як гэта прыляпіўся? — на твары ў капітана з’явілася незадаволенасць. Ён уважліва прачытаў даведку і звярнуўся да старшыны: — Кабанаў, вы чыталі даведку аб вызваленні?
— Ну, чытаў,— насцярожыўся старшына і, пераступіўшы з нагі на нагу, па-дзіцячы шморгнуў носам,— мала чаго там панапішуць! Ён жа зэк, таму і прывёў, для прафілактыкі: калі
што і вытварыць, дык ніхто не скажа, што я страціў пільнасць на службе...
— Ваша стараннасць добра вядомая,— перапыніў старшыну капітан — Вось што, Ляшкевіч, бярыце свае паперы і едзьце дадому, пытанняў да вас больш няма, а вы, Кабанаў, пачакайце, пагаварыць трэба.
Зачыняючы дзверы, Ляшкевіч пачуў узбуджаны капітанаў голас і зразумеў, што той дае дусту старшыне. На душы адразу неяк паспакайнела, кудысьці знікла злосць на міліцыю.
Перон падобны да мурашніка. Сноўдаюць заклапочаныя людзі, хто цягне цяжкія чамаданы, хто шпацыруе з лёгкім дыпламатам, хтосьці толькі прыехаў і цяпер спяшаецца стаць у чаргу на таксі, а нехта чакае патрэбны цягнік ці электрычку. Апошнія больш прыкметныя, і калі прыглядзецца пільна, здаецца, што яны ніколі ў жыцці не займаліся больш спешнай справай, чым цяпер, бо ўвесь час заклапочана пазіраюць на гадзіннікі. Жыццё ідзе сваім ходам, і нікому няма аніякай справы да дрэнна апранутага даўгалыгага хлопца.
Нечакана з-за павароткі паволі выплыў цягнік, пачуўся мерны рытм работы дызеля, гул з кожнай хвілінай нарастаў, мацнеў, і ў нейкі момант вакзальнае шматгалоссе раптам растварылася ў ім, падпарадкавалася жалезнай махіне. Цягнік цяжка прачухаў каля Ляшкевіча і, незадаволена скрыгатнуўшы вялізнымі коламі, ажно іскры веерам сыпанулі з-пад іх, спыніўся. Патыхнула гарачым мазутам, спецыфічным, характэрным толькі для цягніка духам, і напружаная, да піску ў вушах, цішыня ўсяго на хвіліну ўсталявалася на вакзале. Ляшкевіч замітусіўся, нешта невядомае падштурхвала ў плечы, ён спяшаўся хутчэй пакінуць вакзал, гэты шэры гарадок, быццам яны вінаватыя ў ягоных няшчасцях. Ён верыў, што наперадзе яго чакае толькі добрае, там, удалечыні, шчасце, там Алеся і сын...
Але не паспеў ён уладкавацца, як у дзвярах плацкартнага купэ, бы з-пад зямлі, з’явіўся старшына Кабанаў Неўсвядомленая трывога ўскалыхнула пачуцці, разам з’явілася няўпэўненасць, нейкае бязволле і разгубленасць наваліліся на Ляшкевіча. Ён зірнуў у міліцыянеравы зласлівыя вочкі-
калючкі і зразумеў, што той гатовы да самых рашучых дзеянняў.
— Вы, таварышы,— звярнуўся Кабанаў да пасажыраў і грэбліва кіўнуў на Ляшкевіча,— прыглядзіце за стрыжаным.— Міліцыянер зрабіў паўзу, шматзначна кашлянуў у кулак і дадаў: — Яго толькі што адпусцілі з турмы, і аднаму Богу вядома, што ў чалавека ў галаве...
Старшына змоўк, відавочна, чакаючы ўдзячнасці ад пасажыраў, але ўсе маўчалі. Жанчына, што сядзела ля акна, машынальна паправіла прычоску і, не зважаючы на прысутных, накіравалася да выхада. Кабанаў паспешліва саступіў ёй дарогу і, нервова перасмыкнуўшы плячыма, незадаволена прагундосіў:
— Так што, таварышы-грамадзяне, пільнуйце свае рэчы, ведайце, хто побач...
Пасля ўсяго, што нагаварыў старшына, Ляшкевіч адчуваў на сабе пільныя, насцярожаныя позіркі. Яму не хацелася нікому нічогараспавядаць, ііе хацелася апраўдвацца. Кінуўшы на верхняе месца скручаны матрац, Ляшкевіч, не распранаючыся, выйшаў у тамбур.
Цягнік ужо набіраў хуткасць і цяпер імчаў сярод старога лесу, які на адвячорку выглядаў нейкім няўтульным, халодным, сырым, але Ляшкевічу было прыемна глядзець на векавыя каржакаватыя дрэвы, на стромкія сосны, якія шатамі амаль датыкаліся да аблокаў і, здавалася, спрабавалі іх разагнаць, развеяць па небе. А чорныя цяжкія хмары з кожным парывам ветру ішлі ў наступ, пагражаючы халодным дажджом ці вільготным балючым градам. Калі ўдзень адчуваўся подых вясны, дык цяпер было падобна на запозненую восень. Змрок хутка паглынаў наваколле, і здавалася, што ён асцярожна выпаўзае з лесу, які яшчэ не прачнуўся пасля зімовага сну. Вось ён раз, другі датыкнуўся да цягніка, быццам шукаючы слабое месца ў гэтай жалезнай махіне, каб потым разам наваліцца і праглынуць. Ужо цяжка разгледзець што-небудзь за акном, акрамя белага, як вата, туману. Раптам цягнік вырваўся з палону: лес скончыўся, а разам адступіў і ліпучы халодны туман. Цяпер цягнік імчаў цераз