Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— I што гэта вам нагадала?
— Паўгода таму ў фірме мужа працаваў ягоны аднакласнік Федзя Мальцаў, і мне здаецца, у яго таксама была такая ж драпіна на скуранцы.
— Вы ўпэўнены?
— Ён нас заўсёды вазіў на машыне, і я міжволі бачыла драпіну на спіне — шво было накладзена неахайна, крыжыкам.
— А што з гэтым Мальцавым здарылася?
— Муж звольніў Федзю за нейкую аферу, дакладна не ведаю, гэта іх справа...
5
Бярозка адразу прыняў рашэнне. Паведаміўшы па тэлефоне дзяжурнаму па аддзеле, ён са следчым Іванам Пракопчыкам паехаў на кватэру, дзе быў прапісаны Мальцаў. Цяпер ад хуткасці іх дзеянняў залежала, ці ўдасца па гарачых слядах затрымаць налётчыкаў, пакуль тыя не пазбавіліся ад рэчаў з абрабаванай кватэры.
Ліфт спыніўся на сёмым паверсе, з кватэры, дзе жыў Мальцаў, чулася музыка, галасы. Пракопчык запытальна паглядзеў на Рамана і шэптам прагаварыў:
— Дзверы могуць не адчыніць.
— Калі нас убачаць, то дакладна давядзецца ламаць,— пагадзіўся Бярозка,— Ты вось што, Іван, чакай тут групу захопу, а я паспрабую што-небудзь прыдумаць з суседняга пад’езда.
У сумежнай з Мальцавым кватэры жыў вайсковы палкоўнік у адстаўцы, які сітуацыю зразумеў з паўслова, нават прапанаваў дапамогу, але чым сямідзесяцігадовы ветэран мог дапамагчы? Усё роўна гэтая прапанова ўзрадавала Рамана: нячаста прапануюць міліцыі дапамогу, заўсёды даводзіцца разлічваць толькі на самога сябе.
Бярозка выйшаў на балкон, агледзеўся. Балконы Мальцава і палкоўніка былі амаль усутыч, усяго метр аддзяляў іх. 3 расчыненых дзвярэй чулася музыка, жаночы смех. Гэта ўскладняла задачу, бо, па словах пацярпелай, у аднаго з бандытаў быў пісталет. У гэты момант Раман убачыў аддзелаўскую машыну, якая спынілася ў суседнім двары, хлопцаў з групы захопу, якія накіраваліся да пад’езда, дзе чакаў Пракопчык.
«Калі пачнуць званіць у дзверы, Мальцаў паціху, крадучыся, пойдзе ілядзець у вочка,— падумаў Бярозка.— Другі ў гэты момант, хутчэй за ўсё, сунецца на балкон, каб паглядзець, што робіцца ў двары, ці ёсць міліцэйскія машыны. Вось тут і трэба яго браць».
Раман скінуў плашч, пінжак і, стаўшы на парапет, зрабіў адзіны небяспечны крок, які раздзяляў балконы. Ён стаў на нейкую скрынку, потым на падлогу і сцішыўся ў чаканні за прачыненымі дзвярамі. Знізу яго ўбачылі, значыцца, перададуць па радыёстанцыі астатнім, і задача хлопцаў спросціцца. Надта доўга цягнуліся некалькі хвілін, пакуль ліфт вёз групу захопу на сёмы паверх, але нарэшце да Раманавага слыху даляцеў пераліўны званок у дзверы. Адразу музыка сціхла, у пакоі бразнулі дзверы. Чуйны слых улавіў, як хтосьці накіраваўся да балкона, праз хвіліну ў дзвярах з’явілася хударлявая постаць з пісталетам у руцэ. Яшчэ крок, і чалавек у мет-
ры ад Бярозкі стоена спрабуе непрыкметна вызірнуць на дарогу ля пад’езда. Ён цягнецца на дыбачках — уся ўвага на ўваход у пад’езд. Раман нячутна выйшаў са сваёй схованкі.
— Рукі! — рашуча, на самае вуха злачынцы, скамандаваў ён і балюча выцяў яго дулам пісталета ў бок.— Кідай зброю!
Страх працяў худое цела злачынцы, на шыі сутаргавата затузаўся коўцік, пісталет выпаў з ягоных рук.
— Рукі на парапет! — шэптам скамандаваў Бярозка і, калі дрыготкія далоні абхапілі металічны парапет, шчоўкнуў наручнікамі і «прыкаваў» бандыта за адну руку.— Будзеш тузацца ці, крый божа, крыкнеш...— грозна прашаптаў маёр і шматзначна ўзняў руку з пісталетам.— Пры спробе да ўцёкаў... Чуў пра такое?
Злачынец вытарашчанымі ад страху вачыма глядзеў на Бярозку, яму не хапала паветра, ён хацеў нешта сказаць, але Раман прыкрыў даланёй рот. Бярозка зразумеў, што гэты налётчык будзе маўчаць. Ён адхінуў ружовую штору і ўвайшоў у пакой, трымаючы напагатове пісталет.
На канапе сядзелі дзве дзяўчыны і з жахам глядзелі на яго. Адна з іх, з ярка-рыжымі валасамі, так і застыла з бакалам шампанскага ў руцэ, не данёсшы яго да рота.
Раман прыклаў палец да вуснаў і прашаптаў:
— Сядзець ціха! Дзе другі?
Дзяўчына з бакалам паказала на дзверы. Бярозка пачуў з прыхожай п’янаваты мужчынскі голас:
— Я не выклікаў ніякіх сантэхнікаў...
— А міліцыю? — ступіў у калідорчык Бярозка і навёў на Мальцава пісталет...
6
Злачынная група Мальцава «брала» на сябе каля дзесятка налётаў на кватэры, і па ўсіх злачынствах трэба было неадкладна працаваць. Толькі каля дванаццаці гадзін ночы PaMan успомніў пра Навіцкага. Калі ішоў да сябе ў кабінет,
ужо не спадзяваўся ўбачыць там падпалкоўніка, але той, непрыязна ўсміхаючыся, сустрэў Рамана на тым самым месцы, дзе быў раніцай.
— Ну і як прайшоў дзень? — груба спытаў Навіцкі.
— Вам рапарт напісаць ці прачытаеце ў аператыўнай зводцы? — стомлена, не хаваючы непрыязнасці, прагаварыў Бярозка.
— Папраўдзе, я ведаю, якую групу вам пашэнціла ўзяць,— скоса пазіраючы на Рамана, зазначыў падпалкоўнік.— Калі вы не супраць, гэта я таксама адзначу ў даведцы.
— Пішыце,— абыякава згадзіўся Бярозка і стомлена сеў на крэсла, выцягнуў ногі, расслабіўся.
Гэтая пастава абурыла Навіцкага: ён усё ж вышэйшы ў званні, ды й пасаду мае, не тое што нейкі там старшы інспектар раённага маштабу.
— Вы б, таварыш маёр, саблюдалі субардынацыю,— строга прамовіў Навіцкі.
— Прабачце, таварыш падпалкоўнік, але працоўны дзень скончыўся,— не гледзячы на правяраючага, буркнуў Раман.—Я прыйшоў спытаць, ці шмат у вас тут работы. Мо ўзніклі якія пытанні да мяне?
— Ды ўжо ж давялося папрацаваць! — задаволена ўсміхнуўся Навіцкі.— Вас чакаў, каб папярэдзіць пра недахопы.
— Лішняе ўсё гэта,— не мяняючы паставы, спакойна прагаварыў Бярозка.— Вы зрабілі сваю справу, пішыце што хочаце.
— Зразумела,— устаў з-за стала Навіцкі.— Копію даведкі я прывязу вашаму кіраўніцтву.
7
Праз тры дні пасля сустрэчы Рамана з Навіцкім у пачатку рабочага дня яго паклікаў да сябе Кульбека і адразу, не адказаўшы на прывітанне, затрос над галавой некалькімі паперкамі. Побач за сталом сядзеў Навіцкі і не глядзеў на Рамана, быццам таго тут і не было.
— Начальнік аддзела ў камандзіроўцы, таму я сам давяду гэтую непрыемнасць, што бруднай плямай пала на ўвесь аддзел. Правільна людзі кажуць: лыжка дзёгцю заўсёды спаганіць бочку мёду. Таму і ў нас — ёсць такі маёр Бярозка, якому не пісаны загады і інструкцыі міністэрства.
Раман маўчаў, разумеючы, што тут абурацца — толькі вецер ганяць. Ён нічога добрага не чакаў ад інспектарскай праверкі і быў падрыхтаваны да ўсялякага, але тое, што пачуў, выбіла яго з каляіны.
— Гэтаж трэба так парушыць рэжым сакрэтнасці! —распаляўся Кульбека.— На настольным календары пазначаны нумары міністэрскіх загадаў, сейф на момант праверкі не быў апячатаны, у сшытку для службовых заняткаў няма і паловы тэм, прапанаваных для вывучэння, выяўлены недзелавыя сувязі з замежнымі бізнесменамі —збіраўся прадаць службовы тэлефон. I самае галоўнае, вам, таварыш маёр, патрэбны ў рабоце штурхаль: пакуль не прыехаў з праверкай падпалкоўнік Навіцкі, за дзесяць дзён вы не выкрылі ніводнага злачынства, а тут адразу затрымалі групу Мальцава. Дык ці не надта дорага дзяржаве абыходзяцца такія сышчыкі? Няўжо да кожнага трэба прыстаўляць правяраючага?
— Я папрашу зачытаць вынікі праверкі,— спакойна прамовіў Бярозка.
— А вось і вынік,— зласліва ўсміхнуўся Кульбека.— Вам, таварыш маёр, надалей кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў забаронена займацца аператыўна-вышуковай дзейнасцю.
Раман моўчкі крутнуўся і выйшаў з кабінета. Ён больш не жадаў, ды й не мог слухаць Кульбеку, ведаў і другое, што Навіцкі наўмысна там сядзіць: а раптам Бярозка сарвецца, нагаворыць абы-чаго начальству, дык для гэтага і магнітафон падрыхтаваны ў шуфлядзе стала — Раман бачыў як Навіцкі ўключаў яго.
Бярозка зайшоў у кабінет, набраў нумар тэлефона. Толькі адно цяпер цікавіла маёра — сапраўдная прычына «інспектарскай праверкі». На другім канцы доўга не здымалі трубкі. Раман зноў і зноў набіраў патрэбны нумар, пакуль не пачуў голас Грыневіча.
— Вінцук,— не вітаючыся, пачаў Бярозка,— мяне цікавіць сапраўдная прычына інспектавання.
Грыневіч нейкі час маўчаў. Маўчаў і Раман. Ён зразумеў, што сябра ведае сапраўдную прычыну і вагаецца, распавядаць ці не, бо гэта можа рыкашэтам стрэліць і па ім. Але сяброўства перасіліла.
— Раман,— сцішана прагаварыў Грыневіч,— я збіраўся пад’ехаць, але раз склалася так, то адкажы на адно пытанне: ты тры месяцы таму затрымліваў за крадзеж запчастак пляменніка намесніка міністра?
— Было такое...
— У цябе была размова з генералам?
— Толькі па тэлефоне.
— Што ён табе сказаў?
— Ухваліў і сказаў, што кожны павінен атрымліваць па заслугах за свае ўчынкі...
— Цяпер уцяміў, адкуль ногі растуць? Ты не зразумеў намёку генерала, перадаў матэрыялы ў следства, быў суд, пляменніку ўляпілі чатыры гады. Інспектарская праверка — звядзенне рахункаў з табой... Усё зроблена, як бачыш, у рамках інструкцый і закона, так што — трымайся, папрацуеш участковым гады два-тры, а там будзе відаць...
1991
ПОМСТА
1
Кацярына цяжка, ледзь перастаўляючы непаслухмяныя ватныя ногі, паволі сунецца па прыступках у сваю аднапакаёўку. Праз кожныя пяць крокаў яна прыпыняецца, прыхіляецца спінай і патыліцай да халоднай сцяны і сцішваецца, прыслухоўваючыся да сэрца, якое ліхаманкава калоціцца ў грудзях. Кацярына кляне ўсіх на свеце: і суседзяў, што заставілі пад’езд драўлянымі скрынкамі, за якія яна раз-пораз чапляецца, і электрыкаў, што рамантавалі ліфт і кінулі, не дарабіўшы, і праз гэта ёй трэба пешшу падымацца на сёмы паверх, і чорнага ката, які зімуе ў пад’ездзе, а цяпер неадчэпна, ціха мяўкаючы, ідзе следам, просіць есці. А што яна яму дасць — сама не памятае, калі нешта ела... Піць піла, а на закуску грошай не хапіла... Гэтае жалобнае мяўканне і бліскучыя зялёныя вочы нешта нагадваюць, але Кацярына не можа прыпомніць што, яна моўчкі глядзіць п’янымі мутнаватымі вачыма на ката і не мае сілы нават прагнаць яго. Калі спыняецца, спыняецца і кот, уладкоўваецца ніжэй на прыступцы, падціскае кароткі хвост, мабыць, адкушаны сабакам, і, не міргаючы, глядзіць у вочы. Кацярына спрабуе прагнаць ката, замахваецца цэлафанавым пакетам, але той, мабыць, адчуваючы, што жанчына нічога благога яму не зробіць, не зважае на гэта. Кацярына з дзяцінства не любіць катоў. Калі яна была першакласніцай і садзілася рабіць урокі, на стале побач заўсёды ўладкоўваўся шэры Васька. Ён, бы строгі настаўнік, назіраў за тым, што яна робіць, але як толькі Кацярына даставала чарніліцу, кот усё пачынаў успрымаць як гульню. Вось яна